R + A: сіла музейнага брэнда

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

ЛАТВІЯ
Больш за пяць гадоў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы супрацоўнічае і сябруе з Аб’яднаннем мемарыяльных музеяў Латвіі. Беларусы заўсёды чакаюць калег на адкрыццях экспазіцый ды выязджаюць на адпаведныя імпрэзы да суседзяў. Сёлета ў тамтэйшых музейшчыкаў было багата падстаў, каб даслаць у Беларусь запрашэнні: за год яны адчынялі адразу тры абноўленыя філіялы музея народнага паэта Латвіі Яна Райніса. Пра асаблівасці музейнай справы Латвіі, пра беларускі прыклад і замежныя цікавосткі, якія былі б карыснымі айчынным мемарыяльным музеям, распавялі “К” дырэктар Музея Янкі Купалы Алена ЛЯШКОВІЧ і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Наталля СТРЫБУЛЬСКАЯ.

Што змянілася?

А.Л.: — Мы наведалі тры аб’екты: лецішча Райніса і яго жонкі, паэтэсы Аспазіі ў Юрмале, Тадэнаву — радзіму пісьменніка, і дом-музей Райніса і Аспазіі ў Рызе. Музейшчыкі Латвіі знаходзяцца ў такіх жа, як мы, умовах: яны таксама бюджэтнікі, іх штаты аптымізавалі, адчуваецца недахоп супрацоўнікаў. Аднак там маюць магчымасць працаваць са спецыяльнымі фондамі. Скажам, балтыйскія калегі адправілі заяўку на грант у нарвежскі фонд, які спецыялізуецца на драўляным дойлідстве. Справа ў тым, што філіялы месцяцца ў будынках — помніках драўлянай архітэктуры. Дык вось, два гады таму музейшчыкі атрымалі грошы на праект, будаўніцтва, капітальную рэстаўрацыю, рэстаўрацыю музейных прадметаў, якія планавалася размясціць у экспазіцыі, на стварэнне канцэпцыі і яе практычнае ўвасабленне. Як усё на вачах змянялася! Асабліва ў параўнанні з 2013 годам, калі становішча філіялаў музея Райніса было, мякка кажучы, сумнае.

Мяне вельмі ўразіла, што нават вясковыя філіялы, якія месцяцца кіламетраў за трыста ад Рыгі, займелі добрую інфраструктуру. Музеі сапраўды паклапаціліся пра свайго наведвальніка: у іх з’явіліся сучасныя прыбіральні з каналізацыяй, асобныя прыбіральні для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, душы для наведвальнікаў і супрацоўнікаў. Гэта тыя рысачкі, што распавядаюць пра новы ўзровень працы ў такіх установах культуры і іншае стаўленне да наведвальнікаў. Чаго нам яшчэ, на жаль, не заўсёды хапае...

Н.С.: — Нарвежцы выстаўлялі жорсткія патрабаванні да спецыялістаў. Прынамсі, калі неабходна было замяніць бервяно, то дазвалялася яго абгаблёўваць толькі сякерай і па адмысловых правілах, адпаведных часу ўзвядзення гмаха: у дачыненні да архітэктурных помнікаў выкарыстанне сучасных інструментаў патрапіла пад забарону. Калі, напрыклад, спецыяліст не выконвае ва ўстаноўлены тэрмін сваю працу ці робіць яе з парушэннем стандарту, то правяраючы мае права не падпісаць акт прыёму і грошы на дадзены этап рэстаўрацыі не выдаткоўваюцца. Было шмат бюракратычных патрабаванняў з боку фонда, аднак, жорсткі кантроль паспрыяў выдатнаму выніку: узровень якасці рэстаўрацыі будынкаў і прадметаў надзвычайны!

Сапраўды ўражвае, у якім шчыльным кантакце працавалі над аб’ектам будаўнікі, рэстаўратары, дызайнеры, навуковыя супрацоўнікі. У нашай краіне, на жаль, яшчэ сустракаюцца выпадкі, калі адны зрабілі ў музеі рамонт, другія выканалі ўнутраныя працы, а потым прыходзіць дызайнер і не ведае, што з усім гэтым рабіць, бо разеткі не там размешчаны, тут трэба наноў штрабіць, там  — пераносіць камунікацыі...

/i/content/pi/cult/604/13437/13-1.jpg

9 слаёў і адзін сканер

А.Л.: — Пабачанае намі — прыклад надзвычай беражлівага стаўлення да рэстаўрацыі і захоўвання музейных каштоўнасцяў. Напрыклад, музей шукаў шпалеры, каб узнавіць гістарычны выгляд мемарыяльных пакояў. У Латвіі ўжо не выпускаюць шпалеры, таму дырэктар аб’яднання Рыта Мейнэртэ, калі была ў Мінску, хадзіла па крамах у пошуках падобнага малюнку. Нічога, што хаця б аддалена нагадвала тую эпоху, не знайшлося. І тады латвійскія музейшчыкі адсканавалі і фактычна зрабілі такія ж шпалеры, якія былі калісьці на лецішчы Райніса і Аспазіі ў Юрмале.

