Іх няма, але яны ёсць

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Онлайн-канферэнцыя “К”/ Раённы музей = рабочая група па яго стварэнні
Час ад часу “К” згадвае пра тое, што ў шэрагу раённых цэнтраў няма музейных устаноў. А ў сённяшняй онлайн-канферэнцыі мы вырашылі больш падрабязна спыніцца на азначанай праблеме. У Дуброўне, Астраўцы, Ляхавічах, Бярэзіне які ўжо год працуюць рабочыя групы па стварэнні раённых музеяў. У іх складзе, як правіла, дырэктар (кіраўнік групы) і захавальнік фондаў. Чым занятыя гэтыя структуры, якія маюць праблемы, чаму падшуканыя будынкі для музеяў так імі і не становяцца? Для адказаў на гэтыя ды іншыя пытанні мы запрасілі да ўдзелу ў нашай віртуальнай канферэнцыі начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі: Дубровенскага раёна — Людмілу ДУДАРАВУ, Ляхавіцкага — Мікалая ДАБРЫЯНЦА; галоўнага спецыяліста па культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама Наталлю МАЕЎСКУЮ; членаў рабочых груп па стварэнні музеяў: захавальніцу музейных фондаў з Дуброўна Наталлю АЎЧАРОВУ, кіраўніка групы з Бярэзіна Марыну ЛАБКОВІЧ, дырэктара музея з Астраўца Марыну ПРАЎЛУЦКУЮ.

Яўген Рагін:

— Пачнем, напэўна, з Дуброўна. Пра кляштар бернардынцаў, які з 1996 года перайшоў разам з зямлёй на баланс аддзела (тады яшчэ толькі культуры) і без ваганняў быў прызначаны пад музей, пісалі не аднойчы. Але сітуацыя ж не змяняецца…

Людміла Дударава:

— Не, да 2006 года тут вяліся актыўныя рамонтныя работы. Замянілі вокны, дах. Тады ж з’явілася і рабочая група па стварэнні музея.

Наталля Аўчарова:

— Але фонды пачалі збіраць яшчэ з 1990-х.

Яўген Рагін:

— Мне расказвалі, што ў Дуброўне ўзнікла ці не першая ў свеце гадзіннікавая мануфактура, датаваная 1784 годам…

Наталля Аўчарова:

— Ды па кожным нашым музейным прадмеце можна распавядаць з дакладнасцю пра гісторыю раёна. І кожны такі экспанат можа стаць брэндам Дубровеншчыны. Як, да прыкладу, археалагічныя знаходкі ці звычайны гармонік, які вызваліцель нашага райцэнтра пранёс да Берліна, а пасля вайны прыехаў у Дуброўна і падарыў музычны інструмент будучаму музею.

/i/content/pi/cult/600/13343/10-1.jpg

Яўген Рагін:

— Усё гэта цудоўна, але як склалася далейшая гісторыя з кляштарам?

Людміла Дударава:

— Ён на сёння нават не да канца закансерваваны. Адзін з апошніх падрадчыкаў абвясціў сябе банкрутам. А паколькі кляштар помнік гісторыі і архітэктуры, заказчыкам работ выступае абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. Так што з нашага боку не можа быць ніякай самадзейнасці.

Яўген Рагін:

— Гэты будынак сам па сабе — брэнд. Пра яго многія пісьменнікі згадвалі, у тым ліку і Уладзімір Караткевіч у “Каласах пад сярпом тваім”. А яшчэ мне расказвалі, што з’яўляецца тут час ад часу прывід — на пэўных фотаздымках у адным з кляштарных акенцаў можна заўважыць абрысы чалавечага твару. Хтосьці кажа, што гэта людзі без пэўнага месца жыхарства, а хтосьці працягвае верыць у цуд… Рабочая група — структура аддзела? Чым яна павінна займацца?

