Расквеціць край зямлі абрыкосамі

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

З ўсёй сур’ёзнасцю, на якую толькі здольны чалавек гадоў трох, пазіруе “Дзяўчынка з чырвонай стужкай”. Побач спрабуе ўтаймаваць непаслухмяны “Белы бант” іншая малая. Яны ў сілу свайго ўзросту мала ведаюць свет, таму яшчэ шчыра вераць у тое, што дабро абавязкова перамагае зло, а маміны рукі адвядуць ад іх любую бяду.

 /i/content/pi/cult/159/1339/Arcelj1.jpg

Члены аб’яднання мастакоў “Арцель”.

Маленькія гераіні Сяргея Рымашэўскага падобныя да падатлівай гліны: ад дарослых залежыць, з якім сэрцам яны пойдуць па жыццёвым шляху. У тэхналагічны век шмат абмяркоўваюць экалагічныя катастрофы ў прыродзе, аднак часта забываюцца на праблемы душы. Каб паспрыяць выпраўленню падобнай сітуацыі, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя РБ і ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама і галерэі ARS LONGA адкрылася выстаўка “Экалогія душы” аб’яднання мастакоў “Арцель”, якое налічвае больш за 10 удзельнікаў.

“Арцельшчыкі” імкнуцца прыцягнуць увагу грамадства да праблемы выжывання людзей і якасці жыцця. Невыпадкова экспазіцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня Зямлі, пачынаецца з партрэтаў дзяцей. Калі атрымаецца выхаваць іх вартымі асобамі, то можна спадзявацца на зварот новага пакалення да адвечных чалавечых каштоўнасцей. “Шлях ісціны” бачыць у гэтым і Мацвей Басаў. “Апора жыцця” бацькоў — у дочках ці сынах, якія, у сваю чаргу, фарміруюць светабачанне на ўроках старэйшых. Гэта своеасаблівы колазварот у прыродзе чалавецтва. Малеча ў няўмелых руках ператворыцца ў жорсткую крыважэрную істоту, накшталт “Інфанты і яе мінулага жыцця” Сяргея Малішэўскага.

Не страціць шчырасці пачуццяў, адчуваць глыбіню і цэласнасць сусвету дапамагае казка.

“Вяртанне, або Прывал ля белай вежы”, “Адзінарог і ружа”, “Райскі яблык” Рыгора Іванова не толькі зачароўваюць шчырасцю эмоцый, але і дапамагаюць абудзіць тыя натуральныя пачуцці, якія ўласцівы далёкаму часу, калі бадай усе — “вясёлыя і няхітрыя”.

Усмешка — адна са сцежак да ачышчэння сучаснасці ад чэрствасці. Тады без злосці выслухаеш суседку, што, лежачы на канапе ў бігудзі і старэнькім халаце, марыць пра фігуру мадэлі (“Прывітанне Мадзільяні” Валянціна Губарава). І адразу знікне цяжкая “Настальгія” (Алена Шлегель) па маладосці, бо паўстае яна, калі ўсе астатнія гады былі марна пражыты.

Хтосьці знаходзіць выйсце ў святых запаветах, іншы ставіць у абсалют гармонію, прыгажосць, непарыўнасць чалавека і Космасу. У бездані часавай “Стыхіі” (Рыгор Несцераў) мы — усяго маленькія пясчынкі. Але ў гульні са Смерцю ў душэўнай Прыгажосці заўсёды будзе “Джокер” (Сяргей Рымашэўскі). І нават закінуты “На краю зямлі” (Рыгор Несцераў) хутар, ацеплены сардэчнасцю, можа ўзімку расквеціць прастору абрыкосавымі фарбамі. За самай выверанай формай абавязкова павінна быць душа. Мастакі “Арцелі” мараць дапамагчы чалавеку вярнуць страчаную ім душу, злучыць розум і сэрца.

Настасся ПАНКРАТАВА