Ад косткі да калегіума

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

З ХІІІ стагоддзя: школа Гродзеншчыны ў адной выставе
Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей прадставіў адмысловы праект “Collegium, gymnasium, schola”, дзе на прыкладзе прадметаў з фонда музея, большасць з якіх паказана ўпершыню, прасочваюцца этапы гісторыі школьнай адукацыі на Гродзеншчыне. Шматузроўневыя працэсы цягам стагоддзяў паказала праз матэрыяльныя сведчанні эпох аўтар канцэпцыі — вядучы навуковы супрацоўнік Ірына Граблеўская, а таксама гістарычныя аддзелы музея.

Першаўзоры мясцовай асветы ў выглядзе кірылічных літар з ХІІ стагоддзя мы разглядаем

на фрагменце косткі

з Верхняга Панямоння, кавалку звана, а пасля імгненна ўключаем генетычную памяць, выкліканую надпісам на прасялцы: “ги (господи) помози рабе и дай”, і ўзнаўляем асацыятыўныя вобразы з сівой старажытнасці, усведамляючы, што ужо з І паловы ХІІІ стагоддзя пачынаецца распаўсюджанне беларускай пісьменнасці з характэрнымі моўнымі асаблівасцямі. Да ўсіх экспанатаў гістарычнай часткі выставы можна дадаць характарыстыку “ўнікальныя”, шмат якія з іх паходзяць з даваеннай калекцыі, сабранай археолагам, краязнаўцам, заснавальнікам музея Юзафам Ядкоўскім.

Як вядома, вялікакняжацкім быў Стары замак Гродна, таму інтрыгуюць сваёй датычнасцю да

“залатога стагоддзя”

рукапісы перыяду Вялікага Княства Літоўскага, пісьменства якога развівалася ў першую чаргу ў канфесійных рамках пры праваслаўных і каталіцкіх храмах і манастырах, дзе працавалі перапісчыкі. Там жа можна было засвоіць асновы пісьма. Галоўным недахопам тагачаснай асветы была адсутнасць спецыялізаваных падручнікаў — у іх якасці выкарыстоўваліся даступныя настаўнікам кнігі. У гэты час рукапісы маглі мець розную сістэму пісьма: устаў, паўустаў, скорапіс. Шэраг дакументаў з’яўляецца прыкладам тагачаснага скорапісу, але найбольш цікавы — ліст вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста да Войцеха Дзевялтоўскага, падкаморыя ковенскага, датаваны 26 сакавіка 1566 года. Ён сведчанне таго, што паралельна са стараславянскай у XVI стагоддзі сфармавалася старажытнабеларуская мова — афіцыйная для дзяржаўных дакументаў і заканадаўства.

У перыяд Рэчы Паспалітай працягвала развівацца складаная

канфесійная сістэма

школьнай адукацыі для міран і духавенства, што адлюстроўвала рэлігійную талерантнасць на нашых землях. Дзейнічалі праваслаўныя брацкія школы, найбуйнейшая з якіх — Віленская, адкрытая з дазволу караля Стэфана Баторыя ў 1584 годзе, з развіццём пратэстанцкага руху арганізоўваліся кальвінісцкія зборы з пачатковымі школамі, а таксама вучылішчамі ў Гродна, Навагрудку, арыянскімі — у Навагрудку, Любчы. У плыні контррэфармацыі ўзмацняліся каталіцкія манаскія ордэны з найбуйнейшай у краі Езуіцкай акадэміяй у Вільні, шматлікімі калегіумамі, адзін з якіх, езуіцкі, быў адчынены ў Гродна ў 1625-м. Паўсюль абавязковай мовай навукі і справаводства была лацінская, таму ў экспазіцыі прадэманстравана, скажам, рэдкая “Філасофія граматыкі” Каспара Сцьюпі, выдадзеная ў Амстэрдаме ў 1659-м. Том спачатку быў уласнасцю езуітаў, а пасля дамініканскай і гродзенскай мужчынскай гімназій. Па кнізе ў форме пытанняў і адказаў вывучалі латынь.

Добрая адукацыя прадугледжвала вывучэнне сямі “свабодных мастацтваў”: граматыкі, рыторыкі, дыялектыкі, арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, музыкі. Геаграфія як прадмет да XVII стагоддзя не была абавязковай, але яе вывучэнне стымулявалася

геаграфічнымі адкрыццямі.

