“Двайнікі”— супернікі?

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

Каралём інструментаў называюць не толькі арган, але і больш пазнейшага паходжання фартэпіяна. А больш дакладна — не “пакаёвае” піяніна, а канцэртны раяль. Здавалася б, сам каралеўскі гонар гэтага інструмента не дазволіць яму мець “двайніка”-суперніка, ажно не: мастацтва фартэпіянных дуэтаў плена развіваецца па ўсім свеце, сведчаннем чаго стаў І Міжнародны фестываль “Duettissimo”, што прайшоў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі 15 — 18 красавіка ў межах “Мінскай вясны”.

Кожнаму з 6-ці фартэпіянных дуэтаў, якія прадстаўлялі Беларусь, Латвію, Малдову, Польшчу, Расію, Украіну, было дадзена па адным канцэртным аддзяленні. Адзінай просьбай ад арганізатараў было — уключыць у праграму эксклюзіў: сучасныя нацыянальныя творы ці ўласныя пералажэнні. Яшчэ адна магчымасць “паказальных выступленняў” мелася ў калектываў на фінальным гала-канцэрце, дзе, акрамя таго, музыканты розных дуэтаў з’ядноўваліся для сумеснага выканання. Урачыстасці надалі відовішчу не толькі кашы з кветкамі, але і сцягі краін-удзельніц, вынесеныя на сцэну. Сімвалам яднання загучала тэма оды Бетховена “Да радасці”, што вянчала сабой свята. Яе апрацоўка ў 8 рук, зробленая В.Баравіковым спецыяльна да фестывалю і надрукаваная ў буклеце, стала падарункам для кожнага ўдзельніка.

Адметнасць калектываў больш выявілася на іх сольных аддзяленнях. Самы малады дуэт з Польшчы акцэнтаваў віртуознасць. Дуэт з Малдовы ў канцэртнай фантазіі “Прывіды сноў”, наадварот, закалыхаў-зачараваў каларыстычным асэнсаваннем пераважна павольных, ціхіх класічных фрагментаў ХVІІІ — ХХ стст. Украінскі і расійскі калектывы, пры ўсёй рознасці іх індывідуальных і ментальных асаблівасцей, прывабілі элементамі інструментальнага тэатра, што выяўлялася не толькі ў выразнай “стральбе вачыма” паміж партнёрамі, але і ў… танцавальных па. Танцаваць, як высветлілася, можна не толькі нагамі, але і выключна рукамі — праз прыхлопванні, жэсты, набліжэнне руху кісці да палёту танцоўшчыцы.

Але, безумоўна, “па-за конкурсам” быў “Riga piano duo” з Латвіі. Нора Новік і Рафі Хараджанян — сапраўдныя энтузіясты, яны ўжо 40 гадоў іграюць разам, прапагандуючы дуэтнае мастацтва. У Мінску яны правялі майстар-клас, дадаткова даказаўшы, што справа не толькі ў часавым паказчыку. Паміж выканаўцамі дасягнута такое ўзаемадзеянне, калі здаецца, што музыка ствараецца менавіта ў дадзены момант. Найтонкія тэмпавыя, рытмавыя адхіленні, дзівосная прыгажосць гуку прыводзілі да адчування не толькі ігры, але і гульні — далікатнай, інтэлігентнай, папраўдзе партнёрскай, а не спаборніцкай.

Наш знаны дуэт Наталлі Котавай — Валерыя Баравікова, дзякуючы шматгадовым намаганням якога і адбылося фартэпіяннае свята, смела ўзяў на сябе адказнасць адкрываць і сам фестываль, і заключны гала-канцэрт. Але як бы ні ўразілі іх майстэрства дый самі шматлікія пералажэнні В.Баравікова, выступленне, пэўна, выйграла б яшчэ больш, калі б свой унёсак у фестываль зрабілі і нашы кампазітары.

На гала-канцэрце нашы піяністы ўдзельнічалі ў выкананні выбітных сучасных твораў разам з латышамі. Гучала і канцэптуальная Саната ў 6 рук В.Баркаўскаса, і напаўжартоўныя творы з авангарднымі “прыколамі” на струнах раяля.

Што ж да беларускай музыкі, дык некаторы час таму наш дуэт правёў нават цалкам з яе складзены канцэрт. Але гэта былі ці не ўсе нацыянальныя творы для такога складу (сярод апошніх па часе можна ўзгадаць хіба опусы Г.Гарэлавай). Кампазітары, на жаль, не надта спяшаюцца ствараць фартэпіянныя дуэты канцэртнага кшталту — у асноўным, пішуць хіба педагагічны рэпертуар у 4-ы рукі, дый то дастаткова рэдка. Дык чаму б не правесці да наступнага фестывалю (а ў тым, што ён павінен стаць традыцыйным, няма сумневу) кампазітарскі конкурс?

Надзея БУНЦЭВІЧ