Апалінар, сын Фларыяна, вядомы на Беларусі як народны разьбяр па дрэве. Яго скульптуры знаходзяцца ў многіх музеях рэспублікі і па-за яе межамі, а вось жывапіс, графіка, кераміка, тэатральныя дэкарацыі, фрэскі застаюцца пакуль інкогніта для шырокага кола гледача.
У Івянцы ён нарадзіўся і пабачыў дзевяць дзесяткаў сонцазваротаў. Тут яго продкі на працягу трох стагоддзяў здабывалі імя і славу, ствараючы матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, пакінуўшы адметны след на зямлі. Тут ён, Апэля, адбыўся як творца, як асоба ў кантэксце прадстаўніка нацыянальнага Адраджэння ХХ стагоддзя.
Камерная выстаўка ўключае “Аўтапартрэт” і пяць пейзажаў, напісаных у 50 — 60-х гадах мінулага стагоддзя, якія адлюстроўваюць краявіды мястэчка і яго ваколіц. Гэта шчыры, наіўны жывапіс, аздоблены дэкаратыўнымі разнымі рамамі, прасякнуты генетычна-падсвядомай любоўю да Івянца. Мастак піша так, як разумее і ўспрымае свет. На палатне, крыху праклееным сталярным клеем, без грунтоўкі, аўтар імкнецца стварыць аптымістычны апафеоз — своеасаблівы гімн прыродзе ў суладдзі з дзейнасцю чалавека. Панарамныя відарысы, помнікі архітэктуры, замаляваныя алоўкам з натуры, ажываюць на карцінах яркімі, чыстымі, лакальнымі фарбамі. Пажухласць колеру з цягам часу надала творам таямнічую каларыстычную гармонію.
Чым больш часу мінае з дня стварэння твора, тым больш актуальным і важкім ён паўстае перад намі, бо аўтар прыслухоўваўся да голасу душы сваёй і сэрца.
Алег РАМАНОЎСКІ
Івянец