Мара Каплана з Рагачова

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

Гісторыя аднаго лёсу, які і праз стагоддзі змяняе творчы складнік горада
У 2010 годзе калекцыянер і мецэнат з Санкт-Пецярбурга Ісак Кушнір падарыў гораду Рагачовe 14 работ знакамітага мастака Анатоля Каплана. З гэтай падзеі, пра якую “К” неаднаразова згадвала ў сваіх публікацыях, адкрылася новая старонка ў гісторыі культурнага жыцця горада. Цудоўна і тое, што ўдзельнікамі гэтай акцыі наўпрост сталі і юныя мастакі — навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў Рагачова. Ну а сёння хацелася б як прыгадаць біяграфію Каплана, так і “біяграфію” праекта.

Па парадзе Марка Шагала

Анатоль (Танхум) Каплан нарадзіўся ў Рагачове ў 1903-м. Ён быў трэцім дзіцем у шматдзетнай яўрэйскай сям’і, з дзяцінства любіў маляваць і марыў стаць мастаком. У 21 год ён пакідае родны горад і, па парадзе Марка Шагала, едзе ў Петраград паступаць у Акадэмію мастацтваў. Гэты горад назаўжды паланіў маладога мастака класічнай архітэктурай, унікальнай гісторыяй і прыгажосцю. Скончыўшы вучобу, Анатоль па закліку сэрца прыязджаў у Рагачоў, падтрымліваючы сяброўскія адносіны з суседзямі і сябрамі. А вось жыў ён у Паўночнай сталіцы Расіі і не саромеўся свайго правінцыйнага паходжання, падпісваючы свае працы “Каплан з Рагачова”. Як Віцебск назаўжды быў у сэрцы ў Марка Шагала, так і Рагачоў сілкаваў творчыя карані Анатоля Каплана. Упоравень з яўрэйскім фальклорам у сваіх работах ён увесь час вяртаўся ў месца свайго дзяцінства, аддаючы перавагу родным рагачоўскім матывам.

Каб у Рагачове ўбачылі…

Усё жыццё, да апошніх дзён у 1980-м, Каплан пражыў у Ленінградзе, працуючы па пяць — шэсць гадзін штодня. І на схіле гадоў ён хацеў каб у Рагачове ўбачылі тое, чаму ён прысвяціў усё сваё жыццё: афорты, скульптуры, эцюды. А ў многіх работах Анатоля Львовіча ажывае горад яго дзяцінства, пакручастыя вулачкі, домікі, якія пакрывіліся, і іх жыхары.

Пасля смерці Каплана яго мару ажыццявіў калекцыянер Ісак Кушнір. У яго зборы — большая частка работ мастака. Гэты чалавек сапраўды вырашыў пазнаёміць жыхароў Рагачова са спадчынай майстра. Нарэшце, першая “партыя” афортаў была перададзена тутэйшаму Музею народнай славы.

/i/content/pi/cult/602/13392/13-1.jpg

Ажылы ў новым поглядзе

А далей механізм, натхнёны талентам земляка, стаў толькі набіраць абароты. Шчыльнае супрацоўніцтва дзіцячай школы мастацтваў і музея вылілася ў выставу “Прысвячэнне майстру”. Тут афорты мастака і малюнкі дзяцей мастацкіх аддзяленняў Рагачоўскай, Побалаўскай і Ціхініцкай дзіцячых школ мастацтваў былі прасякнуты адзіным духам. Малодшыя (6 — 10 гадоў) пераказвалі дэкаратыўныя матывы работ Каплана, і перад гледачом ўзнікалі раскошныя наіўныя козы, чароўныя кветкі і дрэвы. Старэйшым навучэнцам (11 — 16 гадоў) давялося ствараць ілюстрацыі — развагі на аснове графіцы Анатоля Львовіча.

