Фокус-група ад чатырох да сямі

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Як Арыша з Ярыкам беларускую анімацыю глядзелі
Арыгінальнасць і высокая прафесійнасць айчыннай мультыплікацыі — факт неаспрэчны, які стала пацвярджаецца прызамі прэстыжных міжнародных фестываляў. Аднак гэтак жа пастаянна яе аўтараў дапякаюць адным-адзіным пытаннем: дзе можна паглядзець гэтыя стужкі. Рэдакцыяй “К” неаднаразова ўзнімалася тэма, чаму студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” так цяжка знайсці кропкі судакранання з тэлебачаннем, кінапракатам, інтэрнэт-каналамі, але пакуль праблема з месца, па вялікім рухунку, не зрушваецца. Можа, апошнія сумняваюцца ў глядацкім поспеху мультстужак і лічаць іх чыста фестывальным прадуктам? Я вырашыла на сваіх дзецях праверыць, ці захопіць падрастаючае пакаленне сваё кіно.

/i/content/pi/cult/601/13362/7-1.jpgДля эксперыменту скарысталася чатырма зборнікамі мультфільмаў “Беларуская анімацыя”. Калекцыя аказалася сапраўдным рарытэтам: часткі выходзілі цягам апошніх гадоў невялічкім тыражом і распаўсюджваліся ў асноўным у Магілёве, дзе ладзіцца Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” (прынамсі, сайт mogilevkino.by прапаноўваў набыць калекцыйныя DVD у касах чатырох кінатэатраў гэтага абласнога цэнтра).

Прызнаюся шчыра, першапачаткова сумнявалася ў станоўчым выніку такога кінадаследавання. У чатырохгадовай дачкі Арыны і сямігадовага сына Яраслава ўжо маецца ўласны рэйтынг любімых персанажаў з папулярных анімацыйных серыялаў і поўнаметражных карцін, пра якія можна і ў садку пагутарыць, і ў кніжках пачытаць, і адпаведную цацку набыць. Дома назбіралася нядрэнная калекцыя дыскаў, і ў кожнага з дзяцей ужо склаўся свой спіс пажаданага. А на чатырох прынесеных мною DVD не было ні працяглых мультсерыялаў, ні буйных карцін, ні вядомых новаму пакаленню персанажаў...

Прагляд пачалі з самага “ўзроставага” дыску, на якім сышліся шэсць частак праекта Ігара Волчака

“Аповесць мінулых гадоў”

Мне было зразумела, што 67 хвілін, шчыльна прыпраўленых гістарычнымі фактамі, чатырохгадовае дзіця не адужае. А вось будучы першакласнік з прагнасцю паглынаў цікавыя факты, патрабаваў падрабязнасцяў, прыглядаўся да дэталяў (напрыклад, у фільме пра Брагін разгледзеў, як на фоне кветкі змяняюцца знакамі радыяцыі), а потым прапанаваў набыць карту Беларусі, каб знайсці ўсе тыя гарады. Розныя па стылістыцы і выкананні, міні-фільмы склалі цудоўнае палатно. Праўда, адзін кавалачак, як мне падаецца, крыху выбіваецца з агульнай плыні: у цыкл пра старажытныя гарады якімсьці чынам патрапіў Салігорск, які заклалі ўсяго толькі ў 1958 годзе.

Следам ішлі цудоўныя казкі братоў Грым: напружаны, з змрочным адценнем фільм Алены Пяткевіч

“Беласнежка і Алацвецік”

і песенна-прыўзнятая стужка Ірыны Тарасавай

“Гусятніца ля калодзежа”,

рэфрэн адной з песень якой “мы адпачнем у труне” Арышай застаўся непрыкмечаным, а вось Ярыка вельмі насмяшыў. Асабіста я ўскладала надзеі на стужку ў трох частках

“Пра дзяўчынку Жэню”.

Яе сцэнарыста Марыю Бяршадскую мае дзеці добра ведаюць па кнігах. Ярык спачатку пакрывіўся на “дзявочае” кіно, але яго хутка захапіла актуальнасць матэрыялу. Рэжысёр Таццяна Жыткоўская раскрывае жыццёвыя тэмы: тата адмаўляецца пайсці на абяцаны дачцэ шпацыр, бо яго выклікаюць на працу, старэйшая сястра хавае свае ўпрыгожанні і касметыку ад малодшай, у дзіцячым садку не наладжваецца кантакт з выхавальніцай. Шкада толькі, некаторыя серыі маюць дзіўную фінальную кропку. Напрыклад, філасофская прапанова паспрабаваць глянуць на непрыемнага чалавека іншымі вачыма (хаця б праз рознакаляровае шкельца), заканчваецца песняй пра колеры вясёлкі. А паколькі прапанаваная версія лічылкі-запаміналкі адрозніваецца ад звычнага тэксту пра паляўнічых і фазанаў, дзеці пераключаюцца на нязвыклы верш — і адразу забываюцца на сюжэт фільма...

Ярык і Арыша сталі менш уважлівымі на карціне Уладзіміра Пяткевіча

“Мышка” —

яны стаміліся ад занадта яркіх колераў стужкі, таму не змаглі прачуць сапраўды цікавую казку. Прыглушаны ў параўнанні з гэтым фільмам колер

“Піліпкі”

Таццяны Кубліцкай зачараваў дзяцей з першых кадраў. Стыльная карціна скарыла і незвычайным паваротам сюжэта: як сваёй чуллівасцю Піліпка перайначыў злыдню Ягу ў добрую бабульку.

Мы глядзелі айчынныя мультфільмы тры вечары запар, і дзеці шчыра адгукаліся на кожную стужку. Толькі адзін раз яны адмоўна адрэагавалі на першыя секунды карціны, а старэйшы нават пакрыўджана разануў: “Сумна!” Іх спалохаў дакументальны пачатак

“Выцінанка-выразанка”

Міхаіла Тумелі. Калі пачалася непасрэдна анімацыя, малыя рагаталі і не маглі адарвацца ад павучальнай гісторыі. Напрыканцы мультфільм ізноў перайшоў у жыццё — і тут дакументальныя кадры арганічна леглі на дзіцячае ўспрыманне. На мой погляд, другі варыянт можа стаць лепшым выбарам, калі ў рэжысёра ёсць адчуванне, што без кінахронікі не абысціся.

Адназначным хітом у доме стаў міні-серыял Аляксандра Ленкіна

“Рыбка па імені Нельга”

Калі ў дарослых могуць узнікнуць некаторыя ваганні па музычным афармленні, то дзеці запальваюцца карцінай імгненна. Прынамсі, у нас шэсць серый круціліся па крузе безліч разоў, а фразы былі расцягнуты на цытаты. Сапраўды, сучаснае пакаленне прызвычаілася бачыць прыгоды абранага героя ў бясконцых працягах. Зрэшты, у рэжысёра гатовы яшчэ дзве серыі, такім чынам, ужо можна выпускаць асобны дыск, прысвечаны маленькаму карасіку. Баюся, прапанова ізноў павісне ў паветры...

Асабіста мяне паланіў іншы фільм спадара Аляксандра. Гісторыя пра пастуха, які выхадзіў ластаўку, што легла ў аснову

“Птахі”,

зусім не дзіцячая. Кінапрытча з флёрам лёгкага смутку і роздуму пра сутнасць чалавечага жыцця надзвычай атмасферная. Толькі не ведаю, наколькі апраўдана змясціць гэтакую глыбокую стужку ў падборцы з карцінамі для малодшага ўзросту. Таксама як і

“Ронда-капрычыёза”

Ігара Волчака, у якім дзеці, прымаючы да ўвагі ўзрост, не ўспрымаюць акцэнты, закладзеныя аўтарам. Разумею, дыскі тыя — своеасаблівая аглядавая пляцоўка зробленага на студыі. Але, калі ўжо вы адпраўляеце прадукцыю на продаж, ці не лепш паклапаціцца пра верны глядацкі адрас? Зрэшты, праз год відэапрадукцыю патрэбна будзе маркіраваць. Магчыма, будзе мець рацыю хаця б падзяліць кантэнт дыску на блокі, адзін з якіх будзе вагацца ад “0+”, а другі набліжацца да “16+”.

Што здзівіла, дык гэта афармленне начынкі зборнікаў. Пакрыццё саміх дыскаў — паверх тэхнічных надпісаў на “балванцы”. На ўсіх дысках, акрамя “Аповесці мінулых гадоў”, непрывабнае меню, назвы стужак скачуць у сваіх памерах. Пытанні і па гучанні: я маўчу ўжо пра Surround Sound. У ім запісваюцца ліцэнзійныя дыскі (дзякуючы сістэме хатняга кінатэатра, мае дзеці прызвычаіліся да аб’ёмнага гуку), але хаця б выраўнаваць агульны ўзровень гукавой дарожкі, каб не хапацца за пульт пры кожнай наступнай стужцы. Як мне растлумачылі на студыі, першыя часткі “Беларускай анімацыі” ствараліся для ўнутранага карыстання, таму на некаторыя тэхнічныя моманты не звярталі ўвагу. Спадзяюся, калі справа дойдзе да стварэння наступнага зборніка ці перавыдання першых (а было б добра, бо попыт на іх ёсць), стваральнікі выправяць гэтыя хібы і створаць адпаведны часу прадукт. Зрэшты, чаму б не дадаць на DVD бонусы, якімі поўняцца, напрыклад, кампакты “Disney” і “Pixsar”? Людзі дрэнна ведаюць тых, хто стаіць за стварэннем анімацыйных карцін, дык прапануйце ім дакументальныя кадры, як ствараліся мультфільмы, невялічкія інтэрв’ю з рэжысёрамі, хроніку з агучвання! Падаецца, такі дадатак меў бы поспех.

Канешне, мае дзеці не прэтэндуюць на прафесійна падабраную фокус-групу, аднак відавочна, што айчынная анімацыя папросту можа спаборнічаць з замежнымі канкурэнтамі. Засталося выпусціць мультыплікацыю з паліц, каб не прыходзілася на яе “паляваць” ці прыносіць дадому толькі ў якасці журналісцкага задання.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"