“ПаКаласімся” сабрала ў доме-музеі Песняра больш за 70 чалавек, сярод іх — багата дзяцей. Улічваючы тое, што ў горадзе суботнім днём адбывалася шмат цікавостак, такую лічбу можна лічыць прыстойнай для дэбюту. Нельга вылучыць адну імпрэзу ў рамках “ПаКаласімся”, якое можна было б назваць топавым. Абсалютна ўсе запрошаныя госці пакінулі публіку неабыякавай. Гэта і майстар-клас мастака Алеся Квяткоўскага, які не заканчваўся да заходу сонца. І бліскучая лекцыя жывапісца Андрэя Дубініна, што ў пэўны момант перамясцілася з вуліцы ў гасцёўню Коласа. І музычныя сюрпрызы ад “Спеўнага Сходу”. І творчае “супрацьстаянне” двух знакамітых скульптараў Беларусі з рознымі эстэтычнымі светапоглядамі — Сяргея Клешчука і Паўла Вайніцкага. Вялікі дзякуй і заслужанаму артысту краіны Валянціну Салаўёву за стварэнне паэтычнай атмасферы. Як і Уладзіміру Дрындрожыку з яго цудоўнай кампаніяй за музычныя нумары. Закрываў вулічны вечар гітарыст-імправізатар Леанід Нарушэвіч у суправаджэнні гукаў саксафона Фрыдрыха Самотнага. Ну а на “дэсерт” стужкі беларускага рэжысёра Ігара Чышчэні, прагляд іх перарос у амаль начную дыскусію.
Уражанні журналістаў “К” ад саўдзелу ў арганізацыі падзеі — у наступных нумарах газеты.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ, Аліны САЎЧАНКА