Інтуіты vs. сэнсорыкі

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Новыя вопыты і гульцы беларускага кіно
Новы сезон праекта “ХранатопЬ”, творчы вечар “Усе на “Верх” з паказам незалежнага кароткаметражнага кіно — падобна на тое, кола ўвагі да беларускага кіно і ў летні несезон толькі павялічваецца. Мінск абмяркоўвае выхад “Неонавага дэмана” Рэфна і “Джульеты” Альмадовара, але свайго гледача і крытыка знаходзяць беларускія стужкі маладых аўтараў. Нягледзячы на тое, што некаторыя з рэжысёраў “выдалі” на суд публіцы, лічы, свае першыя вопыты ў кіно.

Каханне і смерць каптарунаўскіх мрояў

У першую чаргу гаворка пра новы выпуск “ХранатопЬ 3.0”, які стаў плёнам ліпеньскага кінаінтэнсіву Андрэя Кудзіненкі ды Андрэя Палупанава ў вёсцы Каптаруны і быў прэзентаваны на пляцоўцы “ЦЭХ”. Праект-летапіс сучаснай міфатворчасці гэтым разам далучыў да сваёй “веры” з два тузіны маладых кінематаграфістаў. І як вынік — шэсць стужак новых аўтараў папоўнілі абойму адкрытага альманаха “ХранатопЬ”, які збірае “коэны” і “былічкі” пачаткоўцаў і сталых рэжысёраў, прысвечаныя міфам і рытуалам сучаснай Беларусі.

“ХранатопЬ 3.0” вылучае, вядома, месца. Гэта, збольшага, каптарунаўскія фантазіі. Жывапісная і амаль пустая вёска ў Пастаўскім раёне на памежжы з Літвой — цудоўная натура для здымак, і, уласна, відавочны герой асобных стужак. Але цікава было назіраць, якую розную мову выкарыстоўвалі рэжысёры для стварэння сваіх гісторый.

Да прыкладу, “Пачвара?” Яўгена Булавы і Ганны Палупанавай — гэта па пасыле, лічы, сацыяльная драма пра стасункі бацькоў і дзяцей, але… распаведзеная праз мову сучасных хорараў. Дасылкі да японскага “Званку”, амерыканскіх мак’юментары, заснаваных на здымках ад першай асобы — усё гэта надае стужцы саспенсу, напружання, але, урэшце, заблытвае і адцягвае ад галоўнай ідэі. Іншы досвед несупадзення формы і зместу — “На Івана Купалу” Яніны Рашчынскай. Па сцэнарным патэнцыяле стужка мела магчымасць выйсці на сучасную феміністычную казку. Але лексіка карціны дасылае да здымкаў немудрагелістага “нарыснага” кіно, што адразу адбілася на пасланні — і спрасціла задуму. “Лекар” Паўла Лукашэвіча і Міхася Варанцова — прыстойны трылер-фельетон з нядрэнным фіналам, які трошкі варта скараціць. “Папутчык” каманды пад кіраўніцтвам Марыі Маісейчык пакуль канчаткова не склаўся, каб казаць пра яго несупадзенні.

Найбольш удалымі работамі “Хранатопі 3.0” можна назваць “Адамаў яблык” каманды Алены Ясінскай і “Вянок” Паўла Недзьведзя. Першая стужка выдатная тым, што спрабуе “змяшаць” страшнае і смешнае, не занураючыся ў дэталі — і гэта ў рэжысёра атрымоўваецца выдатна. Доўгія, насычаныя дынамікай планы, прыстойны мантаж — гісторыя пра пераўвасабленне “чорнага” калекцыянера, паляўнічага на кінутыя скарбы атрымліваецца свежай і нестандартнай. І “страшныя” істоты, духі ў фільме — сапраўды страшныя дастаткова, каб напужаць, рассмяшыць і не надакучыць. Мова кіно тут акурат дарэчная, каб вынесці даволі маралізатарскі мэсідж за дужкі, пакінуўшы цудоўную атмасферу і лёгкую ноту Шванкмаера.

/i/content/pi/cult/600/13341/9-1.jpg

Варта адзначыць, што Павел Недзьведзь, стужка якога сталася бадай лепшай у сезоне, рыхтаваў сцэнарый сваёй карціны даволі доўга. Гэта не вынік двухдзённага мазгавога штурму, а плён працы шэрагу тыдняў. У выніку — сцэнарый, які быў шматкроць дапрацаваны, атрымаў увасабленне ў належнай форме.

Па жанры “Вянок” можна аднесці да містычнай драмы, але містыка тут хутчэй — адсылка да легенды, міфа, які захоплівае сучаснасць з яе рэаліямі. Мова кіно тут — спалучэнне расповеду ад “першай асобы” — персаніфікаваная камера ад імя канкрэтнага героя, і статычныя здымкі — ад рэжысёра як ад імя Бога. Збег двух наратываў спараджае выхад зямной гісторыі пра чалавечы любоўны трохкутнік да метанаратыву пра каханне. Легенда, эпас — тое, што заўжды было, ёсць і будзе — падпарадкоўвае канкрэтную гісторыю кахання сваім пафасам і безадноснасцю. І рэжысёр аказаўся здольны гэтага вольна ці нявольна дамагчыся. “Вянок” — вялікая гісторыя кахання, веліч якой прыходзіць праз пейзаж, у якім разварочваеца дзея. Ён і ёсць тая аснова, вымярэнне часу, што пакуль трымае вечнасць і чалавека.

