Погляд з “… Вежы” на тэатр

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

9 верасня ў Брэсце адкрываецца ХХІ Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”, які збярэ 26 тэатраў (і такую ж колькасць спектакляў), а таксама крытыкаў, тэатразнаўцаў з 17 краін свету. Па колькасці прададзеных білетаў ужо сёння зразумела: чакаюцца аншлагі.

Арганізатарамі свята з’яўляюцца абодва брэсцкія выканкамы — абласны і гарадскі, Міністэрства культуры Беларусі і, вядома, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, які ў свой час выступіў ініцыятарам правядзення такога форуму. За дваццацігоддзе існавання тэатральнай “…Вежы” з яе “назіральных вокнаў” адкрываліся самыя разнастайныя творчыя далягляды. Але ў якія бакі ні скіроўваліся б фестывальныя позіркі, заўсёды ў полі зроку заставаліся тэатры постсавецкай прасторы. Не адным, а некалькімі калектывамі было прадстаўлена і тэатральнае мастацтва нашай краіны. Сёлета гэтыя традыцыі не толькі захаваліся, але і ўзмацніліся.

— Нагадаю, што ў снежні, — распавёў “К” дырэктар фестывалю, генеральны дырэктар — мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Аляксандр Козак, — спаўняецца 25 гадоў з утварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У розныя гады ў нашым фестывалі ўдзельнічалі многія творчыя калектывы з гэтых краін. Не было прадстаўлена хіба туркменскае прафесійнае тэатральнае мастацтва — дарэчы, не толькі на “Белай вежы”, але і ўвогуле ў Беларусі. Сёлета мы ліквідуем гэты прабел: 14 верасня на сцэне Цэнтра маладзёжнай творчасці будзе паказаны спектакль “Мы абавязкова сустрэнемся…” Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя Аляксандра Пушкіна з Ашхабада.

Дададзім, што п’еса была напісана паводле гісторыка-дакументальнага рамана “Чужы” вядомага туркменскага пісьменніка і перакладчыка Атаджана Тагана. Раман, у сваю чаргу, узнік на аснове дзённікавых запісаў французскага вайскоўца канца ХІХ стагоддзя, які больш за год знаходзіўся ў туркменскім палоне. Ну, а ў фестывальных абставінах назва спектакля ўспрымаецца больш чым сімвалічна — як прапанова далейшага творчага супрацоўніцтва: “Мы яшчэ сустрэнемся…”.

Не меншую ўвагу культурнай грамадскасці Брэста і гасцей форуму павінны прыцягнуць спектаклі з Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана (дарэчы, адтуль прыедуць два розныя калектывы), Кыргызстана, Латвіі, Малдовы, а таксама, зразумела, шматлікія пастаноўкі з Расіі і Украіны. Заходнееўрапейскі кантэкст створыць прадстаўніцтва Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы (адтуль таксама будуць два тэатры), Румыніі, Францыі, Чэхіі.

Як заўжды, цікава і разнастайна будзе паказана наша айчыннае мастацтва. Гаспадары форуму прапануць “школьны квэст” — “Дарагая Алена Сяргееўна” ў пастаноўцы Цімафея Ільеўскага. Яшчэ тры калектывы запрошаны са сталіцы: Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага з шэкспіраўскай камедый “Дванаццатая ноч” (гэтаму спектаклю выпаў гонар адкрываць фестываль), Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр з “Козім востравам” і паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч” пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі з музычна-драматычным монаспектаклем “Пачакай, сонца!”.

Жанравая палітра форуму, як заўжды, максімальна разнастайная: ёсць і мюзікл, рок-опера, пластычныя ды харэаграфічныя пастаноўкі, вулічныя спектаклі, а таксама, да прыкладу, “гульня ў гатычны трылер”, “непраўдападобная прытча”, “тэатр формы”, “тэатральны сеанс з аркестрам, сапрана і акцёрамі”.

Журы ў звыклым сэнсе слова на форуме няма, але экспертны савет вызначае лепшыя працы. А галоўнае, паводле здавён закладзенай традыцыі, кожны фестывальны паказ атрымлівае на заўтра публічнае абмеркаванне запрошаных на форум крытыкаў з розных краін і ўсіх зацікаўленых. Так што “ацэнкі збоку” гарантаваны практычна ўсім удзельнікам. Што ні кажыце, а фестываль такога кшталту — магутны рухавік развіцця як тэатральнага мастацтва, так і густу гледачоў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"