Шаўковы шлях: брама культуры

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

З 19 па 22 верасня 2016 года ў Дуньхуане (Кітайская Народная Рэспубліка) адбыўся Першы міжнародны культурны ЭКСПА Шаўковага шляху. У ім прыняла ўдзел дэлегацыя ад Рэспублікі Беларусь на чале з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Барысам Святловым. У дэлегацыю таксама ўвайшлі генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Уладзімір Грыдзюшка, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Усяго ў форуме прынялі ўдзел прадстаўнікі 72 краін.

У ходзе перамоваў у час сустрэчы беларускай дэлегацыі з міністрам культуры КНР Луо Шуганам дасягнута дамоўленасць аб правядзенні ў 2017 годзе Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у КНР. Дэлегацыя па сцэнічным мастацтве з Кітая 7 — 10 кастрычніка 2016 года наведае Беларусь з мэтай знаёмства з тэатральным мастацтвам краіны. Да канца года ў Мінску адкрыецца культурны цэнтр КНР. Міністэрствы культуры дзвюх краін прымуць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 25-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем. Барыс Святлоў прапанаваў у кожнай краіне-ўдзельніцы вызначыць горад, які, як Дуньхуан у Кітаі, мог бы стаць сімвалічнай культурнай брамай Шаўковага шляху. У Беларусі ў якасці такога горада Святлоў прапанаваў Гродна.

Падчас выступлення на ЭКСПА міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў сказаў:

— Сёння мы з’яўляемся сучаснікамі і саўдзельнікамі новага этапу адраджэння Вялікага Шаўковага шляху і яго культурнага складніку. І працэс гэтага адраджэння працякае сістэмна, свядома і пад кантролем, рэалізуючы канцэпт, які таварыш Сі Цзіньпін выразна сфармуляваў, кажучы пра тое, што “нам варта пабудаваць мост сумеснага росквіту культур, які аб’яднае кітайскую і еўрапейскую цывілізацыі”.

Вобразы моста, шляху, брамы я хацеў бы дапоўніць яшчэ адным — вобразам скрыжавання цывілізацый. Менавіта пра гэта казаў у адным са сваіх выступленняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка: “Статус “скрыжавання”, якім геапалітычна надзелена Беларусь, мы разумеем як звяно, якое паядноўвае артэрыю паміж Захадам і Усходам. Наша задача — не “роўнааддаленасць” ад галоўных суседзяў. Найбольш аптымальнай для нас з’яўляецца стратэгія “роўнай набліжанасці” да Усходу і Захаду”.

Знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, Рэспубліка Беларусь, якая ляжыць у рэчышчы Вялікага Шаўковага шляху, а з Поўначы на Поўдзень адзначаная знакамітым Шляхам з варагаў у грэкі, уносіць сёння свой уклад у культурнае збліжэнне еўразійскіх краін і народаў на аснове іх гісторыка-культурнай і цывілізаванай супольнасці.

У нашай краіне мы высока ацэньваем ініцыятывы Кітайскай Народнай Рэспублікі, накіраваныя на развіццё культурных традыцый розных краін і пашырэнне супрацоўніцтва ў галіне культуры паміж замежнымі партнёрамі.

Узаемаадносіны паміж Беларуссю і Кітаем у гэтай сферы служаць добрай ілюстрацыяй дадзенага тэзіса. Паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі падпісаны Дагавор аб супрацоўніцтве ў галіне культуры на 2012—2016 гады. Паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Кітайскай Народнай Рэспублікі падпісана Пагадненне аб стварэнні Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве. Мэтай яго працы з’яўляецца пашырэнне, умацаванне і актывізацыя супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай, у тым ліку і ў сферы культуры.

Адной з галоўных традыцыйных формаў культурнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі заўсёды было правядзенне дзён нацыянальных культур, якія ў найноўшы час рэгулярна праходзяць на ўзаемнай аснове з 1999 года. Яны дапаўняюцца прамымі кантактамі паміж асобнымі ўстановамі культуры: музеямі, бібліятэкамі, тэатрамі і канцэртнымі заламі.

Шырокае распаўсюджанне інфармацыйных тэхналогій спрыяе больш інтэнсіўнаму ўсталяванню культурных сувязяў паміж нашымі краінамі, распрацоўцы новай нелінейнай лагістыкі перамяшчэння культурных каштоўнасцей. Гэтаму дапамагае праца трох Інстытутаў Канфуцыя на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ больш інтэнсіўнай стане праца ў гэтым кірунку пасля адкрыцця культурных цэнтраў Беларусі ў Пекіне і Кітая ў Мінску. Наступны, 2017 год — год іх узаемнага адкрыцця.

Дынамічна развіваецца супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем у сферы мастацкай адукацыі. У вышэйшых навучальных установах Беларусі, якія даюць мастацкую адукацыю (Універсітэт культуры, Акадэмія музыкі і Акадэмія мастацтваў), вучацца каля 25% кітайскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў Рэспубліцы Беларусь.

У Беларусі набывае ўсё большую папулярнасць вывучэнне кітайскай мовы. У шэрагу сярэдніх школ Беларусі кітайская мова вывучаецца ў якасці першай замежнай.

Ідэя Кітая ўсё больш авалодвае сэрцамі і розумамі беларускіх дзеячаў культуры. Творчасць беларускага журналіста Алеся Карлюкевіча, паэта Міколы Мятліцкага, скульптара Уладзіміра Слабодчыкава, мастачкі Марыны Эльяшэвіч і дзясяткаў іншых дзеячаў культуры сталі трывалымі апорамі культурнага моста, які звязвае сёння Беларусь і Кітай.

Выдатнай новай формай супрацоўніцтва ў сферы культуры Шаўковага шляху з’яўляецца першае міжнароднае культурнае ЭКСПА, у рамках якога праходзіць наша сустрэча. Правобразам гэтага форуму, але толькі ў меншых маштабах, з’яўляецца беларускі Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які вось ужо 20 гадоў праходзіць у сталіцы Гродзенскай вобласці, якая з’яўляецца эканамічным партнёрам менавіта правінцыі Ганьсу, дзе мы зараз знаходзімся. Прапаную ў кожнай краіне вызначыць сімвалічныя культурныя брамы Шаўковага шляху. У Беларусі такім горадам мог бы стаць Гродна.

У заключэнні хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць, што Вялікі Шаўковы шлях — гэта феномен сусветнай гісторыі і культуры, свайго роду артэрыя, па якой працякалі кантакты мноства асобных народаў і дзяржаў, спараджаючы найвялікшыя помнікі матэрыяльнай культуры чалавецтва. Але разгледжаны ў цэлым, гэты феномен варты таго, каб быць каштоўнасцю, уключанай у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, каб і ў далейшым “павышаць мяккую сілу культуры” дзяржаў, якія ўваходзяць у сферу культуры Вялікага Шаўковага шляху.