Квартал Умкі і Піка

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Беларускі тэатр “Лялька” трэці год запар ладзіў на “Славянскім базары ў Віцебску” ўласны праект — “Лялечны квартал”. Артысты трупы ўдзельнічалі і ў фэсце вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”. Акрамя далучэння да сёлетняга вершамарафону, “Лялька” прапанавала публіцы тры новыя спектаклі, якія прыцягнулі не меншую ўвагу, чым замежныя гасцявыя.

Вулічны спектакль “Шагал. Зыход” у пастаноўцы маладой актрысы тэатра Дар’і Зімніцкай паглядзець, на жаль, не давялося: яго адзіны паказ супадаў па часе з Міжнародным конкурсам выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2016”. Хаця вельмі хацелася на свае вочы ўбачыць, як артысты не проста на хадулях ходзяць, спецыяльна засвоіўшы гэту тэхніку, а ў такім стане яшчэ і лялькамі кіруюць, не забываючыся на шагалаўскую сімволіку.

Затое абодва дзіцячыя спектаклі: “Умка”, прэм’ера якога адбылася нядаўна, і “Горад клоўна Піка”, вылучаны на Нацыянальную тэатральную прэмію-2016, — паўтараліся, трывала збіраючы поўныя залы.

/i/content/pi/cult/600/13340/8-1.jpg

“Умка” прызначаны для дзяцей ад трох гадоў, “… Пік” — ад пяці, але гэтыя спектаклі можна ў поўнай меры назваць сямейнымі: дарослыя знойдуць у іх і дадатковыя сэнсы, і тэмы для абмеркавання не толькі з самымі маленькімі, але і з дзецьмі школьнага ўзросту. Цікава, але хтосьці з крытыкаў і тэатразнаўцаў убачыў у “Горадзе клоўна Піка” ўвогуле адлюстраванне ледзь не экзістэнцыялізму і такіх яго аспектаў, як “татальная адзінота”, “вопыт смерці і паўторнага нараджэння”. Сапраўды, спектакль можа стаць адпраўным пунктам для разважанняў на гэтыя складаныя тэмы. Але яго агульны настрой — светлы, аптымістычны, дзейсна актыўны, скіраваны на самастойнасць і ўпартасць у дасягненні мэты. Цырк згарэў — і клоўн Пік не ліе слёз, не скардзіцца, не шукае, на каго зваліць віну, а будуе ўсё нанова — бярэ чароўныя нажніцы і выразае фігуркі. Так узнікае суцэльны казачна-цацачны горад з яго жыхарамі і цыркам у цэнтры — быццам асобная планета са сваёй сістэмай каштоўнасцяў, дзе на першы план выходзяць радасць жыцця і сяброўства, стваральныя, а не разбуральныя імпульсы.

Спектакль, адпаведна назве і сюжэтнай лініі п’есы расійскага драматурга Міхаіла Барценева, пабудаваны на мяжы тэатра і цырка. Зразумела, усе фокусы і цыркавыя нумары вырашаюцца тэатральнымі сродкамі, але з далучэннем клаўнады. Праз гульню і элементы інтэрактыву (некаторыя артысты выходзяць з залы, іх спачатку і сапраўды прымаеш за звычайных гледачоў, раптоўна выцягнутых на сцэну) дзеці засвойваюць простыя, але такія неабходныя ісціны: “Вось як трэба падаваць нажніцы”, “Вось як дрэнна быць дурной і ўпартай”, “Вось як добра быць ветлівым і выхаваным”. Спектакль вучыць стасункам з іншымі людзьмі: як знайсці сяброў, як паводзіць сябе з імі, пераадолець недахопы, ды не згубіць сваё “я”. Невыпадкова самай горшай характарыстыкай становіцца слова “нявыхаваны”.

Спектакль стаўся дыпломнай работай маладога рэжысёра Міхаіла Клімчука, які сёлета бліскуча скончыў вучобу ў Санкт-Пецярбургу, — і адначасова амаль бенефісам маладога артыста тэатра Сяргея Талкача, які шчодра адорвае свайго Піка няўрымслівасцю, апантанасцю, сапраўдным творчым запалам. У адрозненне ад п’есы, дзе акрамя Піка дзейнічае толькі Апавядальнік, у спектаклі багата персанажаў. Народжаныя фантазіямі Піка, яны паступова “засяляюць” прыдуманы ім горад. Сапраўды, навошта пра кагосьці распавядаць, калі можна паказаць?

Фінал нечаканы. Нас быццам перасцерагаюць: ад запала да запалкі — адно імгненне. Пік з нейкім дзіўным выразам на твары (маўляў, выбачайце, але…) дастае запалку, толькі запаліць яе яму не даюць. І раптам закрадаецца сумнеў: ці ж не ён сам спаліў свой цырк? А калі так, дык што гэта — пакуты творчасці? Дзіцячае свавольства? Неасцярожнасць? Жаданне “спальваць масты”, увесь час пачынаючы ўсё спачатку? Прага славы Герастрата? Пытанне застаецца без адказу — можа, яшчэ і таму, што ў п’есе гэтага няма. Але ж калі ў спектаклі з’явіўся дадзены ход, яго трэба было б акрэсліць больш зразумела — з разлікам на пазначаны ўзрост гледачоў.

“Умка”, пастаўлены мастацкім кіраўніком “Лялькі” Віктарам Клімчуком, становіцца гэткай чароўнай калыханкай — для трохгадовых. Для больш дарослых — віртуальным этнападарожжам. А таксама роздумам пра крохкую гармонію чалавека і навакольнай прыроды, дзе галоўная дзеючая асоба — менавіта прырода. Спектакль прынцыпова адрозніваецца ад колішняга аднайменнага мульціка. Той быў — выключна пра маці і дзіця, якое шукае сабе сяброў і знаходзіць прыгоды. У спектаклі ж на першы план выходзіць рознакаляровы, а не толькі заснежана-белы каларыт Поўначы — дзякуючы найперш цікавай працы запрошанага з Санкт-Пецярбурга мастака Наталлі Бурнас, якая імкнулася паказаць разнастайную традыцыйную культуру паўночных народаў. Такое рашэнне цалкам стасуецца з крыху эпічным разгортваннем дзеяння, нетаропкім пранікненнем у кожную дэталь.

Спектакль, жанрава азначаны як “кранальная гісторыя”, атрымаўся не толькі кранальным, але і разумным. Ён вучыць не адно бегчы па жыцці, але і часам спыняцца, аглядацца, задумвацца, разважаць — нарэшце, проста любавацца. Драўляная дошка, якая фантазіяй пастаноўшчыкаў ператвараецца ў вандроўную ільдзінку, становіцца сімвалам гэтага “астраўка” любові, мудрасці, душэўнай цеплыні — усяго таго, што не прыходзіць з наваколля, а хаваецца ўнутры кожнага з нас.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"