Тэхналогія фэсту “для сваіх”

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Моладзь у аграгарадку: пакуль маладыя...
Напачатку лета я апынулася ў незайздросным становішчы: вяртаючыся з чарговай камандзіроўкі, мне трэба было перажыць ноч на незнаёмай чыгуначнай станцыі для таго, каб сесці на наступны, перакладны цягнік да Мінска.

/i/content/pi/cult/600/13331/3-1.jpgЛіў моцны дождж, дзьмуў страшэнны вецер, холад — перспектывы былі, мякка кажучы, змрочныя, улічваючы, што гэта, да таго ж, была субота — самы гарачы дзень для мясцовай шпаны. Вымалёўвалася ў маіх думках усё прыкладна так. Яшчэ ў горадзе, адкуль я і ехала, сама з сабой дамовілася: бутэлька гарэлкі, якую мне чамусьці падарылі як журналісту гаспадары мясцовага фестывалю, калі што, паслужыць той самай манетай у абмен на маё жыццё. Акрамя гэтага, у мяне быў нумар нейкага Дзімы (яго пастаўская сяброўка Маша, мая новая знаёмая, параіла стэлефанавацца з хлопцам і папрасіць “прыглядзець” за мной у вольны час).

На пероне ў Круляўшчызне мяне сустрэла кампанія амаль аднагодак: вясёлыя, прыгожыя хлопцы стаялі каля трох мінівэнаў і таксама вышуквалі мяне ў чэрвеньскай цемры і тумане. Я рызыкавала, відаць, але, разам з тым, была ўпэўнена, што ім можна давяраць. Мы пазнаёміліся, я з другога разу адгадала, хто з іх Дзіма, затым мы селі па машынах і паехалі.

Першы раз у сваім жыцці я пабывала на сапраўднай вясковай начной дыскатэцы (якую яшчэ славутасць можна паказаць у аграгарадку, ды яшчэ ў гэты час сутак?). Кампанія з часам мяне не тое што не бянтэжыла: хлопцы аказаліся класнымі таварышамі, якія паклапаціліся нават пра тое, каб прывезці мне сухія рэчы, бо папярэдні дзень я правяла пад дажджом. Гледзячы на публіку ў гэтым маленькім дыскатэчным пакойчыку, я зразумела: яна лёгка дзеліцца напалову: на такіх, як Дзіма і яго сябры, і на тыповых “гопстопераў”, пра якіх здымаюць расійскія серыялы і складаюць анекдоты. Яны ў адмысловай прэзентацыі не маюць патрэбы.

Мае ж апекуны — гэта дзеці мясцовага, у добрым сэнсе сярэдняга, класу. Адукаваныя, выхаваныя, жыццярадасныя маладыя людзі, якія вучацца ў тэхнікумах і ВНУ краіны, а на выхадныя дні ды вакацыі прыязджаюць на малую радзіму і збіраюцца сваёй кампаніяй. Мо таму ноччу яны і не спалі — не хацелі дарэмна губляць час.

Зразумела, ім было цікава, што я раблю ноччу ў іх аграгарадку. Я растлумачыла, што журналіст, /i/content/pi/cult/600/13331/3-2.jpgвяртаюся з фестывалю, раніцай трэба быць у Мінску, таму адзіны шлях — транзітам праз Круляўшчызну на двух цягніках, паміж якімі вялікі інтэрвал. Адтуль і дазналася: у Крулі (як тут называюць аграгарадок з цэнтрам у вялікай вёсцы) таксама ёсць свой фэст, пра які лічу неабходным распавесці.

