Дэма-”сезоннае”-5? Трэба браць!

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

Што ні кажыце, а з сезонамі ў групы-студыі “Пяты сезон” папраўдзе праблемна. Адлічваць тэатральныя ды канцэртныя сезоны прыдумалі, пэўна, дырэктары залаў ды білецёры. Ад пор года наўпрост залежыць вопратка і, адпаведна, мода. А вось прафесійная творчасць, пэўна, да сезоннасці не схільна. Хаця ёсць хрэстаматыйны прыклад: славутая Болдзінская восень. Ці ж не за тое любіў яе Пушкін, што ў тую пару яму ніхто не перашкаджаў? Адметнасць жа беларускага “Пятага сезона” — у яго прафесіяналізме, памножаным на апантанасць і падзеленым на рэаліі жыцця. Вось такая атрымалася “цудоўная пяцёрка”, у тым ліку і паводле пяцібальнай сістэмы.

 /i/content/pi/cult/159/1346/Pyaty-sezon.jpg
— Але чаму ўсё ж такі “Пяты сезон”? — пытаю я. І, слухаючы адказ (дакладней, адказы), разумею, што нашай размове таксама наканавана развівацца “па музычных законах”, хаця б той жа тэмбравай драматургіі, калі адзін інструмент, пачаўшы правядзенне тэмы, натуральна перадае яе працяг другому, той — трэцяму... Нават пераслухваючы потым запіс нашай гутаркі, я не стамлялася здзіўляцца, як мог без аніякіх рэпетыцый атрымацца такі выдатны “літаратурны мантаж”, дзе мае суразмоўцы, не перабіваючы, а лагічна працягваючы словы другога, выдавалі цалкам адбудаваны ланцужок думак, нібы па чарзе агучвалі стройны тэкст, уносячы ў аповед ноткі рамантычнай паэмнасці (Аляксандр Камлюк), філасофствавання (Аляксей Мікуцель), іроніі (Веніямін Шчарбакоў), гэткай “басовай” упэўненасці (Валерый Падукоў), маўклівай выразнасці (Алег Прохараў). Ды немагчыма гэта перавесці ў літарную “партытуру”! Хіба толькі ў “клавір”, дзе захаваецца агульны аповед, ансамблевыя ж фарбы давядзецца “адгадваць” самім чытачам.

— Дык чаму “Пяты сезон”? — перапытваю я, не дачакаўшыся “падрыхтавана-завучанага” адказу, якім звычайна “кулямёцяць” нядаўна ўзнікшыя гурты.

— У нас рэдка цікавяцца, чаму такая назва. Можа, таму, што запомніць ніхто не можа: часцей нас называюць “Пятым элементам”. Нават крыўдна бывае, хаця, здавалася б, ганарыцца павінны, што асацыіруемся з нашумелым кіно. На справе ж… У кожнага чалавека існуюць нейкія думкі, мары, пачуцці, не падуладныя ніякім сезонам. Адно толькі: яны могуць спраўдзіцца ці не.

— Ды толькі гэта таксама не залежыць ад “сезоннасці”. Такім чынам, “Пяты сезон”, у адрозненне ад прыродных чатырох, — пазачасавы і пастаянны?

— Хутчэй, альтэрнатыўны, які можа адбыцца ў любы са звыклых чатырох.

Узнікла параўнанне з іх дэма-дыскам. Усе песні — абсалютна розныя. Але, з’яднаныя адным “почыркам” (тым самым “пятым сезонам”, які прысутнічае ў чатырох астатніх), не прыводзяць да “эклектычнага набору” ці нават прынцыпова паказальнай полістылістыкі, утвараючы непарыўную повязь не толькі паміж “ты і я”, але і паміж “так і не”, як спяваецца ў іх аднайменных песнях.

— Складаецца “Пяты сезон” з “пяцёркі адважных”. Як размяркоўваюцца ролі, абавязкі? Галоўны “пяцёрачнік”, вядома, Саша. А “двоечнікі-троечнікі” ёсць?

— Абавязкі — у адпаведнасці з інструментамі. Спяваюць — усе, але не заўсёды адначасова: што ў каго лепей атрымліваецца.

Веня ў нас звычайна не спявае, затое вельмі здорава і рытмічна крычыць.

— … у тым ліку “Брава!”, “Біс!”, якія падхоплівае публіка?

— Не, “Брава!” трэба крычаць заслужаным калектывам, якія дзесяцігоддзямі на сцэне.

— А вы на сцэне колькі? Пяты сезон?

— Гледзячы адкуль весці адлік. Калі з цяперашняга складу нашай групы-студыі, дык першы: Алег да нас увосень прыйшоў. Сама ж думка пра ўтварэнне “Пятага сезона” з’явілася год таму. А дагэтуль кожны з кімсьці ці граў разам у розных гуртах, ці вучыўся — усе мы паміж сабой даўным-даўно знаёмы.

Можа, таму ўсё і склалася? Чалавечы фактар у камандзе вельмі важны. Кожны павінен адчуваць сябе камфортна. Так бы мовіць, “гарманальна-генетычна-гарманічна”, але не “герметычна”, — каб была магчымасць і самому дыхаць, і дыханне астатніх са свежым паветрам адчуваць. На рэпетыцыях можам двойчы-тройчы пасварыцца — і гэтак жа памірыцца.

— Спадзяюся, спрачаецеся па творчых пытаннях, а не з-за дзяўчат?

— Прычыны, хутчэй, ваколтворчыя — у асноўным, арганізацыйныя. Дысцыпліна, бывае, кульгае…

— Няўжо сам творчы працэс ідзе “па накатанай”? Не паверу.

— Прыблізны накід аранжыроўкі робяць Саша ці Валера. А далей — кожны “разгортвае” сваю партыю. Хаця ўсё можа адбыцца і спантанна. Калі прапанаваная песня спадабалася, пачынаем шукаць: іграем так, гэтак. Дый спыніўшыся на нейкім з варыянтаў і нават запісаўшы яго ў студыі, можам потым на канцэртах рабіць усё іначай.

— Падобным чынам эксперыментавалі “Песняры” на чале з Уладзімірам Мулявіным. Мабыць, мая ўзгадка не выпадковая? Саша, вы ж працавалі ў гэтым калектыве!

— Больш за тры гады. Быў знаёмы з Уладзімірам Георгіевічам, яго сынам Валодзем.

Праз “Песняроў” за ўвесь час прайшло каля 70 музыкантаў. І што б там ні казалі пра бягучасць кадраў, усе тыя музыканты штосьці атрымалі ў спадчыну ад самога Мулявіна, ад тых супер-мэтраў, што працавалі разам з ім. Таму спадчына Мулявіна — гэта не толькі папраўдзе бязмежная творчасць “Песняроў”, але і ўсё тое, што ён перадаў сваім калегам і нават слухачам. Данінай памяці і прызнання Вялікаму Песняру стала наша версія “Зачараванай” Ігара Лучанка.

— Дадам: у якой адчуваецца ваша шчырае зачараванне — беларускай песеннасцю, прыгажосцю дый самім жыццём. А яшчэ — ад вашага дэма-дыска пульсуе-віруе такая энергетыка, якой не атрымліваеш, здараецца, і на “жывых” канцэртах некаторых калектываў ці салістаў.

— Каб вы толькі бачылі, як Веня ў студыі грае! Відовішча, мякка кажучы, не для слабанервовых: усе сцены ходырам ходзяць. Але ж, мабыць, так і трэба: каб кожны раз — бы ў апошні, хаця студыйны запіс і не дае таго адрэналіну, як канцэртны.

— Усе вы — з вышэйшай музычнай адукацыяй, пераважна акадэмічнай. Не перашкаджае? Ці даводзіцца “забывацца на тое, чаму вас вучылі”?

— Адзін з гукарэжысёраў, з якім мы працавалі, так і сказаў: “Вось перашкаджае вам ваша адукацыя, перашкаджае! Усё вы неяк ускладняеце…”

Але ж чым больш высокі дом хочаш збудаваць, тым больш моцным павінен быць фундамент. Тое ж — і ў музыцы. Розніца хіба ў спецыялізацыі, якую кожны павінен сам для сябе вызначыць, і чым раней — тым лепей: будзе час на самаўдасканаленне. У астатнім — трэба стаць, найперш, музыкантам. І толькі прафесіяналы ведаюць, колькі гэта патрабуе ахвяр, намаганняў, часу, заняткаў на гітары па 16 (!) гадзін на дзень, як гэта было ў Сашы, а не толькі грошай. Грошы, вядома, таксама патрэбны — на той жа інструмент, але толькі грошай у творчасці занадта мала: яны, можа, і прыносяць “раскрутку”, але яшчэ нікога не зрабілі музыкантам. А далей — кожны робіць выбар: ці займацца тым, чым хочацца, ці зарабляць грошы.

— А сумясціць?

— Спадзяёмся “выруліць” на той этап, калі “Пяты сезон” стане нашай асноўнай працай, якая будзе прыносіць нам задавальненне і прыбытак, а слухачам — радасць. Пакуль жа намагаемся быць максімальна рознабаковымі, спрабаваць і тое, і гэтае, не зацыклівацца на чымсьці адным. У бязмежжы стыляў і напрамкаў заўсёды можна знайсці тое, што табе бліжэй і што будзе запатрабавана.

— Хатнія вас хаця б разумеюць? Пра Веніяміна на сайце пазначана: “выхоўвае чатырох катоў, не жанаты”. А што ў астатніх на сямейным фронце?

— Фронту няма, толькі тыл. Мусіць, нам пашанцавала… І як пачалі нахвальваць сваіх жонак! У Сашы яна — дацэнт, кандыдат філалагічных навук, аўтар трох кніг і безлічы публікацый, а яе фальклорныя экспедыцыі, куды яна штогод выпраўляецца са сваімі студэнтамі, знайшлі адбітак у Сашыным фольк-року. Алёшава “другая палова” — музыказнаўца, выхаванка нашай Акадэміі музыкі і магістратуры пры ёй. Валерава — таксама музыкант, а яшчэ, па прызнанні мужа, адораная актрыса. Алегава — сацыяльны педагог. А галоўнае — усе яны разумеюць, што “Пяты сезон”, як і каханне, — гэта зусім не “сезон”, і не “пяты” па ліку. Гэта — само жыццё.


Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ

     

Даведка
“Пяты сезон” “нарадзіўся” ў Мінску ў 2007 г. З’яўляецца і групай, і студыяй, дзе замовіць аранжыроўкі і зрабіць запісы можа кожны ахвотны. За плячыма ўсіх удзельнікаў — багаты музычны вопыт. Кіраўнік гурта Аляксандр Камлюк (гітара, вакал), пачаўшы з акардэона, дайшоў да “Песняроў”, а пасля пачаў самастойную творчасць. Валерый Падукоў (бас-гітара, вакал), які навучаўся майстэрству на ўсіх музычных інструментах, Аляксей Мікуцель (гітара, вакал), які пачынаў з хору хлопчыкаў і царкоўных спеваў, Алег Прохараў (клавішныя, вакал), таленты якога маці развівала з дапамогай… качаргі, — артысты хору Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. Веніямін Шчарбакоў (ударныя, перкусія, вакал), які ў 6-м класе Рэспубліканскага музычнага каледжа спусціў сваю віяланчэль праз балкон і перайшоў на барабаны, — артыст аркестра Дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”. Хаця і нагаворваюць на сябе, што яны “інтэлігентныя разгільдзяі”, на творчым рахунку маюць безліч песень, выступленняў, запісаў, удзел у фестывалі “Залатая акустыка”, у паўфінале Міжнароднага конкурсу “Новая хваля”, у Навагоднім балі ў Прэзідэнта нашай краіны з песняй “Беларусь крыштальная”. 

Анкета “К”
1. Колеры, якія натхняюць.
Яркія.
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
У “Пяты сезон”.
3. Любімы мастак.
Экспрэсіяністы, сюррэалісты.
4. Найбольш яркі акцёр, актрыса.
Яўген Міронаў, Чулпан Хаматава, Робін Уільямс.
5. Любімы літаратурны твор.
Расійскага пісьменніка Дзмітрыя Ліпскерава, якому прысвечана дысертацыя жонкі А.Камлюка.
6. Што слухаеце?
Усё лепшае — ад класікі да хіп-хопа.
7. Радзіма — гэта што?
Дом, куды хочацца вярнуцца.
8. Любімая кветка.
Валошкі і кактусы.