Н.С.: — Дарэчы, моманты рэстаўрацыі ўвасоблены ў экспазіцыі. Тыя ж шпалеры: за стагоддзе на сценах з’явілася 8 — 9 слаёў, таму ў некаторых месцах было вырашана прадэманстраваць іх усе адразу. Таксама пакідалі без атынкоўкі частку сцяны, каб наведвальнік мог пабачыць асаблівасці арыгінальных бярвенняў, уключылі ў экспазіцыю старыя дзверы дома, якія дагэтуль проста валяліся. Іншымі словамі, беражлівы падыход да кожнай дробязі. Экспазіцыя атрымалася па-сапраўднаму музейнай: усё тое, што павінны зберагчы і ўлічыць, тут захавана і выстаўлена на паказ.

А.Л.: — Таму не дзіва, што наведвальнікаў адразу пабольшала. Можа, па беларускіх мерках, лічба і невялікая, але трэба памятаць, што ва ўсёй Латвіі пражывае менш за два мільёны жыхароў. Напрыклад, экспазіцыя ў Тадэнаве была адчынена напрыканцы ліпеня, і за гэты час туды завітала каля паўтары тысячы чалавек. Для музея, які месціцца на хутары за 300 кіламетраў ад Рыгі, куды грамадскім транспартам не даедзеш, — сапраўды шмат.

Штурхаць дазваляем!

А.Л.: — Новаадчыненыя музеі развярнуліся да наведвальніка. Той жа мемарыяльны дом — даволі невялікі, але заслуга дызайнераў, што яны змаглі знайсці прастору для працы з наведвальнікамі, асабліва з дзецьмі. Сучаснаму музею ўжо мала толькі праводзіць экскурсіі: сёння неабходна працаваць з гасцямі, праводзіць інтэрактыўныя праграмы.

Н.С.: — Непрыкметна, але вельмі эфектна ў музейную прастору ўпісаны мультымедыйныя тэхналогіі: тут не пабачыш знарок выстаўленых экранаў.

А.Л.: — Напрыклад, у Юрмале нам паказалі партрэт Райніса і Аспазіі, на якім постаці стралялі адзін аднаму вачыма. Насамрэч, партрэт уяўляе сабой два тэлевізары, на якія запушчана спецыяльная праграма. На падлогу ідзе праекцыя вершаў паэтаў: радкі абодвух бягуць “васьмёркай”, сімвалізуючы агульны лёс. Хочацца паўтарыць такі прыём у нас! Дзеля справядлівасці скажу, што латвійскія калегі многаму вучыліся і ў Музея Купалы, які быў першым у Беларусі з літаратурных, хто масава ўкараніў сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў экспазіцыю. Рыта Мейнэртэ казала, што да нас яна ўявіць сабе не магла, як такое магчыма ў літаратурным музеі.

Н.С.: — Напрыклад, ва ўсіх філіялах латвійцамі шмат увагі нададзена дзецям і сямейным наведвальнікам. Дзесьці інтэрактыўныя зоны становяцца часткай экспазіцыі. Так, у Юрмале школьнікаў запрашаюць у тэатральную залу, дзе на дошцы неабходна з адмысловых выяў на магнітах выкласці сцэны са спектакляў. А музей ў Тадэнаве цалкам аддадзены малечам. Там толькі адзін музейны прадмет, астатняе можна мацаць, перасоўваць, круціць. Сімвал усёй экспазіцыі — сонца, бо сам Райніс называў гэты куточак сваім сонечным гняздом. Таму драўляныя канструкцыі, з якімі могуць гуляць дзеці, вырабленыя ў форме круга альбо шара. Ты ў самым пачатку атрымліваеш шарык-сонца і праходзіш з ім па ўсім музеі. Ён коціцца, паказваючы жыццё Райніса: у гэтым дамку нарадзіўся, тут жыў, туды ездзіў з бацькамі (усе гэтыя макеты змешчаны на адным паваротным коле). Наведвальнікам таксама прапануюць цацкі і гульні, якія любілі іх равеснікі сто гадоў таму. Гэта абсалютна чароўныя зоны!