/i/content/pi/cult/602/13391/12-1.jpg

На выстаўцы прадстаўлены падручнікі па прадмеце “Найноўшая геаграфія” Яна Наўмэньскага (Варшава, 1729) з размаляванымі ўручную картамі, а таксама “Дзіцячы атлас” Міхаіла Груля (Варшава, 1772) з шыкоўнымі гравюрамі.

Навучанне ў Гродзенскім езуіцкім калегіуме пачыналася ад пачатковай школы — “інфімы” да вышэйшай з філасофскім аддзяленнем, а міране і духавенства атрымлівалі вышэйшыя ступені магістраў. Лепшыя педагогі Еўропы ў 1586 — 1599 гадах склалі

школьны статут

“План і распарадак у грамадстве Ісуса” — узор арганізацыі навучальнага працэса ва ўсіх рэлігійных школах незалежна ад канфесіі, які дзейнічаў без змен да 1832 года. Хочацца патрымаць у руках настольную грыфельную (аспідную) дошку з ХІХ стагоддзя (такія самыя з каляровага сланцу існавалі ў Еўропе яшчэ з ХІІІ стагоддзя), на ёй навучаліся пісьму, вялі падлікі спачатку грыфелем, а пазней алюмініевымі палачкамі пакаленні гродзенцаў.

Пры рэлігійных школах існавалі тэатры,

дзе навучэнцы выступалі ў касцюмах на фоне дэкарацый на розных мерапрыемствах, а таксама перад гараджанамі. Пра высокі ўзровень выканання сведчыць той факт, што езуіцкі калегіум Гродна даваў спектаклі ў 1704-м для Пятра І. З канца XVII стагоддзя пры калегіуме была арганізавана Музычная бурса, будынак якой прымыкаў да касцёла. Цікава, што першая згадка пра яе адносіцца да 1707-га і звязана з князем Галіцыным, які пасля канцэрта “выкраў з бурсы дзвух музыкантаў і з гарматамі адправіў у Маскву”. Цытра ў экспазіцыі дае ўяўленне пра музычныя інструменты таго часу, а салідны “Градуал” — рукапісная нотная кніга для каталіцкай імшы XVIII стагоддзя нават інспіруе наведвальнікаў на выкананне па ёй спеўных фрагментаў.

Сейм Рэчы Паспалітай 1773 — 1775 гадоў па прапанове падканцлера княства Іяхіма Храптовіча ўтварае

першае ў Еўропе Міністэрства асветы —

Адукацыйную камісію, да якой пераходзяць уладанні і будынкі скасаванага ордэна езуітаў, у тым ліку Віленскай акадэміі, рэфармаванай ў 1880 — 1883 гадах адпаведна з ідэямі эпохі Асветніцтва. У ёй ужо ўладамі Расійскай імперыі ў 1803 годзе створаны цэнтр адукацыі ў краі — Віленскі ўніверсітэт, куратарам якога, як і Віленскай вучэбнай акругі, стаў Адам Чартарыйскі. Школьная адукацыя была перададзена іншым каталіцкім ордэнам, існавалі піярскія вучылішчы ў Лідзе, Шчучыне, Лужках, базыльянскія — у Жыровічах, Барунах. Тыповай гісторыяй навучальнай установы адрознівалася Дамініканская школа-гімназія Гродна, большая частка манастырскага будынка якой (касцёл быў разабраны ў ХІХ стагоддзі) захавалася да сённяшняга дня, а макет яе першапачатковага выгляду ХVІІІ стагоддзя ўзноўлены для гледачоў Ігарам Лапехам. Шафы музейнай залы заключаюць у сабе экзатычныя энтамалагічныя, мінералагічныя калекцыі, гербарыі, заспіртаваных у вялікіх колбах саламандраў і жабкаў, зуб маманта, мікраскопы — шмат з таго, што было ў той час у кабінетах натуральных навук гімназіі. Рэдкія сёння падручнікі па біялогіі з шыкоўнымі каляровымі ілюстрацыямі, па матэматыцы, граматыцы, хіміі XVIII — пачатку ХІХ стагоддзяў, унікальнае выданне Яна Снядэцкага “Геаграфія, або матэматычнае і фізічнае апісанне зямлі” (Варшава, 1804 г.), школьны сшытак 1813 года прымушаюць стойваць дыханне ад дакранання да рарытэтаў. А прадстаўлены “Спіс прадметаў, якія выкладаліся на працягу 1819 — 1820 навучальнага года ў Свіслацкай гімназіі Гродзенскай губерніі” (Вільня, 1820) даюць уяўленне пра тое, што было прыярытэтным у адукацыі нашых шматлікіх вядомых землякоў, у тым ліку знакамітага Напалеона Орды, які менавіта ў гэтым годзе скончыў трэці клас гімназіі.

Пасля лістападаўскага паўстання 1831 года і ўдзелу ў ім выкладчыкаў і студэнтаў указам расійскага імператара Мікалая I быў зачынены Віленскі універсітэт, а таксама ў 1833-м і Дамініканская гімназія ў Гродне, яе маёмасць часткова была перададзена рускай губернскай Гродзенскай гімназіі, пераведзенай у іншы будынак (палац Станіславова). Існавалі

правілы для кватэр,

дзе пражывалі гімназісты: устаноўленая плата (15 — 20 рублёў), цёплая і сухая бялізна, яе пранне, стол з пажыўнай ежай, выклік кватэраўладальнікам урача для хворага гімназіста з аплатай лекаў з 50-працэнтнай зніжкай у аптэцы. Прадстаўляюць цікавасць і некаторыя тэмы выпускных сачыненняў 1884 — 1885 навучальнага года за пяты клас: “Калумб адкрыў Амерыку”, “Характарыстыка Гектара”, “Грамадства, прадстаўленае ў камедыі “Гора ад розуму” Грыбаедава і адносіны да яго Чацкага”. За добрыя адзнакі зніжалі кошт навучання, але існавалі і спагнанні, найбольш частым з якіх быў карцар, куды адпраўлялі на тэрмін ад гадзіны да сутак. У музейнай зале стаіць і лава з розгамі, а таксама мяшочак з гарохам, што спрыяла “выхаванню” вучняў і што з задавальненнем выпрабоўваюць сённяшнія экскурсанты.

Былы будынак манастыра дамініканаў па загадзе губернатара Мураўёва быў рэарганізаваны ў

“Благородный пансион”,

які ў 1872-м перадалі Жаночай гімназіі. Прадстаўленая ў экспазіцыі Праграма публічных экзаменаў якой прадугледжвала і здачу іспытаў па рукадзеллі. Настаўнікаў для пачатковых школ рыхтавалі ў чатырох настаўніцкіх семінарыях, шэраг дакументаў характарызуе дзейнасць Свіслацкай (1876 — 1921): фотаздымкі будынка і выпускнікоў з выкладчыкамі, а таксама з архіва выпускніка Рамана Салаўя, іншыя дакументы, у тым ліку арыгінальнае пасведчанне аб яе заканчэнні.

Да 1911 года ў губерні налічвалася 2480 навучальных устаноў, у якіх

вучыліся 87 386 чалавек

(у тым ліку 22 працэнты дзяўчынак). Сярод праваслаўнага сельскага насельніцтва былі распаўсюджаны руска-беларускія школы. Вялікую ўвагу адкрыццю школ на роднай мове для дзетак-беларусаў надавала пісьменніца Цётка (Алаіза Пашкевіч), выдаўшы “Лемантар” і іншыя падручнікі. Асобны раздзел экспазіцыі апавядае пра сістэму адукацыі ў яўрэйскіх кагалах, калі дзеці вучыліся ва ўласных рэлігійных школах — спачатку ў настаўнікаў-меламедаў, затым у хедарах, ешывах. У экспазіцыі неабходная Тора ХІХ стагоддзя і срэбная ўказка для яе чытання дапаўняюцца металічнымі знакамі яўрэйскіх навучальных устаноў Гродна, а таксама кнігамі, найбольш цікавая з якіх — “Пачатак яўрэйскай граматыкі” Вольбарта 1788 года.

Падчас Першай сусветнай вайны і нямецкай акупацыі асяродкамі беларускага руху сталі школы, з іх 46 дзейнічала ў Гродзенска-Беластоцкай акрузе, што было няшмат у параўнанні з колькасцю польскіх школ. На фотаздымку відаць будынак былога Барысаглебскага, а раней бернардзінскага манастыра, дзе была ў 1915-м адчынена першая беларуская школа ў Гродна. Праз год з’явілася і першая польская, а таксама харцэрская арганізацыя імя Стэфана Баторыя.

У перыяд другой Рэчы Паспалітай шырокую дзейнасць па адкрыцці беларускіх школ, выступаючы супраць паланізацыі, праводзіла

Таварыства беларускай школы.

На здымках з’езда яго ўдзельнікаў у Гродне ў 1927 і 1928 гадах можна ўбачыць мясцовых актывістаў і гасцей з Вільні — вядомых Аляксандра Уласава, Рыгора Шырму. Цікавасць уяўляе брашура “Ёлка Дзеда Мароза” як калядны абразок-п’еса, выдадзеная Галоўнай управай ТБШ для пастаноўкі ў школах. Працавалі беларускія гімназіі ў Вільні, Радашковічах, Нясвіжы, Клецку, Будславе, на Гродзеншчыне — у Навагрудку, у 1927 — 1928 гадах у рэгіёне — 78 беларускіх і беларуска-польскіх школ. Здымак навучэнцаў беларускай школы Гродна 1920-х узнаўляе не толькі іх твары з дырэктарам Уладзімірам Федаруком у цэнтры, а і нейкую ледзь улоўную шчырасць узаемаадносін тых часоў. Таксама прадстаўлены шэраг тагачасных падручнікаў, у тым ліку “Геаграфія Беларусі” Аркадзя Смоліча (Вільня, 1923), “Сінтаксіс беларускай мовы” Язэпа Лёсіка (Вільня, 1927), а “Буквар” (Львоў, 1923) дэманструе распаўсюджанне ў той час беларускай “лацінкі”. Можна адзначыць, што да 1939 года большасць беларускіх навучальных устаноў была забаронена польскімі ўладамі.

У Гродне з 1920-га дзейнічае польская мужчынская гімназія імя Адама Міцкевіча з высокім узроўнем выкладання, пра што сведчыць набытае для кабінетаў абсталяванне, а таксама існаванне школьнага батанічнага сада, гурткоў: спартыўных, фатаграфічнага, мадэлявання. У 1920 — 1930-х кадры рыхтавала настаўніцкая жаночая семінарыя. Шматлікія падручнікі на польскай мове па прыродзе, гісторыі, матэматыцы, рэлігійныя, слоўнікі, сшыткі вучняў, фотаздымкі пераносяць нас у недалёкае мінулае Гродна, дзе ў 1925-м было 15 агульнаадукацыйных школ, адна прыватная назарацянская і 7 іудзейскіх.

…У савецкі перыяд

вялікую ролю ў выхаваўчых працэсах улада надавала асвеце. Ужо ў 1945 — 1946 навучальным годзе ў Беларусі функцыянавала 10,9 тысяч навучальных устаноў. Экспазіцыя, прысвечаная 1950-м — пачатку 1990-х выклікае настальгічныя пачуцці ў большасці наведвальнікаў. Музейшчыкі стварылі такі знаёмы школьны пакой з карычневай дошкай, геаграфічнай картай, пафарбаванымі драўлянымі партамі, за якія сядаюць сённяшнія наведвальнікі і спрабуюць пісаць металічным пяром і чарніламі з чарнільніцы-непралівайкі. Ілюзію старога класнага пакоя ўзмацняюць манекены са школьнай формай — карычневай сукенкай з фартушком, сінім хлапчуковым касцюмам, піянерскай формай з чырвоным гальштукам. Пераносяць у 1960 — 1980-я мілыя рэаліі: сшыткі з каліграфічнымі літарамі і “прамакашкамі”, старыя дзённікі, падручнікі і буквары, розныя падзячныя граматы і лісты, пенал, лагарыфмічная лінейка, школьныя партфелі. А з якой радасцю супрацоўнікі прыносілі фотаздымкі, дакументы свае і сваіх бацькоў, бабуль, напаўняючы экспазіцыю жывой энергетыкай і чысцінёй шчаслівага дзяцінства. Асобныя стэнды утрымліваюць атрыбуты Усесаюзнай піянерскай арганізацыі імя Леніна: горн, барабан, вымпелы, значкі, нашыўкі “зялёнага патруля”, “блакітнага патруля”. Раздзел экспазіцыі прысвечаны адукацыі невідушчых дзяцей: прыборы для пісьма і азнаямлення са шрыфтам Брайля, вучнёўскія сшыткі і спецыяльны грыфель, буквар, а самае цікавае — глобус з выпуклымі кропкамі замест назваў і высокім рэльефам на месцы кантынентаў. Сцены ўпрыгожвае вялікае палатно “Мічурынцы”, дзе паказаны навучэнцы ў школьнай форме 1950-х на прышкольным участку, а таксама шматлікія плакаты.

Марына ЗАГІДУЛІНА, мастацтвазнаўца

Гродна