Скансэн на сувязі

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

Як выжываць пад адкрытым небам?
Ці шмат вы ведаеце дырэктараў рэспубліканскіх музеяў, якія выкладаюць свой нумар асабістага мабільнага тэлефона на музейным сайце, каб, так бы мовіць, і днём і ноччу быць на сувязі з кожным наведвальнікам установы? Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Эдуард БАГДАНОВІЧ робіць так ад пачатку сваёй працы на пасадзе кіраўніка беларускага скансэна. Маўляў, трэба ж заўсёды мець зваротную сувязь як са сваімі ўдзячнымі сябрамі, так і з не менш зацікаўленымі крытыкамі ды дарадцамі... А наша гутарка пра знакаміты музей пад адкрытым небам, яго сённяшняе і заўтрашняе жыццё, праблемы і перспектывы — скансэн, да слова, сёлета адзначае 40 гадоў з часу стварэння, — пачаліся над картай-схемай музейнай тэрыторыі. А што, даволі зручна: словы пра зробленае ці задуманае падмацоўваліся нагляднай дэманстрацыяй на канкрэтных музейных аб’ектах ці мясцовасці, што ляжыць каля вёскі Строчыцы…

— Скажам, цягам апошняга часу мы ўсталявалі на тэрыторыі музея 13 месцаў адпачынку і 4 альтанкі, каб нашы госці маглі не толькі паўзірацца ў аўтэнтычныя драўляныя аб’екты, а яшчэ і адпачыць на прыродзе, — пачаў гутарку Эдуард Багдановіч, паказваючы мне на карце тыя месцы, дзе ўсё гэта знаходзіцца. — Да слова, зрабілі гэта за кошт нашых пазабюджэтных сродкаў: за апошні час яны павялічыліся амаль утрая — да двух мільярдаў рублёў за 2015-ы.

/i/content/pi/cult/603/13405/6-1.jpg

Эдуард Багдановіч з картай музея.

— За кошт чаго ўдалося настолькі паспяхова “згуляць” на ніве платных паслуг? Можа, вы значна ўзнялі кошт білета ў музей?

— Паспяхова спрацавалі па адной прычыне: апошнім часам увялі дадаткова каля 15 арыгінальных і цікавых мерапрыемстваў. Гэта “Зялёныя святкі”, “Юр’еў дзень”, “Купалле”, “Беларусь сярэднявечная”… Праўда, мы вельмі залежым ад надвор’я: скажам, за гэту зіму праз дрэнныя кліматычныя ўмовы скасавалі правядзенне шасці мерапрыемстваў! Так што працаваць “пад адкрытым небам” заўсёды складана. А што да коштаў на білеты… Напрыклад, дзіцячы білет у скансэн каштуе 2,5 рублі, а турыстычныя кампаніі, якія прывозяць да нас экскурсіі з усёй Беларусі, бяруць з таго ж дзіцяці ў разы больш.

— Не сакрэт, што значна спрыяюць музею і правядзенне знакавых імпрэз: згадаю хоць бы фальклорны фестываль “Камяніца”, які ў чарговы раз праходзіць на тэрыторыі музея ўжо сёння, 10 верасня.

— Так, “Камяніца” нам вельмі дапамагае выконваць нашу асноўную місію: збіраць, ахоўваць і дэманстраваць нашчадкам скарбы нашай Бацькаўшчыны. Штогод сабраныя на фестывалі сродкі ідуць на рамонт будынкаў-экспанатаў. Напрыклад, дзякуючы 180 мільёнам рублёў, заробленым у 2014 годзе, мы летась адрамантавалі адзін з самых адметных нашых помнікаў — кузню.

— Многія скардзяцца на недахоп месцаў адпачынку ў музеі, на малую колькасць месцаў для харчавання, на тое, што дарогі ў вас не асфальтаваныя…

— Праблемы вядомыя. Пра альтанкі, дзе можна адпачыць, я ўжо згадваў. Кропкі харчавання на той жа сёлетняй “Камяніцы”, — дарэчы, яна пройдзе пры фінансавай падтрымцы ААТ “Банк БелВЭБ”, — мяркую, змогуць задаволіць усіх ахвотных. Дарэчы, у нашых планах стварэнне сваёй, музейнай кропкі харчавання — пакуль, як вядома, у нас на гэтай ніве працуюць прыватнікі, якія арандуюць адзін з нашых будынкаў пад карчму. Што да дарог, дык гэта пытанне спрэчнае. Тут галоўнае вось што: ці цэнім мы аўтэнтыку, ці хочам, каб усё на тэрыторыі музея было так, як, скажам, у вёсцы канцы XIX стагоддзя? Калі адказ на гэтае пытанне станоўчы, дык адкуль тады пытанні пра дарогі?

