Сэлфі на помніку?

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

На гэтым тыдні шэраг інтэрнэт-рэсурсаў распаўсюдзілі навіну пра тое, што быццам бы ў Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” будзе забаронена рабіць сэлфі на фоне помнікаў, а таго, хто парушыць забарону, музейшчыкі аштрафуюць.

Адразу з боку інтэрнэт-супольнасці пасыпаліся гнеўныя заявы, накшталт “Як так можна!”, “Гэта ж музей, а не абарончы аб’ект!” і нават “Музей вырашыў зарабіць на сваіх наведвальніках!”… Каб расставіць усе кропкі над “і”, “К” звязалася з установай.

— Сэлфі ў крэпасці рабіць можна, ніхто не забараняе і не можа забараніць, — запэўніла намеснік дырэктара комплексу Ларыса Бібік. — Але ёсць крытэрыі таго, як сэлфі рабіць. Калі нехта крыўляецца ля помніка “Смага”, а пасля выкладае сваё фота ў Інтэрнэт, дык варта казаць пра маральны бок асобы. Усё ж такі наш музей — своеасаблівы, і паводзіны тут маюць быць адпаведныя.

Як адзначыла намеснік дырэктара, нават і за такія, “скрыўленыя” фота, наведвальнікаў не аштрафуюць.

— Максімум, што могуць зрабіць у падобнай сітуацыі супрацоўнікі — папярэдзіць пра тое, што так паводзіць сябе ў нашым музеі нельга, — кажа Ларыса Бібік. — І ўсё. Ніхто не збіраецца цягнуць такіх “турыстаў” у пастарунак. Ды і, пагадзіцеся, не ў гэтым заключаецца галоўная наша задача...

Што да штрафаў, дык яны будуць прадугледжаны. Але не за сэлфі, а за пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца на тэрыторыі музея.

— Справа ў тым, што некаторыя нашы наведвальнікі пачалі залазіць на помнікі, прадстаўленыя ў крэпасці, хадзіць па руінах, — кажа Ларыса Бібік. — Папярэджанні ў такой сітуацыі нічога не зменяць. Таму мы вырашылі паставіць каля нашых помнікаў таблічкі, на якіх турыстам будзе нагадвацца пра тое, што пашкоджанне каштоўнасці будзе мець непрыемнасці. Гэта ўратуе помнікі гісторыі, а таксама, магчыма, і жыцці: некаторыя госці забіраюцца на самы верх аб’ектаў.

Шыльдачкі “Па руінах не хадзіць!” і “На помнікі не залазіць!” у хуткім часе з’явяцца на тэрыторыі. Змесцяць там і тэкст пра тое, што, адпаведна з заканадаўствам, штраф парушальнікам складзе ад 10 да 30 базавых.

— Забеспячэннем парадку і вырашэннем, штрафаваць наведвальніка ці не, зоймуцца адпаведныя органы, — адзначыла Ларыса Бібік. — Напрыклад, за парадкам у нас сочаць міліцыянеры, таму яны будуць і назіраць за тым, каб турысты паводзілі сябе прыстойна. Што да штрафаў за парушэнне правапарадку, дык яны будуць ісці не ў скарбонку комплекса, а ў адпаведныя структуры.

Як кажа Бібік, раней падобныя пытанні не стаялі.

— Яшчэ гадоў 5 — 10 таму наведвальнікі прыязджалі ў Брэсцкую крэпасць з адпаведным настроем, з горыччу аглядалі экспанаты, амаль у цішыні слухалі расповед, — кажа Ларыса Бібік. — Цяпер такога часам не назіраецца: некаторыя лічаць комплекс чарговым турыстычным і нават забаўляльным аб’ектам. Людзі забываюцца на тое, што тут, у сценах крэпасці, лілася кроў, гінулі… А пра гэта заўсёды варта памятаць, наведваючы наш музей. Іначай навошта сюды ехаць?..

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"