Рэалізаваць нельга ігнараваць

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Коску (не) паставяць эканамічныя рэаліі
На “круглым стале” пад назвай “Фестывальны фальклорны рух “Берагіня”: здабыткі і перспектывы”, што прайшоў у гарадскім пасёлку Акцябрскі падчас заключных імпрэз аднайменнага фестывалю, была прынята рэзалюцыя. Публікуем вытрымкі з яе адносна найбольш надзённых пытанняў развіцця фальклорнага руху краіны з нашымі каментарыямі.

У пасяджэнні ўдзельнічалі навукоўцы Беларусі (сярод іх 2 дактары навук, 4 прафесары, 4 кандыдаты навук), дзеячы культуры і мастацтва нашай краіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Расіі, супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама, спецыялісты абласных і раённых метадычных цэнтраў культуры, устаноў культуры іншых тыпаў, кіраўнікі фальклорных калектываў, прадстаўнікі рэспубліканскіх, абласных і мясцовых СМІ (54 удзельнікі).

Разумныя і сацыяльна значныя прапановы ў сваёй рэалізацыі часта сутыкаюцца з адсутнасцю сродкаў. Пра істотнасць навыкаў праектнага менеджменту “К” піша рэгулярна, апошнім разам — у папярэднім нумары. Каментуючы рэзалюцыю, паспрабуем засяродзіцца на іншых аспектах. Вытрымкі з тэксту рэзалюцыі выдзеленыя курсівам.

“Выступіць з прапановай да Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь: адкрыць (аднавіць) у сельскай мясцовасці і гарадах сетку школ з этнакірункам; перавесці ў іх заняткі па этнадысцыплінах з факультатыўнай у абавязковую форму; адкрыць у дзіцячых школах мастацтваў кожнага рэгіёну краіны аддзяленне “Фальклорнае мастацтва” са спецыялізацыямі “Харэаграфічнае мастацтва”, “Музычнае мастацтва”, “Тэатральнае мастацтва”, “Дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва”, арыентаванымі на мастацтва вуснай традыцыі свайго рэгіёну.

Прапанаваць [...] штогадовае правядзенне ў летніках фальклорных школ (змен) для фальклорных калектываў з мэтай абмену вопытам навучання дзяцей і моладзі розным відам і жанрам аўтэнтычнага народнага мастацтва”.

Усходняя мудрасць: галава чалавека — як поўная чаша, каб набыць новыя веды, трэба “выліць” старыя. І ў першую чаргу “выліваецца” тое, што зверху. Таму засвоенае ў дзяцінстве “замацоўваецца” ў самых глыбінных слаях псіхікі. Напрыклад, у Швецыі дзеці на школьных уроках працы знаёмяцца з усімі відамі традыцыйных рамёстваў, распаўсюджанымі даўней у іх мясцовасці. Канечне, усе яны рамеснікамі і дызайнерамі не вырастаюць. Але шведскі дызайн, распрацаваны на аснове традыцыйных вырабаў, сусветнавядомая “Ikea”, карыстаецца велізарным попытам і ў самой Швецыі, і за мяжой. Шырэй — папулярны па ўсім свеце “скандынаўскі дызайн” (стрыманыя колеры, натуральныя матэрыялы) фармуюць і шведскія дызайнеры ў тым ліку, і спажыўцы, “прывучаныя” да народнага. Як “К” пісала ў мінулым нумары — хочаш, каб краіна мела поспехі ў пэўнай сферы — зрабі з’яву масавай.

Дарослы, што ў дзяцінстве вучыўся ў этнашколе на аўтэнтычных узорах фальклору, будзе ствараць і спажываць якасны прадукт, а калі адыдзе ад народнага, то застанецца, прынамсі, пасіўным прыхільнікам. У той жа Швецыі сярод дарослых папулярныя гурткі, немалая доля якіх прысвечаная традыцыйным рамёствам.

Шведскія сацыёлагі тлумачаць гэта менавіта ўплывам школьных урокаў працы: людзі настальгуюць і ў сталым узросце цягнуцца да таго, чым займаліся ў дзяцінстве. Але гэта тычыцца не толькі пенсіянераў: абвесткі “Вяжам разам у такі дзень а такой гадзіне” можна сустрэць у шведскіх студэнцкіх інтэрнатах.

“Выступіць з прапановай да Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь: уключыць у Агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і спецыялізацыі” спецыяльнасць “Фальклор” для ССНУ; абазначыць ў агульнадзяржаўным класіфікатары “Спецыяльнасці і спецыялізацыі” кваліфікацыю па спецыяльнасці “Фальклор”, як “Фалькларыст бакалаўр, выкладчык” для ўстаноў вышэйшай адукацыі”.

Гэта зробіць паняцці “фальклор” і “фалькларыст” бачнымі, надасць ім афіцыйны статус. І студэнты будуць казаць замест “я танцор”, ці “спявак”, ці “рэжысёр” — ёмкае “я фалькларыст” (бо хто ж вымавіць доўгае “танцор спецыялізацыі народныя танцы” ці “рэжысёр народных свят і абрадаў”). Прывяду асабісты прыклад: у маім дыпломе стаіць спецыялізацыя “гісторык-этнолаг”, таму я з поўным правам прадстаўляюся “этнолагам”. Каб напісалі проста “гісторык”, то рэдкаму чалавеку было б цікава, што я спецыялізавалася на кафедры этналогіі, музеязнаўства і гісторыі мастацтва.

“Прапанаваць УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” шляхам заахвочвання прафесарска-выкладчыцкага складу і ўзмацнення прафарыентацыйнай дзейнасці ў этнанапрамку стварыць умовы для павелічэння плану набору студэнтаў на спецыялізацыі “Этнафоназнаўства”, “Духавыя інструменты (народныя)”.

Зразумела, што набор варта павышаць. Зразумела, што на гэта патрэбны сродкі ды воля кіраўніцтва ўніверсітэта. Хутчэй цікава, наколькі любоў да аўтэнтычных форм фальклору, прывітая ў alma mater, захоўваецца і рэалізуецца ў прафесійным жыцці выпускнікоў. Назіраючы збоку, раблю выснову, што частка выпускнікоў “губляецца”, а частка працуе досыць актыўна. Сярод апошніх сустрэнеш і шараговых супрацоўнікаў устаноў культуры, што “гнуць сваю лінію”, “прасоўваюць” аўтэнтыку, і загадчыкаў аддзелаў устаноў, што маюць больш магчымасцяў, але і больш складанасцяў зведваюць, як і адказнасці.

“Унесці змены ў форму 1 — клубная, дзяржаўная статыстычная справаздача: вылучыць у асобныя графы паказчыкі работы фальклорных калектываў, што дазволіць фальклорнаму кірунку нацыянальнай культуры больш актыўна заяўляць аб сваім існаванні і дынамічным развіцці”.

Гэта праблема, ведаю, клапоціць і работнікаў культуры на месцах: маўляў, працуем-працуем з фальклорам, а ў справаздачы адлюстроўваецца толькі рост колькасці танцавальных ды спеўных гуртоў ці гурткоў па ДПМ. Спецыялісту па традыцыйнай культуры і пахваліцца няма чым. Ведаю, што некаторыя вобласці вядуць уласную статыстыку па фальклорных калектывах, але яна неафіцыйная, таму на агульнарэспубліканскую карціну ўплывае апасродкавана, калі выкарыстоўваецца ў прамовах ці публікацыях.

“Выступіць з прапановай да Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь распрацаваць для агульнаадукацыйных устаноў і ўстаноў дадатковай адукацыі сістэмы Міністэрства адукацыі краіны, устаноў сферы культуры і мастацкай адукацыі вучэбныя планы і праграмы, хрэстаматыі і дапаможнікі на рэгіянальным матэрыяле (з мультымедыйнымі дадаткамі) па народнай харэаграфіі, народным музычным мастацтве (спевы, інструментальная музыка), народнай прозе, дэкаратыўна-ўжытковай творчасці (традыцыйныя віды мастацтва), гульнёвым мастацтве.

У мэтах рэпертуарнага і метадычнага забеспячэння Х Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” (2016 — 2018 гады) звярнуцца з прапановай [...] унесці ў выдавецкія і вытворчыя планы на 2017 — 2018 гады падрыхтоўку і выданне рэпертуарна-метадычных, навукова-папулярных, рэкламна-інфармацыйных зборнікаў, выпуск відэапрадукцыі”.

Культурную значнасць гэтых прапаноў немагчыма перабольшыць. Прапаную паглядзець з камерцыйнага боку. Такія матэрыялы маглі б стаць бэстсэлерамі, іх, пры ўмове правядзення добрай імфармацыйнай кампаніі, куплялі б і школы, і дзіцячыя садкі, і беларускамоўныя бацькі, і людзі, у якіх дзяцей няма, а цікавасць да фальклору маецца… Нават рэклама не спатрэбілася б — “сарафаннага радыё” хапіла б.

“Выступіць з прапановай да Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ініцыяваць стварэнне Беларускага саюза фалькларыстаў”.

З творчымі саюзамі сітуацыя такая ж, як са статыстычнымі справаздачамі: тыя, хто працуюць з традыцыйнай культурай, вымушаныя ўступаць у самыя розныя аб’яднанні і “губляюцца” сярод творцаў, што працуюць у галіне прафесійнага мастацтва. Выключэнне — хіба рамеснікі, яны могуць уступіць у Саюз майстроў народнай творчасці. Але куды ўступіць навукоўцу, што вывучае рамёствы?

“Прасіць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і арганізацыйны камітэт Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”: надаць статус “міжнародны” Рэспубліканскаму фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”; разгледзець пытанне аб стварэнні Нацыянальнай камісіі CIOFF і аднаўленні членства Беларусі ў гэтай міжнароднай арганізацыі”.

Пра гэта “К” пісала ў публікацыях па выніках фестывалю. Паўтару сцісла: на стварэнне інфраструктуры для гуртоў і турыстаў патрэбныя сродкі, зацікаўленасць інвестараў, актыўнасць мясцовай улады па прыцягненні таго і другога… Для сяброўства ў CIOFF трэба воля Міністэрства культуры і, зноў жа, сродкі…

“Выйсці з прапановай у грамадскую арганізацыю “Беларускі фонд культуры” аб стварэнні Грамадскага савета і фонда ахвяраванняў на падтрымку фальклорнага руху ў Беларусі”.

На жаль, грамадскія саветы часта маюць дарадчы голас, а мецэнатаў у Беларусі не так шмат, як хацелася б.

“Рэкамендаваць аргкамітэту і дырэкцыі Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” ўключэнне фестывалю “Берагіня” ў план міжнародных і рэспубліканскіх турыстычных маршрутаў”.

Турысты, якія мэтанакіравана едуць на “Берагіню”, маглі б скласці самую зацікаўленую публіку. Напрыклад, на нядаўні фестываль “У госці да лепельскага Цмока” прыехаў цэлы аўтобус з Магілёва. Людзі падтрымлівалі ўсіх артыстаў, набывалі сувеніры і ежу… Раёну — прыбытак, турыстам ды артыстам — радасць. Да ўсяго, у рэзалюцыі пазначаны звароты ў адпаведныя інстанцыі аб правядзенні шэрагу мерапрыемстваў, звязаных з "Берагіняй", і яны таксама маюць пэўны турыстычны патэнцыял. Файна, калі ўсе прапанаваныя мерапрыемствы адбудуцца. На месцах, у абласцях, звычайна разводзяць рукамі і зноў жа кажуць пра сродкі. Фінансавыя планы на 2017 год складаюцца ўжо ў сярэдзіне 2016-га, потым з улікам эканамічнай сітуацыі карэктуюцца, на жаль, не ў бок павелічэння фінансавання.

“Рэкамендаваць аргкамітэту і дырэкцыі Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” запрашэнне на фестываль “Берагіня” фальклорных калектываў беларускай дыяспары далёкага і блізкага замежжа”.

Гэта ўзмацніла б сувязі беларусаў свету з радзімай, паспрыяла б іх арыентацыі на захаванне беларускай ідэнтычнасці (асабліва сярод маладога пакалення, якое нарадзілася ўжо ў эміграцыі). Беларусам жа з “мітраполіі” было б цікава паглядзець, чым займаюцца суайчыннікі за мяжой.

“Прасіць галоўныя ўпраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, галоўныя ўпраўленні адукацыі, спорту і турызму аблвыканкамаў і адпаведныя аддзелы рай-, гарвыканкамаў забяспечыць наяўнасць у бібліятэчных фондах устаноў культуры і адукацыі газет “Краязнаўчая газета”, “Культура”, “Літаратура і мастацтва”, часопіса “Роднае слова”.

Канечне, “К” разам з 54 ўдзельнікамі “круглага стала” падтрымлівае ў шэрагу іншых гэту прапанову.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"