Беларускае ўварванне на заходнім медывал-фронце

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

Са “Старым Ольсам” па ЗША: нашы сярод герояў Гары Потара і лютня пад пасам бяспекі
Як вы, упэўнены, памятаеце, мы “кінулі” гурт “Стары Ольса” на волю амерыканскага лёсу ў акрузе Дзюваль. Між тым, тур каманды па ЗША працягваецца, і дадзенае вам “Культурай” у № 34 абяцанне інфармаваць пра яго рэдакцыя не забылася. Такім чынам, што ж было з калектывам далей...

Ад Лэхi да Канзаса

Далей быў пераезд у штат Юта і выступленне ў горадзе Лэхі на першым у турнэ рэнесансным фестывалі. Адзін з яго сталых удзельнікаў невымоўна здзівіў нашых музыкантаў, сказаўшы, што “СО” — першы гурт, якi грае на гэтым фэсце менавіта рэнесанс-музыку. А так там — усё больш кантры (як жа без яго ў Паўночнай Амерыцы). Атмасфера на свяце вікінгаў з мушкецёрамi панавала душэўная, нягледзячы на адсутнасць піва.

Зняўшыся для нейкага тамтэйшага ТБ-шоу, ансамбль рвануў у штат Каларада. Пераадолеўшы 560 міль да Дэнвера, у горадзе музыканты спыніліся ў доме адной з мясцовых беларускіх сем’яў, “кіраўнікi” якой мелі мянушкі Вавёрка і Мядзведзь (сапраўдныя імёны — Ала і Уладзімір). А канцэрт далі 29 жніўня ў “Polish American Club”. Арганізатарам сэйшна быў адвакат Юрась Зянковiч, таксама беларус па нацыянальнасці. З самага пачатку канцэрт ператварыўся ў беларуска-польскі вечар, гасцямі якога сталі нашчадкі выхадцаў з колішняй Рэчы Паспалітай. Таму спрыяла не толькі музыка, але і іншы антураж: на сценах — партрэты выдатных дзеячаў беларускай гісторыі, на сталах — нацыянальная кухня. Яе стравы артыстам сабралі і ў дарогу.

Прывяла яна ў штат Небраска, што сустрэў падарожнікаў моцным ліўнем, строгай паліцыяй (“Нават лютня была прышпіленая ў багажніку пасам бяспекі!” — смяецца лідар “Старога Ольсы” Змiцер Сасноўскі) і музычнай крамай: за два тыдні канцэртаў выйшлі са строю два барабаны, таму “гардэробчык” патрабавалася неадкладна абнавіць.

Для кавярні “The Espresso Shop by Caravan” у горадзе Норт-Плат каманда прапанавала праграму, якая найбольш поўна раскрывала музычную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага: яе склалі камерная лютневая музыка, барочная, гарадскі еўрапейскі фальклор з застольных песень і танцаў. “Гэта быў адзін з самых эмацыйных канцэртаў з вялікай аддачай ад публікі!.. А ў горадзе пасля канцэрта ўжо ў кагосьці з аўто гучала “Фаталія блазенска” з “Полацкага сшытка”.

/i/content/pi/cult/605/13466/14-1.jpg

Наступнае выступленне прайшло 1 верасня ў адміністрацыйным цэнтры Лінкальн, натуральна, ва установе навучальнай — у “Southeast Community College”. Такім чынам студэнтаў знаёмілі з культурай Усходняй Еўропы. Напрыканцы беларусы трошкі пахуліганілі, выканаўшы кавер “Another Brick in the Wall, Pt. 2” — бессмяротнага тварэння “Pink Floyd”. Выкладчыкі гумар ацанілі і з задавальненнем падпявалі “We do not need no education...”, навучэнцы пры гэтым хіхікалі ды здымалі тое, што адбывалася, на гаджаты.

Штат Мінесота, горад Мінеапаліс, вялікі рэнесанс-фестываль (яго наведваюць 20 тысяч чалавек у кожны з трох дзён). Але спачатку музыканты выправіліся на пошту — рассылаць падарункі сваім краўдфандынг-спонсарам, а затым “эфірыць” для мясцовага радыё. “Стары Ольса” быў заяўлены ў якасці хэдлайнера на гэты форум, які, як і фэст у Юце, меў вельмі адноснае дачыненне да канкрэтна рэнесанснай музыкі. “Часам складалася ўражанне, што мы знаходзімся ў казачным горадзе з раманаў Толкіна і сярод герояў Гары Потара, — кажа Сасноўскі. — Але, безумоўна, былі і сапраўдныя рэканструктары сярэднявечнага жыцця, тэатры і іх акцёры, танцы, гульні, турніры ды… экзатычныя жывёлы: сланы, вярблюды, лані, кракадзілы, змеі!” Наведвальнікі мерапрыемства маглі арандаваць сабе мудрагелістыя касцюмы ды апрануць у пацешны “прыкід” хатніх жывёл, якіх яны ўзялі з сабой. Калектыў гледачы (беларусы, украінцы, рускія, славакі, чэхі...) прынялі “на ўра”, “рвалі” яго ўдзельнікаў на аўтографы, патрабавалі ад іх абяцання вярнуцца сюды яшчэ, а флейтыстцы ды выканаўцы на шалмеі Марыі Шарый прыхільнік прапанаваў руку і сэрца. Во як!

