"...Змей" у кабарэ і абгортка Піяф

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

Гастролі гродзенскіх лялечнікаў і гомельскай "Маладзёжкі"
Беларускі Рэспубліканскі тэатр юнага гледача вырашыў пашырыць далягляды сталічных тэатралаў. Эксперымент распачаўся ўвесну, калі да мінчан завітаў Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы. Увосень гастрольная праграма аднавілася і ўслед за брэстчанамі на сталічнай сцэне выступілі Гродзенскі абласны тэатр лялек і Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр.

“Чароўны пярсцёнак”

Акурат пасля прыняцця віншаванняў у гонар 55-годдзя свайго галоўнага рэжысёра Алега Жугжды, гродзенцы прывезлі ў Мінск два яго спектаклі. Адзін з іх — пастаўлены паводле твораў расійскага пісьменніка-фалькларыста Барыса Шаргіна ў 2007 годзе “Чароўны пярсцёнак”. Тэкст казкі добра вядомы старэйшаму пакаленню, бо быў аднайменны мультфільм у агучцы Яўгена Лявонава. Гродзенскі рэжысёр таксама захаваў каларыт паўночнага дыялекту, аднак перанёс дзеянне ў сучасныя рэаліі, разыграўшы сюжэт ля цеплавузла, расквечанага прыкладамі гарадскога “наскальнага жывапісу”.

/i/content/pi/cult/605/13457/8-5.jpg

Сцэна са спектакля "Чароўны пярсцёнак".

Казку пра Ваньку — недалёкага, аднак надзвычай добрасардэчнага, разыгрываюць… тры бамжы. Захмялелы мужык у “трэніках” і вязанай шапцы (Васіль Прабадзяк) бярэ ў рукі планшэтнага Ваню — і вось новы ці то герой, ці то сучасны дурнічка... Прастакаватая баба і інтэлігентная бабулька з акардэонам (Вольга Авасількі і Ларыса Мікуліч) разбіраюць паміж сабой астатнія вобразы. Як тлумачыць такі паварот візуальнага шэрагу сайт тэатра, “стваральнікі… напоўнілі дзейства ледзьве прыкметнымі засмучана-іранічнымі рэаліямі сённяшняга дня”.

“Ледзьве прыкметнымі” — прамоўлена сціпла, бо ўся сцэнаграфія Валерыя Рачкоўскага будуецца на нестандартных лялечных атрыбутах: персанажы працуюць на фасовачных скрынях, лялек раз-пораз дастаюць з жалезнай бочкі (у расійскіх крымінальных серыялах у такіх цыліндрах бамжы звычайна разводзяць вогнішча, каб пагрэцца), крышталёвы мост складзены з пластыкавых “паўтарашак”, вясельны банкет ладзяць на газетцы, на якую выстаўляюцца кансервы і гранёныя шклянкі, а ў ролі рыбы, што вяртае кату і сабаку чароўны пярсцёнак, выступае сушаная вобла. Канешне, папрыдумвана іскрамётна, і павінна павесяліць бацькоў (бо такія гэгі змогуць прачытаць якраз толькі дарослыя гледачы). Нездарма спектакль у свой час правезлі па фестывалях, ён меў добрую крытыку. Аднак мне не дае спакою простае пытанне: для чаго ў зале ў гэты момант знаходзяцца дзеці ад пяці гадоў? Магчыма, за гады, што прайшлі з прэм’еры, акцёры крыху стаміліся ад спектакля, таму часам складвалася ўражанне, нібы лялькі акцёрам крыху замінаюць (асабліва тады, калі іх нядбайна кідаюць)… За тым камікаваннем і капусніцкай манерай ігры кудысьці знікла сутнасць казкі, а акцэнт змясціўся на бутэлькі ды скокі, можа таму малыя не да месца пачалі рагатаць у момант, калі мужык душыў ката…

Калі мне было 12 гадоў — узрост, як тады падавалася, ужо самавіты для дзіцячых спектакляў у тэатры лялек, маці завяла мяне ў Беларускі дзяржаўны тэатр лялек на адзін з паказаў “Прыгод алавянага салдаціка, пастушкі і камінара” Алега Жугжды. Перад спектаклем адчуванне неадпаведнасці ўзросту павялічылася, бо большасць дзяцей у зале была значна малодшая за мяне, але ўсё гэта забылася, як толькі пачаўся спектакль. Тады Жугжда вярнуў мне веру ў тэатр лялек, любоў да казачнай літаратуры — незалежна ад васковых лічбаў на імянінным пірагу. “Чароўны пярсцёнак” узнік праз 11 гадоў пасля той прэм’еры, дарэчы ў сааўтарстве з тым жа мастаком, аднак, асабіста мне не хапіла той самай чароўнасці, без зазямлення ў маргінальны бок сучаснасці, цуда — без налёту сцёбу “паміж намі, дарослымі”…

Усё гэта я знайшла ў леташняй прэм’еры рэжысёра.

