І адраджаць помнікі гісторыі і культуры

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

22 верасня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы.

Падчас мерапрыемства, паведамляе БелТА, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што БПЦ займае вядучае месца ў жыцці краіны, аднак у нас ёсць і іншыя канфесіі.

— Мы разлічваем на больш глыбокую ўключанасць царквы ў сацыяльны працэс, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вельмі важна, каб праваслаўная царква працягнула садзейнічаць умацаванню міжканфесійнай згоды ў Беларусі, дэманструючы ўзор цывілізаваных адносін. Мы заўсёды мірна існавалі дзякуючы разумнай, узважанай палітыцы дзяржавы і праваслаўнай царквы адносна католікаў і іншых вернікаў. Мая пазіцыя адназначная: нам дзяліць у гэтым свеце няма чаго. Вы як магутная, буйная канфесія павінны іншых паважаць і падтрымліваць.

Значным напрамкам дзейнасці царквы, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, з’яўляецца выхаванне падрастаючага пакалення і прыцягненне яго да ўдзелу ў розных сацыяльных праектах.

— У краіне створаны цудоўныя ўмовы для вучобы і працы, вядзецца работа па падтрымцы таленавітай моладзі, — заявіў Прэзідэнт Беларусі. — Аднак перад грамадствам рэгулярна ўзнікаюць новыя задачы, у вырашэнні якіх неабходны больш актыўны ўдзел царквы. Я не скажу, што дзяржава і святары мала робяць, але трэба знайсці той далікатны падыход, які ўласцівы царкве ў гэтым працэсе. Яна павінна мець ініцыятыўныя, адукаваныя і высокамаральныя кадры. Таму дзяржава аказвае і будзе аказваць усямерную падтрымку духоўным школам БПЦ у падрыхтоўцы свяшчэннаслужыцеляў. Так, як і іншым цэрквам.

Акрамя таго, падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заявіў пра тое, што дзяржава, царква і грамадства павінны разам адраджаць помнікі гісторыі і культуры.

— Царква заўсёды натхняла дойлідаў на стварэнне архітэктурных шэдэўраў, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — Многія храмы ў краіне з’яўляюцца помнікамі гісторыі і культуры, і сёння гэтыя збудаванні маюць патрэбу ў асаблівай увазе. На працягу многіх гадоў дзяржава рэгулярна аказвае і будзе аказваць пасільную дапамогу ў іх аднаўленні. Разам з тым у святароў ёсць магчымасць на сваім узроўні звярнуцца да людзей, не толькі да дзяржавы, з заклікам аб удзеле ў адраджэнні страчанага.

Кіраўнік краіны адзначыў, што розныя напрамкі супрацоўніцтва дзяржаве і царкве давядзецца развіваць разам. Акрамя таго, Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што “наша далейшая работа будзе па-ранейшаму мець стваральны характар і дасць магчымасць скаардынаваць намаганні па ўмацаванні грамадства і яго духоўным узбагачэнні”.

— Будучыня царквы шмат у чым залежыць ад усведамлення ёю неабходнасці павелічэння духоўнага складніка ў сацыяльных працэсах, што адбываюцца ў Беларусі. Наш народ заўсёды арыентаваўся на высокія гуманістычныя дасягненні, прытрымліваўся лепшых прыкладаў маральнасці. Здаўна менавіта царква служыла вешчуном надзеі і веры, дапамагала чалавеку на шляху да хрысціянскіх ідэалаў. Яе аўтарытэт і вопыт сёння запатрабаваны, як ніколі, — падкрэсліў падчас сустрэчы Кіраўнік дзяржавы.