У Мэдысане, сталіцы штата Вісконсін, і Ла-Кросе канцэрты адбыліся ў невялікіх утульных клубах. З апошняга горада гурт выехаў у штат Аёва, дзе для артыстаў знялі дом у ціхай вёсачцы Альта Віста. Па-сапраўднаму першы выхадны музыканты прысвяцілі сну, ежы, адпачынку, званкам родным, прыборцы аўтобуса ды... бегу па кукурузных палях. І зноў у шлях, на рэнесанс-фэст у Канзас-Сіці (нашы выступалі 10 і 11 верасня). Ён быў насычаны прадстаўленнямі вулічных музыкантаў, сярэднявечных тэатраў, танцораў, жанглёраў агнямі, цыркачоў — артыстаў многіх нацыянальнасцяў. Тэматыка фэсту — усё, што звязана з цмокамі. І яны былі паўсюль: помнікі, дзіцячы рыцарскі турнір "Бой з цмокам", дартс з рыцарамі ды цмокамi, вялікая лялька цмока пад карчмой, ганчарная крама, прысвечаная толькі гэтаму цуда-зверу, шкляныя вырабы жывёл розных памераў. Гэтым разам хэдлайнерства “СО” дзяліў — з фаер-тэатрам “Подых дракона”. З назіранняў спадара Сасноўскага: “На амерыканскіх фестывалях настолькі разумна пабудавана сістэма харчавання, што ніхто не застаецца галодным і няма вялікіх чэргаў. Нават калі наведвальнікаў больш за 20 тысяч у дзень!”

Ансамбль сыграў пяць сэтаў, застольныя песні публіка прыняла без асаблівага захаплення, як у той жа Юце. Затое выявіла цікавасць да інструментаў ды паходжання артыстаў. На развітальны выступ прыйшлі кароль і каралева фестывалю са світай, уважліва выслухалі старадаўнюю музыку і таксама выказалі жаданне сустрэцца з беларусамі ў будучыні — налета. У Канзас-Сіці і скончыўся першы месяц гастрольнага падарожжа нашых суайчыннікаў, наперадзе іх чакае яшчэ месяц...

Толькі гэтага мала

Ён стартаваў канцэртам у Чыкага (штат Ілінойс), 13 верасня. Польскі клуб “Copernicus Center”. У зале — душэўная публіка славянскай знешнасці, сёй-той — у беларускіх кашулях, аднак большасць усё ж такі з амерыканцаў. Апантаная рэакцыя на музыку Рэнесансу ды барока, абсалютна на ўсё — ад камерных кампазіцый да застольных. Як вынік — дадатковыя творы на замову, доўгія размовы пасля канцэрта, здымкі на памяць. Спыніўся гурт у гаспадыні Жанны, у беларускай сям’і, але ўжо з глыбокімі амерыканскімі каранямі, хаця беларускія традыцыі яна захоўвае — у мове, сімволіцы, кнігах...

Перад ад’ездам у штат Агая каманда атрымала вестку, што арганізатары згаданага вышэй фэсту ў Мінесоце чакаюць “СО” на яго закрыцці — 1 — 2 кастрычніка (фестывалі ў паўтара-два месяцы для ЗША з’ява звычайная). “Ваў!” — рэагуюць нашы, і тур павялічваецца яшчэ на адзін выступ. Клуб у Акроне ўразіў калектыў сваёй чысцінёй. Гаспадары яго чакалі заморскіх візіцёраў з нецярпеннем, пра што казалі іх радасныя твары, дапамога ў пераносцы рэчаў, асцярожнае абыходжанне з пластыкавай афішай, на якой музыканты павінны былі пасля канцэрта распісацца, і яна ўпрыгожыла б адну са сцен клуба. Пад выступ гурта нават спецыяльна прыдумалі кактэйль — "Stary Olsa, Medieval Folk-Shot"! Сярод гледачоў вылучалася вялікая кампанія мясцовых беларусаў, якая горача адгукалася на сэт калектыву, доўга дзякавала яго ўдзельнікаў ды ўсяляк частавала іх па завяршэнні iмпрэзы. У прыўзнятым настроі “ольсаўцы” дабраліся да Кліўленда, а там уначы (!) наведалі знакаміты Музей рок-н-ролу ды “адарваліся” ў ім пад класіку року.

А ў Колчэстары (штат Вермонт) канцэрт прайшоў на пляцоўцы незвычайнай — на тэрыторыі міні-завода па вырабе крафтавай медавухі! Публіка падпявала, скакала ды стукала куфлямі па сталах. А бармэн, спехам засвоіўшы азы беларускай мовы, на ёй з артыстамі і меў зносіны. Што ж будзе далей?..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"