“Вялікі змей”

Гэты спектакль па ўсіх параметрах незвычайны. Ён пастаўлены па п’есе, адмыслова напісанай для тэатра лялек — для сучаснага становішча лялечнага мастацтва сітуацыя даволі рэдкая і знакавая. Марта Гуснёўска — прадстаўніца польскай хвалі новай драматургіі і, каб бліжэйшым быць да арыгінала, Алег Жугжда мусіў перакласці п’есу на беларускую мову.

Тут таксама шмат “25-х кадраў” для дарослых, аднак у сцэнічным існаванні гуллівых дам яшчэ адчуваецца тая грань, калі акцёрскае захапленне роллю грае “ў плюс” галоўнай думцы. Татам, як часта жартуе галоўны рэжысёр, спадабаецца жаночы склад спектакля. Пры любым раскладзе галоўнае застанецца навідавоку: навучыцца адчуваць магію ў сабе, прымаць сябе такім, які ты ёсць, і не думаць, што ў суседа трава зелянейшая ці ногі спрытнейшыя.

/i/content/pi/cult/605/13457/8-4.jpg

Сцэна са спектакля "Вялікі змей".

Пярэстасць кабарэтачнай эстэтыкі нечаканая на першых секундах, аднак, хутка прасякаешся відовішчам. Лялькі і акцёры не замінаюць адзін аднаму, а ўстаўныя нумары — ад тэатральна-ілюзіённых да шыкоўных сола — дапамагаюць скласці “пазл” у адзіную карцінку. Не дзіва, што “Вялікі змей” трапіў у шорт-ліст сёлетняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Такі спектакль — новы фармат шчырай сямейнай размовы пра галоўнае. Адзначу цудоўную і шматаблічную Галіну Закрэўскую, якая пераўвасабляецца то ў апавядальніцу, то ў варажбітку, то ў фокусніцу, а напрыканцы і ў Бога. Прычым, апошні вобраз прываблівае свецкім падыходам да тонкай матэрыі. Да галоўнага героя — незадаволенага адсутнасцю ў сябе ног Удава — прыходзіць мудрая бабулька ў сукенцы ў аблокі і тлумачыць занепакоенаму малому, што Бог з’яўляецца перад табой такім, якім ты хочаш яго пабачыць. Па сутнасці, дзецям са сцэны прапануюць прыслухоўвацца да родных і блізкіх, бо дарослыя людзі з вялікім жыццёвым вопытам не заўжды знаходзяцца, як падаецца малечы, па другі бок барыкад. Часцей яны побач і гатовы падтрымаць тваё рашэнне, прапанаваўшы пры гэтым паглядзець на сітуацыю іншымі вачыма і пабачыць у сваіх “недахопах” арыгінальнасць.

З узняцця наспелых для дзіцячага асяроддзя праблем распачаў свае гастролі і Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр. На гастролі прывезлі п’есу папулярнага расійскага драматурга Міхаіла Барценева “Лічу да пяці…”, якая з 1992 года стала ўзнікае то ў адным, то ў другім тэатры краіны-суседкі. У гомельскім варыянце спектакль атрымаў назву

“Мужнае сэрца”

За пастаноўку ўзяўся рэжысёр-пастаноўшчык Коласаўскага тэатра Міхаіл Краснабаеў, прапанаваўшы пад мінулы Новы год простую, але сапраўды патрэбную для дзятвы гісторыю, як героем можа стаць нават той, каго ўсе прызвычаіліся лічыць няздольным да подзвігу. Пастаноўка, па ўсім відаць, разлічана на выезды: з дэкарацый — заднік у выглядзе дрэваў, пянёк, крыху чароту над тканінай-вадзіцай ды невялічкі дамок Крата (без якога можна лёгка абысціся). Аднак сціпласць сцэнаграфіі Святланы Макаранкі дае занятай у пастаноўцы моладзі цудоўную магчымасць стварыць фактурныя вобразы. І гэта многім удаецца, прынамсі, Віталь Сазонаў дорыць свайму Ваўку некалькі трапных выказванняў, якіх, падаецца, нават няма ў арыгінале, надае яму рысы бравага ваякі, для якога вельмі важна выканаць усе правілы вядзення бою. І вось ты ўжо захоплены ў палон харызмай Ваўка і з нецярпеннем чакаеш яго наступнага выхаду. Як, зрэшты, і з’яўлення яго антаганіста Зайца — Дзмітрый Попчанка яскрава выбудоўвае вобраз, які раздзіраюць душэўныя супярэчнасці. Увесь задзейнічаны склад з першых хвілін бярэ юнацкім запалам і акцёрскім куражам.

