“Псалтыр” з макулатуры

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі Дзень бібліятэк адзначылі цэлым шэрагам імпрэз і акцый. Адна з іх асабліва прыцягвала ўвагу: Нацыяналцы перадалі ў дар кнігу 1765 года выдання, знойдзеную… у кантэйнеры з макулатурай.

Урачыстая цырымонія перадачы рэдкіх выданняў у рамках праекта “Кнізе — другое жыццё”, які ажыццяўляецца кампаніяй “Белгіпс-эка” з 2015 года, прайшла 15 верасня. Як адзначыў падчас мерапрыемства намеснік дырэктара Нацыяналкі Алесь Суша, гэта акцыя знакавая:

— Кампанія захоўвае кнігі, што былі ва ўжыванні, падчас кантэйнернага збору макулатуры, гэта значыць, мае своеасаблівую бібліятэку тых выданняў, якія з той ці іншай прычыны перасталі быць патрэбнымі гаспадарам, але сярод іх сустракаюцца і вельмі каштоўныя. Так, сёння бібліятэцы будуць перададзены дарэвалюцыйныя выданні твораў Крылова і Метэрлінка, але найважней за ўсё — унікальнае беларускае вучэбнае выданне XVIІI стагоддзя, якое раней належала Будслаўскаму бернардынскаму манастыру.

/i/content/pi/cult/604/13419/2-1.jpg

Падручнік па тэалогіі 1765 года.

Такім чынам, Нацыяналка атрымала ў гэты дзень падручнік па курсе тэалогіі на лацінскай мове Францыска Пшылецкага (1765 год, Вільня), які эксперты ўжо прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю, “Псалтыр” (1888 год, Кіеў), “Творы Памялоўскага” (1909 год, том І, Масква) і “Творы М.В. Гогаля. Поўны збор у адным томе” (1921 год, Масква).

— Да гэтага часу кампанія падоўжыла жыццё 27 тысячам кніг, 21 тысяча з якіх была перададзена ў 59 арганізацый, у тым ліку ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, — адзначыла ў сваёй прамове намеснік дырэктара кампаніі “Белгіпс-эка” Лілія Сёмачкіна. — Натуральна, мы збіраемся і далей працягваць гэтую дзейнасць, так што сённяшняе падпісанне пагаднення аб перадачы кніг у дар Нацыянальнай бібліятэцы, думаю, не апошняе.

Таксама ў гэты дзень у Нацыянальнай бібліятэцы краіны прайшоў “круглы стол”, прымеркаваны да 950-годдзя першай беларускай бібліятэкі — Бібліятэкі полацкага Сафійскага сабора — і Дня бібліятэк. У пасяджэнні ўзялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, самой установы, рэспубліканскіх бібліятэк і бібліятэк ВНУ краіны, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Мінскай духоўнай акадэміі, Інстытута тэалогіі імя святых Кірылы і Мяфодзія БДУ ды іншых арганізацый. А наступным днём, 16 верасня, у Нацыяналцы прайшоў яшчэ адзін, цяпер ужо міжнародны “круглы стол” на тэму “Прафесійныя СМІ і іх уплыў на прафесійныя кампетэнцыі: да 20-годдзя часопіса “Бібліятэчны свет”.

Да слова, Дзень бібліятэк супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі краіны адзначылі і з дапамогай светлавога табло на будынку. Так, 14 і 15 верасня мінчане і госці сталіцы змаглі прачытаць цытаты вядомых беларусаў аб кнізе і значнасці чытання. Напрыклад, такія як “Добрая кніга заўсёды з’яўляецца лепшым сябрам у жыцці” (Максім Танк), “Ну, з чым, скажы, з якой каханкай магу я кніжку параўнаць?” (Пятрусь Броўка), “Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца, як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца!” (Янка Купала), “З маленства люблю кнігу. Чытаць — гэта і праца, і свята” (Янка Брыль), “Любіце кнігу, бо яна — крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы” (Францыск Скарына), “Кнігі жывуць да тых часін, пакуль іх не толькі чытаюць, але і перачытваюць” (Якуб Колас). Усе выказванні выконваліся ў форме графічных выяў, якія можна было назіраць на электронным светлавым табло з 20.00 да поўначы.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"