Палессе кліча

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

“К” пісала ў красавіку, як сумавалі карыстальнікі сацсетак: “Палессе сёлета не пакліча”, маючы на ўвазе меркаванае памяншэнне перыядычнасці фестывалю “Покліч Палесся”, што праходзіць раз на два гады ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна. Аднак песімізм аказаўся неабгрунтаваным: фестываль сёлета адбудзецца. Яму папярэднічае этнаграфічны летнік “Сакрэты майстэрства” ў Жыткавіцкім раёне, частка якога ўваходзіць у склад Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”. Акурат Нацпарк і з’яўляецца галоўным арганізатарам фестывалю.

Асноўныя мерапрыемствы фестывалю пройдуць у Ляскавічах 24 верасня. Удзельнікі этнаграфічнага летніка “Сакрэты майстэрства” будуць даследаваць вёскі Жыткавіцкага раёна, надаючы асаблівую ўвагу асаблівасцям матэрыяльнай культуры. Летнік маладзёжны: сёлета прыедуць студэнты з Гомеля, Мінска і Мазыра. У 2012 і 2014 гадах моладзь працавала ў Петрыкаўскім раёне, па выніках даследаванняў Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый выдаў кнігу “Этнаграфічны летнік на Петрыкаўшчыне”.

Прыпяцкае Палессе да нашых дзён захавала багата рыс самабытнай культуры — народныя святы, фальклор, рамёствы. Сённяшнія даследчыкі ідуць па слядах Чэслава Пяткевіча, Казіміра Машыньскага, Зінаіды Эвальд, Яўгена Гіпіуса, Зінаіды Мажэйкі. Як адзначыла этнамузыколаг Тамара Варфаламеева падчас канферэнцыі “Праблемы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і ўстойлівае развіццё Палесся” ў Нацыянальнай акадэміі навук, Палессе застаецца самым “спеўным” краем з усіх беларускіх тэрыторый. Аднак якасная фіксацыя праяў яго культуры патрабуе добрай тэхнікі, якой часта не маюць нават прафесійныя даследчыкі.

Каб прадэманстраваць гісторыка-культурную спадчыну і сучасную культуру Палесся, удзел у фестывалі 24 верасня прымуць прадстаўнікі ўсіх раёнаў Гомельскай вобласці, а таксама Лунінецкага, Пінскага, Столінскага раёнаў Брэсцкай. На падворках яны будуць паказваць абрады сваёй мясцовасці. На галоўнай сцэне плануецца прэзентацыя фестывальных брэндаў Гомельшчыны, а таксама выступленні гуртоў з Украіны, Польшчы, Малдовы, Літвы, Расіі. Беларусь будзе прадстаўляць шэраг гуртоў, сярод якіх вядомая гомельская “Ягорава гара”. Будзе дзейнічаць асобная фальклорная пляцоўка, дзе плануюцца выступы аўтэнтычных выканаўцаў.

У межах фестывалю пройдзе конкурс юных майстроў “Перазвон талентаў”, будзе дзейнічаць пляцоўка “Палесся шчодры ўраджай” (пано з ягад, садавіны і гародніны, аб’ёмныя каркасныя касцюмы).

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"