/i/content/pi/cult/605/13457/8-3.jpg

Сцэна са спектакля "Мужнае сэрца".

Аднак не магу не пакінуць нататку на палях: Барценеў задумваў свой тэкст як двухактовую п’есу, рэжысёр вырашыў аб’яднаць дзве дзеі ў адну, пазначаючы на афішы хронаметраж у 45 хвілін, а вось акцёры на гастролях узялі такі тэмпарытм, што “ўклаліся” ў сорак… Між тым, менавіта на “ранішніках” можна дазволіць сабе крыху больш “пасмакаваць” ролю. Каб па той бок рампы не ўзнікала адчуванне, што часам азарт ператвараецца ў паспешнасць…

З усім складам можна было сустрэцца ўвечары на спектаклі

“Дзе адступаецца каханне…”

Радуе, што пра яго можна казаць не толькі ў святле скандалу з афішай (пра тое пісала “К”), але і ў якасці прыкладу апраўдана лёгкага абыходжання з матэрыялам, пошуку новай тэатральнай мовы для класічнай драматургіі, спробы рызыкаваць, нягледзячы на магчымае непрыняцце кансерватыўнай публікай нестандартнага прачытання кананічнага твора. Здаецца, менавіта гэтага чакаеш ад тэатра пад шыльдай “маладзёжны”.

/i/content/pi/cult/605/13457/8-2.jpg

Сцэна са спектакля "Дзе адступаецца каханне..."

Якаў Натапаў задзейнічаў амаль усю трупу. Месца дзеяння перанёс у псіхіятрычную клініку, каб відавочным стала, што адбываецца ў душы жанчыны, калі яе свет разбураецца з-за таго, што каханы адмаўляецца ад таго самага кахання. Нездарма рэжысёр выносіць на афішу замест назвы “З каханымі не расставайцеся” цытату з паэзіі Марыны Цвятаевай. Працяг фразы вядомы: дзе адступаецца каханне, “там падступае смерць-садоўніца”. Вось гэты шлях праз маленькую смерць і ўзнікае на сцэне. Камусьці ўдаецца пасля разводу знайсці новае шчасце, а ў іншых, якія, як галоўныя героі п’есы Міця (Віталь Сазонаў) і Каця (Ірына Шапецька), прыйшлі ў суд хутчэй з-за крыўды і непаразумення, “бяскроўна” пераадолець такі этап не атрымаецца. Дарэчы, Цвятаева прагучыць у спектаклі цалкам: верш атрымаў дадатковую афарбоўку, дзякуючы пранізліваму жаночаму а капэла.

Мастак Яўген Волкаў замкнуў люстра сцэны чырвонымі кратамі, выклікаючы ў персанажаў і гледачоў востры прыступ клаўстрафобіі, панічнае адчуванне, што са складанай сітуацыі выйсця няма. Дадаюць трэшу крывавыя крыжы на халатах дактароў. Адзін з лекараў, у выкананні Дзмітрыя Попчанкі, становіцца гэткім Воландам, што вырашае лёсы. Ён то дазваляе падапечым пагутарыць, “пераключаючы” натуральнасць іх размовы на лялечныя жэсты, то крыху прыпускае ахвяру, ведаючы, што гэта толькі гульня, а той, хто патрапіў у вар’ятоўню, адсюль не выберацца.

На кожным персанажы — таўро інвентарнага нумару, быццам яны ажыўленыя хваравітым мозгам галоўнай гераіні шлюбаразводныя справы. Арыгінальны ход належыць мастаку па касцюмах Кацярыне Варанько. Другарадная роля суддзі выходзіць у Якава Натапава на першы план. Гераіня Наталлі Голубевай — не абыякавы чыноўнік, а амаль што родзіч, які спачувае кожнаму і нават у самых безвыходных сітуацыях да апошняга імкнецца знайсці зачэпку для адраджэння былых пачуццяў. У самым пачатку на яе ўскладаюць цярновы вянок, бо прызнаць, што каханне ў сям’і здало свае пазіцыі для яе раўназначна таму, каб вырваць частку свайго сэрца. Напрыканцы вяршыцелька лёсаў сама апынецца пад следствам уласнай шлюбаразводнай справы…

Рэжысёр вырашыў завяршыць дзеянне “хэпі эндам”. Пад заслону ён аб’яднаў усе задзейнічаныя пары, прапануючы паверыць, што галоўная сіла, якая рухае кожнае асобнае жыццё і гісторыю чалавецтва — каханне. Падаецца, пасля такога вострага напружання нерваў і думкі, гледачы заслужылі гэту хвіліну шчасця.