Людміла Дударава:

— Яна ўваходзіць у склад Цэнтра народнай творчасці і адпачынку. А займаецца яна не толькі зборам ды сістэматызацыяй экспанатаў, але і наладжваннем мабільных выстаў з музейных фондаў і прыватных калекцый. У нас, да прыкладу, восем маршрутаў распрацавана і аўтобус заўжды напагатове.

Яўген Рагін:

— І план ёсць па аказанні платных паслуг?

Наталля Аўчарова:

— Вобласць нам яго не даводзіць, аднак аддзел дае такое заданне. Маршруты ў нас сапраўды цікавыя, звязаныя з экалогіяй, сямёркай цудаў Дубровеншчыны (праект па іх выбары пачала дзіцячая бібліятэка, потым падхапіла грамада), Вялікай Айчыннай вайной (фронт у нас стаяў дзевяць месяцаў!). Так што грошы зарабляем. Наша аўдыторыя — школьнікі раёна. Хоць і экскурсіі дарослых прыхільнікаў гісторыі краю — таксама пастаянныя.

Яўген Рагін:

— Музея няма, але ён ёсць…

Людміла Дударава:

— Можна разглядаць гэта як пэўную альтэрнатыву: райвыканкам рыхтуе рашэнне, каб у аграгарадку Асінторф экспазіцыі, звязаныя з торфаздабычай, экалогіяй і гісторыяй Вялікай Айчыннай, размешчаныя ва ўстанове культуры, набылі музейны статус. Але раённы музей у раённым цэнтры — справа больш прэстыжная, аднак пакуль не рэальная.

Яўген Рагін:

— Якія праблемы ў рабочай групы? Адна з іх, ведаю, звязаная з пасадай кіраўніка. Прыходзяць на яе маладыя спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, праз два гады сыходзяць, так і не пакінуўшы пасля сябе годнай памяці.

Наталля Аўчарова:

— І ўсё ж больш хваравітае пытанне з плошчамі фондавага захоўвання. Два пакойчыкі ў Раённым цэнтры культуры — гэтага мала для больш чым 14 тысяч музейных прадметаў, сярод якіх і кераміка, і ручнікі, і жывапіс. А РЦК неўзабаве зачыніцца на рэканструкцыю, бо ў наступным годзе ў Дуброўне пройдуць абласныя дажынкі.

Людміла Дударава:

— Ды без прыгляду фонд не застанецца.

Яўген Рагін:

— А спрабавалі вы, насуперак усяму, паўдзельнічаць у Музейных форумах? Пад дэвізам, так бы мовіць, “Мы паміраць не збіраемся!”?

Наталля Аўчарова:

— Калекцыя нашых лялек “Дубравушка” на Другім музейным форуме атрымала дыплом. Хоць і няма музея, але пра яго ў рэспубліцы такім чынам ужо ведаюць.

Наталля Маеўская:

— Наша рабочая група створана ў чэрвені 2013 года. У штаце — тры чалавекі: дырэктар, галоўны захавальнік, малодшы навуковы супрацоўнік. Будынак нам не патрэбны. Музей змесціцца ў былым дзіцячым садку. Тут рабочая група і дзейнічае. Першы паверх заняты пад раённы цэнтр рамёстваў, які працуе даўно і вынікова. Другі паверх адведзены пад музей (два пакоі ўжо гатовыя). Суседства РЦР з музеем лічу вельмі ўдалым. Наведвальнік атрымае цэлы комплекс паслуг, бо на першым паверсе працуюць майстар-класы. Нядаўна займелі двух маладых спецыялістаў, дамарослых, якія пасля адпрацоўкі не з’едуць. Адна дзяўчына, кераміст, скончыла Магілёўскі каледж мастацтваў, другая — Акадэмію мастацтваў у Мінску. Значыць да разьбярства па дрэве дадасца і гліна.

Яўген Рагін:

— Шчыра кажучы, не чакаў такога пазітыву. Задумка мне ваша падабаецца, як, зрэшты, і кадравая палітыка… Што ж канкрэтна будзе на другім паверсе былога садка?

