Што бачыцца за “Гарадзенскім транзітам”?

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

Цудоўны Гродна для мяне горад асаблівы. Тут я заканчваў школу, пачынаў вучобу ў педінстытуце, упершыню сустрэўся з сапраўднымі мастакамі, пазнаёміўся з Васілём Быкавым, Міхасём Васільком, Аляксеем Карпюком, Якавам Кімбергам, надрукаваў першыя опусы-рэцэнзіі ў “Гродзенскай праўдзе” пра мастацкія выставы, прыняў удзел як саліст у першым у рэспубліцы школьным джаз-аркестры пад кіраўніцтвам таварыша па школе, будучага вядомага кінарэжысёра Уладзіміра Арлова… Адсюль пачынаўся мой шлях у вялікае жыццё. Таму на выставу “Гарадзенскі транзіт”, якая працуе ў Палацы мастацтва, я прыйшоў з асаблівым пачуццём, быццам на сустрэчу з юнацтвам, хаця і прайшло з таго часу нямала гадоў.

Канешне, я ведаў, што мяне чакалі зусім новыя мастацкія пакаленні, зусім не падобныя ні па стылі, ні па тэматыцы, ні па характары мыслення на тых “старых”, хто тады, у 1950 — 1960-я ў адзіным строі будаваў на платформе дзяржаўна прынятага рэалізму выяўленчую культуру Гродзеншчыны.

Якое яно, гэта постсавецкае пакаленне? Галоўнае, чым прывабіла мяне экспазіцыя, — мноствам сюрпрызаў, падрыхтаваных удзельнікамі выставы. Сюрпрызаў для тых, хто прызвычаіўся да наперад зададзенай тэматычнай разнарадкі, да надзьмутай іерархіі сюжэтаў, да аптэкарскай дазіроўкі выяўленчых сродкаў. Не менш азадачанымі аказаліся і тыя (былі такія!), хто не без зларадства чакаў ад выставы “самадзейнай правінцыйнасці”, у гады былыя сапраўды ўласцівай нашым мастацкім рэгіёнам. А аказалася, што калі паглядзець на многія творы як на нешта самастойнае, па-за кантэкстам стракатай экспазіцыі, — добрага тут нямала. Хаця ад некаторых рэчаў — чаго грахі прытойваць — павявае сумам, эклектычнай мешанінай, напускной глыбакадумнасцю. Прынамсці, гэта характэрна для ўсіх вялікіх і малых выстаў апошніх гадоў, дзе самыя сур’ёзныя тэмы ўспрымаліся як кан’юнктурныя адпіскі, лірычнае самавыяўленне — як празмерная манернасць і эгацэнтрызм, а фармальны эксперымент абарочваўся пластычнай ўсяяднасцю, “рэпрадукцыйным” пераймальніцтвам.

/i/content/pi/cult/605/13458/9-1.jpg

Тым не менш на выставе “Гарадзенскі транзіт” ёсць што паглядзець, ёсць пра што падумаць, у тым ліку і пра перспектывы далейшага развіцця ўсяго нашага мастацтва. Бо, што ні кажы, любая рэгіянальная выстава — гэта ў мініяцюры люстэрка складаных і нярэдка супярэчлівых працэсаў, усяго таго, што адбываецца ў нацыянальным мастацтве Беларусі. Мяркую, што самае каштоўнае ў пошуках мастакоў Гродзеншчыны — гэта імкненне прамаўляць сваім голасам, хай ён нават будзе не вельмі гучным, і праверка сваёй здольнасці весці размову з гледачом “ад першай асобы”. А гэта вельмі важна: навучыцца і ўмець гаварыць менавіта так.

Гэта ўмеюць рабіць Юрый Якавенка і Валянціна Шоба, якія сёння, на мой погляд, сваім непаўторным мастацтвам ні ў чым не саступаюць лепшым узорам еўрапейскай выяўленчай культуры. Прыгадаем унікальныя чароўныя праекты першага: “Alfabeto”, “Незавершаны санет”, гравюры да паэмы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”, да кнігі “Найвышэйшая песня Саламонава”, таксама цыкл экслібрысаў, 
зграбныя, вытанчаныя афорты і прадстаўленыя ў экспазіцыі акварэлі на розныя тэмы. А вось графіка нядаўняга лаўрэата французскай прэміі барона Тэйлара Валянціны Шобы, для якой галоўнае ў мастацтве — унутранае святло, душэўная шчодрасць, сусветная колерамузычная гармонія, пабудаваная на судакрананні чырвонага, сіняга, блакітнага, чорнага колераў і золата. І ў сваёй творчасці яна “выкопвае любоў з забыцця”, бо без любові, на яе погляд, ніякага мастацтва ў свеце наогул не існуе.

