Па чырвонай дарожцы да “Вяселейка”

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

Калі ўражанні ад падзеі нават большыя, чым абяцаў яе анонс (“К” № 15 за 2008 г.), значыць, яна прайшла выпрабаванне на якасць. Так адбылося з беларускім увасабленнем “Вяселейка” Ігара Стравінскага, да якога “прыклала руку” рознабакова адораная Ларыса Сімаковіч.

 /i/content/pi/cult/159/1344/Vesyalejka.jpg

Сцэна са спектакля “Вяселейка”.

1-ае аддзяленне канцэрта, цалкам аддадзенае Дзяржаўнаму акадэмічнаму сімфанічнаму аркестру Беларусі, мабыць, невыпадкова сімвалізавала “шлях да Стравінскага” ў рускай сімфанічнай музыцы. Са шматлікіх выкананняў уверцюры да “Руслана і Людмілы” М.Глінкі гэтае, пад кіраўніцтвам Яўгена Хахлова, было, пэўна, адным з самых святочных паводле настрою, з імкненнем да максімальна працяглых фраз — пры даволі спакойным, стрыманым тэмпе. У “Васьмі рускіх народных песнях” А.Лядава была падкрэслена ўласцівая аўтару любоў да дэталей, хаця часам хацелася большай музычнасці і адчування руху, а не статыкі. “Светламу святу” М.Рымскага-Корсакава не хапіла цэласнасці, агульнага драматургічнага стрыжня. Ды што там казаць, калі стрыжнем усяго вечара было “Вяселейка”, якому аказаўся падпарадкаваны нават антракт!

У фае сталічнай філармоніі разгарнулася нават не фотавыстаўка, а — інсталяцыя. Фота, прысвечаныя гісторыі стварэння беларускай версіі “Вяселейка”, змяшчаліся на вонкавай паверхні жалезных “клетак”, якімі карыстаюцца гандляры для перавозкі рэчаў. На гэты раз у іх аказаліся старонкі партытуры, з любоўю пакладзеныя на беларускія ручнікі. А чырвань дарожак вяла ад нот да партрэта І.Стравінскага.

2-е аддзяленне, быццам яшчэ больш сціскаючы спружыну інтрыгі, пачалося, зноў-такі, не “Вяселейкам”, а размоўна-пластычным “Маналогам Вацлава Ніжынскага” са з’яўленнем постаці Браніславы Ніжынскай. Напісала і паставіла яго галоўная завадатарка праекта Ларыса Сімаковіч, якая і раней практыкавала разнастайныя тэатралізаваныя “ўступныя словы” і ўвогуле вядзенні канцэртаў. Гэтым разам жанр “музыказнаўчай лекцыі” набыў самастойнае мастацкае ўвасабленне, невыпадкова выклікаючы паралелі з мадэрн-балетам “Ніжынскі, клоун боскі” Д.Зайферта. Толькі распавядаў герой не пра ўласнае жыццё, скончанае ў вар’яцтве, а пра гісторыю стварэння “Вяселейка”.

У самім “Вяселейку” ўразілі канструктыўнасць і сімволіка вырашэння сцэнічнай прасторы. Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу Беларусі імя Р.Шырмы пасадзілі за “вясельны стол”. Ансамбль ударных “Grig-percussion” — ззаду на “галёрку”. Збоку замерлі чатыры раялі— быццам чатыры чорныя “Кадзілакі”. З другога боку — салісты і Я.Хахлоў за дырыжорскім пультам, бы святар, што кіруе працэсам. А ў сярэдзіне — тры салісткі фольк-тэатра “Госціца”, што паступова разгортваюць язычніцка-мадэрнісцкі абрад, задзейнічаўшы рухі, спевы і… рэчы. Сярод апошніх — лава, чырвоныя стужкі, што высцілаюцца дарожкай, па якой нявеста крочыць у “клетку” замужжа. Усе эпохі быццам зліваюцца ў адну: у кожнай з іх знойдзецца падобная “клетка” для жанчыны.

Выпускніца Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Аляксандра Грахоўская (Нявеста) зрабіла немагчымае. Не маючы спецыяльнай вакальнай адукацыі, яна не толькі праспявала найскладаную партыю сапрана нароўні з опернымі салістамі ды яшчэ на памяць, але і зрабіла гэта адначасова з выкананнем не менш мудрагелістай харэаграфічнай партыі, насычанай пульсуючай энергетыкай. Фантастыка! Але ж уся партытура пазбавілася ў такіх акустычных умовах звыклага запалу, той “ударнасці”, якой, відавочна, імкнуўся дасягнуць кампазітар. Атрымалася “Вяселейка” па-беларуску”— з ноткамі нашай “памяркоўнасці”, філасофскага асэнсавання. А дакладней — “па-сімаковічаўску”. Што б там ні казалі пра замужжа, а талент Ларысы з кожным годам толькі расцвітае: хормайстарскі, кампазітарскі, харэаграфічны, балетмайстарскі, вакальны, артыстычны, літаратурны, рэжысёрскі. Які яшчэ?..

Надзея БУНЦЭВІЧ