“Падслухана” ў сталіцы

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

Дзе ўпершыню са сцэны загучала беларуская мова і адкуль пачалася акадэмічная гісторыя айчыннага мастацтва? Шукаем музычныя адрасы сталічнага Верхняга горада з заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Віктарам Скарабагатавым.

/i/content/pi/cult/602/13387/14-1.jpgВуліцы старога Мінска ўсё часцей становяцца канцэртнымі пляцоўкамі — штолета там гучаць джаз і класіка ў выкананні сусветных зорак, праходзяць выступы маладых беларускіх гуртоў.

— Гэта тэрыторыя ўжо шмат год з’яўляецца сапраўдным музычным кварталам, — упэўнены Віктар Скарабагатаў, саліст і рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, прафесар, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кіраўнік калектыва “Беларуская капэла”. — Тут усё так ці інакш звязана з музыкай.

Каб давесці гэта, артыст склаў адмысловы маршрут для тых, хто цікавіцца музыкай і гісторыяй Мінска.

Інтэрнацыянальная, 30

Пачынаем шпацыр ад будынка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

— Першапачаткова кансерваторыя знаходзілася на вуліцы Кірава (заснавана ў 1932-м). Будынак, які мы зараз бачым, з’явіўся тут толькі ў 1950-я. Да 1984 года побач з ім быў зусім іншы будынак, — паказвае Віктар Іванавіч у бок сучаснай гасцініцы “Еўропа”. — У 1968 годзе я прыйшоў менавіта туды, каб паступіць у Мінскае гарадское музычнае вучылішча. Быў залічаны, але, скончыўшы толькі першы курс, — пайшоў служыць у войска. Тады нават не ведаў, што спяваю са сцэны, дзе ўпершыню ў гісторыі акадэмічнага жанра оперы загучала беларуская мова! Будынак рэканструявалі некалькі разоў, але якраз там размяшчаўся Мінскі гарадскі тэатр, дзе ў 1852-м адбылася прэм’ера оперы “Сялянка” Станіслава Манюшкі і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. За самі словы “беларус”і “беларускі” тады можна было апынууца ў турме, а супольны твор быў літаральна прасякнуты беларускім духам, таму сам факт пастаноўкі — творчы і грамадзянскі подзвіг аўтараў. З дваццаці опер Манюшка на лібрэта Дуніна-Марцінкевіча напісаў чатыры. Дзе, як не на плошчы Свабоды, ставіць помнік ім абодвум? Урэшце, тое і здзейснілі да сёлетняга Дня горада.

Рэвалюцыйная, 2

Наступны пункт экскурсіі — будынак, дзе ў 1930-я размяшчалася Беларуская акадэмія навук.

— Гэта вуліца тады была вельмі “культурнай” — тут знаходзіўся дом беларускага радыё (Рэвалюцыйная, 3), дзе працаваў сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам дырыжора Мікалая Клауса, — распавядае Віктар Іванавіч. — Будынак на левым баку ў самым пачатку вуліцы (Рэвалюцыйная, 15) — колішні Інстытут беларускай культуры, заснаваны ў 1922 годзе як правобраз будучай Акадэміі навук. Адтуль і пачалася акадэмічная гісторыя беларускага мастацтва. Там працавалі кампазітары Мікалай Аладаў і Мікалай Чуркін, Вячаслаў Селях — адзіны канкурэнт Фёдара Шаляпіна, які пасля рэвалюцыі 1917 года вярнуўся ў Мінск, скончыў сваю кар’еру спевака і ўзначаліў музычную камісію Інбелкульта. Дзякуючы яго намаганням, упершыню на беларускай мове прагучала опера Даргамыжскага “Русалка” на сцэне гарадскога тэатра, які мы ведаем ужо як Купалаўскі.

Плошча Свабоды, 7

Накіроўваемся ў бок Архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі і Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

— Цяпер дзевяціметровая прыбудова да касцёла належыць гімназіі-калежду пры Акадэміі музыкі, — кажа Віктар Скарабагатаў. — Раней тое была звычайная музычная школа, перад гэтым тут размяшчаўся дом губернатара, але першапачаткова — езуіцкі калегіум. Натуральна, прытрымліваліся квадрывіуму, таму разам з арыфметыкай, геаметрыяй і астраноміяй выкладалі музыку. То бок ужо больш за чатырыста год у Мінску існуе добрая музычная адукацыя.

Леніна, 10

Спыняемся на рагу вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай.

— Цяпер мы бачым тут кавярню, але шмат хто яшчэ памятае, што ў гэтым будынку размяшчаўся Беларускі саюз кампазітараў і канцэртная зала пры ім. Яшчэ не так даўно камісія Міністэрства культуры і саюза купляла творы ў кампазітараў, і звычайна гэта адбывалася ў той самай зале. Да вайны, натуральна, у іншым памяшканні, але такім жа чынам: кампазітар выконваў твор і чакаў на рашэнне камісіі. У 1936 годзе Ісак Любан выканаў там песню, якую хацеў прадаць, але камісія адмовіла яму. Любан засмуціўся, кінуў ноты ў сметніцу і пайшоў, але ў зале сядзела будучая народная артыстка СССР Ларыса Пампееўна Александроўская. Яна дастала ноты і заспявала: “Бывайце здаровы, жывіце багата!” Літаральна праз некалькі гадоў гэту песню ўжо лічылі народнай.

Энгельса, 3

Далей маршурт праходзіць каля дома, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады выбітнага кампазітара Станіслава Манюшкі.

— Манюшка нарадзіўся ў 1819 годзе ў фальварку Убель (цяпер Чэрвеньскі раён), але калі прыйшоў час вучыць сына, бацькі разам з ім пераехалі ў Мінск, — расказвае Віктар Іванавіч. — На другім паверсе гэтага дома знаходзілася кватэра, дзе і жыла сям’я кампазітара. Вучыўся ён у будынку праз дарогу (Інтэрнацыянальная, 20). На другім паверсе ратушы размяшчалася канцэртная зала — у сярэдзіне XIX стагоддзя база мінскага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Дамініка Стэфановіча, да якога Манюшка разам з сябрам Фларыянам Меладоўскім хадзіў вучыцца музыцы. На сцяне дома Манюшкі некалькі год таму ўсталявалі мемарыяльную дошку. Выяву для яе скапіравалі з партрэта мастака Чэслава Манюшкі, які намаляваў сына за раялем. На першым паверсе ў XIX стагоддзі тут размяшчалася нотная крама Аляксандра Валіцкага, які першым напісаў і выдаў біяграфію кампазітара.

Інтэрнацыянальная, 33а

Ідзем да Дома-сядзібы Ваньковічаў.

— Будынак належыў не мастаку Валенцію Ваньковічу, а яго брату Эдварду, які ажаніўся з роднай цёцяй Станіслава, — нагадвае Віктар Скарабагатаў. — Таму калі Манюшка прыязджаў у Мінск, часта спыняўся ці то ў доме Ваньковічаў, ці то ў доме Зімніцкага ў Музычным завулку, які цяпер называюць Домам масонаў. А гэтая альшына пасярод двара расце тут не менш за 150 год, таму, магчыма, пад ёй сядзеў калісьці і Манюшка. Гэта дрэва ўвогуле адно з найстарэйшых, што захаваліся ў Мінску, — тут быў першы батанічны сад, заснаваны Ваньковічамі.

Плошча Свабоды

Падыходзім бліжэй да музычнай лаўкі Агінскага, што з’явілася тут у мінулым годзе.

— Агінскі сапраўды быў вельмі папулярным кампазітарам сярод беларусаў, таму гэта лаўка стаіць тут невыпадкова, — тлумачыць Віктар Іванавіч. — Калі Анджэй Залуцкі, нашчадак кампазітара, у 1990-я прыязджаў у Мінск, на сустрэчу з ім Адам Мальдзіс прыйшоў з журналістамі газеты “Імя”. Там была рубрыка “Скверны рэйтынг” — апытанку пра ўлюбёных творцаў журналісты выдання праводзілі ў скверы, дзе цяпер гарадская Ратуша. У нумары, які карэспандэнты прынеслі Залуцкаму, мінчане адказвалі на пытанне, хто іх улюбёны кампазітар. На першым месцы — Агінскі. На другім — Бах. На трэцім — Шастаковіч. Анджэй не паверыў, пайшоў з калегамі на вуліцу з тым жа пытаннем і быў уражаны — каго ні спыні, кожны як мінімум ведае паланэз “Развітанне з Радзімай”.

Сквер ля Ратушы

На пачатку кожнай гадзіны над гарадской Ратушай гучыць 19-секундны фрагмент з “Песні пра Мінск” — цяпер гарадскога гімна на музыку Ігара Лучанка і словы Пімена Панчанкі. Ідзем туды, каб не прапусціць гэты момант. Самі падпяваем: “Мой родны Мінск Пад небам жураўліным Жыві, квітней пад зоркай залатой…” І зноў здзіўляемся думцы, наколькі ўсе гукі на гэтай тэрыторыі невыпадковыя.

Дарэчы

30 жніўня ў галерэі "Панарама" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрыўся фотапраект майстроў аэраздымкі "Мінск з неба", прымеркаваны да Дня горада. Сярод яго ўдзельнікаў і Дзямід Важнік, чый фотаздымак мы сёння публікуем.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"