“Пакуль мы маладыя” — гэта фестывальны праект, які пачалі ажыццяўляць тады яшчэ падлеткі (а сярод іх і Дзмітрый Мандрук) пяць гадоў таму. Сёння, пасля іх першай круглай даты, можна зрабіць пэўныя высновы: сустрэчы з аднадумцамі сапраўды выраслі да цікавых па мерках аграгарадка маштабаў. Фэст арыентаваны на праваслаўную моладзь ваколіц Круляўшчызны, але лёгка прымае ў госці людзей усіх канфесій і поглядаў з розных краін свету. Не магу не пахваліць арганізатараў за тое, што яны, у адрозненне ад некаторых сваіх старэйшых калег па фестывальнай кухні, дакладна ведаюць сваю аўдыторыю і яе запыты і пры гэтым гатовыя да пашырэння. Сёлета, напрыклад, спецыяльна для гасцей было падрыхтавана каля 100 месцаў, забяспечаных усім неабходным для трохдзённага пражывання. Наладжана харчаванне праз мясцовую сталовую, знойдзены транспарт для паездак па прыходах, у кожнага цёплае спальнае месца і дах над галавой. Усё бясплатна — трэба толькі папярэдне зарэгістравацца. Зразумела, неабходную падтрымку (матэрыяльную, тэхнічную, духоўную) аказваюць Докшыцкі райвыканкам і настаяцель храма Усячэння галавы Іаана Прадцечы вёскі Круляўшчызна айцец Віктар, а таксама спонсары. Моладзь жа займаецца рассяленнем людзей, праграмай і кантэнтам мерапрыемства, некаторымі пытаннямі кшталту вырабу рэкламнай прадукцыі, атрыбутыкі, распрацоўкі лагатыпаў. Грошы для правядзення падзеі кожны год знаходзяцца з ахвяраванняў, раённага бюджэту і ад шэрагу арганізацый. У 2015 і 2016 гадах партнёрам стаў Докшыцкі хлебазавод. Пэўную дапамогу аказала прыватная асоба з Мінска. Па словах Дзімы, мяснік. Урэшце, чаму б і не?

/i/content/pi/cult/600/13331/3-3.jpgПраграма складалася з сустрэч, паездак, царкоўных службаў, гутарак, канцэртаў, конкурсаў, танцаў, майстар-класаў па рамястве і званарстве, ліцці свечак, выжыванні ў складаных умовах (падрыхтаваных скаўтамі) і гэтак далей. Дарэчы, вялікую нагрузку на сябе ўзяў Дом культуры аграгарадка — не райцэнтра. Удзел прымалі дэлегацыі з Полацка, Мінска, Глыбокага, Паставаў, Докшыцаў і Докшыцкага раёна і, безумоўна, Круляўшчызны. У розныя гады на фестываль завітвалі расіяне, немцы і нават аўстралійцы. Але арганізатары не абвясцілі сябе міжнародным фэстам, як у нас гэта любяць рабіць. Усё праходзіць не пафасна, для сваіх.

На першы погляд, нясвецкі характар фестывалю рэзка абмяжоўвае публіку, але тым самым удала яднае менавіта тых, хто зацікаўлены ў знаёмствах і зносінах у кантэксце праваслаўя. Дарэчы, я як няўпэўнены атэіст, каго новы сябар Дзіма назваў патэнцыйнай хрысціянкай (гэта камплімент), тым не менш зацікавілася такім асяроддзем.

Што вельмі турбуе мяне падчас камандзіровак па краіне, — адсутнасць альтэрнатывы ў моладзі, якая застаецца ў правінцыі, аднастайнасць іх існавання. Трэба прызнацца, філіял дома рамёстваў, дыскатэчка, царква, піўны кіёск, старая бібліятэка (спецыяльна расставіла іх у такім парадку) — усё гэта таксама выбар, але надта абмежаваны. І фестываль “Пакуль мы маладыя” — прыемнае выключэнне з агульнай сітуацыі.

А мае новыя сябры ў тую непагадзь пасадзілі мяне на мінскі цягнік і паабяцалі, што мы абавязкова сустрэнемся зноў: ці на вялікай зямлі, ці ў іх гасціннай Крулі.

Падчас фэсту ў Круляўшчызне. / Фота з суполак падзеі ў сацыяльных сетках

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст