Гандаль беларускім, але для замежнікаў

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Майстры і рамеснікі пра тое, ці ёсць попыт на наша
У Любліне прайшоў дзясяты Ягелонскі кірмаш, адноўлены ў 2007-м на ўзор сярэднявечнага. Сёлета галоўнай тэмай стала вышыўка. Як заўсёды, удзельнічалі беларускія майстры па розных відах рамёстваў. Некаторыя падзяліліся з “К” уражаннямі адносна таго, які тавар сёлета найбольш хадавы.

Ганна ПАНІШАВА, каардынатар беларускіх майстроў на кірмашы (Брэст):

— Сёлета ў кірмашы паўдзельнічалі рамеснікі з Брэсцкай і Мінскай абласцей, а таксама з Гарадка на Віцебшчыне. Не ўсе рэгіёны прадстаўленыя, бо ў Любліне вельмі строгі адбор: арганізатары кірмашу лічаць, што трэба запрашаць майстроў, якія працуюць па аўтэнтычных узорах. Напрыклад, не вельмі ахвотна бяруць майстроў, што прывозяць мастацкія вырабы. Арганізатары хочуць, каб гэты кірмаш заставаўся сапраўдным прадаўжальнікам сярэднявечнага. У выніку ад Беларусі як каардынатар выпраўляла 18 майстроў і яшчэ 12 чалавек з Саюза майстроў народнай творчасці, якія прыехалі на чале з Тамарай Харланчук, але яны не гандлююць. Іх мэта — паглядзець, як імпрэза ладзіцца, а з часам найлепшае выкарыстаць у правядзенні нашых фестываляў.

Наогул, у арганізатараў за дзесяць гадоў правядзення адноўленага кірмашу ўтварылася база, можа, на сто майстроў з Беларусі. Зразумела, кожны год галоўнай тэматыкай фэсту выступае пэўны від рамяства, але тых жа вышывальшчыц заўсёды рады бачыць. Добра ідзе ткацтва, кераміка, рознага кшталту пляценне (з лазы, з саломы). Саломкапляценне ў такім развітым стане, як у Беларусі, больш нідзе не сустракаецца. Мне здаецца, папулярным было б кавальства, але не так шмат майстроў працуе ў гэтай тэхніцы.

Камісія ад арганізатараў праходзіць па шэрагах. Гэта настаўнікі, мастакі, арт-крытыкі. Яны фатаграфуюць, пытаюцца, але без бэйджыкаў, і мы не ведаем, прайшлі ўжо суддзі ці не. Потым па іх водгуках ідуць конкурсы на лепшага майстра, лепшае ўпрыгожанне месца. Майстры ад Беларусі заўсёды апранутыя ў народныя строі, і гэта стварае атмасферу. Пераможцы конкурсаў прыязджаюць на наступны год без дадатковага адбору.

/i/content/pi/cult/600/13339/7-1.jpg

Станіслава КАРПОЛЬ, каардынатар беларускіх майстроў на кірмашы, вышывальшчыца (Брэст):

— Заяўкі на адбор высылаем у лютым: фота майстра ў строі, выявы 5 — 10 яго работ, характарыстыку. У маі ўжо вядома, хто паедзе. Вельмі рэдка бывае замена. Сёлета са мной прыехала 14 беларускіх майстроў, чатыры з іх маюць званне “народны”: Таццяна Зданевіч (ткацтва паясоў), Наталля Ярмоцык (пляценне з саламяных жгутоў), Наталля Канановіч (ткацтва паясоў, да таго — у Саюзе майстроў народнай творчасці ачольвае секцыю ткацтва), Наталля Клютко (фіранкавая выцінанка). Сёлета паралельна з люблінскім адбываецца кірмаш у расійскім Калінінградзе. Туды паехала 18 чалавек. Істотна, што ў Любліне не трэба плаціць ні за месца, ні за гатэль — толькі за транспарт, — таму сюды ахвотна едуць. Сёлета я запрашала майстроў з усіх рэгіёнаў, але не ўсім лёгка дабрацца, таму прыехалі пераважна рамеснікі з Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, з Мінска. З Брэста ж я арганізую транспарт, шукаю спонсараў, каб хоць часткова пакрыць выдаткі на дарогу.

Заўважыла, што ў Любліне людзей цікавяць практычныя рэчы: прадметы побыту, адзенне. У мяне куплялі абрусы, кашулі. Я імкнуся беларускія традыцыйныя ўзоры вышыць на сучасных вырабах.

Таццяна ШПАК, майстрыха па ткацтве і вышыўцы (вёска Крэмно Драгічынскага раёна):

— Я жыву недалёка ад Бездзежа, раней працавала ў музеі “Бездзежскі фартушок”. Характэрныя фартухі выраблялі і насілі і ў навакольных вёсках. Цяпер іх ужо не робяць, але жанчыны маюць шмат фартухоў у куфрах. У Люблін я таксама прывезла фартухі, але сёлета ніводнага не набылі. Добра куплялі сурвэткі, прасціны і абрусы з крамнага льну.

Валянціна СТРУНЕЦ, дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці:

— У нас унікальная тэхналогія ткацтва традыцыйнага строю: спадніцы, тканыя “кажушком” з авечай шэрсці… На аснове традыцыйнай вопраткі робім сучасную, купляюць кашулі, сукенкі, спадніцы. Ручніка ніводнага не набылі сёлета, а некалькі гадоў таму адзін чалавек купіў адразу чатыры. Паяскі не асабліва пытаюцца. Набываюць людзі, якія ведаюць гэтым вырабам кошт.

Іван СУПРУНЧЫК, дырэктар Цэнтра драўлянай скульптуры Століншчыны (вёска Цераблічы):

— Мінулымі гадамі мне прывозілі дрэва, і я тут жа, на кірмашы, даваў майстар-класы, як высякаць скульптуры сякерай. Для дзяцей былі сякеркі невялікія, без аніякіх стамесак. І дзяўчаты былі, і хлопцы. Малечы, якіх я тады вучыў, ужо выраслі, пазнаюць мяне, дзякуюць. Яны працягваюць, нешта робяць. На заняткі прыходзілі і дарослыя. Выязджалі з майстар-класамі і за 60 кіламетраў ад Любліна. Сёлета адна жанчына падышла, хацела анёла набыць. У мяне не было, дык я тут жа, на кірмашы, высек для яе, — сякера ў мяне з сабой. Галерыст з Францыі прасіў маці сфатаграфаваць мае скульптуры, пераслаць яму па інтэрнэце, і выбіраў, што набыць. Летась ён сам быў тут, пазнаёміўся са мной і набыў скульптуру, што выяўляе чалавечыя душы, буслоў.

Галіна СЦЕПАНЮК, дырэктар Антопальскага цэнтра рамёстваў (Драгічынскі раён):

— За гады, што праходзіць кірмаш, жыхары Любліна навучыліся разбірацца, дзе вырабы, зробленыя па аўтэнтычных узорах, а дзе — сучасныя. Адрозніваюць беларускую вышыўку ад украінскай, і гэта прыемна. Я ўласнаруч займаюся шмат якімі рамёствамі. На кірмаш прывожу толькі свае вырабы: паясы, вышыўка, роспіс па дрэве. Сёлета добра пайшлі тканыя торбачкі, хаця прывезла іх упершыню. Паясы не распрадаюцца, цяпер ужо шмат майстроў іх робяць. Блузкі з ручной вышыўкай таксама: цікавяцца, мераюць, але купляюць мала.

Наталля Рабцэвіч, майстрыха па ткацтве і вышыўцы (Ганцавічы):

— Пайшлі жаночыя і дзіцячыя сукенкі з тканым арнаментам. Сурвэткі, паяскі глядзяць, але купляюць найбольш адзенне, мужчынскія кашулі, каб насіць як частку штодзённага касцюма.

Алена АСТАПКЕВІЧ, майстрыха па вышыўцы і вырабе лялек (аграгарадок Крошын Баранавіцкага раёна):

— Я прывезла вырабы майстроў з аб’яднання “Крошынскі куфэрак”: вышыўка, лялька-мотанка. Нарабіла вышытых магніцікаў з пеўнем, эмблемай кірмашу. Распрадала ў першы дзень, дарабіла яшчэ — і тыя распрадала. Лялькі менш ахвотна куплялі. Я так мяркую, людзі, што гэтым займаюцца, хацелі разабрацца, як яны зробленыя. Падабаюцца палякам капелюшы, вязаныя шыдэлкам.

Наталля КАВАЛЕВІЧ, ткачыха, дырэктар Бярозаўскага раённага цэнтра рамёстваў:

— Прывезла вырабы амаль усіх майстроў, што працуюць у нас. Не брала цацкі, бо арганізатары прасілі не застаўляць гандлёвае месца. Узяла толькі шчапавую птушку, бо яна стала гісторыка-культурнай каштоўнасцю краіны. Наогул, пераканалася: дасведчаны чалавек разумее, што ён бачыць. Недасведчаны ж не адрознівае ткацтва пераборам ад вышыўкі, ткацтва “в рэдка” ад мярэжкі. Дыванкі ўсе распрадала, яны пайшлі першымі, іх было гэтым разам няшмат. Яшчэ ў мяне ёсць рэчы, зробленыя ў традыцыйнай тэхніцы, але ў сучасных колерах. Калі на іх звяртаюць увагу, то я тлумачу, што ды як.

Васіль СЕМАНКОВІЧ, кіраўнік гуртка па лозапляценні ў Гарадоцкім доме рамёстваў:

— Прывёз свае вырабы з лазы і трохі з саломкі. Займаюся яшчэ спіральным пляценнем з саломкі, але сюды такія рэчы было складана ўзяць, яны цяжкаватыя для паездкі сваім ходам. Некаторыя з прывезеных рэчаў зробленыя ў маёй аўтарскай тэхніцы — вырабы з лазы, аздобленыя коскай з лазовай кары: вазы, латкі. Добра разышліся звычайныя беларускія кошыкі — не дужа вялікія, не пад бульбу, а сувенірныя. Цікавіліся дэкаратыўнымі вырабамі з саломкі: кветкамі, галінкамі. Усё, што прывёз, хоць па адным вырабе, ды набылі — лапаточкі, зорачкі. Апошнімі цікавяцца, набываюць, каб аздобіць жыллё падчас Калядаў. А ў нас такія зорачкі чаплялі да кошыкаў, збіраючыся ў дарогу, у лес, калі ехалі куды, — круглы год.

Наталля КЛЮТКО, народны майстар Беларусі па выцінанцы (вёска Косава Івацэвіцкага раёна):

— Вельмі цікавяцца покуццю, я зрабіла яе ў тэхніцы выцінанкі, абраз і ручнікі. Выцінаныя фіранкі прывабліваюць увагу, паштоўкі, біркі для ключэй. Я закупляю аснову для бірак і ўстаўляю туды выразаныя з паперы ўзоры-абярэгі, пра кожны арнаментальны знак дадаю паперку з тлумачэннем. Магніты з выцінанкай амаль усе разабралі. Была выцінанка “Косаўскі замак”, дык тую набылі ў першы ж дзень. Амаль усё, што прывезла, распрадала. Выцінанка — добрая аздоба для любога інтэр’еру, і хаты, і грамадскай установы, таму яе ахвотна купляюць.