— Наколькі я ведаю, у некаторых замежных скансэнах дарогі ўсё-такі асфальтуюць…

— Сапраўды, скажам, у Музеі народнага побыту ў Літве, дзе мы нядаўна пабывалі з выставай “Вяселле Заходняга Палесся”, сёння ўсе дарогі заасфальтаваны. Але ж там і дахі крыюць шыферам, калі частка чаротавай хаціны абвальваецца! Мы такога зрабіць не можам: дбаем пра свой імідж... З іншага боку, пасля дажджу, залевы нашы дарогі сапраўды робяцца непраходнымі. Таму думаем, якое прыняць на гэты конт рашэнне, не парушыўшы аўтэнтычнасць музейнай тэрыторыі. Можа, паспрабаваць зрабіць частку дарог брукаванымі? Дарэчы, дзе-нідзе драўляныя насцілы на дарогах у нас ужо ёсць...

— Раз мы ўжо закранулі праблемныя пытанні, не магу не спытацца пра транспарт. Многія скардзяцца, што даехаць да вас можна не заўсёды.

— Так, згодны з гэтым. Але мы робім усё, што магчыма: пастаянна звяртаемся ў “Мінсктранс”, просім, каб хаця б на вялікія імпрэзы нам паставілі дадатковыя рэйсы. На жаль, пакуль да нас па-ранейшаму ідуць толькі два аўтобусы раніцай і вечарам. Таму многія нашы наведвальнікі нярэдка кіруюцца да мінскага мікрараёна "Малінаўка", а там шыбуюць да нас пехатой. Я і сам гэта раблю часам улетку, бо шлях у 4 кіламетры не такі ўжо і вялікі. Але, натуральна, гэта не адмаўляе таго, што аўтобусныя рэйсы нам вельмі патрэбны, бо, скажам, сталым людзям ці сем’ям з маленькімі дзецьмі падобны летні шпацыр не прапануеш. Ды і надвор’е не заўсёды бывае добрым…

— Ці хапае фінансавання на бягучы і капітальны рамонт аўтэнтычных драўляных будынкаў, асабліва калі ўлічыць, што апошнія з’яўляюцца аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны?..

— Фінансаванне пад гэтыя мэты прадугледжана, але, скажам, не ў такім аб’ёме, як нам хацелася б. Але нягледзячы на гэта, цягам года мы зрабілі бягучы рамонт у вяночным двары хаты з вёскі Волева Дубровенскага раёна, у млыне з вёскі Даматканавічы Клецкага раёна, у свіране з вёскі Салон Старадарожскага раёна, у іншых нашых помніках. Таксама ў нас адкрыўся новы музейны аб’ект: царква з вёскі Барань Аршанскага раёна, на што пайшло з 2013 года каля пяці мільярдаў рублёў. А на чарзе — рэстаўрацыя іншых аб’ектаў, якія таксама запатрабуюць мільярдных асігнаванняў. Гэта млын з вёскі Зелянец Хоцімскага раёна (патрэбны 2 мільярды недэнамінаваных рублёў у коштах студзеня 2015 года), хутар з вёскі Цімошкава Міёрскага раёна (4,5 мільярда рублёў), царква з вёскі Вялец Глыбоцкага раёна (400 мільёнаў рублёў). Не кажу ўжо пра патрэбу капітальнага рамонту адміністрацыйнага будынка на тэрыторыі музея, які пацягне прыкладна ў 500 мільёнаў рублёў.

— Эдуард Антонавіч, вы раней займалі пасаду намесніка начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама. Ці прыдаўся вам вопыт працы абласнога кіраўніка на пасадзе дырэктара музея?

— Натуральна, бо музеяў я пабачыў за гэты час вельмі шмат. Але Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту — установа ўнікальная, мае сваю спецыфіку працы. Да таго ж, тут маеш дачыненне да больш канкрэтных спраў, чым тады, калі быў на пасадзе ў Мінаблвыканкаме. І галава, што называецца, “баліць” не пра нейкія паказчыкі, а пра канкрэтныя праблемы…

— Якія напрыклад?

— Ну, скажам, пра належную інфраструктуру музея-скансэна. Калі ён толькі задумваўся і паўставаў — у 1976 годзе — і гаворкі не было пра нейкія інжынерныя камунікацыі (скажам, той жа водаправод), пра электрычнасць, асвятленне, пра стварэнне аб’ектаў для харчавання або начлегу… Цяпер усім гэтым даводзіцца займацца. Сёння наведвальнікам трэба не проста паўзірацца ў аўтэнтыку, а пабавіць свой час з камфортам. Зразумела, гэтага камфорту без належнай інфраструктуры проста не зробіш.

— У гэтай справе дапамогу можна атрымаць і ад спонсараў. З прыватнікамі на гэты конт не звязваліся?

— Тут, хутчэй, варта спадзявацца на Дзяржаўную інвестыцыйную праграму, якая здолее вырашыць нашы праблемы. Прыватнік пракладанне камунікацый проста не “пацягне” — не тыя ў яго фінансавыя магчымасці. Але гэта не значыць, што мы з прыватнымі арганізацыямі не ўзаемадзейнічаем. Мы з імі вельмі добра сябруем, але ў іншых накірунках сваёй дзейнасці.

— Многія наведвальнікі хацелі б бачыць у скансэне не толькі пустыя хаты, а і майстроў, хатніх жывёл, ласавацца мёдам ці свежымі гуркамі… Хочацца, карацей кажучы, інтэрактыву.

— Вось якраз у справе інтэрактыву, як я лічу, нам вельмі могуць дапамагчы прыватнікі. Бо мы не “Дудуткі”, дзе ўсё зроблена з сучасных матэрыялаў, таму можна і майстроў у будынкі пусціць, і курэй. Мы ўсё ж такі павінны дбаць пра ахову гістарычных аб’ектаў, а з хатнімі жывёламі на гэта можна забыцца. Таму і нарадзілася думка пабудаваць на тэрыторыі музея асобны комплекс драўляных будынкаў, дзе маглі б дэманстраваць сваё майстэрства рамеснікі, “кватараваць” куры з авечкамі, а побач вырошчваліся агуркі з памідорамі. Мяркуем прыцягнуць да гэтай справы прыватных інвестараў. Іншая справа, што тут ёсць пэўныя заканадаўчыя перашкоды: пабудаваны будынак прыватнік павінен будзе перадаць у поўную музейную ўласнасць.

— А ў чым тады будзе зацікаўленасць у прыватніка?

— Мяркую, гэты аб’ект можа і павінен будзе выступаць у ролі своеасаблівай рэкламы таго ці іншага прыватніка. Маўляў, бачыце, наколькі якасна наша фірма можа рабіць тыя ж драўляныя будынкі! Таксама мы будзем пастаянна рэкламаваць гэтага інвестара, дэманстраваць наведвальнікам яго рэкламную прадукцыю і нават прадаваць што-нішто ў сваёй музейнай краме… Так што, як бачыце, ніхто не застанецца ў накладзе, узаемадзеянне будзе ўзаемакарысным. Дарэчы, некаторыя канкрэтныя прапановы па гэтым праекце ў мяне на сёння ўжо ёсць. Але пакуль не буду раскрываць усе карты…

— І апошняе пытанне. Святкаваць 40-годдзе музея плануеце?

— Фактычна ўсе нашы акцыі, імпрэзы, падзеі, што сёлета ўжо адбыліся ці адбудуцца ў музейных наваколлях, праходзяць пад знакам святкавання 40-годдзя музейнай установы. Асобнае, святочнае мерапрыемства ладзіць не плануем. Ды і, шчыра кажучы, проста няма калі: спраў вельмі шмат, і праца над імі адбірае ўвесь час. Хай лепш наведвальнікі прыязджаюць да нас у Строчыцы проста так, без святкаванняў: у скансэне сапраўды ёсць на што паглядзець.

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"