З мікрафонам да Коласа?

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

Радуе, сапраўды радуе, што зноў поўніцца рэдакцыйная пошта лістамі з рэгіёнаў краіны. А падзей у гэтых лістах — процьма. Знаёмім чытачоў з выбраным з рэдакцыйнай пошты, і, канешне, чакаем новых лістоў як з раённых ды абласных цэнтраў, так і з самых аддаленых вясковых паселішчаў Беларусі!

Вось ліст галоўнага бібліятэкара аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі Дзіяны Завадэўка. Яна піша, што 8 верасня мясцовыя бібліятэкары зладзілі каля помніка Якуба Коласа ў райцэнтры літаратурны мікрафон “Спатканне з паэзіяй”. Дзея адбылася ў рамках абласной акцыі “Чытаем разам творы Янкі Купалы і Якуба Коласа”. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі для гасцей выставу-экспазіцыю “Слава і гонар беларускай нацыі”, а літаратурны мікрафон распавядаў у гэты час пра асноўныя падзеі жыцця і творчасці славутых пісьменнікаў. Да мікрафона таксама запрашаліся вучні 9 — 11 класаў, настаўнікі мовы і літаратуры, работнікі культуры, якія чыталі вершы класікаў.

Падобную акцыю 7 — 8 верасня зладзілі і на Свіслаччыне. Як паведамляе “К” метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі Алена Рабчанка, на мерапрыемствы, прымеркаваныя да будучага 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы, ва ўстанову культуры ды ў Ханявіцкую, Поразаўскую, Навадворскую бібліятэкі-цэнтры краязнаўства, Грынкаўскую бібліятэку, Занкаўскую бібліятэку-клуб былі запрошаны самыя розныя ганаровыя госці. Яны, як і мясцовыя школьнікі, чыталі паэтычныя радкі песняроў для ўсіх гасцей імпрэзы.

/i/content/pi/cult/604/13434/11-1.jpg

Сёння, 17 верасня, у Любані пройдзе ІІІ Абласное свята мастацтваў “Палескія сустрэчы”. Пра гэта піша ў сваім лісце даўні сябра газеты, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец. Распачнецца свята ў мясцовай дзіцячай школе мастацтваў з уручэння юным талентам Міншчыны, лаўрэатам міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў пасведчанняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. “І як працяг — святочны канцэрт лаўрэатаў і талентаў, — піша Васіль Сцяпанавіч. — Аснову праграмы складуць выступы юных музыкантаў Любаншчыны. І ўпершыню на нашым свяце Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі прадставіць праграму “Эксклюзіўныя музычныя інструменты ў беларускай музыцы XIX — XX стагоддзяў. Вядучая — доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзіёмава пазнаёміць з арфай, бас-кларнетам, альтовай флейтай, клавішамі.

Як адзначае Васіль Каткавец, у рамках свята адбудзецца прэзентацыя мастацкай выставы “Да Любані з любоўю”. А пасля ў парку культуры і адпачынку адбудзецца вялікі святочны канцэрт “450-годдзю Любані прысвячаецца”, на якім выступяць лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, салісты Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі і іншыя выканаўцы.

А на наступны дзень, 18 верасня, у аграгарадку Васілішкі і вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці пройдзе “Свята музыкі Чэслава Нэмэна”, паведаміла ў рэдакцыю Алена Барэль. У Васілішкаўскім цэнтры культуры адбудуцца фотавыстава і выступленне калектываў аматарскай творчасці Шчучынскага раёна і гасцей свята. Пасля будзе зладжаны мотапрабег да вёскі Старыя Васілішкі, дзе ў клубе-музеі Чэслава Нэмэна пройдзе інтэрактыўная экскурсія і канцэрт інструментальнай музыкі ад Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Уладзімір Жылевіч піша пра тое, што на Століншчые, ля вёсак Стасіна, Рубель, ва ўрочышчы Хіноўск падчас Вялікай Айчыннай вайны фашысты знішчылі больш за 13 тысяч чалавек мірнага насельніцтва. У верасні ў сасновым бары ля Стасіна з усяго свету збіраюцца сваякі і родныя загінулых.

І апошняе. Наш сталы аўтар, спецыяліст Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінска Таццяна Бычанок нагадвае, што з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем траўматызму і гібелі дзяцей ад пажараў з прычыны пакідання іх без нагляду з 22 жніўня па 23 верасня ў краіне праходзіць прафілактычная акцыя “У цэнтры ўвагі — дзеці!”, прымеркаваная да Дня ведаў. “Акцыя праходзіць у тры этапы, — піша аўтарка. — Першы этап — з 22 па 31 жніўня на аб’ектах гандлю. Другі этап — з 1 па 16 верасня ў агульнаадукацыйных установах. І трэці этап — з 19 па 23 верасня ў дашкольных установах. У акцыі бяруць актыўны ўдзел актывісты аддзяленняў Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, а таксама работнікі па надзвычайных сітуацыях”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"