Я з задавальненнем паглядзеў на жывапісныя творы Жанны Чыстай і Наталлі Ляпкінай, Васіля Мартынчыка і Аляксандра Сільвановіча, Мікалая Бандарчука і Сяргея Грыневіча, эксперыменты Аляксандра Вараксы, Сяргея Асапрылкі, Пятра Янушкевіча, скульптурныя кампазіцыі (заўважце, усе — у матэрыяле!) Сяргея Більдзюка, Вадзіма Вараб’ёва, Міхаіла Фінскага, доўга стаяў ля акрылавага дзевяціметровага палатна “Quo vadis?” Івана Русачака, імкнучыся зразумець унутраны псіхалагічны стан аўтара…

Нават аглядавае знаёмства з выставай пакідае пэўнае адчуванне глыбінных якасных змен, якія адбыліся ў развіцці мастацтва Гродзеншчыны за апошнія 15 — 20 гадоў. Так ці інакш гэтыя змены закранулі ўсе бакі мастацкага жыцця рэгіёна, віды і жанры выяўленчага мастацтва, яго структуру і вобразны лад, асабліва ў жывапісе і графіцы, таксама ў скульптуры, дзе сённяшнім лідарам, безумоўна, з’яўляецца Уладзімір Панцялееў, творы якога ў экспазіцыі прыцягваюць пільную ўвагу. Сцісла кажучы, у сваёй сукупнасці гэтыя зрухі даюць падставу меркаваць пра новы этап развіцця выяўленчай культуры нёманскага краю. (Нагадаю, дарэчы, што гродзенскія мастакі за апошнія гады прынялі ўдзел у шматлікіх замежных выставах амаль ва ўсіх краінах Еўропы і СНД, таксама ў некалькіх прэстыжных міжнародных пленэрах.)

Аднак ці стане выстава заклікам, запрашэннем да дыялогу, звернутым і да гледача, і да крытыкі, і да ўсёй культурнай грамадскасці? Не ведаю. Хутчэй за ўсё, не… І не віна ў тым самой выставы і наогул падобных выстаў. Віна, ды і бяда, — у часе, у якім мы сёння жывём, калі прафесійнае выяўленчае мастацтва ўсё больш і больш перастае быць патрэбным соцыуму. Як свет немагчымы без людзей, так і мастацтва без яго творцаў, а цывілізаваная дзяржава немагчымая без духоўнай культуры. Аксіёма? Так. На жаль, пакуль яшчэ не ўсе гэта ў нашым грамадстве разумеюць. Але гэта іншая тэма для сумных разваг…

Тым не менш выстава падштурхнула задумацца, як неабходна мастаку, яго аўдыторыі, яго калегам з іншых рэгіёнаў і сталіцы спрабаваць зразумець агульную тэндэнцыю, а не апераваць прыватнасцямі. Гэта тычыцца, прынамсі, і такіх адказных паняццяў, як тыя ж праславутыя традыцыі наватарства, сучасная форма, прафесійнае майстэрства, права на эксперымент і гэтак далей. Разважаючы аб выставе, хочацца яшчэ раз паўтарыць найважнейшую выснову, якую яна прымушае зрабіць: акрамя стылёвых і формастваральных прынцыпаў, якія часам занадта паспешліва і мітусліва падганяюцца пад старамодныя ці новаўтвораныя “-ізмы”, існуе і іншая сістэма каштоўнасцей: сапраўднае мастацтва — ці рамесніцтва, сапраўдная творчасць — ці перайманне, усё роўна ці нясмела-ўгодлівае, ці падкрэслена “нонканфармісцкае”. Вось чаму зараз, калі выстава завяршае сваю работу, стаўшы, на мой погляд, прыкметнай з’явай нашага мастацкага жыцця, уяўляецца значна больш важным вызначыць тое канструктыўнае, што яна несла, чым гуляць у “складаныя” размежаванні паводле прынцыпу чорна-белага кантрасту ці займацца каталагічным пералікам імёнаў.

Калі я ўжо выходзіў з Палаца мастацтва, мяне спыніла адна не вельмі вясёлая думка. А куды знікла мастацкая спадчына тых цудоўных мастакоў-аксакалаў Гродзеншчыны, якія ў пасляваенныя гады і пазней, у апошнія савецкія часы, будавалі і захоўвалі той фундамент выяўленчага мастацтва, на якім сёння павырасталі гэтыя самыя новыя пакаленні жывапісцаў, графікаў, скульптараў, манументалістаў?.. У мяне складваецца такое ўражанне, што сувязь пакаленняў, сувязь “бацькоў і дзяцей”, рашуча перарваная. Прычыны далёка шукаць не будзем: яны ў нас саміх, у нашым выхаванні, у нашым эгаізме і эгацэнтрызме. А між тым такія творцы, як Іван Пушкоў, Валянцін Савіцкі, Даніла Парахня, Канстанцін Пятроў, Іван Дмухайла, Міхаіл Плужнік, Аляксандр Кох, Мікалай Якунін, Мікалай Лук’янаў, Анатоль Гаршкавоз, Аляксандр Захараў шмат чаго зрабілі для развіцця агульнай беларускай выяўленчай культуры. Я ўсіх іх ведаў у твар, з некаторымі сябраваў, таму ведаю, што кажу. І хіба нельга было на сённяшняй выставе “Гарадзенскі транзіт” зрабіць хаця б невялічкі мемарыяльны раздзел для экспанавання двух-трох дзясяткаў работ менавіта тых, хто стаяў ля вытокаў мастацтва гродзенскага рэгіёна? І — з адпаведнай анатацыяй і фатаграфіямі аўтараў. Урэшце, гэта праблема тычыцца і іншых рэгіёнаў мастацкай Беларусі, і нашай сталіцы… Нельга забывацца на сваіх папярэднікаў, бо бумеранг можа вярнуцца з цягам часу і да сучасных творцаў…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"