Тэатр без супольнасці

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Няўжо “зазямліліся” — ажно да папкорна ў зале, а спектаклі з рэфлексіяй — не па плячы?
Аднойчы грузінская крытыкеса (на жаль, не запомніў ейнага імені), кажучы пра грузінскі постсавецкі тэатр, сказала: “Мы перажывалі тады цяжкія часы, былі пастаянныя перабоі са святлом і вадой, але па вечарах гледачы напаўнялі тэатральныя залы, таму што тэатр, аказваецца, быў неабходны ім як хлеб, як паветра...” Эх! Магчыма, і мы калі-небудзь дажывём да гэтага часу. А пакуль што, мне здаецца, у нас больш падставаў задумацца над тым, што адбываецца ў беларускім тэатры.

Разумею, што тэатр — паняцце занадта шырокае. Так, тэатры лялек маюць сваю спецыфіку (і безумоўныя мастацкія дасягненні); так, жыццё сталічных тэатраў, магчыма, адрозніваецца ад жыцця тэатраў рэгіянальных; так, час ад часу ў тым ці іншым месцы з’яўляюцца спектаклі, пра якія можна гаварыць, як пра падзею. Усё слушна. Тым не менш, вазьму на сябе смеласць некаторых абагульненняў і паспрабую казаць пра тэатры не галоўныя, а пра тыя, якія існуюць у розных “гарадах і весях” у сваіх канкрэтных умовах.

Сышлі ў нябыт часы, калі вялікія сур’ёзныя артыкулы пра тэатр і спектаклі з’яўляліся на разваротах цэнтральных і рэгіянальных газет. Зараз пра тэатр часцяком згадваюць як пра нябожчыка — ці добра, ці нічога. Сам па сабе ён ужо не ўяўляе адмысловай цікавасці ў журналістаў. Ну, хіба здарыцца інфармацыйная нагода — фестываль, прэм’ера альбо юбілей вядомага акцёра (рэжысёра). Прычым пра прэм’еры часцей за ўсё пішацца ў форме рэпартажу або анонсу — там і там адбудзецца... А далей — цішыня! Ніякіх мастацтвазнаўчых артыкулаў ці хаця б (за рэдкім выключэннем) больш-менш змястоўных рэцэнзій у мясцовай прэсе вы не знойдзеце.

Сказаць, што гэта “не ёсць добра” — не сказаць нічога! Тэатр “дыхае” і развіваецца толькі ва ўмовах вольнага абмену думкамі і мастацкімі ідэямі, ва ўмовах пастаяннага пошуку і адмовы ад клішэ і шаблонаў (тычыцца гэта як рэжысуры, так і акцёрскага рамяства). І тэатральная крытыка, зацікаўленая і кампетэнтная, з’яўляецца неабходнай часткай тэатральнага працэсу. Вось яе і пазбаўлены рэгіянальныя трупы. Як пазбаўлены яны творчых абменаў, майстар-класаў, працы з пастаноўшчыкамі, якія вызнаюць іншыя мастацкія прынцыпы, і шмат чаго іншага (выключэнні тут толькі пацвярджаюць правіла). Акцёры і рэжысёры, без прафесійнай зваротнай сувязі, без разумнага, тонкага і дакладнага погляду збоку, страчваюць з часам нейкія крытэрыі і сістэму каардынат, не бачаць матывацыі да творчага росту і развіцця. Што ўжо тут казаць пра кантэкст сучаснага сусветнага тэатра!

У такіх умовах ён (тэатр) непазбежна ператвараецца ў застаялае балота. І непазбежна аказваецца на перыферыі грамадскага жыцця. Больш за тое, увесь сэнс існавання нашага тэатра, як здаецца, зводзіцца толькі і выключна да выканання плана (планаў) — па колькасці спектакляў, па запаўняльнасці залы, па “абслугоўванні” сельскага гледача, па зараблянні грошай, нарэшце. Выкананне даведзеных тэатру планаў з’яўляецца адзіным крытэрыем яго працы (а зусім не мастацкі ўзровень спектакляў)! А калі гэта так, дык што з’яўляецца найкароткім шляхам да поспеху, на думку тэатральнага кіраўніцтва? Вядома ж, камедыі! “Гледачу патрэбны камедыі!” — павінна быць адліта ў бронзе на фасадах нашых тэатраў! З аднаго боку, гэта даволі пасрэднае ўяўленне пра гледача, з другога — нават калі гэта чыстая праўда — ну не павінны камедыі быць абавязкова дурнымі, пахабнымі і прымітыўнымі (а часцяком справа ідзе менавіта так)! За смешным і пацешным лягчэй схаваць любыя агрэхі, а часам і творчую безгрунтоўнасць? Зрэшты, а давайце знізім планку, зробім забойную камедыю (такую, каб “для ўсіх”), збяром пабольш гледачоў і атрымаем прэмію да заробку нават! Быццам бы ўсе шчаслівыя! Няўжо хтосьці супраць? Я супраць! І сапраўды ведаю, што не я адзін.

Нівеляванне тэатра да ўзроўню забаўляльнай установы, да “сферы абслугоўвання насельніцтва” ёсць прафанацыя самой ідэі тэатра — тэатра, які мае наўпростыя адносіны да сферы духу, калі заўгодна, і які з’яўляецца безумоўным дасягненнем нашай культуры (даруйце за гэты пафас)!

У пагоні за “масавасцю” (чытай: за планам) мы свядома ці неўсвядомлена “зазямляем” тэатр, робім яго прымітыўным. Выхаваны на тэатры больш простым, просценькім нават, глядач з часам перастане наогул успрымаць што-небудзь сур’ёзнае і па-сапраўднаму вартае. Тэатральныя шэдэўры або проста спектаклі, якія выклікаюць рэфлексію, стануць яму “не па плячы”. І тады час будзе разносіць у зале папкорн! І тое сумна. А рухаемся мы менавіта ў гэтым кірунку.

Кажуць, што неяк, падчас вайны, Чэрчылю на подпіс прынеслі план бюджэтных скарачэнняў, галоўнымі з якіх былі скарачэнні на культуру. Калі брытанскі прэм’ер-міністр спытаў, чаму менавіта культура, яму адказалі: ну, вайна ж! На што ён сказаў: дык а дзеля чаго мы тады ваюем? Маю пытанне: дзеля чаго, у прынцыпе, існуе тэатр? Хочацца думаць — дзеля таго, каб чалавек заставаўся чалавекам, а можа быць, нават (!) станавіўся лепш, дзеля імкнення зразумець і выказаць час, дзеля нашага смеху і нашых слёз... Але не дзеля выканання плана. Тэатр — гэта ж не проста стварэнне працоўных месцаў для акцёраў і не прыватная (у нашым выпадку) установа, якая прадастаўлена самой сабе. Гэта, перш за ўсё, грамадскі інстытут, і служыць ён павінен інтарэсам грамадства, у нейкім сэнсе яго ідэалам, фарміруючы густ і светапогляд. Апошнія аспекты забытыя, падаецца, наогул!

Я зусім не супраць камедый, як гэта можа падацца камусьці з чытачоў (проста яны надта ўжо наглядны прыклад). Калі казаць у цэлым пра наш тэатр, справа тут, хутчэй, у агульным узроўні большасці спектакляў і ва ўзроўні рэжысуры, які захаплення, шчыра кажучы, не выклікае. І справа не толькі і не столькі ў “адказнасці мастака” (гэта тэма для асобнай гутаркі). Зразумела, што тэатральны працэс складаны і нелінейны, што ён залежыць ад шматлікіх аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў. І ўсё ж, калі мы не хочам канчаткова страціць колькі-небудзь патрабавальнага гледача (калі нам на тое цалкам не напляваць), трэба нешта змяняць у тэатры! Змяняць прынцыпова.

Я, вядома, не адкрываю тут Амерыкі. Прамаўлялася пра гэта ўжо не раз і не два ў той ці іншай форме, аднак ніякіх відавочных зрухаў не адбываецца. Праблема нашага тэатра, як гэта бачыцца “знізу” — у адсутнасці тэатральнай супольнасці як такой. Калі яна і існуе (тэарэтычна ж павінна!), то гэта нешта разрозненае і аморфнае. Прынамсі, “на месцах” яна ніяк не адчуваецца. Мы нічым не аб’яднаныя, мы не ведаем пра планы і дасягненні адзін аднаго, у нас няма ўласнага тэатральнага выдання, а, такім чынам, агульнага поля суіснавання, творчых сувязяў і гэтак далей.

Рычард Смольскі выказаў думку (“Мастацтва”, № 3 за 2016 год), што часопіс “Мастацтва” мог бы стаць адной з пляцовак для зацікаўленай размовы пра тэатр і выпрацоўкі нейкіх ідэй і новых падыходаў. Дай бог... Хаця я тут, хутчэй, песіміст: часопіс гэты выпісваецца тэатрамі, але не зачытваецца там да дзірак. Ён збольшага “агульны”. Але як ёсць, так і ёсць!

Значна больш прадуктыўнай, на мой погляд, была б “жывая” сустрэча (ці іх серыя) у любой форме, якая магла б сабраць людзей, што шчыра хварэюць за тэатр, і тых, хто па абавязку службы закліканы адказваць за яго стан і развіццё. Дзе, як не на такой сустрэчы, можна было б адкрыта абмеркаваць усе тэатральныя пытанні (а іх, шчыра кажучы, назапасілася ўжо маса...).

Толькі сустрэчы гэтыя павінны рыхтавацца не келейна, не “вярхамі”, а самім зацікаўленым тэатральным асяродкам. Калі ж мы з вамі як “тэатральная супольнасць” па-ранейшаму будзем няздольныя да самаарганізацыі, да сцвярджэння новых прынцыпаў тэатральнага працэсу і да адстойвання тэатра ў яго лепшых праявах, ён па-ранейшаму будзе на ўзбочыне.

Што ж тычыцца галасоў, якія апошнім часам сцвярджаюць, маўляў, хопіць тэатру сядзець на шыі ў дзяржавы, час самім зарабляць грошы... Дык заклік гэты глыбока памылковы па сутнасці! Тэатр — гэта не пра зараблянне грошай, у прынцыпе. Нідзе ў свеце ён не з’яўляецца камерцыйным прадпрыемствам (тэатры-шоу не ўлічваю). Калі дзяржава не ўсведамляе ў поўнай меры відавочную думку, што культура ёсць аснова асноў і галоўны набытак, які неабходна берагчы і песціць, не будзе ў нас той культуры вытворчасці, культуры кіравання і розных іншых “культур”, да якіх мы так імкнёмся і якія з’яўляюцца прамым вынікам і вытворным ад галоўнага. Культура — гэта, калі хочаце, місія, і стаўленне да яе павінна быць менавіта як да місіі. Перш за ўсё, з боку дзяржавы.

А тэатр — адзін з краевугольных камянёў нашай культуры. Мастацтва, здольнае хваляваць, прымушаць нас думаць і вяртацца да ўласнай душы (а не толькі дапамагаць “забіць час”). І калі хацець бачыць будучыя пакаленні краіны культурнымі, інтэлектуальна і па-мастацку развітымі, здольнымі да духоўнага жыцця, трэба думаць аб тэатры ў кантэксце новага часу і займацца ім. Хто павінен думаць і займацца? Ды тэатральная супольнасць, вядома! Тая, якой няма, але якая будзе (вельмі хачу ў гэта верыць)! І дзяржава павінна, проста абавязана, усяляк падтрымліваць тэатр, не здымаючы з сябе адказнасці!

Наперадзе новы сезон. Што ён прынясе? Надзеі або расчараванні? Вельмі хочацца першага! І абнаўлення тэатра, вядома. Калі камусьці здалося, што я тут залішне згусціў фарбы, — гатовы выслухаць любыя контраргументы. Дыскусія тэатру сапраўды не зашкодзіць.

Аляксандр ЦЕБЯНЬКОЎ, старшыня Гродзенскага аддзялення Беларускага саюза тэатральных дзеячаў

У працяг тэмы...

Ні Дамка-перніка, ні Дома...

Якіх толькі груп не існуе ў сацыяльных сетках… Было крыху вольнага часу, зазірнуў у блізкую, здавалася б, мне па роду дзейнасці групу “Тэатральная Беларусь”. Вось ужо, думаў, парадуюся цікавым спрэчкам, дыскусіям, развагам, новым асобам у тэатральным асяроддзі. Куды там! Суцэльная рэклама, дзе што адбудзецца. Ну, назвалі б тады старонку “Афіша” — было б больш сумленна…

Пералік будучых падзей я магу прачытаць і ў газетах, і на адпаведных сайтах. Вось часопіс “Тэатральная Беларусь”, што быў калісьці, ён так і заяўляў пра сябе: анансаванне. Але тое часопіс, разумець неабходна: расходныя матэрыялы, друк і гэтак далей. А тут — мора магчымасцяў, але такое адчуванне, што зазірнуў у 1973 год, прынамсі…

А ўвогуле, вельмі і вельмі шкада, што няма зараз у акцёраў такога месца ў горадзе, у краіне, дзе можна было б сабрацца, забегчы іншым разам, пабачыцца, патрашчаць радасна (ці не), але ўсё ж жыўцом! Ужо было ж такое месца… Тыя, хто старэйшы, з нязменна настальгічным выразам твару ўспамінаюць свой Дамок-Пернік. Пернік ва ўсіх адносінах! Таму што ў ім была свая сцэна! На ёй праходзілі тэатральныя эксперыменты! Усе, ад студэнтаў БДТМІ (сённяшняй Акадэміі мастацтваў) да масцітых акцёраў любога тэатра, і нават тыя, хто быў па-за тэатрам з розных прычын, маглі тут прадэманстраваць сваю творчасць і для сваёй, тэатральнай публікі, і для, як кажуць, шырокага кола гледачоў. І добра ж было? Добра! Для ўсіх без выключэння. А бібліятэка?! Там была свая тэатральная бібліятэка з арыгінальнымі выданнямі, многія з якіх існавалі ў адзіным экзэмпляры! І дзейнічала тая ўстанова ў асноўным на даверы. Страцілі мы яе…

Я ўжо не кажу і пра кавярню, якая працавала далёка за поўнач, улічваючы познія заканчэнні спектакляў у тэатрах. З буфетчыцай і афіцыянткамі, якія сталі амаль што родзічамі большасці творчага люду, з “пазыковым кандуітам”, па якім разлічваліся ў дзень заработку (і не было выпадкаў адтэрміноўкі ці махлярства). Пра тую самую кавярню, дзе сварыліся і мірыліся, спявалі і даведваліся пра апошнія навіны…

Выставы акцёраў-рэжысёраў-тэатральных мастакоў. Прэзентацыі музыкі да спектакляў і не толькі. Творчыя сустрэчы… Усё гэта было ў нашым Дамку-Перніку! Цалкам дэмакратычным, са сваёй унікальнай атмасферай, з вельмі правільным распалажэннем, бо месціўся ў самым цэнтры Мінска — побач з Домам афіцэраў. Слаўнае месца, слаўны Дом. Тут малады артыст мог папросту пагутарыць у прывабным асяроддзі з любым народным, з любым рэжысёрам… І хто яго ведае, чаму? Можа таму, што атмасфера была адпаведная, а, можа, разумелі ўсе, што гэты дом — наш! Не магу зразумець і дараваць, чаму адным росчыркам пяра нават у часы крызісу, разумеючы, што цяжка будзе ўтрымліваць той Дамок, пазбавілі ўсіх артыстаў Дома. Ужо даўно няма яго, няма і альтэрнатывы яму… Тая рэстарацыя, што ў сябе стварылі купалаўцы… Дык і ў Рускім ёсць буфет, і ў “Маладзёжцы”... А агульнага Дома няма. І, мяркуючы па ўсім, не будзе… Нават тут, у сацыяльных сетках.

Аляксандр ВЕРГУНОЎ, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага