Разбор уласнага палёту

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

Нарэшце, прыспеў час падвесці вынік нашага “каласавання” ў апошнюю суботу лета. Нагадаем, газета “Культура” супрацоўнічала з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа ў праекце “ПаКаласімся!”

Пачну з пытанняў. Мы да апошняга не ведалі, на якую публіку арыентуемся і што хочам да яе данесці, не мелі маштабнай задачы. Мне і зараз складана адказаць на пытанне: што такое “ПаКаласімся!”, як назваць фармат мерапрыемства, ці часта павінна адбывацца падобнае ў музеі. Усё атрымалася прыстойна, але з верагоднасцю, бадай, у 50 працэнтаў магло праваліцца, таму што мы працавалі без канцэпцыі, разлічваючы на выдатных запрошаных выступоўцаў, аўтарытэт музея і газеты, спрыяльнае надвор’е і фартуну. Таму самая галоўная выснова з экспірыенсу: прагаворванне мэты і ўмоваў яшчэ на беразе. Заўсёды трэба ведаць, для каго і для чаго ты нешта робіш, што хочаш даць і атрымаць з гэтага.

Па-другое, мерапрыемства праводзілася без укладання матэрыяльных сродкаў. Гэта добры варыянт для пробнага разу, але не адносна перспектывы.

/i/content/pi/cult/604/13427/5-1.jpg

Трэцяя, не менш важная заўвага. Мы запрасілі людзей амаль на шэсць гадзін: яны малявалі, спявалі і танцавалі, займаліся ўзвядзеннем трэш-скульптур, слухалі лекцыю, а потым амаль адразу пайшлі на кінапрагляд. За такі адрэзак часу, каб апынуліся дома, дык, пэўна, ужо разы два ўсадзілі б гасцей за стол. А мы змаглі прапанаваць толькі гарбату ды сухарыкі. Канешне, у музей, у першую чаргу, прыходзяць не страўнік набіць, але, калі мы хочам затрымаць аўдыторыю, за намі — стварэнне камфортных умоў. Прызнаюся, мы, два калектывы, да апошняга шукалі партнёра са сферы харчавання.

З добрага. Для мяне раскрылася яшчэ адна цудоўная музейная “групоўка” — коласаўцы, людзі прафесійныя, адукаваныя і свядомыя, ды пры гэтым вясёлыя, шчырыя, лёгкія на ўздым. Ці гэта не ідэальны набор якасцей для іх прафесіі? А калі добры калектыў мае ці не лепшую музейную пляцоўку ў горадзе (са стратэгічнага пункту гледжання ды адносна атмасферы)? Яшчэ мне стала зразумела, як зжылі сябе старыя рэкламныя метады — пашырэнне інфармацыі праз газеты, тэлебачанне ці радыё. Інтэрнэт — вось сапраўднае выйсце. Менш чым за два тыдні, дзякуючы сацыяльным сеткам, мы праінфармавалі тысячы чалавек (гэта колькі паштовых скрыняў трэба было б абысці!). Да нас, у выніку, прыйшло 70+ асоб, што для мемарыяльнага музея і новага праекта можна лічыць вынікам. Але, працягваючы, варта імкнуцца да больш высокіх лічбаў. Што ні кажы, інтэрнэт — бясплатны спосаб прасоўвання, якім карыстаюцца ўсе.

Як чалавека ў добрым сэнсе прагматычнага, мяне ўсцешылі перспектывы, якія раскрыліся на “ПаКаласімся!” Напрыклад, прапанова мастака Андрэя Дубініна чытаць бліскучыя лекцыі па мастацтвазнаўстве ў сценах музея. За “дзякуй” і пры ўмове інтэлектуальнага слухача. Упэўнена, курс спадара Дубініна стаў бы топавым мерапрыемствам у горадзе ў самым хуткім часе. Тое ж тычыцца і калямузейнай зялёнай пляцоўкі. Мы праверылі яе на “пленэрнасць”, і яна атрымала 100 балаў са ста магчымых.

Лета скончылася, а разам з ім і плюсы, звязаныя з доўгім светлавым днём, цёплым надвор’ем, вакацыямі і адпачынкамі ў гараджан. Але бліжэйшыя месяцы музей не перастане быць менш прывабным, трэба толькі задумаць нешта незабыўнае і, галоўнае, людзям неабходнае і цікавае. А “ПаКаласімся!” можна назваць карысным вопытам для музея, ды і для газеты.

Аліна САЎЧАНКА

Для мяне галоўнае ў “ПаКаласімся!” — спроба. Вядома, было цікава, а што ж атрымаецца на выхадзе, але спроба — найперш. Патлумачу.

Некалькі нумароў таму, “пад заслону” апагея фестывальнага сезону, журналісты “К”, і я ў тым ліку, выказаліся адносна застойных тэндэнцый у гэтай частцы культурнага працэсу. Нібыта жыццё віруе на нашых фэстах, але штогод — на тым самым месцы і па тым самым сцэнарыі. Вось адзін фрагмент таго тэксту: “Новай патэнцыйнай публіцы культурнай дзеі хочацца культурнага свята, аднадумцаў навокал, якаснай выверанай праграмы, а не па завядзёнцы — што ёсць, тых і прадставім. Гэта як на музычных фестывалях: едуць на пэўных артыстаў, таму іх арганізатары і заманьваюць. Карацей, прыспеў час задумацца пра мэтавыя аўдыторыі мерапрыемстваў”.

