Алея зорак. Postfactum

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

Стваральнікам і нязменным кіраўніком рагачоўскага народнага тэатра доўгія гады быў Аляксей Сількевіч. Пачынаючы з 1960-х, Аляксей Ігнатавіч упарта рабіў акцэнт на роднай мове, народным гумары, спрадвечных чалавечых каштоўнасцях, пераходзячы з камедыйнага жанру ў жанр казкі, з трагікамедыі ў меладраму, і зноў вяртаючыся да прыпавесці і фантасмагорыі.

Спектакль пад назвай “Чужое багацце” паводле твора гомельскага драматурга Васіля Ткачова, п’есы Аляксея Дударава “Прыцемкі”, “Кім”, “Іван і мадонна”, адзін з апошніх спектакляў Сількевіча “Мікітаў лапаць” — усе пастаноўкі народнага тэатра гучалі на сакавітай беларускай мове. П’есы падбіраліся ім, у асноўным, сучасных аўтараў. Гэта была прынцыповая пазіцыя, мэтанакіраваная дзейнасць асобнага творцы для развіцця культуры і для нашага нацыянальнага самаўсведамлення — тут і цяпер. Не чужое, сваё багацце — сваю гісторыю будзем беражліва захоўваць ва ўдзячнай памяці. Пра што яна сёння?

Слушная народная мудрасць: сыходзячы, чалавек забірае свой свет з сабой. Гэта непаўторны свет, як непаўторны і рэжысёр Аляксей Ігнатавіч Сількевіч, які пайшоў з жыцця ў 2006-м. Якім ён быў, чым вылучаўся? Разумным, падцягнутым, трохі вышэйшым за сярэдні рост, з завостранымі рысамі твару, зачасанымі назад цёмнымі валасамі. Негаваркі, стрыманы, добразычлівы, весела адгукаўся на добры жарт... Любіў свой горад. Кожны дзень шпацыраваў па яго вуліцах, атрымліваючы задавальненне ад сузірання наваколля і гараджан. Завітваў у цэнтральную бібліятэку, якая знаходзіцца ў будынку XIX стагоддзя (сёння гэта Дом кнігі), каб пачытаць свежую прэсу. Любіў парыцца ў гарадской лазні. Раз на год стараўся з’ездзіць да Чорнага мора. І разважаў, разважаў, пакуль не наставаў час дзейнічаць. Умеў узяць артыста і так яго паказаць, што імёны гэтых акцёраў ведалі ў Рагачове літаральна ўсе. Вылучаўся павагай да сваёй прафесіі, сур’ёзным падыходам да справы, талентам творцы. А вось і ўсё. Дай Бог кожнаму!

/i/content/pi/cult/604/13435/12-1.jpg

Вернай сяброўкай, музай і нават актрысай у некаторых пастаноўках была Марыя Сямёнаўна — жонка Аляксея Ігнатавіча. Вельмі жвавая, напорыстая, яна валодала вялізнай энергіяй. Працавала ў аддзеле культуры, шмат гадоў узначальвала ансамбль народнага танца “Дняпранка”, нават на пенсіі ставіла хаду юным “міс Рагачова”. Як распавядалі відавочцы, у пастаноўцы 60-х “Барабаншчыца” яна ўзлятала на стол адбіваць чачотку, чаруючы гледачоў сваімі запалам і жаноцкасцю...

Канец 1990-х адзначыўся бурным усплёскам у жыцці народнага тэатра. Дзіва, бо ў былых рэспубліках СССР адзначаўся заняпад дзейнасці тэатраў наогул, а вось на канкрэтнай Рагачоўшчыне — уздым! Аляксей Ігнатавіч з велізарнай упартасцю пераадольваў усе перашкоды, каб зноў і зноў гучала родная гаворка са сцэны галоўнай залы Рагачова. На вяршыні айсберга заставаліся гарачыя воплескі выдатным, таленавітым народным акцёрам, узгадаваным Майстрам Сількевічам. А другая частка — тытанічныя намаганні па арганізацыі працэсу амаль без дапамогі мастака, гукааператара, тэхнічнай падтрымкі, сродкаў, — па-за ўвагай. Ведаеце, калі з належным піетэтам вымаўляюцца імёны Таўстаногава, Яфрэмава, Любімава, будзе справядліва нагадаць, што для Рагачова імя Сількевіч мае тую ж вагу і тое ж значэнне.

Людзі сыходзяць. Паступова страчваецца і памяць пра тых, чый лёс тычыўся духоўнага жыцця горада, хто напаўняў яго самаадданай творчасцю, паэзія гэта, музыка, тэатр ці выяўленчае мастацтва... Як заезджаны гэтыя словы, але яны верныя. У апошнія гады Сількевіч быў не супраць перадаць сваё стварэнне ў рукі маладой змены, непакоіўся пра адсутнасць ахвотных прыняць “эстафету”. Замяніць на пасадзе асобу такога ўзроўню было надзвычай складана.

У свой час рагачоўскі тады яшчэ аддзел культуры задумаў стварыць па амерыканскім узоры Алею славы з імёнамі і адбіткамі рук выбітных людзей горада. Вельмі шкада, што ідэя дагэтуль не рэалізавалася. З той хаця б прычыны, што спіс кандыдатаў на “зорку” пачынаўся з Аляксея Сількевіча. І, баюся, на ім жа заканчваўся, бо не было працягу. Падумаць толькі, ніхто на той момант не мог зраўняцца з маштабам яго асобы! У Рагачове шмат выдатных дзеячаў у сферы культуры, адукацыі, спорту, безумоўна годных згадвання. З кожным годам іх імёны, выкрышталізаваныя яшчэ ў XX стагоддзі і вядомыя кожнаму рагачоўцу, становяцца толькі больш выпуклымі, аб’ёмнымі, яркімі. Няхай ажыццявіцца ў найбліжэйшы час прыгожая ідэя з зоркамі! Пакуль гэтыя зоркі нам свецяць.

Алена КАЛУГІНА, малодшы навуковы супрацоўнік музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля