Фабула Дня пісьменства

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

31 жніўня ў Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная Дню беларускага пісьменства, што адзначаць у Рагачове 4 верасня.

Каля 100 мерапрыемстваў пройдзе ў рамках нацыянальнага свята, большасць з іх — на Гомельшчыне. Так, 2 верасня ў абласным цэнтры адкрыўся міжнародны фестываль “Славянскія літаратурныя дажынкі”, былі ўзнагароджаны пераможцы конкурса “Праваслаўе — мая надзея”. У мінскай Нацыянальнай бібліятэцы праходзіць традыцыйны для Дня пісьменства “круглы стол” пад назвай “Сугучча: слова Скарыны ў сучасным свеце”. Удзельнікамі мерапрыемства да Дня беларускага пісьменства сталі літаратары з 14 краін свету: Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кітая, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Украіны, Чарнагорыі...

Першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі засяродзіў сваю ўвагу на конкурсе юных чытальнікаў, які прымае горад Рагачоў напярэдадні асноўных падзей — 3 верасня, і ўпэўніў, што такія чытанні праходзяць з душэўным уздымам.

Адкрыццё Дня беларускага пісьменства адбудзецца 4 верасня а 12-й. Адразу пасля таго — цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Сёлета — па сямі намінацыях. У праграме на 4 верасня запланавана таксама пасадка Сада малітвы, хрэсны ход да храма Святога Благавернага князя Аляксандра Неўскага. Важнай падзеяй для горада стане адкрыццё кніжнай крамы “Першацвет” у Рагачоўскім доме кнігі імя Уладзіміра Караткевіча. Не абышлі ўвагай і юбілеі нашых літаратурных класікаў Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы, Максіма Багдановіча, Івана Мележа і Івана Шамякіна, як і хуткае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Дарэчы, менавіта да Дня пісьменства было выдадзена шмат літаратурных і краязнаўчых выданняў.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага прывязе ў Рагачоў свой спектакль “Пясняр”у рамках сёлетняга гастрольнага тура, прысвечаны Уладзіміру Мулявіну, чыё 75-годдзе адзначаецца ў 2016. У літаратурна-тэатральнай частцы святочнай праграмы сярод іншых прымуць удзел народныя артысты Таццяна Мархель і Генадзь Аўсяннікаў. Вядома, горад чакае музычны канцэрт і феерверк.

Наступны Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў горадзе Полацку, адкуль і пайшла гісторыя рэспубліканскага свята ў 1994 годзе.