Наталля Маеўская:

— Не будзе, а ўжо ёсць. Пасля леташняга рамонту адкрыліся дзве музейныя залы. У адной прадстаўлены нашы знакамітыя лыжкі, (самую вялікую ў свеце можна пабачыць ля ўваходу ва ўстанову), у іншай зусім нядаўна адкрылася экспазіцыя “Ад льняной сцяблінкі да льнянога палатна”, дзе прадстаўлена льняное ткацтва. Праз час адкрыюцца залы патрыятычнага выхавання і хатняга побыту.

Марына Лабковіч:

— На ”льняной” экспазіцыі зарабляць пачалі з красавіка. Асноўным заняткам групы застаецца фарміраванне фондаў. На пастаянным захоўванні ў нас амаль паўтары тысячы прадметаў, 250 — навукова-дапаможны фонд. Самі ведаеце, наколькі гэта карпатлівая праца — узяць рэч ці калекцыю на захоўванне, апісаць кожны прадмет… Прыватныя калекцыянеры ахвяруюць нам апошнім часам баністыку, нумізматыку.

Яўген Рагін:

— Натуральна, фонд будзе павялічвацца. Ці належныя ўмовы для яго захоўвання?

Марына Лабковіч:

— Гэта праблема не толькі рабочых груп, але і сталых музеяў, ды не толькі раённых. У нас пад фонды адведзены дзве не надта прыстасаваныя для гэтага кладоўкі. Так што рыхтаваць неабходна і іх, а не толькі дадатковыя музейныя залы.

Яўген Рагін:

— Бачыў, што ў вас шмат унікальных прадметаў савецкай эпохі. Як збіраецеся іх выкарыстаць?

Марына Лабковіч:

— Так, нават грампласцінкі можна паслухаць на радыёле 1955 года. Мяркуем у наступным годзе наладзіць выставу, прысвечаную стагоддзю Кастрычніцкай рэвалюцыі ”Быў год, была эпоха”.

Яўген Рагін:

— Трэба прыехаць паглядзець… Калі музей запрацуе на поўную магутнасць?

Наталля Маеўская:

— Не бяруся адказаць на гэтае пытанне.

Яўген Рагін:

— А вось на Астравеччыне, як высветлілася, рабочай групы па стварэнні музея няма, ёсць музей. Праўда, знаходзіцца ён не ў раённым цэнтры, а ў вёсцы Барані, дзе захаваўся дом, у якім нарадзіўся знакаміты каталіцкі святар і паэт Казімір Сваяк.

Марына Праўлуцкая:

— Тамтэйшая экспазіцыя так і называецца “Дом Казіміра Сваяка”. Гэта філіял раённага музея, які толькі збіраюцца пабудаваць. У Астраўцы знаходзіцца толькі адміністрацыя ўстановы. У вялізным будынку, дзе быў калісь РДК, цяпер размешчаны ЗАГС, нашы кабінеты (апрача мяне ёсць яшчэ захавальнік музейных фондаў і малодшы навуковы супрацоўнік) і фондасховішча на 58 квадратных метраў (былая клубная сцэна). Такой плошчы для захавання фондаў нідзе ў раёнах, напэўна, няма.

Яўген Рагін:

— А які ў вас агульны фонд на сёння?

Марына Праўлуцкая:

— Каля трох тысяч прадметаў.

Яўген Рагін:

— Філіял ёсць, а галаўны музей пакуль адсутнічае. Вы дырэктар на большую палову віртуальнай установы?

Марына Праўлуцкая:

— Атрымліваецца так. Аднак статус юрыдычнай асобы яна мае з 2010 года, калі быў адрамантаваны дом Сваяка.

Яўген Рагін:

— Чаго толькі не бывае ў юрыдычнай практыцы… Астравец цяпер на слыху ці не ў кожнага жыхара Беларусі па прычыне будоўлі АЭС. Кажуць, насельніцтва горада пастаянна павялічваецца?

