Тыдзень кітайскага

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

Сёння ў Мінску завяршаецца чарговы фестываль кітайскага кіно, які доўжыўся з 20 па 24 верасня.

Фестываль кітайскага кіно ўжо не першы год праводзіцца ў нашай сталіцы. Па словах першага намесніка міністра культуры Беларусі Ірыны Дрыга падчас адкрыцця падзеі, тыдзень кітайскага кінематографа паслужыць умацаванню адносін паміж Беларуссю і Кітаем у сферы культуры, а таксама беларусы будуць мець магчымасць больш даведацца пра экраннае мастацтва кітайскай дзяржавы.

На адкрыцці фестывалю прысутнічаў і пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цымін. Ён падкрэсліў, што ў Кітаі штогод выходзіць каля 600 карцін і яго радзіма займае другое месца пасля ЗША на сусветным рынку. Мэта тыдня — не толькі супрацоўніцтва кітайскіх і беларускіх кінематаграфістаў, але і развіццё кінамастацтва абедзвюх краін.

Акрамя прадстаўнікоў культуры і мастацтва, на адкрыцці фестывалю выступілі і творчыя калектывы: вакальна-харэаграфічны “Валачобнікі”, ансамбль салістаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў “Беларуская песня”, вакальны ансамбль кітайскіх студэнтаў БДУКіМ, а таксама дуэт кітайскіх студэнтаў з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Перад паказам мастацкага фільма “Сыходзь, містар Пухліна!”, з якога пачынаўся тыдзень кітайскага кіно, на экранах была прадэманстравана ў сціслым фармаце гісторыя развіцця кітайскага кінематографа. Акрамя таго, гледачам прадаставілася ўнікальная магчымасць убачыць рэжысёра дадзенай карціны Хань Яня і выканаўцу галоўнай ролі невылечна хворай дзяўчыны Бай Байхэ. Хань Янь распавёў, што фільм быў зняты на аснове рэальнай гісторыі анкалагічна хворай дзяўчыны, і пасля заканчэння здымак Бай Байхэ яшчэ месяц не магла прыйсці ў сябе. Фільм быў намінаваны на “Оскар” у намінацыі “Лепшы фільм на замежнай мове”.

Вольга СТАРАВОЙТАВА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