Марына ГУШЧА, дырэктар Гарадоцкага дома рамёстваў і фальклору, майстрыха па тэкстылі:

— Мы аднавілі тэхніку набойкі, за строй з набіванай тканіны атрымалі сёлета гран-пры на “Славянскім базары ў Віцебску”. Пакуль гэта імітацыя, працуем над засваеннем традыцыйнай тэхналогіі. Я бачыла набіваныя вырабы з Украіны: торбачкі, падушкі. У іх ужо пайшло развіццё ў бок сучаснага мастацтва. Раней мы аднавілі тэхналогію ажурнага ткацтва, што цяпер мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Ажурныя і перабіраныя ручнікі з фондаў дома рамёстваў я прывезла проста паказаць. Мінулымі гадамі брала вырабы і на продаж, але кошты выходзяць занадта вялікія, іх не куплялі.

Прывезла і вырабы майстроў нашага дома рамёстваў. Прадавалася кераміка, спіральнае пляценне, ходнікі — усяго патроху. Найбольш разышліся керамічныя вырабы, бо яны танныя (недарагі матэрыял, хутка робіцца). Шмат залежыць ад месца, кожны год стаю на новым і заўважаю залежнасць продажаў ад размяшчэння.

Васіль САВІЧ, кераміст (вёска Багданаўка Лунінецкага раёна):

— Тэхналогіі ў мяне розныя: кераміка натуральнага колеру абпаленай гліны, чорная, расфарбаваная… Палякі любяць сабачак, коцікаў, распісаных вясёлымі фарбамі. Мае чорназадымленыя вырабы глядзяць, але купляюць мала. Праўда, людзі, якія разумеюць, бяруць больш чорныя.

Дзям’ян КАПТУР, ганчар (вёска Калюга Глускага раёна):

— Я раблю традыцыйную тэракотавую і чорную кераміку, прывёз таксама глазураваную, гэта ўжо больш мае мастацкія эксперыменты. Чорназадымленыя вырабы найбольш трывалыя, іх можна і ў духоўку, і ў мікрахвалёўку, можна наліваць туды малако, заварваць гарбату. Яны больш функцыянальныя за чыстую тэракоту, лягчэй мыюцца, не цвітуць. У Любліне чамусьці ні гаршкі, ні талеркі для запякання амаль не купляюць. Можа, не гатуюць людзі столькі, колькі ў нас. Абыякавымі застаюцца да жбаноў. На беларускіх кірмашах жбаны купляюць з настальгіі, кшталту “ў маёй бабулі быў такі”. Палякі набываюць больш для дэкору, а белая глазураваная кераміка добра разыходзіцца. Яна напаўсучасная, ці сучасная нават, такая дызайнерская трошку. Туркі і кубкі для кавы прадаюцца. Гэта, дарэчы, першы замежны кірмаш, у якім я ўдзельнічаю. Трапіў сюды па рэкамендацыі польскіх навукоўцаў. Прыязджалі да мяне на хутар, жылі тыдзень, адзін прафесар рэстаўрацыі з Вроцлава, другі з Варшавы, піша дысертацыю пра чорназадымленую кераміку Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны. Зараз ужо мала езджу па кірмашах, больш працую на замову, дзейнічае дастаўка па ўсёй Беларусі практычна. Перадаю маршруткамі, сам вязу… Узоры людзі глядзяць у суполцы “Ганчарная майстэрня Дзям’яна” ў папулярнай сацыяльнай сетцы. Калі выязджаю кудысьці пагандляваць, то мяне цікавіць не фінансавае пытанне. Кантакт з людзьмі — галоўнае. Майстры, што прыехалі ў Люблін, яўна не галадаюць, таму могуць дазволіць сабе пагутарыць з калегамі, пагуляць, не думаючы “прадаў, не прадаў”… У замежных керамістаў узровень у разы вышэйшы за мой, але яны кантактуюць на роўных. Я гэта заўважыў яшчэ на “Славянскім базары” пару гадоў таму, калі прыязджалі літоўцы і латвійцы.

Мінск — Люблін — Мінск

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"