Інфармант мае права?

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

Як не атрымаць штраф у 50 базавых за народныя песні ў сеціве?
Скончылася лета, сезон этнаграфічных экспедыцый. Настаў час апрацоўваць матэрыялы, пісаць артыкулы, вучыць назбіраныя песні ды танцы, разгадваць сакрэты рамёстваў па сабраных і сфатаграфаваных вырабах. Часта да этнаграфічных звестак і аматары, і навукоўцы ставяцца як да ананімнай народнай творчасці, забываючыся, што на іх распаўсюджваецца дзеянне закона аб аўтарскім праве.

Прававы статус

У законе “Аб аўтарскім праве і сумежных правах” няма артыкулаў пра этнаграфічныя матэрыялы, таму даводзіцца выводзіць правілы іх выкарыстання з агульных палажэнняў. Скажам, правы на матэрыялы, сабраныя ў экспедыцыях, належаць і таму, каго апытвалі, і таму, хто апытваў. Інфарманты — вяскоўцы, якіх апытваюць — маюць аўтарскія правы на інтэрв’ю як літаратурны аб’ект у частцы адказаў-расповедаў і сумежныя правы на выкананне народных песень, казак, танцаў. Калі сам чалавек-творца склаў песню ці верш, то на ўласныя аўтарскія творы ён таксама мае права. Калі твор народны і яго аўтар невядомы, то дзеянне аўтарскага права на яго не распаўсюджваецца, але дзейнічае сумежнае права на выкананне.

/i/content/pi/cult/604/13426/4-1.jpg

Фіксаванне звестак падчас адной з экспедыцый СЭТ. / Фота Алены ЛЯШКЕВІЧ

Даследчыкі маюць правы на інтэрв’ю як літаратурны аб’ект у частцы сваіх пытанняў і агульнай яго будовы, аўдыязапісы (як на фанаграму, не на змест, які фармулюе інфармант), фотаздымкі, экспедыцыйныя дзённікі, справаздачы. Звычайныя інтэрв’ю, якія публікуюцца ў СМІ, лічацца літаратурнымі аб’ектамі. Правы на іх звычайна прыпісваюцца журналістам. Аднак Яўген Партны, супрацоўнік юрыдычнай кансультацыі, што спецыялізуецца па інтэлектуальнай уласнасці, заўважыў, што ўнёсак суразмоўцы ў інтэрв’ю стварае большасць аб’ёму тэксту, а журналіст толькі апрацоўвае атрыманы матэрыял. Таму правы журналіста і суразмоўцы на матэрыял павінны быць, як мінімум, роўнымі. Этнаграфічныя ж гутаркі — спецыфічныя аб’екты, якія сумяшчаюць элементы журналісцкага інтэрв’ю і навуковага даследавання.

Калі даследаванне ладзіць установа альбо арганізацыя і прыцягвае для яго правядзення валанцёраў, то каб замоўца мог законна распараджацца матэрыяламі, мусяць быць атрыманы дазвол і ад даследчыкаў, і ад інфармантаў. Калі даследчык дзейнічае ў рамках службовага задання (напрыклад, яго камандзіруе навуковая ўстанова ці ўстанова культуры і гэта аформлена адпаведным загадам), то сабраны матэрыял лічыцца службовым творам (у частцы даследчыка, але на правы інфарманта статус даследчыка не ўплывае).

Як заўважаюць аўтары суполкі “Вольны архіў” у адной з сацыяльных сетак (яна асвятляе і пытанні палявой этнаграфіі), “з гледзішча заканадаўства аб інтэлектуальнай уласнасці інфармант або яго нашчадкі могуць мець абгрунтаваныя прэтэнзіі да этнографаў, калі тыя вырашаць без дазволу выкарыстоўваць запісаныя матэрыялы. Асабліва калі гэта будзе публічнае выкарыстанне. Адпаведна, з інфармантамі мусілі б заключацца дамовы, паводле якіх яны перадаюць даследчыкам правамоцтвы адносна запісанага”.

Павага да інфармантаў

Бываюць выпадкі, калі інфармант, раззнаёміўшыся з даследчыкам, выконвае “салёныя” прыпеўкі ці распавядае досыць інтымныя падрабязнасці свайго жыцця.

Такія творы, напэўна, ён не хацеў бы дазваляць публікаваць. Прынамсі з поўнымі звесткамі пра яго. Дасюль здараецца, што людзі баяцца выконваць “палітычныя” прыпеўкі пра лідараў савецкага часу, калектывізацыю. Ці выконваюць і кажуць даследчыку “толькі для цябе, нікуды не пускай”. Даследчык павінен сумленна тлумачыць інфарманту, як і навошта фіксуецца гутарка. І атрымліваць ад яго згоду на гэта, пажадана пісьмовую. Той жа “Вольны архіў” заўважае: “Само існаванне дамовы, якая адпавядае фармальным патрабаванням закона, яшчэ не гарантуе этычнасці працы даследчыка з інфармантамі. І наадварот, адсутнасць дамовы не азначае, што праца вядзецца неэтычна. Але існаванне дамовы, прынамсі, звяртае ўвагу даследчыка на прававы аспект і накладвае на яго абавязкі і абмежаванні, за парушэнне якіх можа наступіць адказнасць”. З іншага боку, дамова гарантуе даследчыку права на выкарыстанне і публікацыю матэрыялаў, ахоўвае яго ад патэнцыйных праблем.

А ці былі прэцэдэнты?

Яўген Партны паведаміў, што аўтарскае права на этнаграфічныя матэрыялы застаецца ў Беларусі досыць абстрактным паняццем. У нас судовыя справы ў галіне інтэлектуальнай уласнасці завязваюцца пераважна вакол камп’ютарных праграм і гандлёвых знакаў.

Таму цікава паглядзець на практыку іншых краін. У Літве навукоўцы заключаюць з інфармантам караценькую дамову, дзе паведамляецца, што той не супраць “выкарыстання расповеду ў навуковых і асветных мэтах”. Асяродак “Гарадская брама — Тэатр NN” у польскім Любліне займаецца ўспамінамі пра яўрэяў гэтага горада і прапануе інфармантам больш удакладненую дамову, дзе прапісаны шляхі выкарыстання звестак (публікацыя, размяшчэнне ў інтэрнэце…). У ЗША дзейнічае Кодэкс этыкі Амерыканскай антрапалагічнай асацыяцыі, які кажа, у прыватнасці, што “…антраполагі не павінны прыхоўваць мэты, магчымыя наступствы і крыніцы падтрымкі даследчыцкіх праектаў…” Затым: “Антраполагі павінны рабіць усё магчымае, каб гарантаваць, што іх даследаванне не шкодзіць бяспецы, годнасці і прыватнаму жыццю людзей, з якімі яны працуюць…”, “антраполагі павінны вызначыць загадзя, ці жадаюць […] інфарманты захаваць ананімнасць або атрымаць вядомасць”, “антраполагі павінны загадзя інфармаваць пра даследаванне і атрымліваць згоду асоб, якія даследуюцца”.

У беларускай сітуацыі, калі інфарманты — людзі сталага веку, што падазрона ставяцца да чужых, адразу даставаць пісьмовую дамову — значыць папросту спужаць інфарманта. Звычайна дамову ахвотна падпісваюць пасля размовы, раззнаёміўшыся з даследчыкам.

Яшчэ некалькі вытрымак з таго ж кодэксу: “Антраполаг павінны… пры любой магчымасці распаўсюджваць вынікі даследванняў”; “Антраполагі павінны сур’ёзна разглядаць усе разумныя просьбы доступу да іх даных і іншых даследчыцкіх матэрыялаў у мэтах даследавання”, а таксама “рабіць вынікі даследаванняў даступнымі для [...] неантраполагаў”. У беларускіх рэаліях зноў жа складана гэта рэалізаваць: часам даследчык хоча апублікаваць матэрыялы сам, але на апрацоўку іх не хапае часу, і яны ляжаць у асабістым архіве гадамі…

Этнаграфія ў сеціве

Дапусцім, урэгуляваўшы стасункі з інфармантам, даследчык хоча распаўсюдзіць матэрыялы. Наяўнасць музычных файлаў на старонках сацыяльнай сеткі мы прызвычаены ўспрымаць як належнае, аднак выкарыстанне твораў без дазволу праваўладальнікаў з’яўляецца парушэннем. Выкласці запісы ў сеціва — гэта спосаб выкарыстання, які падпадае пад азначэнне “ўсеагульнае абвяшчэнне”. Калі яно робіцца без дазволу, то гэта правапарушэнне са штрафам 30 — 50 базавых велічынь для фізічных асобаў і яшчэ большым — для юрыдычных (але для гэтага трэба, каб хтосьці з праваўладальнікаў падаў на парушальніка ў суд ці прынамсі звярнуўся ў міліцыю). Калі ж мы дадаем незаконна запампаваны кімсьці трэцім у сеціва запіс да свайго допіса ці каментарыя, то, па сутнасці, ўдзельнічаем у правапарушэнні.

Па практыцы выкарыстання этнаграфічных запісаў у сеціве суполка “Вольны архіў” дае наступныя парады. Калі мы збіраемся самі запампаваць у сеціва нейкі аўдыязапіс, то папярэдне запытваем дазволу ў асобаў, якія маюць на яго правы — аўтараў, ці выканаўцаў, ці ўладальнікаў арыгіналаў запіса. Этнаграфічныя запісы выкананняў народных твораў можна запампоўваць у сеціва не пытаючы дазволаў, калі сумежныя правы ўжо не дзейнічаюць. То бок, праз 50 гадоў пасля ажыццяўлення запісу або яго першай публікацыі. Калі мы хочам дадаць да паста ці каментарыя сацыяльнай сеткі спасылку на аўдыязапіс, ужо кімсьці запампаваны, то спярша пераконваемся, ці ёсць ён на афіцыйнай старонцы (суполцы) выканаўцы. Бо гэта азначае, што выканаўца сам размясціў запіс для ўсеагульнага ведама, па сутнасці зрабіўшы яго здабыткам грамадства.

 

Каментарыі з нагоды

Ірына ГЛУШЭЦ, вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці:

— Калі экспедыцыю арганізуе ўстанова культуры, адукацыі ці навуковая ўстанова, то аўтарскае права на сабраныя матэрыялы належыць ёй як арганізатару, а ўдзельнікі стварылі службовы твор. Калі ініцыятар экспедыцыі — грамадская арганізацыя, а даследчыкі не з’яўляюцца яе супрацоўнікамі, то лепш заключыць пісьмовую дамову. Наш цэнтр мае намер так рабіць падчас экспедыцый, што ўваходзяць у мерапрыемствы фестывалю “Покліч Палесся”. Пісьмовых жа дамоў з інфармантамі не плануем, звычайна згода чалавека на выкарыстанне расповеду запісваецца на дыктафон.

Марыя ЛУК’ЯНАВА, адказная за экспедыцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства:

— Заканадаўства аб аўтарскім праве ў Беларусі не распрацаванае да такіх "драбінак", пра якія вядзецца гаворка. Але сёлета мы ўпершыню падпісвалі дамовы і з удзельнікамі экспедыцыі, і з інфармантамі. Па іх даследчык можа захоўваць копію сваіх матэрыялаў, але не можа яе камусьці перадаць без згоды арганізацыі. Публікацыя матэрыялаў экспедыцыі, калі гэта гутарка цалкам ці анталогія, мусіць здзяйсняцца са згоды арганізацыі. Але ўдзельнік можа публікаваць фрагменты гутаркі з інфармантам, напрыклад, у сацыяльных сетках ці цытаваць у даследаванні з пазнакай, што звесткі сабраныя ў экспедыцыі СЭТ. Пісьмовыя дамовы заключаліся з інфармантамі, з якімі мы працавалі сістэмна. Вусная згода астатніх — на дыктафоне. Мы паступова адкрываем архіў для публічнага доступу, але там няма імя і прозвішча інфарманта. Калі звесткі патрэбны навукоўцу для публікацыі, ён атрымае іх па запыце.

Аляксей БІЧУРЫН, кіраўнік Цэнтра па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці:

— Шмат якія аспекты аўтарскага права дапускаюць суб’ектыўнае тлумачэнне. Вялікае пытанне, ці можна разглядаць успаміны, расповед пра маладосць ці апісанне этнаграфічнага абрада як твор. Твор — гэта вынік творчай дзейнасці, увасоблены ў аб’ектыўнай форме. Аўдыязапіс — аб’ектыўная форма. А вось крытэрыяў творчай і нятворчай дзейнасці заканадаўства аб аўтарскім праве не ўтрымлівае. Калі браць азначэнне творчасці як “стварэнне новага, чаго раней не было” — то паўстае пытанне, наколькі яно новае. У выпадку спрэчак на гэты конт варта звяртацца ў суд, які, у сваю чаргу, выносіць рашэнне на падставе экспертнага заключэння. Калі разглядаць трохкутнік з ініцыятара даследавання (установы), даследчыка і інфарманта, то ініцыятар з’яўляецца вытворцам фанаграмы, сам даследчык — уладальнікам аўтарскіх правоў, як і інфармант, калі мы вызнаем іх размову вынікам творчай дзейнасці. Правы стваральніка фанаграмы залежаць ад правоў выканаўцы. Строга кажучы, не атрымаўшы дазволу інфарманта, нельга выкласці яго расповед ці песню ў сацыяльную сетку. Але на практыцы варта ацэньваць рызыкі: ці будзе інфармант выстаўляць прэтэнзіі?

Вольга ЛАБАЧЭЎСКАЯ, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Універсітэта культуры і мастацтваў:

— Беларускія даследчыкі, музеі часта не дужа дасведчаныя ў аўтарскім праве. Напрыклад, могуць узяць чужое фота, не пазначыўшы ні крыніцы, ні аўтара. Дамовы з інфармантамі звычайна не заключаюцца, калі чалавек ставіцца насцярожана — вусная згода на выкарыстанне расповедаў запісваецца на дыктафон. У іншых краінах патрабуецца згода на друк успамінаў. У Расіі гэтага не жорстка прытрымліваюцца, а ў Польшчы, ахоўваючы таямніцу прыватнага жыцця, імя і прозвішча інфарманта шыфруюць, праз шыфр звесткі можна знайсці ў архіве. У публічным доступе можа быць пазначана “KI, жанчына, 50 гадоў”. Што да суаднесенасці правоў даследчыка і ўстановы, ад імя якой ён працуе, то пры ўмове наладжанай архівізацыі ў даследчыка павінен быць уласны фонд. Пакуль у большасці выпадкаў публікуюцца звесткі “з уласнага архіва аўтара”.

Ірына КАШТАЛЯН, супрацоўніца Архіва вуснай гісторыі:

— Першасныя правы на інтэрв’ю належаць рэспандэнту. Для таго, каб выставіць інтэрв’ю на сайце, мы падпісваем з рэспандэнтам дамову. У ЗША без такой дамовы інтэрв’ю нельга выкарыстаць, нават калі ёсць зафіксаваная вусная згода рэспандэнта. У Еўропе больш мяккая практыка — можна пазначыць толькі імя і першую літару прозвішча суразмоўцы. Дамова трэба і для таго, каб чалавек, пабачыўшы транскрыпцыю, не сказаў “прыбярыце”, бо атрымліваецца цэнзураванне першакрыніцы. Даследчыкаў часта прымаюць за журналістаў, таму істотна патлумачыць, што расповед будзе перададзены слова ў слова, не так прыгожа, як у газеце. Найперш варта інфармаваць чалавека, што яго ўспаміны публікуюцца, калі гэта не маленькая цытата, а цэласны наратыў. Мы падпісваем дамовы з даследчыкамі і для таго, каб людзі разумелі, што ў рэспандэнта ад цяжкіх успамінаў можа адбыцца рэтраўматызацыя. Мы толькі вітаем выкарыстанне матэрыялу самім даследчыкам, ды і навукоўцу зручна спаслацца на пэўны архіўны шыфр. Просім, каб спасылаліся разам з архівам і на экспедыцыю.

Сяргей ВЫСКВАРКА, загадчык арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага ДК:

— У раёне ўзяты пад ахову дзяржавы як нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць спеўны стыль выканання трох вёсак. Адну і тую ж народную песню могуць ведаць сорак бабуль. За кім аўтарскае права на такі твор?... Дамоў з інфармантамі, збіраючы матэрыял, я не падпісваю. Складана ўявіць, каб у галіне этнаграфіі распачалі судовую справу. Гэта сфера, дзе няма грошай, значыць, і практыка выкарыстання заканадаўства не распрацаваная.

Сёлета ўвесну ў нашым раёне дзейнічала экспедыцыя па этнабатаніцы. Ёй кіравалі эстонскія навукоўцы з музея ў Тарту, таму збіральнікі працавалі па іх методыцы. Спачатку размаўлялі з людзьмі, а напрыканцы гутаркі пыталіся імя і прозвішча, узрост, і ці не супраць чалавек, каб яго расповед быў выкарыстаны для навукі. Некаторыя адмаўляліся прадставіцца. Я мяркую, людзей насцярожваў падыход: усё ж беларускія даследчыкі спачатку знаёмяцца, а потым вядуць гутарку. Калі чалавек згоды на выкарыстанне сваіх звестак не даў, то ў эстонскай практыцы звесткі ўсё роўна могуць выкарыстоўвацца, проста без пазначэння імя інфарманта (тады пазначаецца месца пражывання, пол і ўзрост).

Неяк размаўляў пра аўтарскае права са знаёмымі літоўцамі. З іх расповеду ў агульных рысах вынікае, што ў Літве паспрабавалі неяк юрыдычна аформіць этнаграфічныя даследаванні, але сутыкнуліся са шматлікімі складанасцямі, нюансамі і пакуль не прыйшлі ні да якога рашэння.

 

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"