Каму крэўскі сувенір?

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Пакуль у Грушаўку на аўтамабілях прыязджаюць не турысты, а валанцёры. Але ёсць надзея, што з цягам часу сядзіба займее новае жыццё...

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама паведамляе, што “13 жніўня ў аграгарадку Раклевічы прайшло свята мёду. У мядовай эстафеце спаборнічала сем каманд сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў. Перамог СВК “Жукоўшчына”. Лепшыя самадзейныя артысты Дзятлаўшчыны выступілі пад акампанемент народнага эстрадна-духавога аркестра “Акцэнт”. Такія святы адбыліся ў кожным СВК. Але былі тыя дзеі непадобнымі адна на другую. У Дварцы ўшаноўвалі лён, у Круціловічах — малако, у Вензаўцы — касцоў. У Жукоўшчыне 28 жніўня запланавана свята яблыкаў, 25 верасня ў Белагурне — бульбяныя ўрачыстасці… Інакш кажучы, мясцовыя работнікі культуры ў шапку не спяць.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дрыбінскага райвыканкама Алена Рабкавец распавяла, што сёння ў раённым цэнтры адбудзецца VI рэгіянальны фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”.

Гэты тыдзень на Воранаўшчыне прайшоў пад дэвізам “Суквецце талентаў Воранаўскага краю”. Пра гэта напісала дырэктар Раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Камінская. Сярод самых яркіх праектаў тыдня: акцыя “Бясплатны інтэрнэт” у райбібліятэцы, фотавыстава “Кола народных традыцый”, майстар-клас па дзвюхасноўным ткацтве ад народнага майстра Станіславы Міхна, свята вёсак Асава і Пеляса ў рамках праекта “Будзь здаровы, гаспадар, будзь здаровая, гаспадыня”.

/i/content/pi/cult/600/13344/11-1.jpg

Пра бібліяфэст “Нас натхняе Магілёў” напісала загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса Святлана Міхеенка. “Працуючы над такім маштабным мерапрыемствам, — кажа яна, — хацелася, з аднаго боку, звярнуцца да традыцый беларускай культуры, з другога, — падарыць людзям свята”. Працавалі падворкі для моладзі і дзяцей, якія прапаноўвалі інтэлектуальныя гульні і анімацыйныя дзеі, заснаваныя на літаратурных творах. Была арганізавана выстава “Мова беларускага арнаменту, або Старадаўнія сімвалы шчасця”.

Мікалай Шаўчэнка распавёў пра метадычныя заняткі супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Рубяжэвічах, дзе знаходзіцца месца масавага знішчэння яўрэяў. У сядзібна-паркавым комплексе “Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі Сула” супрацоўнікі музея пазнаёміліся з экскурсійна-анімацыйнай праграмай. Быў вывучаны вопыт выставачнай, рэдакцыйна-выдавецкай і рэкламнай дзейнасці парка-музея. Метадычныя заняткі арганізаваў прафсаюзны камітэт музея на чале з Людмілай Манкевіч.

Заўтра ў вёсцы Крэва, што на Смаргоншчыне, запланаваны свята ”Пад знакам Лялівы” і фэст ”Кераміка Крэва”. Пра гэта распавяла спецыяліст па сувязях праекта “Кластарны падыход і інфармацыйныя тэхналогіі для мясцовага кіравання і ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый” Марына Сівашава.

Загадчык аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель піша: ”У нашай установе ўпершыню адбылося свята ”Вышыванка — пасланне праз стагоддзі”. Аддзелы і сектары культурна-масавай работы прэзентавалі свае абрадавыя асаблівасці і элементы вышыўкі, былі прадэманстраваны і стылізацыі народных вышыванак”.

27 жніўня адбудзецца святкаванне 950-годдзя вёскі Чарэя, што ў Чашніцкім раёне. У праграме тэматычныя экскурсіі па памятных месцах Чарэйшчыны, канцэрт, рыцарскае шоу, паказ фільмаў “Чарэя Сапегаў”, “Чарэя Мілашаў”.

Заўтра аматараў кветак чакае свята ”Голас роднай зямліцы”, што пройдзе ў гарпасёлку Жалудок, што на Шчучыншчыне. Прапаноўваецца паўдзельнічаць у конкурсах на лепшыя кветкавыя кампазіцыі, на лепшых гаспадынь. Госці могуць наведаць палацава-паркавы комплекс Святаполк-Чацвярцінскіх, касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі, парк каменных скульптур, Цэнтр народных рамёстваў, кветкавыя сядзібы, выставачную залу Пінхуса Крэменя.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"