"У Фіншчыне дзіўнай…"

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

26 жніўня ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Фінляндскай Рэспубліцы падчас прэзентацыі кнігі “Беларусь — Фінляндыя: у гадзіне палёту” была адкрыта выстава Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Над Іматрай…”.

Аўтар згаданага выдання — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўской Рэспубліцы і Фінляндыі ў 2006 — 2014 гадах Уладзімір Дражын. Мерапрыемства ладзілася пры падтрымцы Пасольства нашай краіны ў Фінляндыі і асабіста Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Аляксандра Астроўскага.

Экспазіцыя купалаўцаў у Хельсінкі — не выпадковая. Янка Купала, напэўна, першым з беларускіх паэтаў апісаў Фінляндыю і прысвяціў ёй творы. Адзін з іх — верш “Над Іматрай…” — і даў назву выставе. Нагадаем, Янка Купала 21 — 22 чэрвеня 1910 года здзейсніў падарожжа ў Фінляндыю з сябрамі, выдатнымі дзеячамі беларускага нацыянальнага адраджэння Браніславам Эпімах-Шыпілам і Антонам Грыневічам.

Натхнёны рамантычным малюнакам велічнага вадаспада на рэчцы Вуокса, Янка Купала піша верш “Над Іматрай”. Праз 100 гадоў цудоўны твор быў перакладзены на фінскую мову і прагучаў у аўтарскім перакладзе Тойва Тупіна на ўрачыстым адкрыцці Дзён культуры Беларусі ў Фінляндыі ў 2013 годзе, якія ладзіліся ўпершыню, дзякуючы намаганням колішняга амбасадара Беларусі Уладзіміра Дражына. Арыгінал друкаванага пераклада верша “Над Іматрай” з подпісам аўтара перастварэння заняў пачэснае месца ў музейным зборы.

Выстава “Над Іматрай…” зацікавіла і заахвоціла да ўдзелу ў міжнароднай грамадска-культурнай акцыі “Чытаем Купалу разам”. Так упершыню на фінскай зямлі прагучалі вершы Купалы ў перакладах на мовы свету.

Падчас знаходжання ў Фінляндыі члены беларускай дэлегацыі таксама здзейснілі вандроўку па купалаўскіх сцяжынках да вадаспада. Імпрэза ў Хельсінкі стала знакавай падзеяй у Год культуры і пацверджаннем таму, што сувязі, у тым ліку, і культурныя, паміж Беларуссю і Фінляндыяй умацоўваюцца. Спадзяемся, гэтаму паспрыяюць і планы па святкаванні 135-годдзя Янкі Купалы ў Фінляндыі, у тым ліку, адкрыццё мемарыяльнай дошкі каля вадаспада Іматра. Ну а сама паездка пашырыла геаграфію супрацоўніцтва музея: Расія, Літва, Латвія, Эстонія, Славакія, Грузія, Ізраіль…

Ул. інф.