Гэту выставу разам з жонкай наведаў ганаровы госць нашага горада, лаўрэат галоўнага прыза цырымоніі “Залаты Рог-2014” Ісак Кушнір. Ён быў нечакана ўражаны і ўзрушаны ўбачаным, той глыбінёй раскрыцця дзецьмі ды падлеткамі тэмы творчасці і мастацкага свету Каплана. Ён нават вырашыў паказаць гэту выставу ў горадзе на берагах Нявы.

Падзея: з Рагачова ў Санкт-Пецярбург…

І сапраўды: з 20 мая па 20 чэрвеня 2014-га адбылося дзівосная, на першы погляд, і адначасова значная падзея не толькі для Рагачоўскай дзіцячай школы мастацтваў, але і для самога горада. У сценах Яўрэйскага абшчыннага цэнтра Санкт-Пецярбурга прайшла выстава работ юных рагачоўцаў пад назвай “Чароўны свет Каплана”, якая ўключала каля паўсотні акварэляў, гуашаў, малюнкаў пяром, пастэллю, выкананых юнымі мастакамі. У Санкт-Пецярбургу дзіцячыя малюнкі атрымалі высокую ацэнку ад мастацтвазнаўцаў і супрацоўнікаў Рускага музея і Эрмітажа, каму блізкая творчасць Анатоля Каплана.

…усёй школай

Ісак Кушнір — чалавек шчодрай душы, вырашыў паднесці яшчэ адзін падарунак для маленькіх мастакоў Рагачоўскай школы мастацтваў. Ён запрасіў дзяцей і іх выкладчыкаў наведаць “паўночную Венецыю” з 19 па 21 ліпеня 2014-га — акурат у пару белых начэй. Усе выдаткі звязаныя з паездкай, Ісак Якаўлевіч прыняў на сябе.

Са сваім памочнікам Аляксеем Кацапалавым ён з неверагоднай душэўнасцю і клопатам прадумаў дэталі. Цягам трох дзён навучэнцы ўпершыню пабывалі ў горадзе на Няве і наведалі сваю выставу “Чароўны свет Анатоля Каплана”. Для іх была праведзена аглядавая экскурсія па горадзе, экскурсіі ў Эрмітаж, Ісакіеўскі сабор і храм Спасу-на-Крыві, падарожжа на цеплаходзе па рэках і каналах. Пабывалі дзеці і на свяце выпускнікоў “Пунсовыя ветразі”.

Чытанні, імя для школы і яшчэ 24 работы

Пасля паездкі настаўнікі аддзялення прапанавалі сваім падапечным перанесці на паперу ўражанні ад падарожжа. Так нарадзілася яшчэ адна выстава дзякуючы Каплану і Кушніру. Дарэчы, па ініцыятыве Ісака Львовіча ў нашым горадзе ўпершыню прайшлі міжнародныя Капланаўскія чытанні з удзелам мастацтвазнаўцаў і музейных работнікаў з Мінска, Віцебска, Масквы і Санкт-Пецярбурга. А горад атрымаў яшчэ 24 работы знакамітага земляка.

Варта адзначыць, што ў школе працуюць высокапрафесійныя і ініцыятыўныя педагогі-мастакі, якія з’яўляюцца ядром гарадскога пленэра “Рагачоўскія плёсы”, які летась, дарэчы, быў прысвечаны вывучэнню творчай спадчыны Анатоля Каплана. Вынікі гэтай працы (больш за 50 работ) паказалі на зімовай выставе, якая называлася “...Родам з Рагачова”.

Шчыльнае супрацоўніцтва калекцыянера з Санкт-Пецярбурга і раённага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аформілася і ў прапанове надаць імя Каплана дзіцячай школе мастацтваў. Пасля выканання неабходных працэдур прынятае рашэнне ажыццявіцца ўжо сёння, 3 верасня, у рамках святкавання Дня беларускага пісьменства. А магчыма, праз некаторы час народзіцца і конкурс-фестываль імя Каплана.

Урэшце, пакуль мара самабытнага рагачоўца спраўджваецца, а яго творчая спадчына вяртаецца ў горад дзяцінства.

Ніна ЯКУНІНА, настаўнік мастацага аддзялення Рагачоўскай ДШМ