Піруэты лёсу слонімца

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

Хормайстар Антон Валынчык: не зважаючы на абставіны
“Культура” завяршае знаёміць чытачоў з пакручастай біяграфіяй вельмі важнай для сучаснай гісторыі нашай музыкі, але прызабытай сёння постаці — хормайстра, педагога і кампазітара Антона Валынчыка.

(Заканчэнне. Пачатак у № 34.)

Няўдалыя ўцёкі ад вайны

…Падчас нямецкай акупацыі школа працягвала працаваць. Больш за тое — атрымала статус прагімназіі. Застаўся на сваёй пасадзе і Антон Валынчык. Па вялікім рахунку, іншага выйсця ў яго проста не было, як толькі адпавядаць свайму крэда: рабіць тое, што магчыма, не зважаючы на абставіны. У Народным доме акупаванага Слоніма ім быў арганізаваны даволі вялікі і добры хор, рэпертуар якога складаўся з кампазіцый самога хормайстра ды іншых беларускіх аўтараў. Да таго ж, Антон Валынчык выкладаў спевы ў адкрытай пры немцах Слонімскай настаўніцкай семінарыі і кіраваў добрым царкоўным хорам у слонімскай Свята-Троіцкай царкве. Па сканчэнні акупацыі пра ўсё гэта яму неаднаразова давялося распавядаць на допытах у НКВД. Хмары над ім згушчаліся, але… Настаўнік унікнуў арышту. Магчыма, гэтаму паспрыяў яго вялікі аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў, а магчыма, “адпаведныя органы” проста не знайшлі, у чым яго можна звінаваціць.

— У нашай сям’і пра яго вельмі станоўча адгукаліся. Дый ва ўсім Слоніме людзі казалі пра Антона Валынчыка толькі добрыя словы, — згадваў слонімец Аляксандр Пасько, які ў будучыні стаў заслужаным настаўнікам Беларусі. — Мне здаецца, што ад рэпрэсій яго выратавалі самі іх выканаўцы. Ім шкада было арыштоўваць гэтага таленавітага і апантанага музыкай чалавека.

/i/content/pi/cult/604/13438/14-1.jpg

У пошуках “месца пад сонцам”

Тым не менш, яго біяграфія была сапсаваная, здавалася б, назаўсёды, а пра вялікую сцэну не выпадала нават марыць. Ды хормайстар не апускаў рук.

— Я памятаю яго падцягнутым, хударлявым, энергічным, ён любіў насіць карычневы плашч і капялюш, — згадвае Аляксандр Пасько. — Гэта тыповы інтэлігент: сціплы, шчыры, размаўляў з намі па-беларуску.

Нягледзячы на ўсеагульную павагу, родны Слонім яму неўзабаве давялося пакінуць. Пачаліся доўгія гады вандровак не раўнуючы па ўсёй Беларусі ў пошуках свайго “месца пад сонцам”. У асабістым лісце па ўліку кадраў Антона Валынчыка, які захоўваецца ў архіве Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, запісана: 1947 — 1949 гады — мастацкі кіраўнік ансамбля славянскай песні і танца ў Ашмянах. 1952 — 1954 гады — мастацкі кіраўнік Пухавіцкага РДК. 1954 — 1955 гады — мастацкі кіраўнік сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках Магілёўскай вобласці. 1956 — 1957 гады — настаўнік спеваў у Пухавіцкай СШ і ў Талькаўскай СШ Мінскай вобласці… Пусціць карані яму перашкаджала таўро “нацыяналіста”, якое дырыжор атрымаў яшчэ дзякуючы сваёй працы ў Клецкай гімназіі.

Урэшце, ужо ў часы “адлігі”, у 1957 годзе, ён становіцца хормайстрам раскватараванага ў Маладзечне Мінскага ансамбля песні і танца. Склад калектыву да канца не быў сфармаваны, і каб папаўняць яго талентамі “з гушчы народнай”, кампазітар выпраўляўся па гарадах ды вёсках. Аднойчы прыехаў у Пінск. Ідзе па вуліцы і чуе: цудоўны дзявочы галасок спяваў: “Ой, рэчанька, рэчанька…” Антон Міхайлавіч уважліва прыслухаўся і накіраваўся на гук. Зайшоў у маленькую кавярню і спыніўся каля ўваходу. Там нікога не было, акрамя адной дзяўчыны, якая прыбірала са сталоў посуд. Убачыўшы незнаёмага мужчыну, збянтэжылася і спыніла песню. Валынчык тут жа прапанаваў ёй пайсці ў ансамбль, і яна пагадзілася.

