Як за дзень стаць ганчаром

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

Лета скончылася. Але клопат бібліятэкараў, клубнікаў ды музейшчыкаў не стаў меншым. У адпаведнасці з гэтым не паменела і карэспандэнцый на адрас рэдакцыі. Большасць з іх — рэха мінулага сонечнага сезона. Не бяды: развітваемся з гэтым летам і чакаем наступнага. А праца сумаваць не дасці.

Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці паведамляе пра поспех Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь — музычна-драматычнага тэатра “Гарадзенскі званочак” Цэнтра культуры Гродна. Справа ў тым, што калектыў атрымаў дыплом першай ступені на XXIV Міжнародным фестывалі дзіцячых і юнацкіх тэатраў “Балтык-Сатэліт- 2016” (польскі горад Сейны). ”Але гэта не адзіная перамога дзіцячага тэатра, — адзначана ў лісце. — “Гарадзенскі званочак” паспеў перамагчы на фестывалі “Тэатральны калейдаскоп” у Санкт-Пецярбургу, атрымаў Гран-пры на фэсце тэатраў у польскіх Сувалках”.

Наш пастаянны аўтар са Століна Галіна Гашчук распавядае пра ўдзел столінскіх рамеснікаў у VI Міжнародным фестывалі ганчароў, што адбыўся ў горадзе Скапін Разанскай вобласці. Мерапрыемства праходзіла ў Цэнтры народных мастацкіх промыслаў і рамёстваў. Тут сабраліся глінамесы з Даніі, В’етнама, Латвіі, Узбекістана… Прымалі ўдзел у конкурсах і дзеці. Ганчары паказалі майстэрства ў вырабе цацак, посуду, скульптур. Гасцей прывабіла квэст-гулня “Стань ганчаром за адзін дзень”.

/i/content/pi/cult/602/13390/11-1.jpg

Інфармацыя з Ашмяншчыны. “Бібліятэкар сельскай бібліятэкі вёскі Будзёнаўка Марыя Пазняк, — піша метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ашмянскай праённай бібліятэкі Галіна Палубінская, — штомесяц ладзіць літаратурныя гасцёўні “Беларускія пісьменнікі — юбіляры-2016”. Прычым, выбірае розныя формы працы для дзіцячай ды дарослай аўдыторый. У выніку чытачы бліжэй пазнаёміліся з творчасцю Кандрата Крапівы, Змітрака Бядулі, Васіля Віткі… Апошнім у гасцёўню “завітаў” Генадзь Бураўкін, якому 28 жніўня споўнілася б 80 гадоў. Чарговыя сустрэчы будуць прысвечаны творчасці Ніла Гілевіча, Максіма Багдановіча, Івана Муравейкі”.

Плённым было лета і для бібліятэкара філіяла “Лішкаўская сельская бібліятэка” (Бераставіцкі раён) Зоі Хлебнікавай. Яна паведамляе: “Падведзены вынікі конкурсу “Цудоўна з кнігай лета правядзем”. У ім прымалі ўдзел і мясцовыя дзеці, і тыя, хто прыехаў у вёску на адпачынак. Для лепшых чытачоў была арганізавана экскурсія на пагранічную заставу “Сямёнаўка”. Такія мерапрыемствы сталі традыцыйнымі”.

Дырэктар Наваполацкай дзіцячай мастацкай школы імя Івана Хруцкага Аксана Тарасікава піша пра тое, што 8 верасня ў гэтай установе адкрыецца персанальная выстаўка творчых работ “Жывапіс. Графіка” мастака Пятра Грывусевіча.

“У Маларыцкай школе мастацтваў, — піша Мікалай Навумчык, — было пяць аддзяленняў: інструментальнае, эстраднае вакальнае, харэаграфічнае, мастацкае і тэатральнае. Дарэчы, тэатральнае адкрылася першым на Брэстчыне. А з 1 верасня далучылася шостае — аддзяленне фатаграфіі. Навучальны план зацверджаны Міністэрствам культуры. Дзеці атрымаюць веды па кампазіцыі, колеры, свеце і жанрах фотаздымкаў. Навучацца іх рабіць і апрацоўваць”.

Свята яблык адбылося ў Жукоўшчыне, што ў Дзятлаўскім раёне. Настасся Голуб распавядае пра тое, што “садовы ўраджай быў сёлета надзвычайным. Садавіны хапіла і для святочнага дэкору, і для вясёлай вясковай эстафеты. А былі яшчэ тэатралізацыя, спевы ў выкананні народнага ансамбля аддзела культуры і дасугу “Казлоўшчынскі ДК”. Пявунні, дарэчы, і яблычны пірог згатавалі. А сутнасць эстафеты заключалася ў тым, каб не толькі перанесці яблыкі на адлегласць, але і “зварыць” з іх джэм, пабудаваць піраміду…

У Любанскім гарадскім парку культуры і адпачынку прайшло маладзёжнае свята “Open air summer”. Арганізавалі яго супрацоўнікі Раённага цэнтра культуры. “Бібліятэкары запрасілі ахвотных на пляцоўку летняга чытання, — піша загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Любанскай раённай бібліятэкі Святлана Баброўнік. — Падведзены вынікі раённага конкурсу па арганізацыі летняга чытання дзяцей “Сонца на кніжнай старонцы”. Акрамя дыпломаў пераможцы атрымалі новую кніжку Івана Муравейкі, якому сёлета споўніцца 95 гадоў. Работнікі раённай дзіцячай бібліятэкі правялі забаўляльна-пазнаваўчую праграму “Ключ ад лета”. А прадстаўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі райбібліятэкі арганізавалі “Book Station” у рамках праекта “Гучаць словы пісьменнікаў-землякоў”.

Ганненскі кірмаш віраваў у Зэльве. Традыцыйная дзея адраджаецца ўжо ў дзявяты раз. Пра гэта распавяла рэдакцыі загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Ламека. “Напярэдадні ў нашай установе адкрыўся музейны пакой ”… кірмаша”, — піша аўтар. — Частка экспазіцыі распавядае пра яго мінулае. Другая — пра сучасную гісторыю адраджэння аўтэнтычнай падзеі. Адзін з раздзелаў прысвечаны коням — галоўнаму аб’екту кірмашовых таргоў”.

Ніна Дыдышка з Пружан распавяла, што карціны мастака Івана Чарнякевіча, якія выстаўляліся ў Пружанскім палацыку, творца ахвяраваў музею.

Мікола Панасюк даслаў дзве карэспандэнцыі. Першая — пра Яўгенію Ступніцкую, жыхарку вёскі Міхнавічы, што ў Івацэвіцкім раёне. Хутка ёй споўніцца дзевяноста. Яна нарадзілася яшчэ за польскім часам, памятае жахі Вялікай Айчыннай вайны. Вёска, насуперак усяму, выжыла, мае 147 жыхароў, большасць з якіх — працаздольныя. Пра ўсё гэта кабета распавяла на свяце Міхнавічаў, якія адзначылі 500-годдзе. Падзея адбылася на беразе стаўка, дзе доўга не сціхалі песні.

Другая інфармацыя Міколы Панасюка — пра дабрачынны кірмаш, што прайшоў у Серафімаўскім храме Брэста. Мерапрыемства чарговы раз арганізавалі актывісты маладзёжнага братэрства. Прадаваўся тавар, зроблены ўласнаручна: фатаграфіі, малюнкі, лялькі ды цацкі, вышыўкі, кулінарныя вырабы. Грошы ад продажу пайшлі на набыццё кніжак для бібліятэкі сацыяльнага прытулку ў вёсцы Оса Кобрынскага раёна.

Два паведамленні даслаў Мікалай Шаўчэнка. “Да 20-годдзя адкрыцця помніка воінам-інтэрнацыяналістам, піша ён, — у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе выстаўка карцін Леаніда Шакінко “Афганістан — мой боль”. Асаблівае месца ў серыі займаюць партрэты загінулых воінаў”. Другі ліст распавядае пра мабільную экспазіцыю музея на свяце ДТСААФ. Мерапрыемства праходзіла ў сталічным парку імя Міхаіла Паўлава. А экспазіцыя на аўтамабільным паўпрыцэпе называлася “Вызваленне Беларусі. Верасень 1943 года — ліпень 1944-га”. На 30 квадратных метрах дэманструюцца фотадакументы, карціны, плакаты, лістоўкі, асабістыя рэчы ўдзельнікаў вызвалення Беларусі.

І апошняя сённяшняя навіна, дасланая прэс-службай Полацкага райвыканкама. Сёння ў раёне распачынаецца чарговы Грыбны чэмпіянат. Пасля сустрэчы з Полацкім лесавіком каля двухсот каманд па чатыры чалавекі пачалі збор грыбоў. Лепшыя будуць узнагароджаны па шэрагу намінацый і атрымаюць права вучыцца ў Полацкім грыбным універсітэце ці ў ліцэі імя Сыраежкіна.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"