Калі фестываль прыходзіць да цябе

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г


Румынія

Падчас кожнага замежнага падарожжа міжволі параўноўваеш мясцовыя тэндэнцыі ў сферы культуры з айчыннымі. Сёлетняя вандроўка ў Румынію не стала выключэннем. Як і некалькі гадоў таму, у трэндзе застаецца народная традыцыйная культура.

Пачну з падабенства. Тыя ж стылізаваныя вышыванкі з надзвычай падобнымі да беларускіх арнаментамі можна пабачыць і ў фірмовых буціках Бухарэста, і ў асартыменце вулічных гандляроў на марскім узбярэжжы. Але часцей за ўсё — на саміх румынах, якія з задавальненнем набываюць модную і патрыятычную вопратку.

Хочацца згадаць публікацыю трохгадовай даўніны, калі, пабываўшы ўпершыню ў Румыніі, я з захапленнем апавядаў пра дзейнасць двух нацыянальных этнакультурных тэлеканалаў, якія кругласутачна транслююць выступленні народных музыкантаў і спевакоў, распавядаюць пра традыцыйную культуру. Тады было ўзнята пытанне пра стварэнне аналагічнага праекта і ў Беларусі. Тым больш, кошт пытання складаў не больш за гадавы бюджэт сярэднестатыстычнага раённага футбольнага клуба. Такі статус кво захаваўся па сёння, а ідэі засталіся ідэямі. Але размова пра іншае. Якое стаўленне да народнай культуры ў грамадстве дзвюх краін? Ці прыйдзе беларускі глядач на выступленне фальклорнага калектыву, скажам, з Салігорскага раёна? А румынскі — на прадстаўленне гурта з-пад Брашава?

/i/content/pi/cult/600/13347/13-3.jpg

Адказ на гэтыя пытанні я знайшоў на чарнаморскім узбярэжжы, дзе кожны вечар адбываліся выступленні фальклорных гуртоў з усёй Румыніі. Праходзіла гэта дзейства ў межах фестывалю “Спявае і танчыць Дабруджа”, а дакладней, яго рэтраспекцыі, якая доўжыцца з першага ліпеня па дзясятага верасня. У самім фестывалі, які адбыўся напрыканцы чэрвеня, удзельнічалі больш за 500 прадстаўнікоў фальклорных калектываў з Румыніі (у тым ліку з паўночных рэгіёнаў Сучавы і Брашава). Выступленні адбываліся на чатырох сцэнічных пляцоўках курортных гарадкоў, размешчаных побач, прыцягваючы ўвагу багатай колькасці турыстаў. Прынамсі, у тыя дні, калі наведваў выступленні, устаноўленыя пад гэты фестываль трыбуны былі запоўнены цалкам. Яшчэ з пару соцень чалавек размясціліся на лавах побач або стаялі. Ды і чаму ж не прыйсці гледачам, калі пад вечар сонца збавіла сваё спякотнае ўздзеянне, а перад табой выступае таленавітая сімпатычная моладзь, якая шануе сваю культуру? Нават а дзясятай вечара, пасля заканчэння канцэрта, грамада жадала і чакала працягу. Пры гэтым ніякіх п’яных кампаній, бруду, гэтаксама як і паліцэйскага кантролю, не было заўважана.

Што немалаважна, гасцініцы, вілы і пансіянаты аднаго з гарадкоў, Эфарыі Суд, забяспечылі бясплатнае пражыванне і харчаванне для ўдзельнікаў фестывалю — з-за жадання прапанаваць турыстам і наведвальнікам адметную аўтэнтычную культурную традыцыю. І зарабіць на добрым настроі апошніх.

Убачанае ў Румыніі прадэманстравала цікавы падыход да папулярызацыі народнай культуры, калі не чалавек едзе на фестываль, а фестываль да чалавека. Адпаведна не трэба думаць, дзе гэтага чалавека размясціць і накарміць, чым займаць цягам дня. Для ўсяго гэтага тут створана выдатная інфраструктура. Можа, варта такім шляхам паспрабаваць пайсці і нашай краіне, ладзячы фестывалі ў курортных зонах — на той жа Нарачы ці Браславах. Ды і ці мала ў Беларусі такіх мясцін?!

Кастусь АНТАНОВІЧ

Боснія і Герцагавіна

Сёлета мне пашанцавала трапіць на маладзёжны абмен для музыкантаў, што цікавяцца фальклорам, “Ethno Bosnia-Herzegovina”. Ён прайшоў у Тузле, трэцім па памеры горадзе Босніі і Герцагавіны. Такія ж імпрэзы пад брэндам “Ethno” ладзяцца шмат дзе ў Еўропе, а таксама ў Аўстраліі, Індыі ды Угандзе. Яны будуюцца па адным прынцыпе: прадстаўнікі розных краін прапануюць астатнім удзельнікам для развучвання фальклорныя мелодыі, песні ці танцы, і потым творы выконваюць усе разам. На “Ethno Bosnia-Herzegovina” вывучанае за дзень мы дэманстравалі на плошчах Тузлы, дзе адпачываюць мясцовыя жыхары і турысты.

Абвесткі пра падзею віселі па ўсёй Тузле, жыхары ведалі, што сто музыкантаў з дваццаці краін вучацца штодня, можна прыйсці іх паслухаць на рэпетыцыю ці ўвечары, на канцэрце. Рэпетыцыі за ўвесь тыдзень наведала толькі адна сям’я і мэр горада, Ясмін Імамавіч. Зразумела, што апошні — па службе. Хаця ў прамове спадар Імамавіч падкрэсліў, што бачыў музыкантаў за дзень да таго на канцэрце, але хацеў паглядзець менавіта на працоўны працэс. Канцэрты ў горадзе прыцягвалі ўвагу. Нават бегучы па справах, складана не затрымацца, пачуўшы аркестр са ста чалавек, а калі проста гуляеш — то тым больш. Афіцыйна, на сцэне і з мікрафонамі, праходзіў толькі канцэрт у апошні дзень. Астатнія выступы адрозніваліся ад звыклых выступаў вулічных музыкаў толькі колькасцю ўдзельнікаў (дакладная статыстыка — 102 з 18 краін). Такі напаўнефармальны выхад музыкаў “у людзі” цікавы і ім самім, і гораду, які становіцца больш прывабным для турыстаў, і, што найбольш істотна, для мясцовых жыхароў.

З аднаго боку, вопыт вулічных фестываляў у Беларусі ёсць. Але непараўнальна больш імпрэз, нават у цёплую пару года, праходзіць у памяшканнях. Ці на сцэне, дзе артысты аддзеленыя ад публікі. У выкарыстанні сцэны свае плюсы: выступоўцаў, прынамсі, добра бачаць не толькі першыя шэрагі гледачоў. Але нефармальная атмасфера знікае, перад намі — артысты з гледачамі замест вулічных музыкаў ды мінакоў.

Усе мелодыі падчас маладзёжнага абмену развучваліся на слых, без нот. З аднаго боку, гэта быццам бы адсылка да традыцыйнай культуры, дзе веды (ва ўсіх сферах, не толькі ў музыцы) перадаваліся ад майстра вучню напрасткі, без пасярэдніцтва нотнага ці якога іншага запісу. З іншага боку, такі шлях развучвання паказвае на вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў. На пытанне, каго ж хочуць бачыць на гэтай імпрэзе, прафесіяналаў ці аматараў, галоўны арганізатар “Ethno Bosnia-Herzegovina” Нэдзім Цінйіч адказаў, што галоўнае — жаданне прыехаць, любоў да фальклору. “Некаторыя толькі “падбіваюць” рытм, а іншыя здольныя весці самую складаную мелодыю. Рух “Ethno”, які сёння разросся да імпрэз па ўсім свеце, пачынаўся ў 1990-м з ініцыятывы шведскага музыкі, які збіраў людзей для супольных імправізацый на аснове фальклорных мелодый”, — зазначыў Цінйіч.

Пачуўшы, што “Ethno” вырасла са шведскай ідэі, я ўзгадала, як шмат там рэгіянальных фальклорных імпрэз. Выраз кшталту “музыканты, што граюць фальклор і сабраліся, каб імправізаваць разам” у шведскай мове перадаецца адмысловым словам “spelmansstamma”. Ледзь не ў кожным горадзе Швецыі ёсць супольнасць, што цікавіцца фальклорам, круглы год ладзіць міні-канцэрты, вечарыны традыцыйных танцаў, супольныя спевы. Памяшканні пад імпрэзы, дарэчы, часта даюць установы культуры — музеі на вольным паветры, бібліятэкі. Старыя будынкі ў скандынаўскіх скансэнах жывуць сваім жыццём: часта змяшчаюць акрамя экспазіцыйных пакояў крамы, майстэрні, залы для імпрэзаў, прыватныя кватэры.

На мой погляд, здольнасць імправізаваць, выступаць у нефармальнай абстаноўцы, ментальна пакінуць сцэну — тое, чаго часам не стае беларускім прафесійным і самадзейным музыкам. “К” з задавальненнем друкуе ўражанні работнікаў культуры ад наведвання замежных імпрэз. Дзяліцеся досведам з калегамі, можа быць, не ўсе і не адразу, але ідэі знойдуць пляцоўкі ды актывістаў для рэалізацыі!

Алена ЛЯШКЕВІЧ

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"