Так папаўняўся ансамбль у Маладзечне. Хутка ў ім было 40 юнакоў і дзяўчат. Ужо праз некалькі месяцаў пасля прыходу Антона Валынчыка калектыў выступіў з першай праграмай. Потым былі паспяховыя канцэрты па Беларусі, у краінах Балтыі, ва Украіне. “Пасля выступлення ансамбля ў Мінску падняўся старшыня журы і папрасіў, каб ён праспяваў яшчэ раз свае песні. Гэта быў даволі рэдкі выпадак, каб журы некага прасіла выступіць зноў” — згадвае кіраўнік фальклорнага ансамбля “Гарадзенскія дударыкі” Яўген Петрашэвіч.

Прызнанне

За свае заслугі Валынчык атрымаў першую падзяку ад дзяржавы: Ганаровую грамату за развіццё самадзейнага мастацтва рэспублікі і актыўны ўдзел у ім. Прафесійная кар’ера ізноў пайшла ўгару, і ў 1961 годзе спадар Антон пераехаў у Гродна, куды яго запрасілі выкладаць музыку і спевы ў педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы, цяперашнім універсітэце. Праз колькі месяцаў ён узначаліў адпаведную кафедру.

На пасадзе Валынчык быў патрабавальны і да сябе, адзіным крытэрыем лічачы прафесіяналізм. Вось што згадаў пра Антона Міхайлавіча яго студэнт Аляксей Дземідовіч: “Гэты выкладчык прытрымліваўся дысцыпліны і патрабавальнасці да кожнага, хто прысутнічаў на яго лекцыях ці практычных занятках. Маэстра лічыў, што музыку і песню ўсе павінны любіць так, як ён, і не інакш. Таму на яго занятках нельга было біць лынды... Антона Міхайлавіча мы ўсе любілі. А калі ў музкабінеце заставалася вольная хвіліна, мы прасілі выкладчыка паіграць на скрыпцы і праспяваць які-небудзь са сваіх твораў. Лёгкая ўсмешка асвятляла яго, здавалася б, заўсёды строгі твар, і Антон Міхайлавіч сваім ціхім, трохі сіпатым голасам пачынаў, затым рабіў пройгрыш — і песня працягвалася да таго часу, пакуль такія радасныя хвіліны не перапыняў залівісты званок на калідоры… Як жа сёння хацелася б вярнуцца ў той нялёгкі, але шчаслівы малады час!..”

Праца Антона Міхайлавіча ў ВНУ была належным чынам ацэнена. Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 28 верасня 1963 года Валынчыку было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры БССР”.

Адначасова з выкладчыцкай працай Антон Валынчык з’яўляўся хормайстрам гродзенскага народнага ансамбля песні і танца “Нёман”, быў мастацкім кіраўніком Гродзенскай народнай капэлы настаўнікаў. Незабыўныя тыя часы былі ў жыцці гродзенскіх калектываў, калі за пультам стаяў Антон Валынчык. Высокая творчая патрабавальнасць хормайстра, уменне здабыць інтанацыйную чысціню спеву, дамагчыся сапраўднага гучання і ансамблевасці партый, глыбіні прачытання аўтарскай партытуры — усё гэта заўсёды вабіла тых, хто разумеў і любіў харавую музыку.

Багацце рэпертуару тых калектываў, якімі кіраваў Антон Валынчык, была адной з іх адметных рысаў. Прыкладам, Гродзенская капэла настаўнікаў выконвала і бахаўскі хор “Сэрца, маўчы”, і “Вячэрняя песня” Танеева, і “Ухваленне прыроды” Бетховена, і “Что смолкнул веселия глас…” Чайкоўскага, і творы Рымскага-Корсакава, Кюі, Шуберта, Манюшкі, Вебера, Расіні, — не кажучы ўжо пра музыку Аляксандрава, Дунаеўскага, Хрэннікава, Фляркоўскага… Такому рэпертуару і сёння можа пазайздросціць не адзін прафесійны харавы калектыў.

Зразумела ж, не былі абмінутыя ўвагай і творы беларускіх аўтараў. А песні самога Валынчыка “Ліпы старыя” і “Касцы” на словы Якуба Коласа — гэта найярчэйшыя ўзоры харавой музыкі, у якой кампазітар выступаў не толькі знаўцам сакрэтаў партытуры для ансамблевага спявання, але таксама тонкім мастаком, які выдатна пераўтвараў багацце народнай музычнай мовы ў строгі і дакладны па форме твор.

Агулам Валынчыкам было напісана больш за 100 хораў, песень, апрацовак музычнага фальклору. Нават самыя патрабавальныя прыхільнікі харавой музыкі не змогуць знайсці ў гэтай творчасці адхіленняў ад прафесійных законаў і мастацкага густу. Натхнялі кампазітара цудоўныя радкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Адама Русака і іншых беларускіх паэтаў. А колькі плёну было ад супрацоўніцтва Валынчыка з самадзейнымі кампазітарамі, музыцы якіх ён першы даваў пуцёўкі на эстраду! Да ўсяго, як хормайстар ён рупліва кансультаваў шматлікія харавыя калектывы Гродзеншчыны.

У 1966 годзе ўпершыню за ўсё ягонае жыццё ў актавай зале Гродзенскага педінстытута быў наладжаны творчы вечар кампазітара і дырыжора з нагоды 70-годдзя з дня нараджэння і 50-годдзя працоўнай дзейнасці. З юбілеем Антона Міхайлавіча павіншаваў тэлеграмай сам Рыгор Шырма. Праўда, персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння Валынчыку так і не далі, нягледзячы на хадайніцтвы. Зрэшты, сыходзіць на заслужаны адпачынак ён не спяшаўся. Сваё працоўнае месца ў педінстытуце Антон Валынчык пакінуў толькі ва ўзросце 78 гадоў. Ды і пасля гэтага вяртаўся зрэдчасу на месяц-другі, калі яго зноў запрашалі ў ролі педагога.

Жыў Антон Міхайлавіч са сваёй жонкай Вольгай Данілаўнай і сынам Леанідам спачатку на Сацыялістычнай вуліцы, а потым у сваёй невялікай двухпакаёвай кватэры на першым паверсе ў доме № 33 на вуліцы Ажэшка, значную плошчу ў якой займала вялізная калекцыя кружэлак, часам нават і з ягонай музыкай. Яўген Петрашэвіч прыгадвае, што не раз бываў там, праводзячы з гаспадаром час у гутарках. Пра пуцявіны свайго жыцця ён гаварыць не надта любіў. Затое ў ахвоту дзяліўся марай злавіць на Нёмане вялізнага сама. Ці ўрэчаіснілася яна, невядома. Але, думаецца, рыбалка для яго была толькі нагодай набрыняць музычнымі ідэямі.

Антона Валынчыка не стала 13 лістапада 1985 года. Ён пражыў 89 гадоў, праслужыўшы музыцы сем дзесяцігоддзяў! Здавалася б, гэты ўнёсак неаспрэчна варты ўшанавання. Але… Ні на тым доме, дзе жыў кампазітар, ні на будынку ўніверсітэта мемарыяльнай шыльды ў яго гонар вы не пабачыце. Добра, што хаця б помнік на яго магіле нядаўна быў пастаўлены, шмат у чым дзякуючы намаганням тагачаснага старшыні аблвыканкама Сямёна Шапіры. Не ўшанавана памяць пра заслужанага дзеяча культуры і на яго радзіме — Слонімшчыне. У вёсцы Мяльканавічы, дзе прыйшоў на свет педагог і кампазітар, многія вяскоўцы пра земляка не чулі. Толькі старэйшыя згадалі пра яго, а адна жанчыла заспявала:

Ідуць касцы, звіняць іх косы,

Вітаюць буйныя іх росы,

А краскі ніжай гнуць галовы,

Пачуўшы косак звон сталёвы…

Сяргей ЧЫГРЫН, літаратар, краязнаўца

Слонім