“Я ўдзячны лёсу за пражытыя гады...”

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

17 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылося свята: культурная грамадскасць Мінска адзначыла 80-годдзе вядомага мастацтвазнаўцы, журналіста, мастака Алега Сурскага.

 /i/content/pi/cult/159/1341/Sursky1.jpg

А.Сурскі.

Алег Аркадзьевіч Сурскі — “знакавая” асоба ў галіне мастацкай крытыкі. З
яго імем у значнай ступені звязаны пад’ём беларускага мастацтвазнаўства і выхад нашай мастацкай крытыкі на ўсесаюзную арэну. Яго творчае крэда сфарміравана ў эпоху хрушчоўскай “адлігі”, у час, калі пачалася ломка ідэалагічных стэрэатыпаў, догмаў і шаблонаў.

Сярод дзеячаў культуры Алег Аркадзьевіч быў у авангардзе барацьбы за новае, неангажыраванае мастацтва.

У яго актыве — шматлікія артыкулы і публіцыстычныя нарысы ва ўсесаюзным і рэспубліканскім друку, манаграфіі, альбомы і каталогі, прысвечаныя творчасці беларускіх жывапісцаў і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. Апроч таго, Алег Сурскі як мастак-практык — аўтар многіх музейных, выставачных экспазіцый, дызайнерскіх афармленняў інтэр’ераў буйных будынкаў. Яму даводзілася працаваць разам з А.Анікейчыкам, Г.Вашчанкам, А.Кішчанкам, М.Савіцкім, У.Стальмашонкам, Б.Заборавым, сябраваць з выдатнымі савецкімі крытыкамі Л.Крамарэнка, С.Базазанц, Ю.Асмалоўскім, Д.Сараб’янавым, А.Кантарам, Л.Жадавай, М.Аўсяннікавым, Р.Астроўскім, Г.Плятнёвай...

“Думаючы аб пражытых гадах, — гаворыць Алег Аркадзьевіч, — я ўдзячны лёсу за дачыненне, прыналежнасць да тых людзей і тых працэсаў у мастацтве, якія сталі часткай нацыянальнай культуры ХХ стагоддзя...”

Так, гэта ён, Алег Сурскі. Таленавіты, разумны, камунікабельны, прывабны, прынцыповы ў пытаннях мастацтва, адданы сяброўству і любові, які стварыў сябе сам і як мастацкі крытык аказаў вельмі значны ўплыў на наступнае пакаленне беларускіх мастацтвазнаўцаў.

“Партрэт пакалення” — менавіта так называецца і выстаўка, прысвечаная юбілею Майстра, на якой прадстаўлены не толькі фатаграфіі яго манументальна-дэкаратыўных твораў, кнігі і часопісы з яго артыкуламі, але і карціны тых мастакоў, якім ён прысвяціў свае мастацтвазнаўчыя даследаванні, — В.Грамыкі, М.Данцыга, В.Сумарава,
 /i/content/pi/cult/159/1341/Sursky2.jpg
Г.Паплаўскага, А.Кроль, В.Цвіркі...

На вернісажы з цёплымі словамі на адрас юбіляра выступілі старшыня Беларускага саюза мастакоў — У.Савіч, ад Міністэрства культуры — галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў М.Мішчанка, народныя мастакі Беларусі Г.Паплаўскі, Г.Вашчанка, М.Данцыг, заслужаны дзеяч мастацтваў Б.Крэпак, мастацтвазнаўцы Н.Усава, М.Баразна, І.Назімава, Л.Дзягілеў, Л.Фінкельштэйн, А.Белавусаў, рэжысёр А.Карпаў, школьны сябра Р.Някрасаў, а таксама сын А.Сурскага — Дзмітрый Сурскі, старшыня Беларускага саюза дызайнераў.

Алег Аркадзьевіч у сваім заключным слове шчыра падзякаваў усім, хто прыйшоў на яго вечарыну, хто павіншаваў яго з днём нараджэння, і хто зрабіў такую выдатную экспазіцыю яго выстаўкі — музейным супрацоўнікам.

Барыс КРЭПАК