А.Л.: — Мелі б дадатковыя плошчы — адну залу цалкам аддалі б дзецям! І магчымасці ёсць, бо ў Купалы стае дзіцячых вершаў. У нас ужо дзейнічае інтэрактыў “Хлопчык і лётчык”, але хацелася б ажыццявіць задуму ў поўным аб’ёме. Прынамсі, гэта легла б у канцэпцыю “Вязынкі”, дзе нарадзіўся паэт. У нас даўно ёсць ідэя, якая многім падаецца шалёнай: аднавіць там сядзібны дом! У ім можна было б зрабіць музей дробнай шляхты — менавіта з гэтага асяродку выйшаў будучы пясняр. Заадно мы вырашылі б свае праблемы: з’явіліся б прыбіральні, памяшканні для супрацоўнікаў, пакоі для адукацыйных заняткаў і зала, дзе ўладарылі б дзеці.

Вязынка знаходзіцца недалёка ад Мінска, таму лічу тое запатрабаваным.

Аб’яднаныя стылем

Н.С.: — Для комплексу мемарыяльных музеяў, прысвечаных Райнісу, быў распрацаваны адзіны фірменны стыль. Да праекта падключылі маладых дызайнераў, і іх юнацкі задор, тэндэнцыі, уласцівыя сучаснаму дызайну, увасобіліся ў новых экспазіцыях. У кожным аб’екце захоўваецца адпаведны яму колер, з дапамогай якога фарміруецца экспазіцыя. Часам, першая рэакцыя на абранае адценне — шок. Прынамсі, у Юрмале звонку бачыш ажурны, лёгкі будынак, а ўнутры — суцэльны чорны колер. Паступова разумееш, што гэты асаблівы прыём спалучэння натуральных матэрыялаў, якія прысутнічаюць у экспазіцыі, з такімі брутальнымі асаблівасцямі дызайнерскіх праектаў адпавядае настрою творчасці Райніса і Аспазіі і дапамагае спасцігнуць сутнасць іх паэзіі.

А.Л.: — Розныя па змесце музеі атрымалі агульны брэнд. Распрацоўшчыкі абыгралі ініцыялы паэтаў. Для Тадэнавы галоўным колерам стаў жоўты — сімвал сонца. А на эмблеме ўзнікла літара “R” з кароткай рысай — лінія жыцця, якая толькі пачалася, бо пясняр толькі нарадзіўся. На лагатыпе Ясмуйжы ініцыял займеў больш працяглую рысу — у гэтым музеі распавядаюць пра юнацтва і маладосць свайго героя. Далей побач з “R” з’яўляецца “А”, аб’яднанае агульнай рысай: у рыжскім доме Райніса і Аспазіі ўсё прасякнута тэмай іх сустрэчы і жаніцьбы. Лецішча-музей Райніса і Аспазіі дэманструе аддаленыя адна ад адной літары: тут праходзілі апошнія гады жыцця народнага паэта. Мне падаецца, гэта задума чытабельная. Прынамсі, па значках з музеяў можна прасачыць усю біяграфію Райніса. Дарэчы, лагатып выкарыстоўваецца паўсюль: у аздабленні экспазіцый, касы, сядзіб, папяровых паведамленнях, буклетах, інфармацыйных стэндах.

Узровень падыходу да фарміравання экспазіцый нас надзвычай уразіў і даў штуршок для разваг, імпульс для нашай працы. Хочацца таксама выпрацаваць адзіны фірменны стыль. Мы ў чарговы раз задумаліся над тым, што нашы ўсе філіялы, за выключэннем “Ляўкоў” і “Вязынкі”, паўтараюць экспазіцыю галаўнога музея. Такая традыцыя была за савецкім часам: паўсюль распавядалі пра Янку Купалу ад нараджэння да смерці. Па факце атрымліваўся адзін і той жа матэрыял… Мы вырашылі змяніць канцэпцыю, і паступова нам гэта ўдаецца. У “Вязынцы” мы гаворым пра нараджэнне чалавека і нараджэнне паэта. У “Ляўках” распавядаем не толькі пра Купалу і яго жыццё тут, але і пра гісторыю краю ў 1930-я — 1940-я. У “Акопах” гучыць гісторыя раскіданага гнязда — гэта ж фальварак, які арандавала маці паэта. Пасля падарожжа ў Латвію мы вырашылі, што наспеў час прыступіць да распрацоўкі новай канцэпцыі ў “Яхімоўшчыне” — у месцы, дзе Янка Купала пачаў пісаць. Там захавалася цудоўная панская сядзіба і адзіны мемарыяльны дом, у якім жыў сам Янка Купала. Мы пакінем мемарыяльны пакой, але ў літаратурна-дакументальнай частцы зробім акцэнт на гэтым перыядзе, калі туды пераехаў беларускі пясняр. Таксама можна зрабіць акцэнт на гісторыі вёскі, уласнікаў сядзібы — паноў Любанскіх, Свянтажыцкіх. Спадзяюся, нашы планы ажыццявяцца ў 2018-м.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"