Стаўка на глядацкае

Перанясемся на іншы паказ і, адпаведна,  — у новыя кантэксты. Жнівеньская імпрэза “Усе на “Верх” у прасторы “Space” стала нечаканым знаёмствам з яшчэ адной “порцыяй” маладога кіно, што прыйшло, так бы мовіць, “знізу”. Тры стужкі — “Людажэр” Аляксандра Высакоўскага, “Эстафета” Міхаіла Пархоменкі і “Пад шатамі дрэваў” Ігната Качана — склаліся ў праграму кароткага метра і сабралі вялікую аўдыторыю.

Цікава ў гэтых ініцыятывах вось што: фільмы прадстаўлялі не толькі асобы, а кампаніі — гаворка, у тым ліку, шла пра прадзюсарскае кіно, якое разлічвае на выхад у пракат і тэлепаказы. Ды прыкладу, “Людажэр” — плён высілкаў працы мінскай кампаніі “RedSdudia”, якая займаецца “тэхнічным забеспячэннем працэсу здымак аўдыявізуальнай прадукцыі”. Але, як прызнаўся аглядальніку “К” яе прадзюсар Юрый Громік, арганізацыя вырашыла сама ўкласціся ў вытворчасць кіно, не задавальняючыся роляй пастаўшчыка паслуг. “Бо, калі не будзе ўласна самога прадукту, сітуацыю ў беларускім кіно наўрад ці зменіш”, — канстатаваў адмысловец. Гэты крок —сведчанне зменаў ужо на ўзроўні прыватных кінапартнёраў, якія не хочуць сядзець у баку, чакаючы рэдкіх заказаў. Вядома, гэтыя інвестыцыя для іх — рызыка, але кінакампанія свядома на яе ідзе, намагаючыся спрычыніцца да адраджэння нашага кіно.

У гэтым рэчышчы (як рэжысёр ужо са сваёй кампаніяй — кіна-тэлестудыяй “BK films”) прэзентаваў работу “Пад шатамі дрэваў” на паказе і Ігнат Качан. Ды і “Эстафета” Міхаіла Пархоменкі таксама сталася вынікам праекта “Kinosprint”, скіраванага на падтрымку маладога белкіно па законах рынку. Што значыць — з далейшым прасоўваннем фільма і яго выхадам на розныя аўдыторыі.

Па шчырасці, можна адзначыць: кантэкст сфарміраваў і “начынне”. Бо прадстаўленыя стужкі можна смела далучыць да глядацкага кіно, якога так прагне глядач і аб якім ці не перастала марыць дзяржава. І яго зрабілі незалежныя кінематаграфісты з падтрымкай невялікіх кампаній.

Ды прыкладу, “Людажэр”, натхнёны эстэтыкай “Далікатэсаў” П’ера Жане і Марка Каро. Не выходзячы за рамкі “прыстойнага” відовішча, фільм акуратна трапляе ў нішу яснага глядацкага кіно. Кароткаметражка, знятая ў павільёне, дасціпна звяртаецца да тэмы калектыўнага замбіравання масаў сучасным тэлебачаннем. У стужцы занятыя вядомыя беларускія акцёры — Тамара Міронава, Ігар Сідорчык, Аляксандр Ткачонак, Святлана Анікей… Цудоўны ансамбль робіць сваю справу, ствараючы прастору ўзаемадзеяння і гульні. Вартае увагі рэаліці-шоу, “удзел” у якім відавочна прыносіў артыстам задавальненне. У кіно ўсё зразумела, празрыста і лаканічна. Роўна настолькі, каб застацца ў рамках сатырычнага глядацкага фільма з элементамі жахаў.

Іншы вугал і градус — “Пад шатамі дрэваў” Ігната Качана, але таксама маем работу, якая звяртаецца да даўніх чаканняў зморанага баявікамі гледача — пазітыўнае чалавечае кіно. Зорны склад стужкі — Мікалай Кірычэнка, Барыс Луцэнка, Іван Шчатко, зноў жа Тамара Міронава, Ірына Кабанава, Георгій Маляўскі ды многія іншыя… — вялікая ўдача рэжысёра, які падчас прэм’еры прызнаўся, што цудоўна разумее ўласныя хібы ў пастаноўцы. “Пад шатамі…”  — гэта кіно паміж жыццём і марай, калі жывыя эмоцыі становяцца дамінантай расповеду. Мяркую, што для кагосьці стужка стане сапраўды святам, нягледзячы на тое, што карціне істотна не хапае сцэнарнай прапрацоўкі, каб лепш раскрыць матывіроўку ўчынкаў герояў.

“Эстафета” Міхаіла Пархоменкі ў адрозненне ад твору калегі, не пазбаўлена сцэнарнай логікі і грунтоўнага сацыяльнага пасылу, але, на жаль, тоне ў маралізатарстве і, па-сутнасці, не мае фіналу, які б завяршаў экалагічны “роуд-муві”, а не абрываў яго.

“Усе на “Верх” — гэта кіно, якое нараджаецца з галавы і сэрца — і цэліць у шырокія масы. Стужкі ж “ХранатопІ” з’яўляюцца як вопыты жыцця і “быцця” ў “чыстай” творчасці і імправізацыі, якая вядзе няведама куды. Магчыма — у балота, магчыма — да скарбаў, а магчыма — да сусветнага прызнання. Гэтым шлях і цікавы. Беларускае новае кіно працягвае нараджацца і шукаць сваю форму.

P.S. Дарэчы, пазнаёміцца з кароткаметражкамі “ХранатопІ” можна будзе 26 жніўня ў рамках праекта “Белкіналета” фестывалю "Cinema Perpetuum Mobile" ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея. А ў верасні адмысловы альманах “ХранатопЬ. Танатас і Эрас” прыме ўдзел у конкурсе “Амнібус” Адкрытага фестывалю кіно краін СНД, Латвіі, Літвы і Эстоніі “Кінашок” у Анапе. Ну і чакаем трэйлеру, нарэшце!

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"