Культурныя ініцыятывы грамады

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Сёння зноў вяртаемся да тэмы культурных ініцыятыў, якіх чакае Міністэрства культуры краіны ў рамках абвешчанай акцыі. Журналісты "К" пачалі выказваць меркаванні ў № 32. Далучыцца да праекта можна, накіраваўшы прапанову ў Мінкультуры ці ва Універсітэт культуры і мастацтваў да 1 верасня. Падрабязна — у №№ 32 і 33.

(Працяг. Пачатак у № 32.)

Рагачоўскі варыянт пакемонаў

Праект “Культурныя ініцыятывы для Беларусі”, што нядаўна быў абвешчаны Міністэрствам культуры, як ніколі своечасовы. Не падумайце, што раней ён быў не актуальны. Наадварот. Але цяпер без запуску такога кшталту праекта можа істотна запаволіцца развіццё нацыянальнай культуры.

Здавалася б, няўжо ініцыятыва прыватнай асобы можа паўплываць на культурны працэс краіны? Можа, і яшчэ як! Бо, перакананы, — культура трымаецца на Асобах. Такіх, якія ствараюць прыватныя галерэі, музеі, прасоўваюць праз свае мастацкія вырабы айчынную культуру за мяжой. І цудоўна, калі ім у гэтым дапамагае дзяржава. Бо, як вядома, бывае два варыянты стварэння культурных артэфактаў (і не толькі іх): дзякуючы абставінам або насуперак ім. Да таго ж любая ініцыятыва — гэта праява адказнасці. Адна справа быць спажыўцом і крытыкам культурнага прадукту, скажам, аднастайнага свята горада ці вёскі. А іншая — самому прапанаваць варыянты /i/content/pi/cult/600/13330/2-2.jpgўдасканалення праграмы мерапрыемства. Спадзяюся, цяпер, з запускам праекта да адэкватнага голасу народу будуць больш прыслухоўвацца як у сталіцы, так і ў рэгіёнах.

З гэтай нагоды згадваецца адна з самых модных культурных ініцыятыў апошняга часу — стварэнне арыгінальных мастацкіх графіці на гарадскіх будынках. Тое, за што раней лаялі, цяпер набыло новую форму і пачало прыносіць усім карысць: мастакам — самавыяўленне, гораду — яркія малюнкі замест шэрых сцен.

Але хочацца паразважаць пра больш грунтоўныя ініцыятывы. Прыкладам, сёлета Рагачоў будзе прымаць Дзень беларускага пісьменства. Ідзе падрыхтоўка да гэтага адказнага мерапрыемства. Пытанне ў тым, што застанецца гараджанам і гасцям Рагачова пасля шматлікіх выступленняў, агучаных радкоў мастацкага слова, творчых нумароў мастацкай самадзейнасці? Добраўпарадкаваны горад? Вядома. Але Рагачоў і без святаў такога маштабу выглядаў прыстойна. А вось дадатковых культурных цікавостак гораду не пашкодзіла б. Прывяду толькі пару прыкладаў удалага маркетынгу: красналюдкі і пакемоны. Што іх аб’ядноўвае? Папулярнасць. Пра віртуальных звяруг, якіх трэба лавіць на смартфон, пэўна, усім вядома. У сваю чаргу “красналюдкі” — гэта назва бронзавых статуэтак-гномаў, што прыкладна пятнаццаць гадоў усталёўваюць у польскім Уроцлаве. Сёння яны з’яўляюцца адной з турыстычных славутасцяў горада. Больш за тое, існуюць адмысловыя экскурсіі і брашуры, якія дапамагаюць знайсці гэтых гномаў у горадзе, а таксама апісваюць гісторыю кожнага з іх.

Але вернемся да Рагачова. Па аб’ектыўных прычынах тут пакуль не створаны музей Уладзіміра Караткевіча. Дом, дзе калісь жыў класік, па сёння з’яўляецца жылым. Пры гэтым ушанаваць яго памяць можна крэатыўным шляхам, размясціўшы маленькія фігуркі герояў ягоных твораў на вуліцах горада. І няма неабходнасці адразу адліць некалькі соцень мініяцюрных скульптур. Дастаткова, як у свой час ва Уроцлаве, пачаць з некалькіх. Сёння там, нагадаю, больш за трыста гномаў.

Невыпадкова я згадаў і пра пакемонаў. У сталіцы сёлетняга Дня пісьменства маецца яшчэ варыянт і віртуальны. Варта толькі зацікавіць маладых ды здольных праграмістаў, магчыма ураджэнцаў Рагачова, стварыць віртуальны тур па пошуку на вулачках горада герояў Караткевіча, скажам, з “Дзікага палявання караля Стаха”. Як гэта праграма будзе выглядаць, прызнаюся, нават не ўяўляю. Як не ўяўляем мы ўсе, якія адкрыцці нас чакаюць у будучыні. Галоўнае, каб былі ініцыятывы і жаданне нешта ўдасканальваць і паляпшаць. І сфера культуры тут не выключэнне.

Кастусь АНТАНОВІЧ

Усе на курсы па праектным менеджменце!

З пераменным поспехам займаючыся этналінгвістыкай, журналістыкай, фатаграфаваннем, традыцыйнымі спевамі ды танцамі, магу сказаць, што ў які бок ні капні — ёсць цікавыя імпрэзы, але іх “малавата будзе” на краіну з 10-мільённым насельніцтвам ці сталіцу, у якой 2 мільёны жыхароў. Таму я прапанавала б курс праектнага менеджменту ўвесці калі не ў школьную, то ва ўніверсітэцкую праграму, для ўсіх спецыялізацый.

Не толькі ў сферы культуры людзі маюць ідэі, але не маюць сродкаў і навыкаў для іх рэалізацыі. Бадай што галоўны прынцып праектнага менеджара — “істотна не тое, колькі ў цябе рэсурсаў, а як яны спарадкаваныя”, што адсылае да сінергетычных тэорый (галоўнае не ўласцівасці асобных элементаў сістэмы, а якасць сувязяў між імі). Гнацца толькі за колькасцю рэалізаваных ідэй, канечне, не варта. Папулярызаваць імпрэзы, што рэгулярна праходзяць, але застаюцца невядомымі масаваму наведвальніку — наадварот. Але ж і не падтрымаць новую ідэю нельга, калі яна цікавая ды здзяйсняльная. На мой погляд, павінны працаваць механізм рэалізацыі такіх ідэй. Краўндфандынгавыя платформы — гэта добра, ініцыятывы Міністэрства культуры — таксама. А веданне механізму праектнага менеджменту звычайным грамадзянінам які дало б выбуховы эфект! Можна параўнаць з фотамастацтвам. Раней фотаапараты і фотатавары былі дарагімі і маладасяжнымі для масавага спажыўца. А цяпер — кожны сам сабе фатограф, камера амаль у кожным тэлефоне. Канечне, шмат “інфармацыйнага смецця”, і ў той жа час — шмат карыснай інфармацыі з тых аматарскіх фота.

Другі прыклад — музычны. У Швецыі добра наладжаная сістэма музычнай адукацыі дзяцей, практычна кожны (акрамя, хіба, дзяцей эмігрантаў) грае на якім-небудзь музычным інструменце. Знаёмячыся, падлеткі пытаюць адно аднаго “На чым ты граеш?”, як у нас “Якую музыку ты слухаеш?” Танна каштуюць памяшканні для рэпетыцый — не праблема арандаваць гараж ці нават кут у роднай школе, таму ствараецца вельмі шмат музычных гуртоў розных кірункаў. На школьных вечарынках заахвочваюцца выступы ўсіх вучняў, не толькі салодкагалосых прыгламураных поп-спевакоў. Вынік — скандынаўскія краіны на трэцім месцы ў свеце па экспарце музыкі пасля ЗША і Вялікабрытаніі, а колькасць метал-гуртоў на сто тысяч чалавек насельніцтва ў Скандынавіі самая высокая ў свеце — ад 26 да 54.

Тая ж тэндэнцыя назіраецца і ў спорце — хочаш алімпійскіх чэмпіёнаў — зрабі спорт папулярным у масах, а чэмпіёны выкрышталізуюцца.

Вяртаючыся да праектнага менеджменту і яго перспектыў у адукацыйных праграмах: паступова ўдасканальваючы майстэрства, можна ўвесь час адкрываць новыя далягляды. Як прыклад прывяду міжнародную імпрэзу “Ethno Bosnia-Herzegovina”. Спачатку была грамадская арганізацыя, што займаецца падвышэннем цікаўнасці да фальклору сярод моладзі Тузлы, невялікага горада ў Босніі. Потым завязаліся сувязі з музычнай суполкай у французскім Страсбургу. Французы балканскага паходжання выконваюць балканскі ды цыганскі фальклор у стылістыцы world music. Так узнік фестываль “Balsika”. Назва ўтворана са слоў “balcan” (балканскі), “Alsace” (Эльзас, гістарычная вобласць, дзе месціцца Страсбург) і “misika” (“музыка” па-баснійску). Паступова колькасць краін-удзельніц фестывалю вырасла да дзесяці. Нарэшце, арганізатары даведаліся пра рух “Ethno”, які падтрымлівае Міжнародная арганізацыя маладых музыкантаў. Зразумеўшы, што “Balsika” грунтуецца на тых жа прынцыпах, што “Ethno”, арганізатары звярнуліся па фінансаванне. Вынік — штогод на “Ethno Bosnia-Herzegovina” прыязджае каля 100 музыкантаў прыкладна з 20 краін, вялікай частцы якіх аплочваюць дарогу, пражыванне, харчаванне і перасоўванне падчас фестывалю.

Зразумела, што фестываль рос разам з майстэрствам арганізатараў у галіне праектнага менеджменту.

Алена ЛЯШКЕВІЧ

Розгалас

Кожнай вёсачкі імя…

Прычытала артыкул Яўгена Рагіна “Нептун на Французскай Грэблі” ў рубрыцы “Культурныя ініцыятывы грамады” (№ 32 “Культуры” ад 6 жніўня) і вырашыла напісаць вось пра што.

У нас ёсць даследаванні “Продкамі названа, або Паходжанне назваў населеных пунктаў, рэк і азёраў Лёзненскага раёна” і “Ад Абакумчыка да Яшчанкі. Прозвішчы Лёзненшчыны”. Іх зрабіла загадчык установы Вольга Пячонава, а бібліятэка выдала ў 2005 годзе.

У першай працы сабраны матэрыялы пра Лёзна, азёры і рачулкі. Ёсць, натуральна, і звесткі пра кожную з вёсачак: вершы, паданні, паходжанне назвы. А назвы ў нас цудоўныя: Соснавая Наспа, Новая Дуброва, Дабрамыслі, Веляшковічы (іх князі Агінскія называлі Руская Варшава), Высачаны, Добрына, Белы Бор, Лугі, Надзёжына. Ёсць і цікавыя: Лындзіна, Вордзеўе, Крываблошына, Саплёўшчына, Сабачонкі, Стары Пень, Расказы.

У другой працы прааналізаваны больш за тры з паловай тысячы прозвішчаў землякоў: беларусаў, рускіх, палякаў, латышоў (паселішча іх на Лёзненшчыне было самае вялікае на Беларусі), яўрэяў, прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў.

Даследаванні — пастаянна запатрабаваныя, таму размешчаны на сайце ЦБС. Запыты ідуць нават з-за мяжы.

Цягам васьмі гадоў у нашай дзіцячай бібліятэцы працуе краязнаўчы цыкл “Лёзназнаўства”. Мы адшукалі, скажам, новыя звесткі пра горад падчас вайны 1812 года і Першай сусветнай вайны.

Ларыса ВАСІЛЬЕВА, бібліятэкар Лёзненскай дзіцячай бібліятэкі

Загадка назваў  Старога Пня з Расказамі пакуль застаецца...

Дзякуй, Ларыса Аляксандраўна, за ліст. Вельмі зацікавіла этымалогія айконімаў Крываблошына, Саплёўшчына, Сабачонкі, Стары Пень, Расказы.

У адпаведнасці з вашай парадай, я зайшоў на сайт Лёзненскай ЦБС. З гадзіну знаёміўся з даследаваннем Вольгі Пячонавай “Продкамі названа…” Так, на 42 старонках змешчаны вершы пра населеныя пункты Лёзненшчыны, паданні ды паходжанні назваў. Цікава. Але з вялікім шкадаваннем высветліў з таго ж даследавання, што самыя цікавыя па сваіх дзіўных найменнях населеныя пункты (пералік назваў — на пачатку маёй нататкі) ужо беззваротна зніклі. Этымалогія Сабачонак, Расказаў і іншых вёсачак засталася тайнай. Няўжо і сведкаў не засталося? Калі так, вельмі шкада.

Яўген РАГІН