Камертоны Міцкевіча

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

Пра класіку ў сучаснасці, мову, кнігу і навуку з удзельнікам падзей эпохі — сынам Якуба Коласа
Міхась МІЦКЕВІЧ, сын народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, абраў сваім лёсам дакладныя навукі і зрабіў сабе на гэтай ніве імя. Доктар тэхнічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, вядомы вучоны ў сферы электрафізічных метадаў апрацоўкі матэрыялаў мае шэраг аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на вынаходніцтвы, публікацыі, некалькі аўтарскіх кніг. У свае 90 гадоў ён такі ж ахвотны да спасціжэння свету, як і ў кніжцы, што напісаў некалі пра яго дзяцінства бацька, тонка падмеціўшы рысы характару сына. Таму не дзіўна, што новы герой рубрыкі “Рэдакцыя плюс...” закрануў куды большы спектр тэм, чым было папярэдне запланавана журналістамі “К”.

Пра жонку

— Я вам скажу, што ў маёй жонкі Наталлі быў магутны талент — матэматыка: не існавала той задачы, якую яна не магла б вырашыць. Калі прыспеў час вызначацца з месцам вучобы, ейны бацька, пісьменнік Янка Маўр, сказаў: “Паступіш тут, у Алмаце [Сям'я Маўра знаходзілася тады ў эвакуацыі. — Рэд.], ва ўніверсітэт, дык давядзецца потым два — тры гады дзесьці на вёсцы працаваць. А пасля што? Паступай у які інстытут, што вернецца з эвакуацыі, — хаця б у Маскву ці Ленінград паедзеш, адкуль бліжэй да роднага краю”. Яна паступіла ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут, дзе мы і пазнаёміліся. Наталля вучылася курсе на трэцім, калі на канікулах у Мінску выпадкова пакінула свой студэнцкі пропуск. А шматкорпусны інстытут — рэжымны, без дакументаў цяжка патрапіць на яго тэрыторыю. Папрасілі мяне вярнуць гаспадыні забытае. Паглядзеў на фотаздымак у пропуску — прыгожы такі твар. Адшукаў яе групу, пытаюся: “Фёдарава тут?” І выбягае дзяўчынка — маленькая, худая. Ну, а што мне, юнаку, было сказаць? Выдаў: “А на фатаграфіі вы прыгажэйшая!” І, канешне, гэтым закрануў яе самалюбства. (Усміхаецца.) Пасля мы перасякаліся ў студэнцкіх залах, у сталоўцы, іншым разам Наталля рабіла выгляд, што не заўважае мяне, але бачна было, што прыкмеціла. Ну а на летнія канікулы ехалі разам. Пасля, ужо ў Мінску, я некалькі разоў заходзіў у дом Маўра. А на яе дзень народзінаў прывёз некалькі качак з палявання.

/i/content/pi/cult/602/13382/6-1.jpg

Пра розыгрыш

— У той жа год у Мінску мы вырашылі пабрацца шлюбам. Неабходна было паведаміць бацькам. А трэба зазначыць, што ў нашым даваенным доме заўсёды было шмат моладзі, бо старэйшыя браты Юрка і Даніла збіралі вакол сябе сяброў. Яны ладзілі розыгрышы, а я назіраў за ўсім гэтым, цікава было. Вось і прапанаваў Наталлі разыграць нашых татаў: “Ты патэлефануй свайму бацьку, каб ён павіншаваў майго бацьку, што я жанюся. А я патэлефаную свайму, каб ён павіншаваў твайго, што ты выходзіш замуж”. Маўр, трэба зазначыць, хутка нас раскусіў, а Колас — не. Апошні, сустрэўшы Маўра ў Доме пісьменнікаў, прамовіў: “Віншую, Янка, твая дачка замуж выходзіць”. Маўр пытае: “Дык што мы будзем рабіць з дзецьмі?”, Колас жа ў адказ: “А мне якая справа?” Разгубіўся Янка, жонцы перадаў тыя словы, жанчына адразу ў слёзы: “Не хоча, значыцца, каб нашы дзеці жаніліся!” Пайшоў Маўр да нас дадому (тады яшчэ на месцы цяперашняга будынка музея драўляная хата стаяла), каб высветліць, у чым жа справа. Насустрач выйшла хатняя гаспадыня і давай распытваць, за каго ж выходзіць замуж Наталля, маўляў, ці не за нашага Міхася. Тады ўсё і стала на сваё месца. Спачатку Колас пакрыўдзіўся быў на розыгрыш, але ж дастаў наліўкі, каб адзначыць такую добрую навіну. І сам у Маскву выправіўся, каб будучую нявестку абняць.

Мы пражылі доўгае і шчаслівае жыццё. А ў сталым веку я доўга ўгаворваў Наталлю, каб яна напісала ўспаміны пра свайго бацьку: “Ты ведаеш шмат пра яго, можаш напісаць пра асабістае, пра тое, што адбывалася ў вашым доме і не выносілася ў афіцыйную пісьменніцкую біяграфію”. У выніку яна напісала, а я пераклаў. Толькі нядаўна выйшла кніжачка з назвай “Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа”. У выданне ўвайшло шмат цікавых фактаў як з жыцця пісьменніка, так і яго дачкі, сям’і, ёсць некаторыя невядомыя рэчы. Фёдаравы ж зведалі вельмі цяжкія часы: эвакуацыя, складанае жыццё ў Алмаце…

Пра вынаходніцтвы

— У хутким часе пасля шлюбу мы перавяліся ў Беларускі політэхнічны інстытут. Пасля выпуску мяне накіравалі на работу ў Фізіка-тэхнічны інстытут Акадэміі навук Беларусі на распрацоўку новай галіны, якую запатэнтавалі маскоўскія вучоныя Барыс і Наталля Лазарэнкі: электраэразійная апрацоўка металаў. Гэта быў прынцыпова новы спосаб апрацоўкі, дзе ў якасці інструмента служыў электрычны разрад паміж дэталлю і электродам. У навуковай літаратуры таго часу склалася меркаванне, што нельга апрацоўваць стальныя дэталі, карыстаючыся электродам — інструментам са сталі. Мне было даручэнне высветліць, у чым тут справа і як вырашыць пытанне. У нас не было прыбораў, “ішлі ад нуля”, але пасля ўдалося раскруціць тэму і высветліць прычыну. У выніку мы запатэнтавалі вынаходніцтва, атрымалі аўтарскае пасведчанне і пасля пачалі працаваць над распрацоўкай тэхналогіі. Усё гэта лягло ў аснову першай і самай каштоўнай для мяне кнігі — манаграфіі па электраэразійнай апрацоўцы металаў.

Я прытрымліваўся думкі, што навука павінна мець практычнае ўвасабленне, прыносіць карысць вытворчасці, уплываць на развіццё прамысловай галіны. Таму займеў спіс заводаў, на якіх працуе больш за тысячу чалавек. Мы з калегамі селі ў машыну і пачалі аб’язджаць прадпрыемствы. Магілёў, Барысаў, Маладзечна і гэтак далей — нам было важна высветліць, якія праблемы могуць быць вырашаны знойдзеным метадам. Нашы вынаходніцтвы ўкаранілі спачатку на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання. Там жа распрацавалі спецыялізаваную ўстаноўку для рэалізацыі тэхналогіі. У хуткім часе яна атрымала ўкараненне на прадпрыемствах адной з галін Міністэрства аўтамабілебудавання, а пасля на многіх іншых прадпрыемствах Савецкага Саюза. Мне вельмі прыемна, што ў падручнік па тэхналогіях Міністэрства авіяцыйнай прамысловасці, які выйшаў некалі у Маскве, уключана і некалькі прац нашага інстытута.

Пра тэрміналогію

— Існуе памылковае меркаванне, што беларуская мова небагатая на тэрміны. Аднак тэрміналогія на матчынай мове была/i/content/pi/cult/602/13382/6-2.jpgраспрацаваная яшчэ ў 1920-я! Два супрацоўнікі нашага інстытута выдалі слоўнік тэрмінаў металургічнай тэхналогіі. У мяне ляжаць напрацоўкі прадстаўніка політэхнічнага інстытута: Рэм Тамілін склаў слоўнік на трох мовах па ліцці, механараспрацоўцы ды іншых кірунках. Матэматык з Уздзеншчыны Васіль Бернік выдаў матэматычную энцыклапедыю па-беларуску. Фізіку, геаметрыю, алгебру спакойна можна выкладаць на роднай мове. Шкада, што ўсё гэта зараз закінулі... У нашым інстытуце накалькі чалавек карысталіся ў працы беларускай мовай, я таксама на ёй друкаваўся першапачаткова. Потым перайшоў на рускую, бо ў 1950-я большасць навуковых часопісаў выдавалася па-руску. А беларуская мова — самая прыгожая з усіх славянскіх моў. Па маёй асабістай класіфікацыі, яна займае трэцяе месца сярод еўрапейскіх моваў — пасля італьянскай і французскай. Ёй крыху саступае ўкраінская мова. Руская — таксама прыгожая, але ў яе ўлілі занадта багата "щей" — "направляющей", "карающей" і гэтак далей.

Пра навуку

— Калі суаднесці лік акадэмікаў з колькасцю насельніцтва краіны, можна дакладна казаць, што ў 1960 — 1970-я беларуская навука ў СССР была адной з перадавых. Тэхнічная галіна — у фізікаў, матэматыкаў — мела значныя вынікі, асабліва ў прыкладной частцы. Колішні прэзідэнт Акадэміі навук Мікалай Барысевіч адкрываў яе філіялы ў рэгіёнах, выдатна вырашаў пытанні з фінансаваннем праектаў і даследаванняў. Гэта спрыяла ўздыму вынікаў навуковых распрацовак. Па сусветных вылічэннях, навука плённа развіваецца тады, калі на яе выдаткоўваюць не менш за 2,5 працэнтаў ад унутранага валавага прадукту. Пры адным працэнце — застойваецца і развівацца не можа. У нас жа гэты паказчык меншы. Таму за чвэрць стагоддзя і доктарскіх дысертацый да абароны стала даходзіць у тры разы менш… Агульны ўзровень вучоных, на маю, думку, з-за ўсіх гэтых прычын таксама знізіўся. А зараз навуцы проста неабходна больш увагі. У тым ліку і іншыя заробкі. Я падлічыў, што ў нас па тэхнічных навуках ад інстытуцкай лавы і да доктарскай, у сярэднім, — 23 гады! Калі аспірант рыхтуе кандыдацкую, то за тры гады прапрацоўвае 150 — 200 крыніц інфармацыі. Адпаведна, па сваім узроўні ён ужо значна вышэйшы за выпускніка, які адразу прыйшоў працаваць на завод. Гэта вялікая розніца! Ад развіцця навукі залежыць будучыня краіны.

Пра культуру

— Лічу, што і на сферу культуры павінна, калі па-сапраўднаму, ісці, прынамсі, працэнты два ВУП. Даць падрыхтоўку па літаратуры, па музыцы, па дойлідстве, мастацтве — гэта ж каласальная работа! Ды пра сённяшнія заробкі культработнікаў усе ведаюць... Мяне, прызнацца, здзіўляе ўстаноўка на тое, каб культура сама на сябе зарабляла. Вось і Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа таксама трэба зарабляць. Дык як гэта зрабіць, не замінаючы музейна-навуковай дзейнасці? Напрыклад, перад супрацоўнікамі — цэлы шэраг пытанняў, над якімі трэба гадамі працаваць. Можна для паскарэння працэсу прыцягнуць людзей збоку, але няма такіх фінансавых магчымасцяў. Іншы раз матэрыялы даюць свабодна, а часам патрэбна іх набываць. Я казаў пра тое не раз, але патрабуецца шмат грошай. А гэта ж гісторыя! І мы, на жаль, страчваем яе...

