Методыка разліку і штатныя расклады

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г


Ці магчыма прасіць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь распрацаваць тыпавыя штатныя расклады цэнтралізаваных бухгалтэрый аддзелаў культуры з абгрунтаваннем колькасці іх штатных адзінак?

На пытанне адказвае начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вольга КАНАНЮК:

— У сувязі з Палажэннем аб Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 2001 г. № 1558, Міністэрства культуры не ўпаўнаважана зацвярджаць тыпавыя штаты. У дадзены час падрыхтаваны і знаходзіцца на ўзгадненні ў зацікаўленых міністэрствах праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Гэтым праектам Міністэрству культуры прадугледжана прадастаўленне паўнамоцтваў на зацвярджэнне тыпавых штатаў і нарматыўнай колькасці культурна-асветніцкіх устаноў, цэнтралізаваных бухгалтэрый і груп цэнтралізаванага абслугоўвання арганізацый культуры ўпраўленняў (аддзелаў) культуры.

Пасля прыняцця пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Міністэрствам культуры сумесна з упраўленнямі культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама будзе прапрацавана пытанне аб падрыхтоўцы нарматыўнага прававога акта, які рэгулюе штаты і колькасць цэнтралізаваных бухгалтэрый пры ўпраўленнях (аддзелах) культуры.

  

Ці распрацуюць адзіную методыку разліку нарматыву па фінансаванні камплектавання фондаў бібліятэк?

На пытанне адказваюць начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вольга КАНАНЮК і начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіль ЧЭРНІК:

— У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на камплектаванне фондаў бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь павінны накіроўвацца сродкі ў памеры не менш за 15 працэнтаў ад сумы бюджэтнага фінансавання на ўтрыманне ўказаных устаноў. Канкрэтныя аб’ёмы бюджэтных сродкаў на камплектаванне вызначаюцца мясцовымі органамі кіравання, што непасрэдна фінансуюць дзейнасць бібліятэк.

Што тычыцца методыкіразліку аб’ёму фінансавання камплектавання бібліятэчных фондаў, Міністэрства культуры раіць вызначаць суму сродкаў на гэтыя мэты ад агульнага аб’ёму фінансавання на ўтрыманне бібліятэкі без уліку сродкаў на камплектаванне.