“Нягледзячы на подпіс, карціна сапраўдная...”

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

Феномен Алены Аладавай
Аднойчы Алена Аладава, знаходзячыся ў Маскве па справах набыцця ў прыватных калекцыянераў твораў рускага мастацтва для Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, вырашыла наведаць “Куток Дурава” (з 1982 года — Тэатр жывёл імя Уладзіміра Дурава). Там працаваў адзін з яе добрых знаёмых яшчэ па даваенных часах. І так атрымалася, што ў пакойчыку, адразу за сланоўнікам, ей паказалі забруджанае палатно са знакамітым “Няроўным шлюбам” выдатнага мастака-перасоўніка Васіля Пукірава: “Як вам, Алена Васільеўна, гэта копія?” Аладава доўга ўглядалася ў карціну, параўноўваючы яе з “Няроўным шлюбам” 1862 года, які экспануецца ў Траццякоўцы. І нейкае шостае пачуццё вымушала думаць, што “дураўская” рэч — не копія! Словам, пайшла на рызыку — набыла “копію” за невялікія грошы. А калі ў Мінску яе адрэстаўравалі, высветлілася: гэта — аўтарскі варыянт-паўтор, зроблены Пукіравым у 1875-м!

Тую, на першы погляд, дзіўнаватую, фразу, якую я вынес у загаловак гэтага артыкула, я аднойчы пачуў ад самой Аладавай. Так, гэта жанчына мела не толькі пачуццё гумару, але і цудоўна валодала “вокам”: “Ведаеце, Барыс Аляксеевіч, музейшчыкі-збіральнікі дзеляцца на дзве катэгорыі: меншая частка збірае творы мастацтва вачыма, а большая... вушамі”. Сэнс гэтай фразы, думаю, расшыфроўваць не трэба. Аладава належыла да меншай часткі. Вось чаму я і пачаў свае ўспаміны пра гэту жанчыну якраз з Пукірава. Хаця падобных прыкладаў можна прывесці шмат. Мо таму і няма ў нашым музеі, па сутнасці, ніводнага “фальшака”. Я аднойчы спытаў, якім чынам гэта ў яе атрымліваецца. Яна ўсміхнулася і адказала: “Усё проста: гляджу, гляджу, гляджу на карціну і… выяўляю, арыгінал гэта ці падробка…”

Яна была асобай на рэдкасць шматграннай, у якой арганічна ўжываліся летуценнасць з дзелавітасцю, жаноцкасць з цвёрдасцю характара, прынцыповасць з дзіўнай дабрынёй у адносінах з калегамі і сябрамі. Па сваіх перакананнях яна была сапраўдным дзяржаўным чалавекам, і гэта акалічнасць забяспечвала ёй пастаянную падтрымку з боку кіраўніцтва рэспублікі. Для яе наш мастацкі музей быў на ўсё жыццё адушаўлённым арганізмам, бо яна з’яўлялася не толькі яго арганізатарам і натхняльнікам, але і ўніверсальным збіральнікам твораў высокага мастацтва і палымяным прапагандыстам духоўных каштоўнасцей.

/i/content/pi/cult/603/13415/15-1.jpg

Праўда, пасля яе смерці ў пэўных колах мастакоўскага асяроддзя з'явіліся нараканні за тое, што яна залішне шмат увагі аддавала аддзелу рускага мастацтва на шкоду беларускаму. Але тут я хачу ўнесці некаторыя карэктывы, каб раз і назаўсёды зняць такія пытанні. З аднаго боку, у тыя савецкія часы сітуацыя была такой, што творы беларускага мастацтва, выкананыя па дагаворах з Міністэрствам культуры і Саюзам мастакоў БССР, паступалі ў фонды музея на сталай аснове і ў дастатковай колькасці, бо выстаў праводзілася шмат, а асігнаванні на іх былі проста фантастычнымі ў параўнанні з сённяшнімі. Так, напрыклад, з другой паловы 1960-х (калі я працаваў у Міністэрстве культуры БССР) і ў 1970-я на адну планавую рэспубліканскую выставу асігнавалася ад 800 да 900 тысяч рублёў, што складала тады амаль паўтара мільёна долараў! Трэба ўлічыць: штогод праводзілася не менш за дзве буйныя выставы, лепшыя творы з якіх паступалі ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР і абласныя музеі.

Зусім па-іншаму ішло фарміраванне рускага аддзела нашага музея — калекцыі твораў жывапісу, скульптуры, графікі. На мастацкім рынку тых гадоў пераважалі вывезеныя ў якасці трафеяў творы заходняга мастацтва, сярод якіх было шмат другасных падробак. Знайсці рускую класіку было рэдкай удачай. Аднак шэдэўры рускага мастацтва, сканцэнтраваныя ў музеях ці ў прыватных калекцыях буйной краіны СССР, перакачоўвалі час ад часу ва ўласнасць беларускага музея па адных і даволі нестандартных маршрутах, якія натхнёна пракладала Алена Васільеўна. Яна мела добрыя сувязі з дзясяткамі музеяў і мноствам калекцыянераў Расіі і іншых рэспублік былога Саюза. Але адных сувязей для поспеху было мала. Урэшце — як і грошай. Дзяржаўныя расцэнкі на закупку класікі ў тыя часы былі нізкімі. Той ці іншы твор вельмі часта саступаўся ўладальнікам менавіта таму, што набываўся ён для “брацкай Беларусі” і перадаваўся ў “надзейныя рукі” Аладавай. Яе ведалі і паважалі як тонкага знаўцу мастацтва. А гэта ў асяродку калекцыянераў часта бывае даражэйшым за грошы. І яшчэ адна дэталь, дзіўная для таго часу: ёй верылі на слова і, без усялякай распіскі, бывала, аддавалі творы на “часовае захаванне” да разгляду экспертнымі саветамі.

Я сам таму неаднойчы быў сведкам. Быць калекцыянерам высокай пробы, якую прысвойвалі Аладавай калегі, няпроста, бо акрамя мастацтвазнаўчага кругагляду і беззаганнага эстэтычнага “нюху” трэба было мець і многія іншыя якасці. Ганяючыся па ўсім Савецкім Саюзе за кожным творам, яна бачыла яго ўжо ў ансамблі гістарычнага сузор’я вялікага гучання, дзе беларускае мастацтва займала сваё пачэснае месца. Дарэчы, менавіта пры Аладавай на ўсім першым паверсе музея працавалі залы айчыннага беларускага мастацтва, якія пазней, ужо пасля Алены Васільеўны, у час рэканструкцыі былі закрыты на доўгія часы. І апошняе. Сёння у пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея большасць прадстаўленых твораў жывапісу, скульптуры і графікі — менавіта “аладаўскага” перыяду.

Зараз жа прывяду некалькі цікавых прыкладаў пра тое, як Аладава “здабывала” творы і нацыянальнага мастацтва.

Пачну са знакамітай карціны Міхаіла Савіцкага “Партызанская мадонна (Мінская)”. Пра гісторыю яе стварэння мне распавёў аўтар, хаця часткова і я сам быў таму сведкам. Слова Савіцкаму: “З Аладавай быў у мяне такі выпадак. Калі маю “Партызанскую мадонну” набыла Траццякоўская галерэя, яна не магла сабе дараваць, што ўпусціла гэта палатно. І некалькі гадоў хадзіла за мной і ўгаворвала паўтарыць яго для нашага мастацкага музея. Але таму што я паўтораў сваіх карцін ніколі не рабіў і рабіць не буду, то, зразумела, адмовіўся. Аднак нястомная Алена Васільеўна настойліва працягвала на мяне “ціснуць”. І неяк я не вытрымаў і, убачыўшы ў падвале музея старую, але вельмі моцную і цудоўную раму, сказаў жартам: “Добра, у гэтую раму я мог бы намаляваць што-небудзь падобнае...” І — пайшоў. Літаральна праз дзень — званок у майстэрню. Уваходзяць рабочыя і беражліва цягнуць тую самую раму з падрамнікам! Збянтэжыўся, канешне. Але што зробіш? Слова — не верабей... Адрэстаўраваў раму і пачаў працаваць. Так і з’явілася карціна “Партызанская мадонна (Мінская)”. Зразумела, яна зусім іншая, чым тая, што ў Траццякоўцы, — і па кампазіцыі, і па вобразным ладзе, і па колерабачанні. Вось так: каб не Аладава — не было б гэтага палатна...”

Каб не Аладава, магчыма, не было б і “галоўных” карцін іншых знакамітых беларускіх мастакоў. Так, палотны “Маё Палессе” Гаўрылы Вашчанкі (1971) і “Мой дом” Васіля Сумарава (1969) аказаліся ў Маскве ў Траццякоўцы. І Алене Васільеўне прыйшлося прыкласці нямала сіл, каб гэтыя работы знайшлі сваё пастаяннае месца прапіскі ў родным Дзяржаўным мастацкім музеі БССР (праўда, яна ў 1972-м папрасіла Сумарава зрабіць другі варыянт, таму што першы ўжо быў падараваны Міністэрствам культуры СССР Ташкенцкаму мастацкаму музею).

Гаўрыла Вашчанка прыгадваў: “Аладава заўсёды вельмі пакутвала і перажывала, калі з-пад яе рук з розных прычын “уплываў” той ці іншы твор, які яна жадала мець у калекцыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Так адбылося і з карцінай “Маё Палессе”, якую я напісаў у 1971 годзе. Гэта работа з поспехам экспанавалася спачатку ў Мінску, потым у Маскве, і Міністэрства культуры СССР набыло яе за шэсць тысяч рублёў — па тых часах вельмі добрая сума. Потым карціна пайшла па Еўропе, за яе я атрымаў залаты медаль ВДНГ СССР. Канешне, усё гэта было мне прыемна, але вось для Аладавай — удар! Яна дараваць сабе не магла, што работа трапіла ў Маскву проста з-пад яе носа! Яе спробы вярнуць карціну на радзіму поспеху не мелі. І тады Алена Васільеўна папрасіла мяне зрабіць для музея яе паўтор. Я пагадзіўся. Але чыстае палатно распачаць так і не змог. Зрабіць паўтор для мяне было звыш усялякіх сіл: лягчэй намаляваць новую карціну. З цяжкім настроем пайшоў да Аладавай. Папрасіў прабачэння — яна мяне зразумела, бо была разумнай жанчынай... Прайшоў год. І нечаканна для мяне пабачыў сваю, тую самую карціну, у нашым Мастацкім музеі! Так я дакладна і не даведаўся, якія намаганні зрабіла Аладава, каб вярнуць “Маё Палессе” на радзіму...”

Менавіта дзякуючы Аладавай амаль усе галоўныя карціны Мая Данцыга, якія павінны былі “асесці” ў Маскве, вярнуліся ў Беларусь. Я маю на ўвазе палотны “Беларусь — маці партызанская”, “Партызанскае вяселле” і “Нацюрморт. Пра Вялікую Айчынную...”

А далей я распавяду пра амаль дэтэктыўны лёс вядомай дыпломнай карціны “Вяселле” Леаніда Шчамялёва, якая дзякуючы Алене Аладавай захавалася для нашага мастацтва...

Працяг чытайце ў наступных нумарах.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"