Анахранізм ці навацыя?

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Сёння супрацоўніцтва з прыватным бізнесам для сферы культуры краіны — напрамак досыць важны і перспектыўны. Праз рэалізацыю механізму дзяржаўна-прыватнага партнёрства і праз уцягванне айчынных бізнесменаў у сумесныя праекты з дзяржпрадпрыемствамі і структурамі выйграюць усе зацікаўленыя бакі... Тым больш, ва ўсім свеце даўно ідуць названым шляхам.

Прыкладам, улады горада Кемі, што на поўначы Фінляндыі, не так даўно пачалі прапаноўваць усім ахвотным да выкарыстання свой галоўны рэсурс — снег. Калі ў горадзе з дапамогай мясцовых і заезджых майстроў пачалі з’яўляцца розныя фігуры і палацы з лёду, сюды пачалі валам валіць турысты не толькі мясцовыя, але і замежныя. А ў англійскім Бермінгеме прыватныя фірмы выкупілі ў дзяржавы старыя закінутыя заводскія памяшканні і пачалі здымаць там фільмы і серыялы, што не толькі паўплывала на развіццё мясцовай сферы культуры, але і дало магчымасць падзарабіць мясцовым жыхарам…

У нас, як вядома, Закон “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве” быў прыняты яшчэ напрыканцы мінулага года. А зусім нядаўна была прынята і пастанова Савета Міністраў “Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2015 года “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве”. Дакументам прадугледжана ўрэгуляванне пытанняў падрыхтоўкі прапаноў па рэалізацыі праектаў ДПП, іх разгляду і ацэнкі, прыняцця рашэння аб рэалізацыі, распрацоўкі і ацэнкі конкурснай дакументацыі, правядзення самога конкурсу па выбары прыватнага партнёра для заключэння пагаднення аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, а таксама парадку вядзення Дзяржаўнага рэестра апошніх. Дадзены механізм прадугледжвае правядзенне конкурсу па выбары прыватнага партнёра, які не толькі ўзвядзе аб’ект інфраструктуры, але і будзе яго эксплуатаваць цягам 10 — 20 гадоў. Пры гэтым прыватны партнёр будзе атрымліваць стабільны даход у выніку эксплуатацыі аб’екта, які задавальняе абодва бакі, згодна з пагадненнем аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве.

— Дзяржаўна-прыватнае партнёрства, або, правільней сказаць, публічна-прыватнае партнёрства (ад англійскага тэрміна) — сістэма прыцягнення фінансавых сродкаў пад розныя праекты, — адзначыў у гутарцы з “К” старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін. — Напрыклад, у лагістыцы, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, дарожным будаўніцтве, у стварэнні транспартнай інфраструктуры, у розных інавацыйных праектах і гэтак далей, і ў тым ліку, натуральна, і ў культуры. Гэта значныя інвестыцыі ў рэальны сектар эканомікі. Таму сутнасць механізму ДПП зразумелая: дзяржава і бізнес павінны аб’яднаць намаганні ў вырашэнні найважнейшых эканамічных, сацыяльных або інфраструктурных задач.

На думку Карагіна, сфера культуры магла б таксама зацікавіць як айчынных, так і замежных бізнесменаў.

— Любыя доўгатэрміновыя праекты, скажам, па будаўніцтве клубных, забаўляльных устаноў, цалкам магчыма ажыццявіць у партнёрстве з бізнесам, — адзначыў эксперт. — Скажам, у Румыніі пры дапамозе ДПП здаўна будуюць самыя розныя сацыяльныя аб’екты і нават турмы. Так што і ў гэтым аспекце ў нас ёсць яшчэ шмат нявыкарыстаных магчымасцяў.

Акрамя таго, на думку Карагіна, не варта забывацца і пра іншыя, дастаткова прывабныя праекты.

— Наколькі ведаю, сёння пры дапамозе механізму ДПП у Беларусі рэалізуюцца 7 буйных праектаў, — адзначыў суразмоўца. — Адзін з іх датычыць і сферы культуры — кажу пра капітальны рамонт з рэстаўрацыяй фасадаў і рэканструкцыяй пад гасцінічны комплекс аб’ектаў у заходняй частцы Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Наогул, рэстаўрацыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, таксама досыць перспектыўная. Як і стварэнне самых розных турыстычных аб’ектаў пры гэтых помніках спадчыны. Так што дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў сферы культуры мае, на маю думку, вялікі патэнцыял.

Сапраўды, вялікія магчымасці навідавоку. І паступова звязка “прыватнік — супрацоўнік сферы культуры” перастае выглядаць анахранізмам і дзіўнай навіной, а навацыяй, што выдатна даказваюць многія прыклады. Згадаю адбудову Любчанскага замка, шматлікія фестывалі па ўсёй краіне — ад Браслава да Моталя, і шэраг як агульнарэспубліканскіх, так і міжнародных акцый.

Іншая справа, што журналістам заўсёды хочацца чуць пра новыя цікавыя праекты, рэалізаваныя пры дапамозе грошай як мясцовых, так і замежных бізнесменаў. Тое, што яны будуць з’яўляцца ў нашай краіне — не сумняюся: тэндэнцыя да гэтага ўжо прасочваецца. Хто ведае, можа мы хутка будзем завітваць не ў дзяржаўныя, а і ў прыватныя дамы культуры? Прыклад агратурыстычнага комплексу “Каробчыцы”, прыватнай галерэі Сяргея Місюна ў Століне ды прыватнай сядзібы-музея “Старая Весь” у вёсцы Варонічы Зэльвенскага раёна — пачатак шляху…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"