Сэлфі з універсітэтам

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў сустрэў Дзень ведаў шоу. Як растлумачыла яго рэжысёр, выкладчык спецдысцыплін БДУКіМ Агата Мацко, арганізатарам хацелася прадэманстраваць сучасны падыход да традыцыйнага свята. “Імпрэза “Я — студэнт БДУКіМ” задумвалася так, каб кожны першакурснік мог прасякнуцца гонарам, што стаў студэнтам нашай ВНУ”, — дадала рэжысёр.

Сёлета па БДУКіМ конкурс пры паступленні, у сярэднім, складаў 3 чалавекі на месца. Прайшоўшы сур’ёзны адсеў, запаветныя студэнцкія білеты атрымалі 886 юнакоў і дзяўчат. З іх 504 будуць навучацца на дзённым аддзяленні. Гэтых шчасліўчыкаў і сустракаў ля ўваходу ў галоўны корпус універсітэта ді-джэйскі сэт.

/i/content/pi/cult/602/13374/1-1.jpg

Само свята пачалося з параду выкладчыкаў: яны пад апладысменты праходзілі па “чырвонай” дарожцы і рассаджваліся ў імправізаваным амфітэатры. З урачыстым словам да студэнтаў і выкладчыкаў звярнулася першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. Яна, у прыватнасці, адзначыла: “Вам выпала вялікае шчасце вучыцца, працаваць у адной з самых лепшых ВНУ краіны. Хачу пажадаць студэнтам браць як можна больш ад выкладчыкаў — неардынарных, таленавітых, цікавых людзей, кожны з якіх з’яўляецца асобай ў нашай культуры. У які рэгіён нашай краіны вы не паехалі б, усюды сустрэнеце выпускнікоў гэтага ўніверсітэта. А ці ёсць большае шчасце ў чалавека, чым ведаць, што ты патрэбны, што цябе чакаюць, што твая праца, твае веды будуць запатрабаваныя?!”

Услед за першым намеснікам міністра выступіў рэктар навучальнай установы Юрый Бондар і выказаў упэўненасць, што сёлета да іх паступіла таленавітая моладзь, якая яшчэ не аднойчы дасць нагоду для гонару. “Сёння адмысловы дзень, прысвечаны не толькі тым, хто прыйшоў вучыцца, але і тым, хто прысвяціў сябе высакароднай справе асветы. Універсітэт ганарыцца сваімі педагогамі, якія шануюць традыцыі нацыянальнай культуры і ўдала спалучаюць іх з навацыямі”, — падкрэсліў выступоўца.

Віноўнікаў урачыстасцей чакаў тэатралізаваны нумар ад першакурснікаў у суправаджэнні кавер-гурта “Фарцісіма”. З музычным падарункам выступіў пераможца конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Славянскі базар-2016” Аляксей Грос. Падтанцоўка актыўна карысталася смартфонамі і палкамі сэлфі, гледачы весела пазіравалі дрону, што ўзляцеў над іх галовамі. Наваспечаны студэнт-завочнік скарыстаўся становішчам саліста і зрабіў першае ўніверсітэцкае сэлфі з рэктарам. Пасля творчая моладзь прынесла клятву першакурсніка. Свята завяршылася гімнам ВНУ і феерверкам.

Тым часам

Першы ўрок

На тэматычны занятак “Нам мір завешчана берагчы!” у Дзень ведаў навучэнцы першага курсу Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа прыйшлі ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У імпрэзе прыняў удзел старшыня Беларускага фонда міру Максім Місько.

Перад будучымі настаўнікамі малодшых класаў з мультымедыйнай прэзентацыяй выступіў навуковы супрацоўнік музея Андрэй Малец. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што ў першыя ж месяцы Вялікай Айчыннай рабілася ўсё неабходнае, каб дзеці атрымлівалі адукацыю. А 14 лістапада 1942 года ў райцэнтры Акцябрскі адбылася канферэнцыя настаўнікаў, на якой абмяркоўвалася пытанне адкрыцця школ. Прамоўца распавёў і пра так званыя “лясныя” школы, што дзейнічалі ў партызанскіх зонах, таму не мелі прыстасаваных памяшканняў.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

Пачынаецца з тэатра

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі святкаваў Дзень ведаў разам з і настаўнікамі і вучнямі школ.

Селета тэматыка гэтых урокаў вызначана правядзеннем Года культуры ў нашай краіне. Таму 1 верасня вучні 11-х класаў школ Цэнтральнага раёна ўбачылі спектакль-візітоўку Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі — “Адвечную песню” Янкі Купалы ў пастаноўцы Сяргея Кавальчыка. Гэты ўрок распачаў сумесны з Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама праект “Культурная спадчына: традыцыі і сучаснасць”, у рамках якога на працягу навучальнага года ў тэатры для школьнікаў будзе ладзіцца шэраг культурна-адукацыйных мерапрыемстваў.

 Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"