Ад падобнага, падаецца, і варта было адштурхоўвацца рэдакцыі і музею, але ж з мэтавай аўдыторыяй выявілася праблема. Адносна чытачоў папяровай версіі нашай газеты яна, як правіла, па-за межамі Мінска і нават абласных цэнтраў, а вось падпісчыкі старонак у сацыяльных сетках — у значнай ступені мінчане. Ды і разлічваць мы маглі найперш на апошнюю групу (і “пляцоўка” — сталічны музей). Не маючы, праўда, ніякіх магчымасцяў для іншай рэкламы, акрамя бясплатнай — у сацыяльных сетках газеты і музея, а таксама ў выглядзе рассылкі прэс-рэлізаў. Пры гэтым маючы ў “пасіве” аглушальны поспех (нават паводле масіраванай рэкламы) фестывалю “Тбілісоба”, праграму фэсту “Пешаходка”, фінал марафона класікі ля Ратушы, яшчэ некалькі дзей. Усё — задарма, а ў нас — кошт білетаў у 1 рубель. Няшмат, але пры бясплатнасці ва ўмоўных канкурэнтаў…

Тэхналогію рэкламнай кампаніі ў тры дзясяткі пастоў у сацсетцы апісваць не стану. Фактычна, яе не было, бо маючы крыху часу паміж рэдакцыйнымі ды музейнымі справамі, і рабіліся абвесткі, “клеіліся” афішкі ў фотарэдактары, шукаліся спасылкі. Усяго дзён за дзесяць да дня Х! Паведамленні, праўда, былі персаніфікаванымі: пра кожнага ўдзельніка — дзве — тры згадкі цягам гарачай для нас дэкады, заснаваныя на публікацыях газеты. Дадатковы чалавечы рэсурс — 0, фінансавы — 0, часу — 0. Гэта, падаецца, і называецца энтузіязмам.

Карацей, як думаецца мне, не маючы дакладнага ўяўлення пра тое, каго мы і музей можам пабачыць на сядзібе Коласа ў апошнюю суботу лета, заставалася масіравана прасоўваць праграму. Галоўным асабіста для мяне было адасобіцца ад распаўсюджанага ў нас фармату “свята народнай музыкі і песні”, таго, чаго “новай патэнцыйнай публіцы культурнай дзеі” (даруйце за самацытату), так не хочацца. Мы хутка знайшлі паразуменне з музеем, падахвоціліся разам на эксперыментатарскі крок. Таму галоўным словам было, відаць, “інакш”. І адштурхоўваліся мы са свайго боку ад адмаўлення. Балазе, як вы ўжо зразумелі з памянёнага вышэй слова “энтузіязм”, бюджэт імпрэзы быў роўны, без малога, таму самаму нулю (заключаўся ён у сціплай закупцы матэрыялаў для аднаго з майстар-класаў). Адпаведна, нерэальна запрасіць медыйных персон на безганарарнай аснове. Але ж ёсць сябры (для кагосьці з “культураўцаў” ці музейшчыкаў — асабістыя, іншыя — для ўсёй установы), што адразу сказалі: “ОК”.

Як на маю думку, пры амаль нулявых фінансавых укладаннях і пры значных інтэлектуальных у нас першы блін — не камяком. 70+ чалавек, што прыйшлі на Коласаву сядзібу, сітуацыя, калі творцы і гледачы не засталіся незадзейнічанымі, атмасфернасць больш як пяцігадзіннай дзеі ў незвычайным месцы, — гэта “актывы”. У некаторым сэнсе — нашы, газетныя, бо рэклама, найперш, сыходзіла ад нашых вэб-рэсурсаў. Значыць, мы запрашалі пад сябе, пад сваё імя. Думаецца, яно ад такой акцыі займелі больш трывалыя сувязі з чытачамі. Але яшчэ больш гэтыя “актывы” — музейныя. Коласаўскі дом, калі захавае традыцыю і працягне насычаць яе зместам з пэўнай перыядычнасцю, займее свой брэнд. Эксперты ў сферы бізнесу кажуць: праз пару гадоў гандляваць будуць найперш брэндамі. Крок да спробы асучасніць музейную прастору (не толькі ўласна экспазіцыю) зроблены.

І яшчэ. “ПаКаласімся!” атрымалася гарадской дзеяй для тых людзей, якім не даспадобы грамыханне музыкі на вялізных пляцоўках, але цікава адкрываць незнаёмыя мясціны ў знаёмым горадзе, бачыць інтэлігентных і зацікаўленых культурай, неабыякавых да беларускага, ахвочых да новага. 70+ гасцей, якія прыйшлі, прынамсі, з апошняй мэтай, выглядаюць куды больш сур’ёзна, чым няхай сабе і тысячы тых, хто зварочвае на чарговы “дзень шашлыка”.

Дзякуй за настойлівую і выніковую прапанову зрабіць “нешта цікавае” дырэктару музея Коласа Зінаідзе Камароўскай, за плён супольнай працы — вучонаму сакратару Яўгеніі Мятлушка і загадчыку аддзела навуковай прапаганды Марыі Казакевіч. З боку газеты — найперш аглядальніку Аліне Саўчанка. Важкі ўнёсак у тое, каб свята адбылося, зрабілі нашы Наталля Овад і Алег Клімаў. Назву прыдумаў Яўген Рагін. За “мазгавы штурм” і канкрэтныя справы дзякуем усім “коласаўцам” і “культураўцам”.

Сяргей ТРАФІЛАЎ

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст
Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах