“Я ваш, цёця Галя!”

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

Драгічыншчына: роля асобы ў развіцці ткацтва
Гэтым разам завершым гаворку пра музейны “калейдаскоп” Іванаўскага раёна ды пачнём расповед пра культурныя цікавосткі Драгічыншчыны. Тут мы таксама знайшлі шмат карыснага і для сябе, і для нашых чытачоў.

Калі зоркі згасаюць…

Па дарозе мы часта разважаем пра ролю асобы ў гісторыі Беларусі. Падчас вясновага ваяжу гэта былі Кастусь Каліноўскі і Вінцэнт Тышкевіч. Гэтым летам гутарылі пра постаць Напалеона Орды. Піяніст і кампазітар, графік і педагог, вандроўнік і паўстанец, паэт і грамадскі дзеяч, ён аб’ездзіў свет і ўсю Беларусь, пакінуў пасля сябе не абы-якую мастацкую спадчыну.

Чаму сярэднестатыстычны беларус не ведае Орду? А паспрабуйце адшукаць на нашых тэлеканалах адказы на пытанні “Хто такі Орда?”, “Што ён маляваў усё жыццё?”, “Чаму такое імя мае?” Няма тых адказаў і ў школе. А ўявіце, якім адметным быў бы комплексны школьны дзень, прысвечаны аднаму толькі Орду? На ўроках гісторыі, малявання, спеваў гаворка вялася б толькі пра шматграннасць таленту ўраджэнца Варацэвічаў. Такое застаецца ў памяці навечна… Няма пакуль такіх урокаў. Таму і забыліся на Орду. Калі зоркі згасаюць, значыць, гэта таксама камусьці трэба.

Так, сярэднестатыстычны беларус у чаканні падвышкі заробкаў забыўся на мінулае Бацькаўшчыны. Яно часта і не патрэбна, калі жыць усё адно сённяшнім днём.

Тут была калісьці школа

Дык што, і музей Напалеона Орды ў Варацэвічах тады непатрэбны? Патрэбны! Гэта як паліто, набытае школьніку навырост. Дарэчы, і цяпер музей не пустуе: за час нашага візіту на легкавіку падкаціла купка зацікаўленых падарожных. Але кіраўніку музейнага комплексу Дзмітрыю Козаку хацелася б, каб чарада наведвальнікаў не перарывалася. Вельмі амбіцыйны малады чалавек. Іншы, напэўна, проста не вытрымае і фінансавую нішчымніцу, і мізэрнасць заробку, і не надта вялікі прэстыж прафесіі.

Тут была калісьці школка. У выніку рэканструкцыі спачатку з’явілася карцінная галерэя, а зусім нядаўна — Музей Напалеона Орды. На шыльдзе надпіс: “Праект сафінансуецца са сродкаў Еўрапейскага саюза “Трансгранічныя цэнтры дыялогу культур у Лосіцы і Варацэвічах”. Так што яшчэ адна назва ўстановы.

Мы прайшліся па залах ды паверхах музея. Шыкоўна. Вось толькі арыгіналаў графікі няма. Ці здолее займець яе калісьці музей?

Апрача яго ў комплекс уваходзіць і асобны будынак карціннай галерэі. У вельмі далёкіх планах — узвядзенне гасцёўні і мастацкай школы. У сённяшніх эканамічных умовах такія планы праходзяць пад грыфам “мары”.

Ужо дома высветлілі, што пра Музей Орды ў інтэрнэце — процьма інфармацыі. Водгукі на форумах — самыя станоўчыя. Вельмі дакладна прапісана, як можна дабрацца да Варацэвічаў асабістым легкавіком, аўтастопам і грамадскім транспартам. Словам, у музея ёсць будучыня.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

У Мотальскім музеі я не знайшоў ужо звыклых для мяне карцін Янкі Рамановіча. Засумаваў, бо вельмі люблю творчасць мастака. А ў Варацэвічах узрадаваўся. Аказваецца, Дзмітрый Козак прыдбаў тыя палотны для карціннай галерэі музейнага комплексу. І сапраўды, тут карціны выглядаюць больш выйгрышна, бо і святла для іх хапае, і прасторы. Сюжэт трыпціху амаль што аднолькавы — вясковыя бабулі на лаўцы і маленькі хлопчык побач. Не да месца тут аналізаваць ідэйны змест твораў. Хачу толькі зазначыць, што пакуль буду жывы, буду едзіць да гэтых палотнаў. Побач з імі лягчэй дыхаецца. І адчуваеш сябе мальцам на ганку жыцця. А за табой пільна прыглядаюць Вера, Надзея, Любоў.

