Цяпер за акіянам

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Як паведамляе Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 11 жніўня дырэктар установы Раман Матульскі наведаў Бібліятэку Кангрэса ЗША ў Вашынгтоне.

/i/content/pi/cult/600/13329/2-1.jpgЁн перадаў у дар установе факсімільнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”. Падчас візіту амерыканскі бок даў беларускай дэлегацыі магчымасць азнаёміцца з рэдкімі выданнямі, прысвечанымі гісторыі ўсходнееўрапейскага кнігадрукавання. У рамках семінару з удзелам прадстаўнікоў Дзярждэпартамента ЗША, аналітыкаў, СМІ і грамадскасці Раман Матульскі прэзентаваў мерапрыемствы, якія праводзяцца ў Беларусі і за мяжой да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Асаблівая ўвага была ім нададзена праекту факсімільнага перавыдання спадчыны Скарыны. Таксама Матульскі запрасіў прадстаўнікоў Бібліятэкі Кангрэса ЗША наведаць Беларусь для ўдзелу ў IV Міжнародным кангрэсе “Бібліятэка як феномен культуры” ў кастрычніку 2016 года і выстаўцы “Францыск Скарына і яго эпоха” ў верасні — кастрычніку 2017-га. Кнігі беларускага першадрукара таксама былі перададзены беларусамі і ў Нью-Ёрк — у публічную бібліятэку імя Стывена Шварцмана. Нагадаем, факсіміле кніг Скарыны ўжо былі перададзены ў бібліятэкі Вялікабрытаніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Чэхіі.