Марына Праўлуцкая:

— Так. Шматпавярховікі растуць, як грыбы.

Яўген Рагін:

— Без сучасных устаноў культуры ва ўмовах такой урбанізацыі проста не абысціся.

Марына Праўлуцкая:

— Будуецца новы мікрараён, дзе нам абяцаюць стварэнне цэлага комплексу такіх устаноў. З нуля будзе ўзведзены і раённы музей.

Яўген Рагін:

— А пакуль?

Марына Праўлуцкая:

— Ладзім у школах раёна музейныя заняткі. Самы папулярны ўрок — “Астравецкая мазаіка”. Распавядаем пра ўнікальную архітэктуру нашага краю, потым складаем самаробны пазл на гэтую ж тэматыку. Летам арганізуем экскурсійныя паездкі ў Гервяты, дзе знаходзіцца касцёл-прыгажун. Экскурсіі, натуральна, платныя.

Яўген Рагін:

— У экспедыцыі часта скіроўваецеся?

Марына Праўлуцкая:

— Толькі ў бок Барані — для папаўнення этнаграфічнай часткі экспазіцыі “Дом Казіміра Сваяка”.

Яўген Рагін:

— Атрымліваецца, у вас адзіная праблема…

Марына Праўлуцкая:

— …адсутнасць музейнага будынка ў райцэнтры.

Яўген Рагін:

— Як вырашаецца музейнае пытанне на Ляхавіччыне?

Мікалай Дабрыянец:

— Сёлета стварылі рабочую групу. Спачатку трэба было разабрацца з будучым музейным будынкам. Першым у спісе стаяў былы касцёл на тэрыторыі райбальніцы, дзе некалі размяшчалася паліклініка. Але эксперты прыкінулі, што рэстаўрацыі бюджэт не пацягне. Другі аб’ект — будынак аховы, частка штату якой пераехала. Калі пярэбары скончацца цалкам, мы можам выкарыстаць памяшканні пад музей. І трэці варыянт, самы для нас жаданы — сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы. Цяпер там афармляюцца ахоўныя зоны — выкарысталі для гэтага немалыя сумы. Мяркуем разам з палякамі рэалізаваць праект адраджэння сядзібы ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва. Калі ўсё атрымаецца, распачнецца фінансаванне работ. Можна казаць, што ўжо цяпер сядзіба займела новае жыццё: гэтымі днямі тут ладзіцца свята традыцыйнай культуры “З крыніц спрадвечных”.

Яўген Рагін:

— Цалкам згодны, Грушаўка — месца сакральна-брэндавае і для фэстаў-свят, і для музейнай дзейнасці. Але самае галоўнае — у вас ёсць з чаго выбіраць. Чым зараз група занята?

Мікалай Дабрыянец:

— Высветлілі крыніцы папаўнення музейнага фонду. Музейныя куткі ці грунтоўныя экспазіцыі ёсць у сельскіх дамах творчасці, у школах, каледжы. Гэтыя музейныя прадметы і стануць асновай нашага фонду.

Замест заканчэння

А выснова — немудрагелістая. Чалавек заўжды спадзяецца на лепшае. Работнік культуры ў гэтай справе — прафесіянал з прафесіяналаў...

Калі не шануеш мінулае, будучыня заўжды пад пытаннем. Гэта ж пра музеі сказана. У Дуброўне спадзяюцца на абласныя дажынкі, у Астраўцы — на дальнабачнасць мясцовых уладаў, у Ляхавічах — на паразуменні замежных калег. Але ніхто пры гэтым не сядзіць без справы. Музеяў пакуль няма, а музейны патэнцыял — развіваецца.

У самым выгодным становішчы, па маім меркаванні, бярэзінскія музейшчыкі: палова памяшканняў тут запушчаны ў справу. Вось каб толькі не трапілі яны ў цень суседняга Дома рамёстваў, які пастаянна нарошчвае тэмпы працы і з дапамогай гіганцкай лыжкі піярыць сябе далёка за межамі Беларусі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"