/i/content/pi/cult/604/13433/10-1.jpg

Шацёр праз дарогу

А цяпер — пра Драгічыншчыну. Вёска Ліпнікі здзівіла архітэктурным “артэфактам”. Праз дарогу ад маштабнага Дома культуры — не менш дыхтоўны шацёр з каваным аздабленнем і сімпатычным мастком. Як патлумачыла мясцовая дзятва, якой назбіралася багата, гэта летняя танцпляцоўка. А Дом культуры быў зачынены на абед. Папярэдне даведаўшыся на сайце мясцовага райвыканкама пра наяўнасць у Ліпніках народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Скібічаны” ды ўзорнага ансамбля фальклорна-этнаграфічага танца “Ліпачка” мы хацелі пачуць пра іх дасягненні. Давялося патэлефанаваць у сельскі дом культуры пасля нашага вяртання ў Мінск. Вось толькі, як аказалася, мабільныя тэлефоны, пазначаныя на сайце, або не даступныя, або належаць абсалютна іншым людзям. Давялося патэлефанаваць у Драгічын. Сітуацыю з СДК патлумачыла метадыст раённага метадцэнтра Таіса Строг. Як высветлілася, установа ў Ліпніках працуе прадуктыўна. Рэгулярна адбываюцца разнастайныя мерапрыемствы, у тым ліку і дыскатэкі. Толькі праходзяць яны не на летняй сцэне, а ва ўтульнай і адмыслова абсталяванай зале ў будынку СДК. Больш за тое, на другім паверсе будынка працуе кафэ мясцовага СВК — з гэтай нагоды рэгулярна адбываюцца сумесныя святочныя мерапрыемствы, прыбытак ад якіх маюць абедзве арганізацыі. Галоўны ж гонар СДК — дзіцячы ансамбль “Ліпачка”, які мае ў сваім арсенале звыш 20 народных танцаў, адзін з якіх “Полька-мост” з’яўляецца ўнікальнай мясцовай традыцыяй і прэтэндуе на статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Толькі за апошні час калектыў прыняў удзел у гала-канцэрце абласных “Дажынак”, а таксама стаў лаўрэатам рэгіянальнага фестывалю харэаграфічнага мастацтва ў Лідзе. А вось на “Берагіню” так і не паехаў, хоць і запрашалі арганізатары. Прычына ўжо традыцыйная — не знайшлося сродкаў.

Ваенны — пра ваеннае

Шукаючы аб’екты для знаёмства ў Драгічыне, зацікавіліся сайтам мясцовага музея. Здавалася б, чарговы раённы музей. Гэтым разам толькі ваенна-гістарычны імя Дзмітрыя Удовікава. Але не, не чарговы, і не шараговы. Па дзейнасці сайта ўжо можна меркаваць і пра працу самой установы. Маецца тут і аператыўная інфармацыя пра музейныя знаходкі, сустрэчы з ветэранамі, фотагалерэя Драгічына розных гадоў, онлайн-тэст на веданне гісторыі Драгічына. Але галоўнае — музейнае выданне газета “Наш край — Загородье”, якая раней мела беларускую назву “Гістарычная брама”. З’явілася яна яшчэ ў 2006 годзе дзякуючы намаганням удзельнікаў мясцовага клуба гісторыкаў “Краязнаўца”.

Пасля ўсяго гэтага хацелася як мага хутчэй развіртуалізавацца і пабачыць музей на ўласныя вочы ды пазнаёміцца з яго дырэктарам Сяргеем Гранікам. Да нашага жалю, кіраўнік установы ад’ехаў перад нашым візітам па службовых абавязках. У яго адсутнасць паразмаўлялі з навуковай супрацоўніцай Кацярынай Крук. Яна і падзялілася музейнымі навінамі. Так, з апошняга — ва ўстанове былі распрацаваны і пачалі праводзіцца музейна-педагагічныя заняткі. Апроч таго з музейным чамаданам супрацоўнікі музея наведваюць школы раёна. Праўда, паказваюць не толькі ваенную атрыбутыку, але і дзіцячыя цацкі, вучнёўскія прадметы савецкага часу — тое, што можа зацікавіць сучаснага падлетка, які нават уявіць не можа, што такое і для чаго патрэбны пяро і чарнільніца.

Колькасць наведвальнікаў сёлета павялічылася. Часцей сталі прыязджаць землякі, лёсам раскіданыя па ўсім свеце. Стала модным дарыць у якасці падарунка білет у музей. На гэтыя выпадкі прапанавалі б рабіць адмысловы квіток і шэраг інтэрактыўных бонусаў да яго. Скажам, магчымасць пастраляць у ціры. Праўда, пакуль гэта здзейсніць можна толькі на Ночы музеяў, падчас якой прапанавана паўдзельнічаць і ў квэст-гульні “Сталкер”.

Прадугледжаны ў музеі і выяздныя экскурсіі па раёне. Распрацавана ўжо некалькі маршрутаў. Дзецям вельмі падабаецца, бо апрача цікавай інфармацыі можна пакаштаваць стравы ад палявой кухні. Падлеткам, у сваю чаргу, прапаноўваецца паўдзельнічаць у зімовым экстрэмальным паходзе. І жадаючых, трэба сказаць, багата.

Выставачных плошчаў вельмі мала, а таму, каб рэгулярна прыцягваць адну і тую ж публіку, трэба добра пастарацца. У музеі гэта разумеюць і, як нам здалося, спраўляюцца з пастаўленай задачай.

Сярод заўваг такая: музей у Драгічыне пачынаецца з вешалкі, на якой вісіць мундзір радавога. Задумка — цудоўная. Але, па логіцы, яна павінна мець натуральны працяг, дакладней — выхад з музея, на якім таксама павінна быць вешалка, але ўжо з мундзірам генеральскім. Маўляў, які салдат не марыць… Не грэх для гэтага і асобныя дзверы (няхай сімвалічныя) зрабіць.

(Не)лірычнае адступленне Канстанціна Антановіча

Стала не такой ужо рэдкасцю, калі райцэнтры аддаюць пальму першынства ў сферы культуры мястэчкам ці вёскам. У Іванаўскім раёне гэта, безумоўна, Моталь. У Драгічынскім негалоснае званне культурнай сталіцы раёна мае Бездзеж. Там на базе мясцовага музея праводзяцца мерапрыемствы народныя, свецкія, царкоўныя... Чаго там толькі няма! Але, думаецца, канкурэнцыя Бездзежу будзе не лішняй. І як на Іванаўшчыне ўсё часцей турысты едуць у Варацэвічы, так і ў Драгічынскім раёне турыстычныя плыні можна арыентаваць і ў Антопаль, які пры належнай падтрымцы можа стаць брэндам. А чаго б і не стаць, калі сёння сувеніры з гэтага гарадскога пасёлка можна сустрэць у Францыі, Чэхіі, Польшчы ды багата якіх яшчэ краінах свету.

Антопальскі феномен

Адны з самых важкіх уражанняў за гэтую камандзіроўку напаткалі нас у гарадскім пасёлку Антопаль.

Пра музыканта-мультыінструменталіста кажуць: чалавек-аркестр! Галіна Сцепанюк — чалавек-цуд. Прычым вялікі, рознажанравы: і ткацкі, і педагагічны, і маральны. Мы не будзем казаць пра яе ўзнагароды, бо іх вельмі шмат. Мы паспрабуем распавесці, як дырэктар і адзіны майстар (не лічачы валанцёраў) Цэнтра рамёстваў здолела згуртаваць вакол сябе самых таленавітых дзяцей гарадскога пасёлка і ягоных ваколіц. Ды што дзеці! У Галіны Міхайлаўны нават прыбіральшчыца Цэнтра рамёстваў — вышывальшчыца ад Бога.

У гуртках — 61 дзіця. На большую колькасць не хапае квадратных метраў. Таму існуе строгі конкурс. Займаюцца круглы год па вечарах з кароткімі перапынкамі на каву і гарбату. Аднойчы летам завітаў хлопчык, не з мясцовых, з тых, што прыязджаюць на вакацыі да бабуль. Мясцовыя падлеткі імгненна яго "раскусілі". А хлопчык дрыжачым голасам прамовіў: "Цёця Галя, я ва-а-аш!” Ці можна прыгадаць лепшы доказ папулярнасці цэнтра і яго кіраўніка?

Галіна Сцепанюк вучыць ткаць паясы, займацца дэкаратыўным роспісам, вырабляць традыцыйныя сувеніры. Знаходзіць час і для экспедыцый. Аднойчы ў Сулічаве знайшла ў бабульчыным куфры маткі нітак яшчэ з польскага часу. З гэтых нітак, што яркасці не згубілі, зрабіла пояс, беручы за ўзор кавалачак старадаўняга вырабу. Палякі не ўцямілі, што гэта — наватвор. Таму за мяжой Галіна Сцепанюк — у даўно прызнаным аўтарытэце, стала атрымлівае запрашэнні на ўдзел у конкурсах і фестывалях. Пошукам сыравіны для будучых твораў заняты кожны гуртковец. Даследуюцца куфры, на вуліцы падбіраюцца каляровы дрот, стужачкі… Усё ідзе ў справу, усё потым радуе вока. Каб вы ведалі, з якога смецця…

Як завуць цябе, бібліятэкар?

Пры сустрэчах з бібліятэкарамі, прызнаемся, рознае было, і смешнае, і сумнае. Сёння не пра першае, а пра другое.

Бібліятэка ў Антопалі месціцца ў адным будынку з Цэнтрам рамёстваў. Так што прамінуць яе не маглі. Пачалі знаёміцца з бібліятэкарам, назвалі, па завядзёнцы, сябе, пацікавіліся прозвішчам жанчыны. “Завуць мяне Алена, а прозвішча не назаву”, — адказала тая. Як ні стараліся, але чалавека не “ідэнтыфікавалі”. А што? Таксама ўражанне, толькі не вельмі станоўчае. Настрой працягваць гутарку знік увобмірг. Чакаюць нас не паўсюль. І не паўсюль сустракаем мы аднадумцаў. Што зробіш…

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Сумная рэч: у раённых цэнтрах знікаюць кнігарні. Знайшлі яе толькі ў Кобрыне. І тую трымае прыватнік. Даходы ад продажу, натуральна, — мізэрныя. Пакупніцкая перавага аддаецца крупам, кілбасе ды алею. Радуе іншае: у вёсках і мястэчках пакуль засталіся выбітныя людзі. Такія, як Галіна Сцепанюк. І гэта дадае надзеі.

Мінск — Іванаўскі — Драгічынскі — Кобрынскі раёны Брэсцкай вобласці — Мінск / Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"