Аўдыя & Відэа-30

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

Жнівеньскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць лідар гурта “Князь Мышкін” Леанід НАРУШЭВІЧ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

Аўдыя

Гурт “Tiptoe”, мiнi-альбом “5ive”

А.: Зусім выдатная работа маладых выканаўцаў: спелыя аранжыроўкі ды выдатны голас Вольгі Горынай. Я б рэкамендаваў запісы “Tiptoe” на ўсе нашы радыёстанцыі. Вельмі буду чакаць новых рэлізаў ад праекта! Вось так: як быццам нікога і няма, а тут і прарве моладзь шаблоны!

В.: Вельмі якасны англамоўны сінці-поп з жаночым вакалам. Каб мне паслужліва не падказалі, што матэрыял гэты родам з Віцебска, то ў сілу сваіх адносных ведаў ў галіне зусім заходняй музыкі, я б палічыў яго за “фірмУ”. Тут у меру папсы ды электроннай сур’ёзнасці, танцавальнага ды “для праслухоўвання”. І грув з драйвам у межах хітовай нормы. Вельмі цікава, што будзе з праектам далей, і ці будзе — маю на ўвазе менавіта замежнае прасоўванне. Бо не мараць жа артысты “Tiptoe” толькі аб заваяванні айчынных начных клубаў? Гэта яны зробяць лёгка, а вось што потым?..

/i/content/pi/cult/604/13431/9-1.jpg

Адэля Вольская, мiнi-альбом “Усё атрымаецца”

А.: Той, хто старэйшы, памятае, як пры некаторых дамах быту былі студыі грамзапісу, у якіх запісвалася ўсё хітовае — ад “Boney M” да “Pink Floyd” — на пластыкавых паштоўках з відамі ўсялякіх прыгажосцяў. У якасці падарунка блізкім выдатная штука была па тых часах. Асабліва таленавітых можна было запісаць на пару мікрафонаў, і ўжо потым “прапаліць” на гэтыя прататыпы дыскаў за ўмераную плату “не адыходзячы ад касы”. Я сам у 1981 годзе ў Мінску на Маскоўскай, у тамтэйшым доме быту, пракруціў такую аперацыю дзеля ўшанавання сваіх яшчэ зусім юных песенек: нарэзаў штук 10 розных і раздаў сябрам на памяць. Стаў бы Макартні або Макарэвічам — за гэтыя гады ўсплылі б на аўкцыёнах!..

Ну, а пра Адэлiны песенькі, запісаныя ў яе “асямнаццаць” гадоў, думаю, што гэта і была спроба выплюхнуць свае эмоцыі ды перажыванні на нешта кшталту фатаграфіі або вінілу — на памяць сябрам ды блізкім. Песенькі прасценькія, але мілыя, тату яе, мяркую, вельмі спадабаліся. А паколькі тату я паважаю ды цаню, то пісаць ўсялякія разборныя ды як бы крытычныя словы па дадзенай рабоце не стану. Хай расце дзіця, час пакажа, што з яго вырасце. Дарэчы, тэмбральна вельмі мне нагадала “олдавую” Умку з Масквы: тая гадоў пасля дваццаці пяці вырашыла выйсці са сваімі песнямі ў народ і вось спявае ды спявае. Раю Адэльцы паслухаць яе творчасць. А раптам?..

В.: Можна, вядома, паразважаць у катэгорыях “яблык ад яблыні...”, памятаючы пра тое, што перад намі работа дачкі Лявона і Ганны Вольскіх. Але і пра тое, што рэліз — дэбютны для дзяўчыны, таксама забываць не варта. А першыя крокі рознымі бываюць, нярэдка незалежна ад таго, каму што генамі ды звыш дадзена. Просіцца банальнае: дачакаемся паўнафарматніка (калі ён будзе), тады нешта больш-менш ясна і стане. Пакуль жа меладычна ўсё слабенька, тэксты адпавядаюць узросту чалавека, выхаванага ў інтэлігентнай сям’і, а вось сіла ў голасе адчуваецца. Развіць яго, падцягнуць да яго лірыку з музыкай — і ўсё можа здарыцца.

Гурт “Стары Ольса”, альбом “Medieval Classic Rock”

A.: Нечакана добрая ды цэльная пласцінка атрымалася. Яно і зразумела: музыканты ўзялі ў абарот самыя “прапаленыя” хіты рок-музыкі ды ўклалі ў іх свае лютні-дуды. Гэткі кавер-бэнд старадаўняй музыкі. Хоць мне часам здавалася, што гэта ці не хвацкі сольнік Алеся Чумакова, бо яго гераічны ды трохі пафасны голас па сутнасці і зрабіў альбом.

Песня да песні, ніводнага праколу, выдатныя аранжыроўкі ды дакладнае размяшчэнне інструментальных партый. Хіба што нам, старым рокерам, не хопіць у рэлізе асаблівага куражу, гітарнай перагрузкі ды моцы ўдарнай устаноўкі, але гэта так, прыдзiрачка. Рэч ад “Pink Floyd” — самы магутны трэк. Нясмела патрабую канцэртаў ды ўдзелу ў праграмах фестываляў з дадзенай работай. “Стары Ольса” жывы, і жывы цікавай музыкай, многая лета, сябры!

B.: Вось так напішаш, што альбом гэты нічога з сябе асаблівага не ўяўляе, а ён — бац, і возьме “Грэмі”. Ну і як я пасля гэтага буду выглядаць?.. Але ж сапраўды не ўяўляе, ужо прабачце мяне, прыяцелі-музыканты “Старога Ольсы”! Дзевяць кавераў на бранябойныя рок-хіты, аранжыраваныя пад сярэднявечную музыку, але абоймы пісталетнай не атрымалася. Да поспехаў занясу толькі дзве "кулі": варыянт “Another Brick in the Wall, Pt. 2” — манументальнай першакрыніцы “Pink Floyd” — выйшаў гэткім жа магутным. І інструментальную інтэрпрэтацыю “бітлоўскай” пусцяковіны “Ob-La-Di, Ob-La-Da”: версія можа скласці канкурэнцыю на вяселлях з карпаратывамі несмяротным умца-умца-шлягерам Веркі Сярдзючкі. Астатнія рэчы “ад куцюр” з “...Ольсы” мяне не ўразілі: выкарыстанне дзіўных для рока інструментаў на арыгінальнасці моцна не адбілася.

Магчыма, дадзены рэліз — першая паўнавартасная аўдыяработа беларускага выканаўцы, якая носіць адкрыта камерцыйны характар, таму што была запісана/складзена пад гастролі каманды па ЗША. Некалі “Песняры”, напэўна, здзівілі тамтэйшых “студэнтаў з фермерамі” сучаснай савецкай песняй з фолькавым адлівам. Хто ведае, можа і дыск “СО” створыць фурор сярод тамтэйшых адмыслоўцаў. Вось тады я і апынуся ў поўнай... няслушнасці...

Відэа

Праект “Dirty Owl”, кліп на кампазіцыю “Aist Live”

А.: Думаю, у Мiнгарвыканкаме гэта самы любімы кліп за апошні час. Яшчэ б — былы шэф асабіста прымае ўдзел у дадзенай рабоце: і як толькі такое стала магчымым? Ці не сваяк ён з аўтарам кампазіцыі? Таму што пад імёнамі выканаўцаў новага пакалення інжынернай камп-музыкі можа хавацца хто заўгодна.

“Dirty Owl” грае атмасферную ды вельмі спелую музыку — музыку горада, дыханне горада. У кліпе нутро велазавода цячэ працэсам стварэння байкаў, і з’яўленне ў кадры дырэктара прадпрыемства не здаецца дзіўным. Ён нібы прыйшоў паглядзець, як тут грамадзянін-электроншчык працуе. Добра папрацаваў, трэба сказаць.

В.: Артыст набулькатаў гукаў ды даў мелодыі ў адным з цэхаў Мінскага мотазавода як бы непасрэдна ў час працоўнага працэсу. Ну, набулькатаў і набулькатаў, “сюр” у іншым — у сівавалосым мужчыне, які на некалькі секунд узнікае ў кадры, ківаючы ў такт музыцы галавой. “Дзесьці мы яго бачылі...” — падумаеце вы і не памыліцеся. Калі вы не служачы ААТ “Мотавела”, а жыхар нашай сталіцы, што працуе ў іншай сферы, чалавека гэтага, безумоўна, хоць раз бачылі па тэлевізары ў гадах 2010 — 2014-м. Тытр пад яго выявай тады абвяшчаў: “Старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Мікалай Ладуцька”. А сёння Мікалай Аляксандравіч і ўзначальвае азначанае вышэй прадпрыемства.

Не ведаю, ці здольна дапамагчы гэта кампазіцыя “будаваць” завадчанам, але перашкодзіць ім яна дакладна не зможа. Нават баюся выказаць здагадку, хто наступным з кіраўнікоў/чыноўнікаў можа з’явіцца ў кліпе якога-небудзь айчыннага выканаўцы...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"