Гастролі гамяльчан завяршыліся яшчэ адным спектаклем пра каханне і казусы лёсу: пастаноўкай Натапава па матывах п’есы Ксеніі Драгунскай

“Мой легіянер”

Першапачаткова гэты твор пра містыфікацыю жыцця сусветна вядомай французскай спявачкі Эдыт Піяф спадарыні Драгунскай заказаў Раман Вікцюк. Той спектакль з размашыстым — на ўсю сцэну — біпланам калісьці прывозілі ў Мінск. Мастак-пастаноўшчык гамяльчан Алена Сакаўяк зрабіла сцэнаграфію мінімалістычнай, што больш адпавядае духу п’есы. Творчы ўзлёт будучай знакамітасці пачынаўся з танных гатэляў з жалезным ложкам, мінімальных выгод, але з агромністага памкнення. Таму тыя мікрафонныя стойкі, разбрасаныя па ўсёй прасторы, — гэта і накіравальныя стрэлкі на рэйках жыцця, і адначасова німб, што падтрымае яе бессмяротнасць у вечнасці. Відавочна, рэжысёр адштурхоўваецца ад слоў аўтаркі, маўляў, нікога не цікавіць рэальная Піяф, людзей прыцягваюць міфы, якія абгарнулі яе жыццё флёрам незабыўнасці. Натапаў выводзіць на сцэну адразу дзвюх Эдыт, такім чынам прыбаўляючы містычнасці дзеянню. Пры гэтым на ролю зоркі-пачаткоўцы выбірае не верабейку па фактуры, аднак тое апраўдана, бо Ірына Шапецька грае не біяграфію, а памкненне, жаданне і каханне.

/i/content/pi/cult/605/13457/8-1.jpg

Сцэна са спектакля "Мой легіянер". / Фота да агляду — Таццяны МАТУСЕВІЧ

За апошняе дзесяцігоддзе па тэатрах пракацілася музычная хваля: маладыя акцёры і рэжысёры стваралі музычныя калектывы, каб мець больш магчымасцяў самавыяўлення. У Гомельскім маладзёжным адбылося наадварот: у тэатр запрасілі вядомага барда Зою Гарыну стварыць вобраз сталай Піяф і насыціць тканіну дзеяння аўтарскімі апрацоўкамі легендарных песень. Спадарыня Зоя падаравала спектаклю цудоўныя пераклады французскіх тэкстаў, дапамагаючы гледачу “закальцаваць” убачанае і зразумець, як тыя песні сталі плоць ад плоці самой Піяф. Спявачка і актрыса на дзве асобы распавялі, як можна расстацца з дарагім чалавекам назаўжды, бо на той момант свабода — што прыраўноўвалася да магчымасці спяваць — для пачаткоўкі была даражэйшая за нават самыя грунтоўныя абяцанні, але як запаліць тым агеньчыкам кахання ўсю сваю творчасць. Да слова, гэтая роля пястухі выпадку ўжо адбілася і на лёсе адной з выканальніц: знакаміты бард Зоя Гар’еўна Пархамчук гэтай восенню стала дырэктарам гомельскай “Маладзёжкі”.

Чаго, на вялікі жаль, не хапіла спектаклю, дык гэта ўдзячнай публікі. Месцы запаўнялі школьнікамі, некаторым было па 12 — 13 гадоў. Удумліваму гледачу было цяжка пераадольваць юнацкі гул, спадзяюся, акцёрам той гоман даваўся лягчэй... Верагодна, распаўсюджвальнікам білетаў усё ж неабходна больш уважліва прыглядацца да пазначанага цэнзу, пазначанага на афішы, каб пасля і на сцэне, і ў зале можна было атрымліваць асалоду ад дзеяння.

Ініцыятыва ТЮГа ўхвальная: даўно наспела, каб у Мінск абавязкова завітвалі цікавосткі з рэгіёнаў. Нават тэатральная суполка не заўжды ведае, што адбываецца у абласных цэнтрах, а між тым у калег ёсць чаму павучыцца. Адна толькі просьба да гастралёраў: не забывайцеся прывозіць з сабой праграмкі, бо высветліць, хто ёсць хто без якой-небудзь нататкі (ці дакладнага вызначэння складу на сайце тэатра) цяжка, а сваіх герояў усё ж хочацца называць па імені.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"