Дом кнігі імя Караткевіча

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Рагачоў рыхтуецца да правядзення Дня беларускага пісьменства. Дзяржаўную падтрымку для правядзення дзяржаўнага свята мясцовыя ўлады выкарыстоўваюць для таго, каб горад набыў урачыстае аблічча. Інакш кажучы, гасцям Рагачова ў верасні будзе ад чаго здзіўляцца.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл Зайцаў паведаміў, што на галоўнай вуліцы горада з’явіцца “чатырохпалоска”, новыя ліхтары, будынкі займеюць начное падсвятленне. Гэта змены, так бы мовіць, хутчэй камунгасаўскія. Але і ў культурных новаўвядзеннях, па словах кіраўніка аддзела, недахопу не будзе. Цэнтральная бібліятэка пераўтворана ў Дом кнігі са сваёй кнігарняй (тэставы продаж ужо распачаты). Новая кніжная ўстанова атрымае імя Уладзіміра Караткевіча. Нагадаем чытачу, што знаны пісьменнік жыў адным часам менавіта ў Рагачове, у доме дзядзькі. Тут Уладзімір Сямёнавіч распачаў “Каласы пад сярпом тваім”, напісаў “Чазенію”, “Ладдзю роспачы”, “Нельга забыць”. Вуліца непадалёк ад Дняпра носіць імя Караткевіча.

Гэтае ж найменне набудзе падчас свята і Дом кнігі. У Дзень беларускага пісьменства гэта засведчыць мемарыяльная дошка, што ўрачыста адкрыецца на новай установе. Дошку і надпіс на ёй зрабілі мясцовыя рамеснікі. І яшчэ адна адметнасць Дома кнігі. Тут будуць прадавацца сувеніры з трох цэнтраў рамёстваў, што ёсць на Рагачоўшчыне: Стрэнькаўскага, Курганскага, Астроўскага. Натуральна, што сярод вырабаў народных майстроў не апошняе месца зойме абярэгавая лялька. Менавіта яна стала апошнім часам сапраўдным брэндам раёна. Рэстаўруецца музей, бібліятэчная канферэнц-зала. У музей, па сутнасці, пераўтворана і частка парку ў цэнтры горада. Да танка Т-34 дадалася і іншая ваенная тэхніка.

Міхаіл Зайцаў сцвярджае, што пачаткам святочных мерапрыемстваў стаў праект “Я — сын вёскі”, з поспехам рэалізаваны і прысвечаны 95-годдзю Андрэя Макаёнка і 85-годдзю Уладзіміра Караткевіча. І ўвогуле Дзень беларускага пісьменства не абмяжуецца горадам. Мерапрыемствы прайшлі і пройдуць на радзіме Макаёнка — у вёсцы Журавічы. А ў Курганскім доме народнай творчасці мяркуецца адкрыць літаратурны музей земляка Уладзіміра Кігн-Дзядлова, які пранікнёна пісаў пра родную Беларусь.

І жывапісны нюанс будучага дзяржаўнага свята. Доўгія і плённыя сувязі звязваюць Рагачоў і калекцыянера, мецэната Ісака Кушніра. Ён жыве ў Санкт-Пецярбургу і калекцыянуе работы рагачоўскага графіка, жывапісца і кераміста Анатоля Каплана (1902 — 1980) і перыядычна ахвяруе літаграфіі знакамітага мастака рагачоўскаму музею. На Дзень пісьменства таксама адбудзецца цырымонія перадачы дзесяці літаграфій Каплана. Гэтым разам унікальныя работы стануць набыткам музычнай школы. Менавіта тут пройдуць Трэція Капланаўскія чытанні.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"