Культура дазваляе рабіць вялікую справу — выхаваць сапраўднага чалавека. Самае страшнае, што зрабілі бальшавікі ў свой час, — яны вынішчалі генафонд. Я часта прыводжу паляўнічы прыклад: знішчыце ўсіх лягавых, гончых, лаек, а пасля ідзіце на паляванне з дварняжкамі. Стагоддзі пройдуць, каб зрабіць з апошніх добрых сабак. Так і з людзьмі. Зразумела, з народа непазбежна будуць выходзіць геніі, але цяжка выцягнуць такіх з масы. Калі я раней ездзіў на паляванне, то сустракаў сталых людзей з выдатнай логікай. З імі прыемна паразмаўляць, бо адчуваеш магутны інтэлект. Але ж яны нікуды не прабіліся, не вышлі “ў людзі”…

Пра тэлебачанне

— Некалі я прапанаваў арганізаваць на тэлебачанні хаця б раз на тыдзень паўгадзінную перадачу пра дасягненні нашых навуковых інстытутаў, каб людзі бачылі і ведалі, якія цуды здяйсняюць нашы навукоўцы! Напрыклад, была група ў інстытуце, што распрацоўвала працэсы ператварэння адных фаз у іншыя. Пры звышхуткім нагрэве, калі яны займаліся тытанавымі сплавамі, вынайшлі спосаб, каб надаць сплаву каласальную трываласць. У выніку пачалі выпускаць па згаданай тэхналогіі пласціны для бронежылетаў. Ці ў Інстытуце фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў даследвалі пераўтварэнні вуглярода пры розных тэмпературах — і вынайшлі дыяментападобныя ўтварэнні. На аснове новай тэхналогіі пачалі рабіць інструменты. Такіх дасягненняў у кожным інстытуце Акадэміі навук у год набярэцца мінімум па адным — два. Ідэя засталася нерэалізаванай. А можна было б і зараз рабіць дакументальныя короткаметражкі, напрыклад, па атамнай энергетыцы!

Я амаль не гляджу айчыннае тэлебачанне. Затое вельмі люблю дакументальныя фільмы пра навуку ці аб прыродзе замежных тэлеканалаў. Прынамсі, стужкі кшталту работ “ВВС” пра жывёльны свет я ўвёў бы нават у школьную праграму! Памятаю, калі з акадэмікам Мікалаем Сіратой патрапіў на Сусветную выставу ў Бруселі. Мы наведалі павільён навукі, дзе на экранах дэманстравалася перамяшчэнне электронаў, працэс замарожвання матэрыялу і гэтак далей. Сірата, доктар фізіка-матэматычных навук, не мог адарвацца ад прагляду і нават замалёўваў, як можна паказаць складаныя працэсы. А вазьміце ядзерную фізіку ці механіку: многае цяжка ўявіць сабе без наглядных дапаможнікаў, асабліва дзецям з іх неразвітай логікай. Выручыць могуць цікавыя здымкі, дзе ўсё аб’ёмна і зразумела.

Пра школу

— Бяда ў тым, што школа наша стаіць на мяжы. Захапленне тэстамі прывяло да таго, што школьнікаў “нацягваць” на іх выкананне, але не робяць галоўнага — не развіваюць логіку. Мой малодшы сын Канстанцін выкладае беларускую мову ў БНТУ. Апошнім часам ён проста дзіву даецца: у сённяшніх студэнтаў адсутнічае элементарная логіка. Моладзь не навучылі супастаўляць і рабіць вывады. Праблема і з настаўнікамі: нярэдка ў педагагічны ўніверсітэт ідуць тыя, хто больш нікуды патрапіць не змог… Адпаведна, яны і няздатныя даць тое, чаго чакаюць ад сапраўднага настаўніка.

Пра музыку

— Мне давялося трошкі граць на скрыпцы. Я займаўся ў музычнай школе, хадзіў на канцэрты класічнай музыкі, таму не дзіва, што папсы не люблю. Гэта нешта для першабытных людзей, да таго ж, часта выконваецца безгалосымі артыстамі. Не блізкія мне і рок-кампазіцыі на вершы Коласа. Дарэчы, на бацькавы словы напісана шмат песень і рамансаў, але на мяне яны не ўздзейнічаюць. Усё ж павінен быць таленавіты кампазітар, які зможа перадаць у музыцы тыя перажыванні, што адчуваюцца ў словах. Затое я часта сустракаўся з салістамі нашага опернага тэатра, і мы імгненна знайшлі агульныя погляды. Мяркую, асновай да усяго иншага з’яўляецца народная музыка, на базе якой будуецца і сімфонія, і опера і больш лёгкая аперэта. Мой сын збірае аўдыятэку, у яго каля тысячы розных варыянтаў класічнай музыкі. Паслухаць Расіні, Бізэ, Беліні, Вэрдзі, Чайкоўскага — багацце каласальнае! Другі шапэнаўскі канцэрт, 20 і 21 канцэрт Моцарта для фартэпіяна з аркестрам — гэта ж цуд! Бацькам неабходна фарміраваць у сваіх дзяцей музычны густ, займацца музычным выхаваннем. Як і прывіваць любоў да літаратуры.

Пра літаратуру

— У мае гады кніг для дзяцей амаль не выдавалася, таму маёй настольнай быў зборнік казак, песень, абрадаў Паўла Шэіна. Я нават па ёй вучыўся чытаць, хоць мова там — далёкая ад сучаснай. Потым цікавыя кнігі мне падкідваў брат, які сам многа чытаў. Яго аднакласніца казала, што Юрка сядзеў на занятках, але пад партай у яго заўсёды была кніга. У той час захапляліся прыгодніцкай літаратурай, іншы раз выданне трапляла да мяне толькі на дзень, бывала, без пачатку і канца. Так у даваенныя часы я праглынуў “Ціля Уленшпігеля”, “Айвенга”, прыгодніцкія апавяданні пра вайну на Далёкім Усходзе. Быў зачараваны “Прыгодамі Тома Соера” ў перакладзе Янкі Маўра на беларускую мову. Аднак неяк я пахваліўся бацьку, што прачытаў Дзюма, і мне дужа спадабалася, а ў адказ пачуў: “Сынок-сынок, гэта досыць пустая літаратура, тут нічога няма для душы”. У самога бацькі была невялікая бібліятэка, але там — поўныя зборы Пушкіна, Лермантава, Талстога, Шылера, Шэкспіра, Горкага, Чэхава і многія іншыя. Дома заўсёды абмяркоўвалі прачытанае, дзядзька Саша — матчын брат — увесь час падкідваў моладзі пытанні па літаратуры. Гадоў у дванаццаць захапіўся Гогалем і здужаў амаль усё, толькі “Мёртвыя душы” не зразумеў. І толькі ў дзявятым класе, калі праходзілі іх па праграме, сапраўды прачуў гэту кнігу.

Пра ўласныя кнігі

— Сваю першую кнігу, не звязаную з навуковымі даследваннямі, я выдаў на тыя грошы, што атрымаў ад працы кансультантам на выданні трохмоўнай “Новай зямлі”. Я ведаў, што ў нашым інстытуце чалавек дзесяць складаюць вершы, але звычайна пішуць, як кажуць, у стол. Прапанаваў выпусціць усім разам зборнік вершаў і эпіграм. Адмовіўся толькі адзін. Ну, і свае прысвячэнні, эпіграмы ўключыў. Другая мая ненавуковая кніга — гэта ўспаміны пра брата Юрку “Апалены золак”, якая друкавалася ў "Полымі". Рэдактар часопіса Мікола Мятліцкі напісаў пад уражаннем успамінаў паэму. Мой ліст да брата, які загінуў, я адрасаваў “на той свет”. Мятліцкі вельмі слушна паправіў на “наўздагон”.У сваіх успамінах "Пад бацькоўскім дахам" я прывёў ліст бацькі ў ЦК КПБ аб стане беларускай мовы. Нечакана сустрэў нашага выдатнага паэта Генадзя Бураўкіна. Ён цёпла адазваўся аб маіх успамінах і, відаць, пад уплывам ліста Коласа, напісаў цудоўную паэму — "Развітанне".

Пра класічнае ў сучасным

— “Сымон-музыка” задумваўся не паэмай, а адной з казак жыцця. Колас хацеў узняць тэму непаразумення паміж простым народам і яго геніямі. Нават Хрыста распялі за тое, што той прыйшоў з новымі ідэямі, якіх людзі не разумелі. У наш час “захлопвалі” і “затоптвалі” выступленне Андрэя Сахарава, прычым рабіла гэта эліта, якая не была гатовай да новага погляду. Таму пытанне гэтае — агульначалавечае. Паэма мела тры рэдакцыі. Першая была скончана ў 1919 годзе і мела надзвычай цікавы драматычны фінал. Каб рэжысёр Мікалай Пінігін у сваёй цудоўнай пастаноўцы выкарыстаў фінал першай рэдакцыі паэмы, то спектакль быў бы яшчэ больш магутным. У першым варыянце Ганна напрыканцы гаворыць Сымонку ісці і несці слова праўды ў народ. Выдатны крытык Адам Бабарэка пісаў, што, па сутнасці, пад гэраіняй паэмы маецца на ўвазе маладая Беларусь, якая загінула пад ціскам бальшавікоў. Другі варыянт паэмы скралі ў Коласа, таму давялося па памяці яго ўзнаўляць. Але ў трэцяй рэдакцыі, якую сёння мы чытаем, шмат купюр савецкіх цэнзараў. Увогуле, сучасныя перавыданні выходзяць са шматлікімі памылкамі. Прынамсі, мне давялося быць кансультантам у час падрыхтоўкі поўнага збору твораў Коласа і зрабіць багата правак тэксту, галоўным чынам па каментарыях да іх (напрыклад, маладыя рэдактары блытаюць КПСС і КПБ). Частку маіх заўваг прынялі, прынамсі, колішняе рэдактарскае слова “лёс” змянілі на першапачатковае ад аўтара “Бог”: “Мусіць, сам Бог для спакусы гэты край наш адзначаў”.

Я прыклаў намаганні, каб асобнай кнігай выдалі паэму Коласа “На шляхах волі”. Паэму, якая па памерах і глыбіні блізкая да “Новай зямлі”. Нядаўна выйшлі з друку “Казкі жыцця”, але чамусьці ў казку "Дудар" не уключылі дасюль поўную версію апавядання. Звычайна перадрукоўваюць толькі другую частку твора пра пана і дудара, а на першую — пра трох братоў, якія ўвасаблялі ўсходнеславянскія народы, забываюцца.

Пра ўлюбёны бацькаў твор

— Канешне, “Новая зямля” мае найбольш глыбокае значэнне, па сутнасці, гэта — эпапея беларускага народа. Але, на маю думку, тут усё-такі мастацкае адлюстраванне пабудовы зместу паэмы, а “Сымон-музыка” — гэта шыкоўная канструкцыя, што даецца пісьменніку нашмат цяжэй. З гэтай нагоды згадваю размову з Нілам Гілевічам пасля таго, як у свет выйшаў яго “Сказ аб незвычайнай эпідэміі ў краіне Тутэміі”. Я шчыра падзяліўся сваімі ўражаннямі, казаў, што на мяне, як на чытача, гэты твор уздзейнічае куды больш за “Сказ пра Лысую гару”. Першы “Сказ...” — алегарычная рэч з незвычайным адлюстраваннем сутнасці, другі — таксама цудоўны, але ўсё ж гэта мастацкая перапрацоўка пабачанага ўжывую. Ён паглядзеў на мяне і кажа: “Ты ведаеш, мне пра гэта ніхто не гаварыў. А ты ж маеш рацыю!”

У сустрэчы прымалі ўдзел Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ, Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, Юрый КАРПЕНКА, Таццяна МАТУСЕВІЧ, Настасся ПАНКРАТАВА, Вольга РОПАТ, Сяргей ТРАФІЛАЎ, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

У матэрыял, вядома, не ўвайшлі ў поўным аб'ёме многія развагі Міхася Канстанцінавіча пра беларускую навуку, гады яе магутнага ўздыму і сучасны стан. Але герой гэтага матэрыяла перадаў у рэдакцыю свае думкі ў выглядзе грунтоўнага артыкула, да публікацыі фрагментаў з якога "К" праз пэўны час вернецца.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"